струменісты, ‑ая, ‑ае.

1. У выглядзе струменяў, які складаецца са струменяў. Струменісты ручай. ▪ [Іванка] прывыкаў да ўсяго гэтага, асцярожна ладкуючыся ля жалязкі з вуголлем, якое яшчэ недзе тлела, мусіць, бо інакш адкуль бы ішоў гэты радкаваты струменісты дух. М. Стральцоў. Адкуль толькі ўзяўся, падзьмуў вільготны, струменісты вецер. Ракітны.

2. Паэт. Які цячэ струменямі, які струменіцца. Дарэмна сонца дзіцянё гукала Праз скошаныя шызыя лугі, — Не ўгледзела яго, не прычакала з-за гаманкой струменістай смугі. Гаўрусёў. // перан. Хвалісты. Струменістая тонкая тканіна мяккай .. сукенкі збягала плынна долу, як ззяннем налівала пругкія маладыя ногі. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)