самаві́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Мажны, дзябёлы. Я ўглядаюся ў партрэт Пятра Мацвеевіча. Плячысты, самавіты асілак з пышнай барадой. Мехаў. Міма моранага дуба, на якім я сядзеў, ішла маладая жанчына — невысокая, але самавітая; на ёй была лёгкая сукенка з каляровага — зялёны гарох — паркалю, якая ладна аблягала яе стан. Чыгрынаў. // Разм. Адкормлены, важкі (у адносінах да рыб і пад.). Па чаротах цішыня такая, Толькі ўсплёскі самавітых рыб. Броўка.

2. Паважны, салідны. Быў.. [Вяржбіцкі] мужчына сярэдняга ці троху вышэй сярэдняга росту, даволі прыгожы, самавіты. Гарэцкі. // Удумлівы, самастойны. Косця ўдумлівы, не па гадах самавіты. Зарыцкі. // Упэўнены, спакойны. Непаспешлівыя, самавітыя рухі [Юркі] выклікалі зайздрасць. Карпаў.

3. Поўны хараства, прыгажосці, самабытнасці. Лабановіч стаяў каля акна, як прычарованы, і не адводзіў вачэй ад самавітых, простых малюнкаў Палесся, поўных невыразнага хараства і жыцця. Колас.

4. Поўны дастатку, эканамічна моцны, заможны. Аздобленыя аканіцы на вялікіх светлых вокнах, бляшаныя, ярка пафарбаваныя дахі, багатыя агароджы вакол сядзіб — усё сведчыла аб тым, што тут жывуць гаспадары моцныя, самавітыя. Новікаў. Гаспадар ён [Варонін] быў самавіты, не любіў, калі яго заданне марудна выконвалася. Грамовіч.

5. Моцны на слых, галасісты. Раніцай гэты куток агалашаецца самавітым гудком з якога-небудзь блізкага завода. Чорны.

6. (з адмоўем «не»). Які выражае непаўнату або адсутнасць якой‑н. якасці. На санках не паедзеш, дарога ўжо не самавітая. Кулакоўскі. Схованка.. была не дужа самавітая, зацішку мелася ў ёй небагата. Быкаў. Зіму, перагаравалі разам з дзедам, а вясною перабраліся ў няхай не вельмі самавітую на выгляд, але сваю хату. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хці́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які імкнецца ўзяць сабе, атрымаць, мець у сябе як мага больш чаго‑н. Скупы багацей пасадзіў вялікі вінаграднік і вельмі баяўся зладзеяў і хцівых зайздроснікаў. Страх прымусіў яго абнесці сад вялізнай сцяной. Майхровіч. Хцівыя да чужога багацця, акупанты наспех вывозілі ва ўсходнюю Прусію ўсё, што траплялася пад руку. «Маладосць». // Які выражае хцівасць. Сам Банадысь, .. пакуль сесці ў сані, ішоў побач з канём. Ля студні кінуў хцівае вока на Ладымера: — Гэта ж у цябе вядро новае! Чорны. // Пражэрлівы, ненасытны, прагны. Наўкол лясы, лясы, лясы, А над лясамі хцівы, дужы, Як і ў далёкія часы, Яшчэ каршун злавесна кружыць. Грахоўскі.

2. Скупы, карыслівы. Пад маскай «прыстойнасці» і ціхай пакорлівасці лёсу праяўляецца ў ім небяспечны драпежнік, хітры дзялок, хцівы і бессардэчны «накапіцель». Перкін. // Заснаваны на карыслівасці, імкненні да асабістай выгады. Ёсць і такія інтарэсы між самімі людзьмі. Не ў варожым стане, а між сваіх. Інтарэсы дробныя, хцівыя. Грамовіч. Паэт парадзіруе валацужную рамантыку, якая фактычна маскіруе хцівую пагоню за нажывай. Бярозкін.

3. Пажадлівы. Ядвісю хмурым майскім ранкам Наведаў хцівы Яська Смык.. — Я вамі жыў і штодзень марыў, Каб мне дасталіся хутчэй. Пушча. // Які выражае пажадлівасць. Іваноўскі хцівымі вачыма глядзеў на артыстку. Новікаў. [Анежка] ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла. Броўка. // знач. наз. хці́вы, ‑ага, м. Чалавек, які вызначаецца прагнасцю да нажывы, карыслівасцю, скупасцю. Якім трэба быць бяздушным, хцівым, каб прымушаць працаваць цяжка хворага чалавека. Дадзіёмаў. [Леў Раманавіч:] — А не паспеў чалавек як след агледзецца, зямля даставалася другому, багатаму, хціваму. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́ць, скую, скуеш, скуе; скуём, скуяде; зак., каго-што.

1. Зрабіць што‑н. каваннем; выкаваць. — Скуй мне, золатка, сякеру: Загартуй і навастры. Жычка.

2. Злучыць разам пры дапамозе кавання. Скаваць звенні ланцуга. // перан. Зблізіць, згуртаваць.

3. Надзець кайданы, аковы на каго‑, што‑н. [Дзед:] — І скавалі .. [паны] унучачка, дзеда ланцугамі, і пагналі ажно ў Вільню. Брыль. / у перан. ужыв. І Свіслач, прадчуваючы, што скора Яе скуюць гранітам берагоў, Б’е хваляй, устрывожанай і чорнай, У фермы перакінутых мастоў. Танк. // Злучыць кайданамі з кім‑н. Андрэя скавалі з Дзямянам Гараглядам. Пестрак.

4. перан. Пазбавіць або абмежаваць магчымасць рухацца; пазбавіць свабоды, лёгкасці ў рухах. Але вада была яшчэ ледзяная, скавала ў.. [Людвіка] ўсё цела. Кулакоўскі. [Варка:] — Скаваў мяне страх, не магу з месца скрануцца. Асіпенка. Васіль Зарэвіч не мог крануцца, так яго скаваў боль. Грамовіч. // Пазбавіць магчымасці дзейнічаць; пазбавіць волі, лёгкасці ў дзеяннях. І стогн.. [суседа], жывы чалавечы стогн, раптам скаваў мой язык, звязаў мае словы, занесеныя для ўдару. Васілевіч. [Зарына:] Цяжка мне. Гора думкі скавала... Бачыла. Змрочнае захапленне і даўкая трывога скавалі маю сілу і рашучасць. Савіцкі. // Давесці да стану нерухомасці, анямення. Сон скаваў хлопчыка, замардаванага надмернаю працаю летняе пары. Гарэцкі. На нейкі момант зморанасць скавала ўсё цела. Шамякін.

5. Пазбавіць (праціўніка) магчымасці дзейнічаць свабодна, актыўна. Раптоўны і моцны агонь партызан скаваў гітлераўцаў. Шахавец. — Ваша задача, — звяртаючыся да Міхася Грахоўскага, сказаў Сымон Валатніцкі, — скаваць праціўніка, прыкрыць наш адыход і даць мажлівасць вывесці з-пад удару мірных людзей. Гурскі.

6. перан. Зрабіць цвёрдым, замарозіўшы; накрыць лёдам (раку, возера і пад.). Першы марозік моцна скаваў зямлю. С. Александровіч. / у безас. ужыв. А зямлю ледзь не на метр марозам скавала. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спра́віць, спраўлю, справіш, справіць; зак., што.

1. Адсвяткаваць, адзначыць паводле ўстаноўленага звычаю (якую‑н. падзею). Справіць наваселле. Справіць хрэсьбіны. □ Ужо згулялі не адно вяселле ў новых хатах, справілі не адны радзіны. Паслядовіч. У канцы жніва Міхал сказаў жонцы: — Як ты думаеш, маці, можа варта сёлета дажынкі справіць? С. Александровіч. // Зрабіць, арганізаваць што‑н. Вечарам у Лонве шафёры і грузчыкі з аўтакалоны справілі вечарынку. Пташнікаў.

2. Зрабіць, выканаць (якую‑н. работу, абавязкі і пад.). Справіўшы .. работу, усе трое вячэралі ў садзе. Самуйлёнак. У міліцыі Івана Дамінікавіча ведалі і адразу ж справілі ўсе фармальнасці, звязаныя з яго далейшым бытаваннем у сталіцы. Лужанін. // Адправіць (набажэнства). Справіць малебен.

3. Набыць, купіць што‑н. Можна было паліто справіць, плацце і што-небудзь на ногі. Грамовіч. Меўся Банькоўчык справіць сабе на зіму новыя боты. Калюга. // Нажыць. [Гушка:] — З майго мазаля.. [Сурвіла] сабе фальварак справіў. Чорны.

4. Нарабіць крыку, шуму і пад., учыніць вэрхал. Дзяўчаты справілі піск, абкружылі Параску. Лобан. Валодзя пачырванеў, а хлопцы справілі дружны рогат. Якімовіч.

5. Атрымаць дакументы. Тут .. [спадарожнікам] стала вядома, што ім трэба вярнуцца назад, бо так яны не маюць права ісці ў прымежную вёску — трэба ў гарадку справіць паперы па гэта. Чорны.

6. Разм. Выправіць памылкі, недахопы. Цяпер пані справіла памылку — і замяніла сабак на катоў. Бядуля. // Ліквідаваць пашкоджанні, паправіць (што‑н. сапсаванае, зламанае і пад.). [Дзмітрый:] — Пакіньце мяне з машынай. Я спраўлю непаладкі і даганю вас. Беразняк.

7. і каго. Разм. Перавыхаваць, пазбавіць ад недахопаў. Ніхто такога чалавека не справіць. Баранавых.

•••

Справіць рогат — гучна, дружна засмяяцца, зарагатаць. Каля стала справілі рогат. Мусіць, нешта смешнае сказаў Антось Драніцкі. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фонд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Грашовыя сродкі або матэрыяльныя каштоўнасці дзяржавы, прадпрыемства, якія выкарыстоўваюцца для розных мэт. Фонд заработнай платы. □ [Далодка:] — Трэба будаваць сваю гідрастанцыю. Будаваць — трэба мець фонд, ці залезці ў крэдыт. Грамовіч. Высокія даходы дазваляюць рассветаўцам штогод адлічваць вялікія сумы на папаўненне непадзельнага фонду. Данілевіч. // Рэсурсы, запасы, рэзервы чаго‑н. Насенны фонд. Зямельны фонд. Жыллёвы фонд. Асноўны слоўнікавы фонд мовы. □ Што такое трус? Сена не патрабуе, зімуе і летуе без усякіх там збожжавых фондаў. Ракітны. Кантора не мела ўласнага падменнага фонду, і жыхары, перацягнуўшы ўсе рэчы ў калідор ці кухню, сяк-так масціліся, пакуль у кватэры ішоў рамонт. Даніленка. // Сховішча рукапісаў, гістарычных дакументаў, старадрукаў і пад. Рукапісны фонд. Архіўныя фонды. // толькі адз.; чаго або які. Грашовыя сродкі, якія накопліваюцца шляхам збору на карысць каго‑, чаго‑н. Фонд міру. □ Яшчэ ў пачатку работ па аднаўленню горада быў арганізаваны грамадскі фонд, у які добраахвотна ўнеслі свае ўзносы тысячы рабочых, служачых, сялян. «Беларусь».

2. толькі мн. (фо́нды, ‑аў). У капіталістычных краінах — каштоўныя паперы, якія даюць прыбытак у выглядзе вызначанага працэнта. Банкаўскія фонды. Зніжэнне фондаў на біржы.

3. з азначэннем. Арганізацыя для аказання матэрыяльнай дапамогі творчым работнікам (пісьменнікам, мастакам і інш.). Літаратурны фонд СССР. Мастацкі фонд СССР.

•••

Залаты фонд (запас) — дзяржаўны фонд золата ў злітках і манетах, які захоўваецца ў цэнтральным эмісійным банку або казначэйстве краіны.

Фонд накаплення — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, што ідзе на расшырэнне вытворчасці, стварэнне рэзерваў, а таксама для павелічэння матэрыяльных запасаў невытворчай сферы.

Фонд спажывання — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, прызначаная на задавальненне індывідуальных і грамадскіх патрэб у прадметах ужытку і паслугах.

[Фр. fonds.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце; зак.

1. Пачаць бегчы (пра людзей, жывёл). Пабегчы дарогай. Пабегчы па вуліцы. □ Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. Чорны. Па гладкім дзядзінцы конь шпарка пабег. Бядуля. // Разм. Хутка пайсці, накіравацца куды‑н. з якой‑н. мэтай. Пабегчы ў аптэку. Пабегчы па доктара. □ [Вольга:] Ну, Ганна Іванаўна, вось вам вада, а я пабегла на завод. Кучар. // Пачаць хутка адступаць, уцякаць. Немцы не вытрымалі нечаканага ўдару танкістаў, пабеглі. Мележ.

2. Пачаць хутка рухацца (пра неадушаўлёныя прадметы, з’явы). Пабеглі языкі агню. Самалёт пабег па полі. □ «Масквіч», скрануўшыся з месца, зноў хутка пабег па вуліцы, абганяючы пешаходаў. Шахавец. // Аб уяўным руху прадметаў, міма якіх чалавек рухаецца сам. Стары падводзіў эшалон да станцыі. Збоку пабег зараснік. Уперадзе, з-за ўзгорка выпаўзалі чырвоныя камніцы станцыі. Мележ. // Працягнуцца, пралегчы (пра дарогу, сцежку і пад.). На карпусы завода, на шашу, якая пабегла адсюль на поўдзень, апала адліга. Грамовіч.

3. З’явіўшыся, узнікшы, пачаць разыходзіцца, цягнуцца, слацца ў нейкім кірунку. Не мінула і хвіліны, як паплавок маёй вуды з сілаю даў нырца. Толькі кругі ад яго пабеглі на чыстай люстраной вадзе. Якімовіч. З-пад крутога борта лодкі раптам пабеглі бурбалкі. Гамолка. // перан. Часта з’яўляцца, змяняючы адна другую (пра думкі). Няхай думкі мае пабягуць чарадой. Колас.

4. Пацячы, паліцца. Ударыў гром і поруч з гэтым Пабег ручай, за ім другі. Лужанін. Ледзь рукою дакрануўся крана — з-пад яго струмень вады пабег... Непачаловіч. // Пераліцца цераз край пры кіпенні. Малако пабегла.

5. перан. Пачаць хутка праходзіць, мінаць (пра час). І так пабеглі гады, адзін за адным. Расце мой сын — як клас, так вяршок. Ракітны.

•••

Мурашкі пабеглі па спіне (скуры, целе) гл. мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлюся, ломішся, ломіцца; пр. ламаўся, ‑малася; заг. ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ужыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой‑н. сілы. І на маўклівыя нізіны Бяжыць, шалеючы, вада, І ломяцца, як шкло, ільдзіны, І крыгі гнуцца, як слюда. Глебка. Палі часта ламаліся, плюшчыліся, іх прыходзілася выцягваць назад. Шамякін. Бліскае маланка, ломіцца на часткі, — і па ўсім наваколлі працяжна грукоча гром. Гамолка. // Быць крохкім, ломкім; лёгка разломвацца. Гнецца, а не ломіцца.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным. Людзі помняць усялякія здарэнні, якія адбываліся ў гэтым месцы, як ламаліся калёсы, трапляючы ў глыбокія западзіны між каменняў на дне тонкай разбоўтанай гразі. Пестрак.

3. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Парушацца, разбурацца (пра што‑н. прывычнае, традыцыйнае). Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Гартны. // Рэзка змяняцца (пра характар, прывычкі, паводзіны). Іх [Косціка і Зосі] дружба пачала ламацца, гульні нярэдка канчаліся разладамі. Дуброўскі.

4. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Змяняцца на тэмбру і дыяпазону ў пераходным узросце (пра мужчынскі голас). // Станавіцца перарывістым пад уплывам моцных пачуццяў, перажыванняў (пра голас). Добры раманс гучаў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчаў, ламаўся. Шамякін.

5. перан. Разм. Ісці напралом; спрабаваць пранікнуць куды‑н. сілай. Ламацца ў дзверы. □ Ноч не збавенне — толькі забыццё... Засну. — А ў грудзі ломяцца трывогі. Зуёнак.

6. (1 і 2 ас. не ужыв.); перан. Быць застаўленым чым‑н., быць перапоўненым мноствам чаго‑н. Ломяцца вітрыны ад тавараў. □ Частка людзей адразу ж вярнулася ў пакой, дзе стол ламаўся ад усякай яды. Чорны. // Гнуцца пад цяжарам. Голле ў садзе ломіцца ад яблыкаў. Грамовіч.

•••

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даказваць, сцвярджаць тое, што даўно ўсім вядома, што не патрабуе доказаў і не выклікае пярэчанняў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаўзці́ся, ‑паўзецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. распоўзся, ‑паўзлася, ‑лося; зак.

1. Папаўзці ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх насякомых, жывёл). Мурашкі распаўзліся. □ [Змеі], як відаць,.. вызваліліся і распаўзліся па караблі. Маўр. З учарашняга дня ваўчыца не вярнулася ў бярлогу, і галодныя ваўчаняты распаўзліся па кустах. Якімовіч. // Разм. Разысціся ў розныя бакі (пра людзей). — Вось што, хлопцы, — перавёў Лабановіч гутарку на іншае, — усім гуртам ісці на станцыю не варта. Давайце лепей распаўзёмся паціхеньку. Колас. // Павольна разыходзячыся, захапіць вялікую прастору (пра хмары, дым, туман і пад.). Па небе распаўзлася шэрая хмара і схавала сонца. Гроднеў. Густы дым распоўзся каля нары, але, здавалася, зусім не ішоў у сярэдзіну. Маўр. // Рассунуцца, раз’ехацца. Яна засталася адна. Рукі яе апусціліся, не давязаўшы вузла, і рагі ў прасцірадле распаўзліся з-пад рук. Чорны. // Разм. Прасторна, шырока размясціцца. Вялізнае сяло распаўзлося на багатым .. суглінку па броўках яроў, па схілах, па адхоне над рачулкай. Караткевіч.

2. Расплыцца, расцячыся па паверхні чаго‑н. Дзежка грымнулася аб зледзянелую сцежку, клёпкі са звонам рассыпаліся ва ўсе бакі, па снезе распаўзлася рыжая, як вывернуты стары кажух, пляма. Дуброўскі. / у перан. ужыв. Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ. // Страціць пэўныя, яскравыя абрысы, форму пад уздзеяннем вільгаці, вады і інш. Дзе папера ад поту прамокла, там літары распаўзліся, але пыталіся выразна. Грамовіч. На прыгрэве каля ляска заечыя сляды. Пад цёплымі промнямі веснавога сонца яны распаўзліся. Ігнаценка. // Размокнуць, раскіснуць (пра зямлю, дарогу). Дождж прайшоў сляпы, спорны. Дарога распаўзлася. Лукша.

3. Разм. Разваліцца, разлезціся ад доўгай носкі, ад старасці. Алесь устаў. Можна выкруціць, выбіць аб руку пілотку. Выкруціў. Асцярожна, каб не распаўзлася. Брыль. [Крымянец] крыху паправіў падушку, якая даўно ўжо распаўзлася і з якой церушылася старая спарахнелая салома. Лынькоў. А тут новая бяда — чаравікі распаўзліся. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вярну́ць 1, вярну, вернеш, верне; зак., каго-што.

1. Аддаць узятае. Вярнуць пазычанае. Вярнуць доўг. □ Вярнула смелая Марылька гаспадару каня і ўсё дабро. Якімовіч.

2. Атрымаць назад што‑н. затрачанае, зрасходаванае. Не то што ўраджай сабраць, нават насення людзі вярнуць не змаглі... Грамовіч.

3. Прымусіць або ўгаварыць вярнуцца назад. [Людзі], тулячыся да хвоі, баяліся паварушыцца — усё ім здавалася, што іх хтосьці бачыць і верне іх зараз назад. Чорны. Далей аўтобуснага прыпынку Зіна не дазволіла сябе праводзіць, нават Сямёна вярнула. Шыцік. // перан. Выклікаць, узнавіць у каго‑н. ранейшае (пра думкі, настрой). Гэтыя словы адразу вярнулі Язэпа да рэальнасці. Шахавец. Гудок вярнуў Міхала да ранейшых думак. Карпаў.

•••

Вярнуць да жыцця — аднавіць жыццёвыя сілы, энергію, функцыі каго‑, чаго‑н.; вылечыць.

вярну́ць 2, вярну, вернеш, верне; незак., што.

1. Мяняць напрамак руху, паварочваць. Суровыя і маўклівыя перавозчыкі са стрэльбамі і гранатамі.. плывуць некаторы час удоўж берага.., а потым вернуць упоперак Прыпяці і шчасліва прыстаюць на яе другі бераг. Колас. Сонца вярнула з поўдня, пякло, паліла твар. Пташнікаў.

2. Нахіляць, валіць на бок, пераварочваць. Вярнуць воз. □ — На бок вярніце, дном угору! Палечым зараз, наш ты хворы! — Да чоўна дзядзька так звярнуўся. Колас.

3. перан. Разм. Схіляць да чаго‑н., даваць пэўны напрамак думкам, размовам і пад. Не туды, брат, вернеш! □ [Варывончык:] — Ты [Аксіння] занадта ўжо стала вярнуць усюды на сваё. Кулакоўскі.

4. перан. Разм. Перакладаць віну на другога. Жывёлаводы вярнулі на брыгадзіраў, брыгадзіры абвінавачвалі жывёлаводаў. Дуброўскі. [Бабуля:] — Мачыха сама мёд крадзе, а верне ўсё на падчаранят. Брыль.

5. Разм. Варочаць што‑н. цяжкае, грувасткае; выконваць цяжкую работу. Ззаду [трактара] падскоквалі плугі, скраблі дарогу і вярнулі дзёран. Пташнікаў.

6. Рухацца, падаць, узнімацца суцэльнай плынню. На маленькім століку стаіць самавар і скавыча на ўсе галасы.. аж пара з яго верне. Колас.

•••

Вярнуць нос — адносіцца да каго‑, чаго‑н. з пагардай; грэбаваць кім‑, чым‑н.

Горы вярнуць на каго — няславіць, гаварыць пра каго‑н. дрэннае.

З душы верне — пра што‑н. вельмі непрыемнае, агіднае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)