Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ва ’сістэма агульнаабавязковых норм, якія выражаюць дзяржаўную волю пануючых у грамадстве класаў’, ’правамоцтва асобы’, ’падстава, прычына’ (ТСБМ), пра́во ’справядлівасць’ (мазыр., ГЧ), ст.-бел. право ’сістэма абавязковых сацыяльных нормаў; гарантаваная свабода; судаводства’. У юрыдычным значэнні запазычана ў XIV ст. з польск. prawo, што калькуе ням. Recht, якое ў сваю чаргу з’яўляецца перакладам лац. ius, iuris (Золтан, Из истории, 52, з літ-рай; Банькоўскі, 2, 764). Аднак, відаць, у значэнні ’свабода выбару; справядлівасць’ узыходзіць да прасл. *pravo, параўн.: ты сваё права правіш, гл. правіць; рус., укр. пра́во, ст.-рус. право, польск. prawo, чэш., славац. právo, серб.-харв. пра́во, славен. právo, балг. пра́во. Да правы (Фасмер, 3, 352; Махэк₂, 481).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяча́ць ’уласны знак фізічнай або юрыдычнай асобы; адбітак’ (ТСБМ, Гарэц.), пяча́тка ’тс’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ’кляймо’ (Нас.); укр., рус. печать, польск. pieczęć, чэш. pečeť, славац. pečať, в.-луж. pječat, серб.-харв. пѐчат, славен. pečát, балг. печа́т, макед. печат, ст.-слав. печать. Прасл. *pečatь, традыцыйна звязваецца з *pek‑ti ’пячы’ і першасным значэннем ’таўро (на скуры жывёлы)’, якое рабілася выпальваннем, літаральна “выпечаны знак”. Паходжанне ад грузінскага bečʼedi ’пячатка’, што ўзыходзіць да славяна-каўказскіх паралеляў Мара (Абаеў, Зб. Младэнаву, 327), патрабуе дадатковага абгрунтавання. Гл. Фасмер, 3, 255; Махэк₂, 441; БЕР, 5, 212; Сной₂, 501; Глухак, 473; Банькоўскі, 2, 547; ЕСУМ, 4, 363–364; ESJSt, 11, 633–634.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ты, цябе́, табе́, цябе́, табо́й і -о́ю, аб табе́; займ. асаб. 2 ас. адз.

1. Ужыв. пры звароце да блізкай, знаёмай асобы або пры грубым, фамільярным звароце.

Куды ты паедзеш?

2. Выкарыстоўваецца для абагульненага абазначэння чалавека наогул (разм.).

Калі ты гаспадар, то глядзі гаспадарку.

3. у знач. часц. табе́. Выкарыстоўваецца для выказвання прыкрасці, расчаравання, пагрозы і пад.

Гэта табе так не пройдзе.

4. У спалучэнні з выклічнікамі ўжыв. для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання.

Ах ты, дурань!

А што ты думаеш (разм.) — а чаму б і не зрабіць.

На ты з кім — (быць) у такіх адносінах, калі пры звароце адзін да аднаго гавораць «ты».

Ух ты! — выкарыстоўваецца пры выказванні здзіўлення, захаплення і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

наво́ддаль,

1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.

2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хруста́ль, ‑ю, м.

1. Шкло высокай якасці, якое мае асобы бляск і здольнасць моцна праламляць святло. Бакалы, вазы і кілішкі са штучнага хрусталю пераліваліся ўсімі колерамі вясёлкі. Шамякін.

2. Вырабы з такога шкла. Сервант запоўнены фарфорам, хрусталём. / у вобразным ужыв. Ёсць хараство і ў гэтых зімах, І ў мёртва-белых тых кілімах, Што віснуць-ззяюць хрусталямі Над занямелымі лясамі. Колас.

3. Тое, што і горны хрусталь. Пацеркі з хрусталю.

•••

Горны хрусталь — празрыстая бясколерная разнавіднасць кварцу, якая выкарыстоўваецца для аптычных і ювелірных вырабаў.

[Ад грэч. krýstallos — крышталь.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

для, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «для» выражае:

Аб’ектныя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, для якіх што‑н. робіцца, прызначаецца. [Аксіння] жыла для дачкі, для яе не шкадавала нічога — ні сіл сваіх, ні здароўя. Шамякін. Анежка ўвесь час наглядала за Алесем і адзначала ўсё для сябе. Броўка.

2. Ужываецца пры абазначэнні асобы ці прадмета, у дачыненні да якога мае значэнне, сілу тая ці іншая з’ява, якасць, стан і пад. Для мяне камунізм — Не ікона, А праўда жыцця, без якой Я не даражыў бы сягоння Зямлёй. Танк. Для дружбы шчырасць даражэй за ветлівасць. Брыль. Спрэчкі былі гарачыя, бо для некаторых само пытанне было, так сказаць, цікавым і важным. Лынькоў.

3. Ужываецца пры абазначэнні неадпаведнасці, несуразмернасці якой‑н. з’явы, падзеі, якасці і пад. з кім‑, чым‑н. Яны некуды спяшаліся, гэтыя людзі ў нязвыклым адзенні, у нязвыклым для Міколкі абутку. Лынькоў. Махнач падхапіўся залішне спрытна для сваёй камплекцыі. Шамякін.

Мэтавыя адносіны

4. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння. Ставяць новыя хаты і гумны, Ладзяць скрыпкі пад новыя струны Для вяселля, Для песень, Для славы. Танк. Для перагавораў вязні выбралі Паўла і некалькі іншых, як і ён, давераных таварышаў. Брыль. // Паказвае на прызначэнне прадмета ці асобы. Цэбар для вады. Абсталяванне для завода. Дапаможнік для настаўнікаў. □ Паход на вёску Ганусы ставіў пытанне аб назначэнні асобнага начальніка для партызан: іх было ўжо каля двух дзесяткаў. Колас.

Прычынныя адносіны

5. Ужываецца пры абазначэнні прычыны, падставы якога‑н. дзеяння; адпавядае па знач. прыназоўніку «з-за». Падмаглі жанчыны, якія гуртком сядзелі ля суседняй хаты і падышлі да нас для цікавасці. Пестрак.

•••

Для адводу вачэй гл. адвод.

Для прыліку гл. прылік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наперако́р,

1. прысл. Не так, як жадалі, хацелі, чакалі; насуперак. Зрабіць наперакор. □ Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор. Броўка.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «наперакор» выражае ўступальныя адносіны: ужываецца пры назве асобы, прадмета або з’явы, насуперак якім, нягледзячы на якія што‑н. адбываецца. Максіма ў ваенна-марское вучылішча не прынялі, і ён, наперакор жадання бацькоў, на злосць усім, паехаў у марскі тэхнікум. Шамякін. Наперакор ліхой стыхіі, На гэтай згруджанай жарстве, Узняўшы вежы залатыя, Прыгожы горад расцвіце. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.

1. Пажаліцца, выказаць сваё гора, незадавальненне. Расла .. [Ніна] ціхая, не смеючы слова адказаць сварлівай мачысе, баючыся паскардзіцца бацьку на крыўды. Галавач. Прося паскардзілася, што кепска бачыць, папрасіла прачытаць пісьмо. Паўлаў.

2. Звярнуцца да афіцыйнай асобы са скаргай. Хлопцы зашумелі, але ніхто не адважваўся сказаць брыгадзіру, паскардзішся — яшчэ большай бяды нажывеш. Дуброўскі. Некалькі старшынь калгасаў паскардзіліся ў райком партыі на недабраякасную работу некаторых трактарыстаў. Хадкевіч. // Нагаварыць, напаклёпнічаць, данесці. А ўвечары, калі прыйшоў Загурскі і маці паскардзілася яму на мяне, усё перамянілася. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)