укруці́ць, укручу, укруціш, укруціць; зак., каго-што.

1. Круцячы што‑н., уставіць, уціснуць у сярэдзіну чаго‑н. Укруціць лямпачку ў патрон. □ [Ванька] шпурнуў пад ногі недакурак, укруціў яго абцасам у пясок. Місько.

2. Захутаць, завінуць у што‑н. Спрактыкаванымі рукамі жанчына ўкруціла дзіця ў пялёнку і пачала забаўляць. Даніленка. [Жанчына:] — Ды абед, пэўна, астыў, хоць я яго ўкруціла і паставіла ў стог. Гурскі. // Абматаць чым‑н. Замест замка .. [Антон] укруціў дротам клямку і рушыў з двара. Чорны.

3. Убавіць, прыкруціць што‑н. Дзядзька Пракоп укруціў кнот лямпы, і ў зале як бы змерклася. Сабаленка.

4. Уматаць у што‑н. Укруціць канец вяроўкі ў кола.

5. Разм. Махлюючы, прысвоіць сабе што‑н. чужое, не аддаць чаго‑н. узятага, пазычанага. У закусачнай сапраўды кралі .. Касіры .. рабілі падробкі ў ведамасцях, калі здавалі грошы, каб укруціць і сабе. «Вожык».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́дны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн.

1. Схільны навязваць сваю волю, загадваць, падначальваць сабе. Быстры, уладны і настойлівы, .. [Ермакоў] заўсёды кіраваў іншымі і прызвычаіўся, каб яго паважалі і слухаліся. Мележ. Мужчына ішоў з сабакам, моцны і шыракаплечы, уладны і пераможны і сам падобны на Геракла. Караткевіч. // Які выражае ўладу, волю, рашучасць; уладарны. [Жанчына] акінула Анатоля з галавы да ног уладным позіркам.. і лагодна ўсміхнулася. Ваданосаў. — Стой! Не варушыся! — пачуў .. [Карніцкі] уладны і моцны шэпт, як толькі выбраўся на супрацьлеглы бераг. Паслядовіч.

2. (звычайна з адмоўем «не»). Які мае права, уладу што‑н. рабіць. Агонь у камінку гарэў ласкава і роўна, над ім не ўладны быў асенні вецер, што зласліва шастаў за акном... М. Стральцоў.

3. перан. Неадольны, усемагутны. Уздыхне зямля шчасліва — і з пачуццём асалоды, Уся аддасца ўладнай сіле рук працоўных чалавека. Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

улі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уліп, ‑ла; зак.

1. Папасці ў што‑н. ліпкае, вязкае, прыстаць да чаго‑н. ліпкага, клейкага. Уліпнуць у смалу.

2. перан. Разм. Трапіць у непрыемнае, нялёгкае становішча; папасціся. — Аднак і ўліплі мы, браткі, з гэтым хлебам... — сказаў нехта з нас. Лынькоў. [Пан Вячорык:] — Дзейнічаць вам [агентам] трэба асцярожна, каб самім не ўліпнуць. Машара.

3. Разм. Шчыльна прытуліцца, прыпасці да чаго‑н. Высокі стары.. так даў Валі дарогу прайсці, што аж уліп плячыма ў сцяну І забраў з яе на сябе траха не ўвесь мел. Чорны. Арцыховіч уліп у зямлю і падрыхтаваўся да стральбы. Алешка.

4. Разм. Добра аблегчы, прыстаць (пра адзенне, абутак). Бот юхтовы — толькі скрып Ад новага бота, Да нагі ён проста ўліп — Чыстая работа. Бялевіч.

•••

Уліпнуць у гісторыю — тое, што і уліпнуць (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чуб, ‑а, м.

1. Пасма валасоў, якая спадае на лоб або ўзнімаецца над ілбом (звычайна ў мужчыны). За пісьмовым сталом сядзеў малады хлопец з задзёрыстым віхрастым чубам, камсамолец Грышка Гаруй. Колас. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі.

2. Даўней ва ўкраінцаў — доўгая пасма валасоў, якую пакідалі на цемені выбрытай галавы.

3. перан. Некалькі раслін, якія шчыльна злучаны ці растуць побач адной групай. Перахоплены вяроўчынай мех важка гойдаецца ў .. [Аксінні] на спіне і ківаецца чубамі травы над сівой галавой. Ракітны.

4. Прыўзнятае пер’е на галаве пеўня, курыцы ці іншай свойскай птушкі. Матрона .. падкрэсліла, што для таго,.. каб кураняты былі чубатыя, неабходна саджаць курыцу на захадзе сонца, скубці яе за чуб і паказваць ёй фігі. Крапіва.

•••

Брацца за чубы гл. брацца.

У чубы хадзіць гл. хадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпале́ра, ‑ы, ж.

1. Уст. Насценны бязворсавы дыван ці абівачная тканіна, якія маюць сюжэтны ці пейзажны малюнак, выкананы ўручную.

2. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рулонная, звычайна ўзорыстая, папера для абклейкі сцен, столі. Сцены былі, відаць, абтынкаваны, гладкія і абклеены шпалерамі блакітнага колеру. Ермаловіч.

3. звычайна мн. (шпале́ры, ‑аў). Спецыяльная рашотка або нацягнуты на жэрдкі дрот, па якіх падымаецца ўверх расліна ці да якіх падвязваюцца галіны дрэў, каб надаць ім пэўную форму. Ставіць вінаграднікі па шпалеры.

4. толькі мн. (шпале́ры, ‑аў). Рады, шарэнгі салдат, якія стаяць па абодва бакі руху каго‑, чаго‑н. Кола паліцэйскіх і шпалеры жандараў расступіліся і, прапусціўшы да шыбеніцы машыны, зноў самкнуліся. Машара. // Роўныя рады дрэў ці хмызняку, пасаджаныя па абодва бакі дарогі, сцежкі. Тут [у парку] былі пракладзены геаметрычна правільныя, радыусамі да цэнтральнай круглай пляцоўкі прамыя алеі, акружаныя стрыжанымі шпалерамі. Гавеман.

[Ад ням. Spalier, з іт. spalliera.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штука́рства, ‑а, н.

1. Паводзіны, учынкі штукара (у 3 знач.); дзіўныя, незвычайныя дзеянні, штукі (у 4 знач.). Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў, або падыманне самога сябе на нары. Колас. Калапскі вёў сваю пракурорскую справу больш сумленна, пазбягаў грубых падманаў, штукарства і ашуканства, трымаўся салідна і спакойна. Машара. [Віця] марыць вырасці мужным і смелым, а што ні зробіць — усё называюць штукарствам, дураслівасцю. Шыловіч.

2. Стварэнне танных знешніх эфектаў, разлічаных на тое, каб сваёй незвычайнасцю ўразіць каго‑н. Маладнякоўскія кіраўнікі не маглі дараваць Я. Коласу яго іранічнага стаўлення да .. паэтычнага штукарства. «Полымя». Талент чалавека заўсёды мае патрэбу ў адкрыцці, бо не адкрыты і не ўспешчаны людскою ўвагаю, ён можа астацца толькі штукарствам, з якога людзі будуць добразычліва сабе пасміхацца. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эвалю́цыя, ‑і, ж.

1. Развіццё, працэс павольнага, паступовага змянення ў прыродзе і грамадстве ў адрозненне ад рэвалюцыі. Эвалюцыя відаў расліннага і жывёльнага свету. Эвалюцыя галактык. // Наогул працэс змянення каго‑, чаго‑н. ад аднаго стану да другога. Эвалюцыя мастацтва. Эвалюцыя светапогляду. □ Літаратура XIX стагоддзя дае нам досыць багаты матэрыял, каб гаварыць аб пэўнай эвалюцыі поглядаў на ролю і прызначэнне чалавека ў жыцці. Навуменка. Цікавая эвалюцыя адбылася ў творчасці Я. Мініна. Ён паступова пераадолеў уласцівую асобным раннім працам інтымнасць, камернасць і звярнуўся да грамадска важных, актуальных тэм. Шматаў.

2. У філасофіі — форма развіцця, якая складаецца з паступовых колькасных змен, што падрыхтоўваюць якасныя змены.

3. толькі мн. (эвалю́цыі, ‑ый). Спец. Перамяшчэнні караблёў або войска, звязаныя з перагрупоўкай, змяненнем строю; манеўры. Тактычныя эвалюцыі арміі. // звычайна мн. (эвалю́цыі, ‑ый). Пэўны страявы прыём руху, манеўр, які ажыццяўляецца якой‑н. ваеннай адзінкай.

[Лац. evolutio — разгортванне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яць, ‑я, м.

Назва літары «ѣ» у царкоўнаславянскім і дарэвалюцыйным рускім алфавіце, што абазначала гук, які пазней у беларускай мове супаў з «е». Шыльды з цьмянымі залачонымі надпісамі, часамі яшчэ з цвёрдымі знакамі і яцямі, старанна абвяшчалі, што за аднымі дзвярыма знаходзіцца майстэрня гадзіннікаў, за другімі — бакалея. Скрыган. Думаеце, сапраўдная грамата такая лёгкая. Не, ты спачатку папацей, патлумі сабе галаву, каб у яе ўвайшло, дзе трэба «яць» паставіць, дзе «фіту». Навуменка.

•••

На яць хто-што — вельмі добры, выдатны па сваіх якасцях. [Васіда:] — Вось, прашу! Дакуменцікі на яць! Лепш, чым сапраўдныя... С. Александровіч.

На яць (рабіць, зрабіць што‑н.) — вельмі добра, беззаганна, як патрабуецца. — Ну як жа, хлопцы, рэйд? Усё ў парадку, Міхась? — апошнім запытаннем звяртаецца.. [дзядзька Мірон] да свайго брыгадзіра. — На яць! А то што ж бы мы за гаспадары з табою былі? Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калаты́рыць, колоіырыць ’валтузіцца, церціся, дурэць’ (Нас.), калатырыць ’забаўна, але неабгрунтавана гава-рыць’ (Касп.), кълатырыцца ’бескарысна важдацца з чым-небудзь’ (уіпац., Нар. лекс.), сюды ж і калатыры. калатырыць (Нік. Напаў.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове: валаг., чэрап., варонеж. колагырнть ’займацца пустой, дробнай справай’, арханг. ’таптацца без справы’, смал. ’круціцца, церціся каля каго-, чаго-небудзь, гарэзуючы, і да т. п.’, валаг., пск. ’балбатаць, балакаць’, алан. ’гаварыць глупства і да т. и.’ Відавочная бел.-рус. інавацыя. Бел. лексема адзначана ў паўн. і ўсх. гаворках, што можа указваць на генетычна тоесную з рус. колотить, колотиться ’бадзяцца без справы, мэты’, колотить ’пляткарыць’, ’гаварыць дробязі, пустасловіць’, валаг. ’пытаць’, бел. колотаты ’пытаць’ (нараўл., Мат. Гом.). Некаторыя семемы маглі развівацца незалежна ад утваральнага слова, у дэрыватаў, аднак, наяўнай інфармацыі недастаткова, каб зразумець цалкам іх іерархію. У бел. мове ў адрозненне ад рус. шэраг дэрыватаў атрымаў экспрэсіўны інфікс (гл. калантырыць). Гэта больш верагодная версія параўнальна з тлумачэннем Нікіфароўскага, Напаў., 16, што бел. слова суадносіцца са ст.-рус. калантарь. колонтарь, калантырь ’кальчуга’, прыткім калантыр разумеецца як панцыр з нашытых на скуру драўляных планак, вырабляць такія планкі — ’займацца лёгкай, пустой справай, калантырыць’, адкуль і калатыры калатырыць. Такое тлумачэнне вельмі штучнае і не ўлічвае шэрагу значэйняў слова калатырыць у бел. і колотырить у рус. гаворках, а таксама лексемы колотить. з якой яны, відавочна, суадносяцца. Па утварэнню паўн.-слав. лексемы нагадваюць серб.-харв. клатарити се ’бадзяцца, вандраваць’ клитити се ’бадзяцца’. Фасмер (2, 296) зыходным для дзеяслова колотырить лічыў колотыра — дэрыват ад колотить. Гэта, аднак, хутчэй за ўсё дзеяслоўнае ўтварэнне: колотить > колотырить; генетычна мадэль магла быць і трохстуменчатай. з паступовай стратай сярэдняга звяна ў выніку рэгулярнасці такога тыпу дэрывацыі. Аб далейшай этымалогіі гл. калаціць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)