адсе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., каго-што.

1. Прасейваючы, аддзяліць. Насыпала [маці] свежае жытняй мукі, Пазаддзе адсеяла І асцюкі І доўга пасля, не шкадуючы сілы, Крамянае цеста Мясіла, мясіла. Грахоўскі. // перан. Пазбавіць сваю памяць, свае ўяўленні ад другараднага, неістотнага.

2. перан. У выніку адбору вывесці каго‑н. з ліку, складу чаго‑н., адлічыць.

3. Пасеяць нанава на месцы вымаклага, неўзышоўшага.

4. Закончыць сяўбу. Язэпка ведаў, што як пачынаецца вясна, войт не дасць перадышкі, пакуль не адсеюць усе панскія палеткі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перацягну́ць, -ягну́, -я́гнеш, -я́гне; -ягні́; -я́гнуты; зак.

1. каго-што. Цягнучы, перамясціць.

П. канапу ў другі пакой.

2. перан., каго (што). Пераманіць, прымусіць перайсці ці пераехаць куды-н. (разм.).

П. на свой бок.

П. сябра да сябе на працу.

3. што. Нацягнуць нанава.

П. шыны на колах.

4. каго-што. Туга сцягнуць.

П. талію поясам.

5. каго-што. Аказацца па вазе цяжэйшым за што-н.

Адна шаля перацягнула другую.

6. каго (што). Пра спаборніцтва, у якім праціўнікі цягнуць што-н. у розныя бакі: аказацца мацнейшым за каго-н.

Хто каго перацягне?

7. што. Перарабіць, перашыць (скураны абутак; спец.).

П. боты.

|| незак. пераця́гваць, -аю, -аеш, -ае.

|| наз. пераця́гванне, -я, н. (да 1, 3—6 знач.) і пераця́жка, -і, ДМ -жцы (да 3, 4 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Сыграць што‑н. паўторна, яшчэ раз. Перайграць нанава эцюд.

2. Сыграць усё, многае. Баяніст, чарнавокі хлопец, слесар суседняй МТС, перайграў бадай усе любімыя песні і танцы. Паслядовіч. Мы перайгралі амаль усе вадэвілі А. П. Чэхава: «Юбілей», «Мядзведзь», «Прапанова», «Хірургія». Сяргейчык.

3. без дап. Разм. Сыграць ненатуральна якую‑н. ролю на сцэне, у кіно і пад. Артыст страціў пачуццё меры і перайграў.

4. Разм. Памяняць якое‑н. рашэнне, пастанову; зрабіць інакш, па-свойму. [Гаруноў:] — Ладна, Аксён, перайграйце план асушэння — на кароўнік. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пералі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. пераліў, ‑ліла, ‑ліло; зак., што.

1. Выліць якую‑н. вадкасць з чаго‑н. у што‑н. Пераліць малако з гладыша ў шклянкі. Пераліць кроў параненаму.

2. Наліць больш, чым трэба. Пераліць цераз край.

3. Перарабіць пры дапамозе ліцця ў што‑н. іншае. На плугі гарматы перальём. Зарыцкі. // перан. Ператварыць у што‑н. іншае, адлюстраваць, падаць у другой форме. Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью. Звонак.

4. Адліць нанава. Пераліць статую.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самаўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.

Занадта ўпэўнены ў сабе, сваіх сілах, магчымасцях. Лемяшэвіч пачуў, як ціха скрыпнула фортачка ў акне, і яму было страшэнна непрыемна пярэчыць, даводзіць цяпер гэтай самаўпэўненай і грубаватай жанчыне. Шамякін. — Нашто ж табе [Тоўхарту] трэба было нанава раджацца? — недаверліва сказаў Гальвас, бачачы ў ласкавасці свайго друга жорсткую ўладарнасць самаўпэўненага гаспадара. Чорны. // Які выражае празмерную ўпэўненасць у сабе, сведчыць пра яе. Самаўпэўненая ўсмешка. □ [Прыбытак] павітаўся з мужчынамі за руку, і нельга было не адзначыць, што ў яго заўсёды самаўпэўненай і ганарлівай постаці сёння нечага не хапала. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пераме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. перамёў, ‑мяла, ‑мяло; заг. перамяці; зак., што.

1. Падмесці нанава, яшчэ раз. Мама і стол заслала настольнікам, і хату разы два перамяла, і хвартух новы падвязала. Брыль.

2. Падмесці ўсё, многае. Перамесці ўсе пакоі.

3. Падмятаючы, перамясціць куды‑н., цераз што‑н. Перамесці смецце цераз парог.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замесці, засыпаць снегам упоперак (дарогу, шлях і пад.). Мяцеліца перамяла дарогу. / у безас. ужыв. Заняткі скончыліся раней, каб слухачы з іншых вёсак маглі дайсці дадому, покуль не перамяло дарог. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

перапле́сціся, ‑плятуся, ‑пляцешся, ‑пляцецца; ‑пляцёмся, ‑плецяцеся; пр. пераплёўся, ‑плялася, ‑плялося; заг. перапляціся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сплесціся паміж сабой. Плюшч пераплёўся з хмелем. □ На.. [карце] у загадкавым лабірынце перапляліся дзесяткі рознакаляровых ліній. Гамолка. Каля яліны расла вілаватая, галінастая бяроза, тоўстыя сукі якой перапляліся з яловымі лапкамі. Ляўданскі. // перан. Злучыцца, зліцца ў адно цэлае; перамяшацца. Многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляліся так шчыльна. Залескі. Беларусь была тым раёнам імперыі, дзе своеасабліва перапляліся між сабою класавыя, нацыянальныя і рэлігійныя супярэчнасці. «Полымя».

2. Разм. Заплесці сабе валасы ў косы нанава, іначай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ператаўчы́, ‑таўку, ‑таўчэш, ‑таўчэ; ‑таўчом, ‑таўчаце, ‑таўкуць; пр. ператоўк, ‑таўкла, ‑ло; заг. ператаўчы; зак.

1. што. Стаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўвесь перац. Ператаўчы вараную бульбу.

2. што. Ачысціць ад шалупін, абтаўчы ўсё, многае. Ператаўчы ўсё проса.

3. што. Стаўчы драбней, чым трэба; раскрышыць.

4. што. Стаўчы нанава, яшчэ раз.

5. што. Разм. Разбіць, пабіць усё, многае. Таго ж вечара Пракоп і раз’ятрыўся, што ператоўк усе гладышы, якія толькі былі ў хаце, у сенцах і ў пограбе. Вітка.

6. каго. Разм. Забіць, пабіць усіх, многіх. — Трэба арганізоўваць людзей і выходзіць з гета, — гаварыў хваравіты Ёсель Гелер.. — Іначай усіх нас ператаўкуць... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражні́ць, ‑дражню, ‑дражніш, ‑дражніць; зак., каго-што.

1. Выклікаць раздражненне, дзейнічаючы якім‑н. раздражняльнікам. Раздражніць слізістую абалонку.

2. Давесці да стану нервовага ўзбуджэння; раззлаваць. [Дзед:] — Нечым не дагадзіў, сам не ведаю, як раздражніў.. [пчол]. Рылько. У двары [Мішка] прычапіўся да свайго трохгадовага сына, раздражніў яго, і той загарлапаніў на ўвесь падворак. Ракітны.

3. Разм. Выклікаць, распаліць (якое‑н. жаданне). Раздражніць апетыт. □ — Кубкам забеленага пойла, што яны ўвальюць табе ў страўнік праз гумавую кішку, не заспакояць, а нанава раздражняць прагу да ежы. Машара. // Заахвоціць, схіліць да чаго‑н. Сваёю зухаватасцю [мужчыны] раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Гартны.

4. Разм. Абвастрыць, растрывожыць. Раздражніць хваробу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)