абазна́цца, ‑знаюся, ‑знаешся, ‑знаецца; зак.

1. Памыліцца, палічыўшы каго‑н. за другога, што‑н. за другое. [Люба:] — Мне таксама здалося, быццам ён [Пятро Расчэня] прыехаў. Толькі я думала, што абазналася. Асіпенка.

2. Пазнаёміцца, звыкнуцца з чым‑н. Пятрусь каля трох месяцаў папрацаваў падручным,.. абазнаўся з варштатам і станкамі. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Чутка, размова; вестка. Па вёсцы паўзла няпэўная пагудка пра.. паход з бомбай. Асіпенка. Увогуле,.. людская пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы гераічнасці. Гартны.

2. Напеў, мелодыя, песня. Я для нівы пагудку зайграю, Каб радзіла спарней дабрын[ю]. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паляры́на, ‑ы, ж.

1. Кароткая круглая накідка на плечы, часам з капюшонам. Вось важна [пераступіў] парог нейкі казначэйскі чыноўнік у шырокай палярыне. Гартны.

2. Вялікі круглы каўнер. Перад аналоем стаялі Максім з Верай, а за аналойчыкам, перад маладымі — айцец Ігнат у чорнай сутане з белай палярынай. Машара.

[Фр. pélerine.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыня́ць, ‑яе; незак.

1. Набіраючыся вільгаці, павялічвацца, расшырацца ў аб’ёме; разбухаць.

2. Павялічвацца ў працэсе росту, напаўняючыся пажыўнымі сокамі. То была пара, калі маладыя бярозкі брынялі салодкім сокам. Гартны. Хай зярняты прарастаюць, Новай сілай хай брыняюць Колас, кветка, ліст! Кірэенка.

3. Расшырацца, павялічвацца ў аб’ёме; ацякаць, распухаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бры́ты 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад брыць.

2. у знач. прым. З брытай галавой ці барадой. За маленькім, кругленькім столікам, над шклянкаю кавы сядзеў гладка прычэсаны, брыты чалавек. Гартны.

бры́ты 2, ‑аў; адз. брыт, ‑а; м.

Кельцкае племя, якое насяляла Англію ў старажытнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Зак. да гадзіць.

згадзі́ць, згаджу́, зго́дзіш, зго́дзіць; зак., каго-што.

Абл. Наняць каго‑н. для выканання якой‑н. работы. Мяне згадзілі пасвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі. Гартны. Пан табе не спагадае, Сваю работу загадае: То пастуха згадзі, служанку. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зданнё, ‑я і зда́нне, ‑я, н.

Разм. Здань, зданкі. З трубкай ля вуха ён [доктар] Здалёк выслухвае, А ў ваччу — зданнё Яскрава, як днём: На печы, На бэльцы, На кожнай рэчы Шавеляцца Прадстаўнікі хваробы. Мікробы. Крапіва. А прыгледзішся — як тое зданне: тут ёсць, а тут няма. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

запа́мятаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., каго-што, на каго-што, са злучн. «што» і без дап.

Абл. Забыць. — Нібы падмянілі мяне. Азарт такі да працы з’явіўся, да канала, што на ўсё запамятаваў. Галавач. Чытаючы, [Зося] запамятавала, што час быў позні і жыццё на вуліцы пачало глухнуць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпо́н, ‑у, м.

Абл. Вяроўка, папруга і пад. для прывязвання жывёлы. Паглядзеў і супакоіўся — было ўсё пад рукамі: прытуплены зрэзаны плуг, аброчная торба з кормам каню, прыпон і жакетка. Гартны. Як каля доўбні вол, Я мушу на прыпоне Хадзіць усё наўкол, Кружыцца аж да скону. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сястры́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Памянш.-ласк. да сястра (у 1, 3 знач.). Малы з бацькаўскім выглядам частаваў меншую сястрыцу. Чорны. — Сястрыца! — пазваў .. [Лібу] ранены на мыліцах. Гартны.

2. Фамільярна-ласкавы зварот да асобы жаночага полу. [Маці:] — А мая ж ты сястрыца! А мая ж ты галубка! Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)