спажыве́ц, ‑жыўца, м.
1. Асоба або арганізацыя, якія спажываюць што‑н. (прадукты чыёй‑н. вытворчасці, энергію, сыравіну і пад.). [Сцяпан Андрэевіч:] — Хто вам дазволіў распачынаць жыллёвае будаўніцтва? Цяпер будзеце поркацца. А спажывец — чакай шкла. Гурскі. Пакуль што, да пуску лаўсанавага камбіната, найвялікшы ў горадзе спажывец вады — Магілёўскі завод штучнага валакна. «Полымя».
2. Пакупнік. Фірмам патрэбен глядач — спажывец іх тавараў. Філімонаў.
3. перан. Неадабр. Той, хто імкнецца толькі да задавальнення сваіх патрэб. Мяшчанам, спажыўцам, эгаістам мякішавым аўтар супрацьставіць шчырых савецкіх людзей. Рамановіч. Хіба маралі спажыўца І звычкам эгаіста Знаёмы шчырасць пачуцця, Парывы думак чыстых?! Звонак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спецыя́льна, прысл.
1. Прысл. да спецыяльны.
2. Паглыблена, прафесійна, як спецыяліст. Цётка спецыяльна вывучала .. народную творчасць. Клімковіч. [Маскаленка:] — Там ёсць людзі, якія займаюцца гэтым спецыяльна. Мележ.
3. Выключна, толькі. Пайшлі з Сілачоў... Шляхам, які ад звычайных адрозніш дарог, Што для іх спецыяльна пралёг. Куляшоў. Бацька і не падазраваў, якое месца зойме яго сын у жыцці, што як быццам бы спецыяльна для яго ладкавалася. Лупсякоў.
4. Знарок, з пэўнай мэтай. Відаць, скеміў [снайпер], што ў траншэі камандзір, і спецыяльна пільнаваў, калі ён падыме галаву. Сабаленка. Жыта пасеяна спецыяльна для падкормкі. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́знены, ‑ая, ‑ае.
1. Які наступае са спазненнем, пазней звычайнага. Крыху спозненая, але дружная вясна [н]абірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы. Колас. // Які бывае, з’яўляецца, паспявае пазней за іншыя. Праўда, дзе-небудзь з краю паляны яшчэ трапляў спознены [званочак]. Карпюк.
2. Які адбываецца, робіцца пазней, чым трэба. Досыць было аднаго памылковага або на адну дзесятую секунды спозненага павароту руля, каб ад матацыкліста і машыны засталося літаральна мокрае месца. Шамякін. Спозненыя пошукі бацькавай магілы навучылі мяне многаму. Лось.
3. Позні. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны і толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
струме́ністы, ‑ая, ‑ае.
1. У выглядзе струменяў, які складаецца са струменяў. Струменісты ручай. □ [Іванка] прывыкаў да ўсяго гэтага, асцярожна ладкуючыся ля жалязкі з вуголлем, якое яшчэ недзе тлела, мусіць, бо інакш адкуль бы ішоў гэты радкаваты струменісты дух. М. Стральцоў. Адкуль толькі ўзяўся, падзьмуў вільготны, струменісты вецер. Ракітны.
2. Паэт. Які цячэ струменямі, які струменіцца. Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі, — Не ўгледзела яго, не прычакала з-за гаманкой струменістай смугі. Гаўрусёў. // перан. Хвалісты. Струменістая тонкая тканіна мяккай .. сукенкі збягала плынна долу, як ззяннем налівала пругкія маладыя ногі. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стру́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да струны (у 1 знач.), які ўтвараецца струной. Струнны перабор. □ Стары музыка і цяпер чуе гэтую струнную песню... Яна .. наводзіць на ўспаміны. Кулакоўскі. // Падобны на гук струны; гучны, музыкальны. Замлее лес — такая ціш, І толькі пчолы струнным звонам Гудуць працягла роўным тонам Ды прашмыгне лясная мыш. Колас.
2. Са струнамі, які ўтварае музыкальныя гукі струнамі. У школе я займаўся ў гуртку струнных інструментаў разам з Родзькам і іграў на мандаліне не горш, чым ён на сваім гармоніку. Даніленка. // Які складаецца з такіх інструментаў. Струнны квартэт. Струнны аркестр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што і без дап.
Разм. Паводле забабонных уяўленняў — прынесці няшчасце, хваробу, пашкодзіць каму‑н. паганым (ліхім) вокам. Ячны нават і ртуці .. зашыў коніку ў «жычку», істужку, якой упрыгожана шыя малога [жарабяці]. Каб не сурочыла часам ліхое вока. Брыль. Нездарма ж маці не раз казала .. [Крывахіжу], каб не глядзеў на малых дзяцей у калысцы, бо можа сурочыць. Алешка. // Пашкодзіць каму‑, чаму‑н., хвалячы, прадказваючы што‑н. [Насця:] — Сёння, Ірынка, усе хлопцы твае будуць... — Не суроч, Настачка, — засмяялася Ірынка. Сіняўскі. [Скрыпка:] — Ты ў мяне не благі, здольны сын. Каб толькі не сурочыць... Дубоўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяке́ра, ‑ы, ж.
1. Прылада, якой сякуць і склюдуюць, у выглядзе насаджанага на тапарышча шырокага прадаўгаватага кліна з лязом з аднаго боку і абухом з другога. У рукі ўзяў сякеру паляшук. Ён размахнуўся раз, другі і трэці... Ад сілы гэтых працавітых рук з гары высокай дуб зваліўся з веццем. Дубоўка.
2. Прымітыўная выкапнёвая прылада з крэменю. Толькі на высокіх курганах яшчэ можна адшукаць астаткі ад таго жыцця, што некалі было тут: гэта крам[я]нёвая сякера, гэта бронзавы кінжал. Самуйлёнак. // Старажытная халодная зброя ў выглядзе такой прылады з доўгай ручкай. Паперадзе ішлі воіны з сякерамі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траншэ́я, ‑і, ж.
1. Вузкі, глыбокі роў з брустверам, які злучае ў адну лінію ўсе агнявыя пункты абароны. І толькі я падышоў да берага, як з траншэі, якую калісьці выкапалі ўздоўж рэчкі мае салдаты, падняліся два хлопчыкі. Хомчанка. // Вузкі роў для хавання ад асколкаў снарадаў і бомбаў.
2. Доўгі роў, канава і пад., якія служаць для ўкладкі, захоўвання або вырошчвання чаго‑н. Траншэя для кабеля. □ Пры запаўненні траншэй будзе дабаўляцца мякіна, здробненая салома і іншыя кампаненты з такім разлікам, каб атрымаць корм высокай якасці. «Звязда».
3. Спец. Адкрытая горная вырабатка.
[Фр. tranchée.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.
Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
убо́ства, ‑а, н.
1. Уласцівасць і стан убогага. Убоства жыцця. Убоства душы. Разумовае ўбоства. □ З агідай бічаваў паэт духоўнае ўбоства ў вершах «Званковы валет». Лойка. Дзяцінства і юнацтва Змітрака Бядулі прайшлі ў вясковай глушы, і на яго светапоглядзе, на яго духоўным развіцці як чалавека і паэта адчуваўся ўплыў як перадавых тэндэнцый часу, так і ўбоства правінцыяльнай рэчаіснасці. Каваленка.
2. Крайняя беднасць, галеча, жабрацтва. Давесці да ўбоства. // Непрыглядны выгляд; непрыгожасць. Зрэшты,.. [дзяўчына] была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару, і какецтва яе, нягледзячы на вопыт і тэхніку, толькі падкрэслівала ўбоства. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)