Ве́расень. Ст.-бел. вресень, врешень ’верасень’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ве́ресень (ст.-укр. вресень). У Насовіча форма вресень (з заўвагай: «Употребляется шляхтою»). Усх.-слав. формы з паўнагалоссем з’явіліся даволі позна. Лічыцца, што вресеньве́расень, ве́ресень) — запазычанне з польск. (польск. wrzesień ’верасень’ ад назвы расліны верас: польск. wrzos, прасл. *versъ; гл. ве́рас). Гл. Галыньска–Баранова, Ukr. nazwy, 58–61 (падрабязна, з лінгвагеаграфіяй). Менш пераконвае думка, што вресень — гэта ўсх.-слав. слова, але толькі «славянізаванае». Рудніцкі (1, 353) усх.-слав. (укр.) ве́ресень выводзіць прама ад назвы расліны ве́рес, не закранаючы пытанне аб магчымасці запазычання. Качарган (Мовознавство, 1971, № 2, 88) форму вресень лічыць стараславянізмам. Неверагодна Дабрадомаў (РР, 1967, № 5, 57), які звязвае слав. *versьnь з дзеясловам тыпу рус. вереща́ть.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́пка1, апе́лька ’пятля для кручка’ (Жд. 1), га́пка ’пятля ў адзенні’ (Сцяц. Словаўтв.), га́пка, гапе́лечка, гапе́лька ’пятля’ (Шатал.), га́пачка ’самаробны гузік; пятля’ (Сцяшк. МГ). Падрабязны агляд форм гл. Сцяц. Нар. лекс., 125. Сцяцко (там жа) лічыць, што бел. форма га́пка ўзята з польск. haptka ’тс’ (гэта з’яўляецца дыялектнай формай польск. haftka < ням.; аб этымалогіі гл. Слаўскі, 1, 390). Гэта магчыма, але можна лічыць зыходным і польск. haftka; на бел. глебе замена ф > п, што звычайнае ў слав. мовах. Параўн. га́птка, га́фтка.

Га́пка2 ’свіны страўнік’ (Шатал.). Няясна. Магчыма, ад уласнага жаночага імя Гапка (ад уласных імён нярэдка ўтвараюцца назвы розных прадметаў, у прыватнасці назвы часцей цела). Параўн. укр. дыял. га́пка ’задняя частка цела, podex’ (Грынч.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарада́1 ‘скарадзьба, баранаванне’ (Касп.), ‘барана’ (Ласт., Байк. і Некр.), ‘барана з устаўнымі зубамі’, перан. ‘упартасць, маральная няўстойлівасць’ (Нік. Очерки). Рус. дыял. скорода́ ‘барана’. У апошнім значэнні прасл. *skorda, дэрыват з суф. ‑a ад прасл. *skorditi ‘баранаваць’. Мяркулава (Этимология–1973, 55) у якасці паралелі падае ўкр. гуц. коро́да ‘моцна сукаватае дрэва’, якое магло служыць прымітыўнай бараной. Гл. скарадзіць і наступнае слова.

Скарада́2 ‘усходы, асенняя рунь’ (Ян., Шатал.), ‘вясновыя ўсходы яравых’ (Яшк.), ‘усходы’ (Ян., усх.-палес., Выг., Пятк. 1), скарадзі́цца ‘налівацца’ (Шатал.), скарадзе́ць ‘зелянець’ (Пятк. 1), скороды́тысь ‘усходзіць’ (палес., Выг.). Укр. палес. скорода́ ‘ўсходы пасеваў, рунь’. Да скарадзіць (гл.), што да і.-е. *(s)ker‑ з ‑d‑расшыральнікам; гл. Мяркулава, Этимология–1973, 55. Архаічны семантычны дыялектызм. Параўн. аднак славен. skráda ‘пшаніца, Triticum repens’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’ (Сной у Бязлай, 3, 247).

Скарада́3 ‘цыбуля-скарада, Allium schoenoprasum L.’ (Кіс.). Укр. дыял. скорода́ ‘цыбуля, Allium angulosum L.’, рус. скорода́ ‘палявыя дзікія цыбуля або часнок’, дан. ско́рда ‘часнок’. Запазычанне з грэч. σκόροδοѵ, σκορδοѵ ‘часнок’, роднаснага алб. hurdhë ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 282; Міклашыч, 303; Фасмер, 3, 652). Гл. таксама Мяркулава (Очерки, 133) з некаторымі сумненнямі адносна ўкраінскіх назваў. Параўн. наступнае слова (гл.).

Скарада́4 ‘асака, Carex L.’ (Інстр. 2), ‘асака пальчатая, Carex digitata L.’ (маг., Кіс.), скаро́да ‘тс’ (Касп.). Укр. скоро́да ‘асака’. Відаць, этымалагічна тое ж, што і скарада1, 2 (гл.). Да семантыкі параўн. іншыя назвы, як целарэз і рус. том., кемер. реза́чка (да рэзаць, гл.). Але не выключаны і перанос назвы з дзікай цыбулі (гл. папярэдняе слова) з прычыны падабенства — вострае вузкае лісце. Паводле Сноя (Бязлай, 3, 247), усе назвы раслін з такімі характарыстыкамі, параўн. серб. скрада ‘ажына, сітніца, Luzula silvatica’, укр. бойк. ско́род ‘від высокай травы’, славен. skrada, škrada ‘пшаніца, Tritium repens’, як і скарада ‘барана’, узыходзяць да прасл. *skorda ‘штосьці калючае, завостранае’, што ўяўляе nomen agentis ад дзеяслова, прадстаўленага ў літ. sker̃sti ‘забіваць жывёліну, калоць’, skardýti ‘тс’, лат. šķḗrst ‘расколваць; вязаць’ < і.-е. *(s)ker‑d‑ ‘рэзаць, калоць’, у тым ліку ад той жа асновы і грэч. σχόρ(ο)δον ‘часнок’.

Скарада́5 ‘панікніца, Geum L.’ (Бяльк.). Няясна. Фармальна да папярэдняга, але аснова намінацыі няясная. Магчыма, перанос са скарада1, параўн. іншыя назвы розных відаў гэтай расліны: маг. грабелькі, рус. гребник, укр. гребенник (Аненкаў, 157), калі апошнія не сапсаваныя заходнеславянскія назвы, параўн. чэш. hrebičková bylina ‘гваздзіковае зелле’, таму што сухі корань яе мае пах гваздзікоў; чэшская назва з’яўляецца ўласна перакладам грэчаскай назвы расліны, гл. Махэк, Jména, 106.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзюлі ’расліна Carduus crispus L., чартапалох кучаравы’ (Кіс.). Бясспрэчна, утварэнне ад *bod‑ ’калоць’ (гл. бада́ць) з суфіксам *‑ulʼa, але ў бел. яшчэ экспрэсіўнае памякчэнне (*bodulʼa > бадзюля). Параўн. іншыя назвы чартапалоху: будзяк, калючка і г. д. Параўн. таксама (з іншым суфіксам) бадзю́ка ’бадлівая скаціна; калючая галоўка ў расліны’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базано́вец ’расліна Lysimachia nummularia L., лазаніца’ (Кіс.). Рус. бажа́новец, база́новец, ст.-укр. базановець, укр. дыял. зановець (усечаная форма). Запазычанне з польск. bazanowiec ’тс’ (да bażant ’фазан’, параўн. семантычную паралель назвы расліны — ням. Fasanenkraut). Гук ‑z‑ замест ‑ż‑ тлумачаць польскім мазурэннем. Фасмер, 1, 104; Карловіч, Wyr. obce, 40 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Во́ўчая ступня ’герань крывяна-чырвоная, Geranium sanguineum L.’ (Касп.), воўчая стапа ’тс’ (Дэмб., 1, 284). Рус. волчья стопа ’Geranium pratense L.’, укр. вовча стопа ’Geranium sanguineum L.’ Гл. ступня. Відавочна, паводле формы лісця, параўн. назвы для Geranium pratense L. рус. орлиная лапка, медвежья лапка, укр. вовчі лапки (Аненкаў, 156).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гамеры́чны (БРС). Рус. гомери́ческий, укр. гомери́чний. Прыметнік гэты сустракаецца, як правіла, толькі ў выразе гамерычны смех. Запазычанне з франц. homérique ’тс’. У аснове назвы ляжыць імя вядомага паэта Гамера, у «Іліядзе» якога апісваецца смех багоў. Гл. Шанскі, 1, Г, 125. Бел. і ўкр. словы запазычаны непасрэдна з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаве́ль (ТСБМ). З рус. жаве́ль, дзе зафіксавана з 1863 г., франц. javel, javelle з 1824 г. < eau de Javelle ’вада Жавеля’ паводле назвы мясціны пад Парыжам (зараз частка Парыжа), дзе фабрыкуецца з канца XVIII ст. гэта вада. Укр. жаве́ль, як і бел., Шанскі, 1, Ж, 272; Блох-Вартбург, 345.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мульта́н, мульта́нка ’гатунак тытуню’ (ТСБМ, Нас.; маладз., Янк. Мат.), драг. му́льтан ’тс’ (Лучыц-Федарэц). З польск. multan ’тс’, якое ад назвы Валахіі — Multany. Адсюль і ст.-польск. multan, з якога ст.-бел. мультанъ, мултанъ (XVI ст.) ’кароткі двухбаковавостры меч’ (Булыка, Лекс. запазыч., 70), ’від шаблі’ (Жураўскі, Тюркизмы, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)