тэндэнцы́йнасць, ‑і, ж.
1. Наяўнасць якой‑н. ідэі, тэндэнцыі ў мастацкім, публіцыстычным і пад. творы; ідэйная накіраванасць. З усіх прамоў дэпутатаў думы .. [Лабановіч] выбіраў усё найболей выдатнае і найболей прагрэсіўнае і толькі так сабе, мімаходам, упамінаў аб выступленнях правых і рэакцыйных дэпутатаў, каб не кідалася ў вочы царскім чыноўнікам тэндэнцыйнасць газеты. Колас. Гаворачы пра тэндэнцыйнасць творчасці таго ці іншага мастака, Маркс і Энгельс разумелі пад ёю перш за ўсё свядомую накіраванасць яго поглядаў. «Маладосць».
2. Наяўнасць тэндэнцыі (у 4 знач.) у творы мастацтва; прамалінейнасць, якая не атрымала пацвярджэння і апраўдання ў самім змесце твора. Абмалёўваючы вобраз пана,.. [Я. Колас] не баіцца тэндэнцыйнасці, шаржу, свядома завастраючы адмоўнае. Навуменка. // Прадузятасць, неаб’ектыўнасць у чым‑н. Тэндэнцыйнасць асвятлення падзей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бліску́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які бліскае, ззяе, вылучае святло, прамені. Па шкляным цёмна-сінім небе мігцяць зоркі — буйныя, бліскучыя. Бядуля. Высока ўзняўшы ўгару рукі, маладая жанчына вешала на.. [ялінку] бліскучыя каляровыя цацкі. Васілевіч. // Які свеціцца, блішчыць, выяўляючы ўнутраны стан чалавека (пра вочы). У той жа міг да нас падбегла двое падлеткаў, хлапчук і дзяўчынка, разгарачаныя, з бліскучымі вачамі. Краўчанка.
2. перан. Вельмі добры. Парадныя залы ў Белавежскім палацы былі прыведзены ў бездакорны, бліскучы парадак. В. Вольскі. Прыбыўшы .. [на заставу] чатыры месяцы таму назад, маёр застаў жыллёвыя ўмовы далёка не бліскучымі. Брыль. // З вельмі добрай знешнасцю, шыкоўна апрануты. Пераступіў парог [Сашка], бліскучы і жыццярадасны. Чорны. // Выдатны, надзвычайны. Бліскучыя поспехі. Бліскучы аналіз фактаў. □ Маркс і Энгельс выхавалі бліскучую плеяду пралетарскіх рэвалюцыянераў. «Звязда». [Бутылін:] — Ручаюся, праз тры гады.. [Іванова] сама ў нашым жа інстытуце будзе чытаць бліскучыя лекцыі. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дабро́, ‑а, н.
1. Усё добрае, станоўчае; проціл. зло, ліха. Уяўленні аб дабры і зле так мяняліся ад народа да народа, ад веку да веку, што часта прама супярэчылі адно аднаму. Энгельс. // Удача, поспех. Я табе раю, як прыяцель, які хоча табе дабра. Чорны. Ад ліха ціха і дабра не чуваць. Прыказка.
2. Добрыя справы, учынкі. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.
3. Разм. Маёмасць, пажыткі. Поўны куфар дабра. □ Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы і стайні, і аборы, Дабра, набытку былі горы. Колас. // Іран. Пра што‑н. непрыгоднае, непатрэбнае. Такога дабра не трэба і дарма. З нар.
•••
Не давядзе (не давядуць) да дабра гл. давесці 1.
Не з дабра — не ад добрага жыцця.
Не к дабру — пра тое, што прадказвае нядобрае або можа прывесці да непрыемных вынікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
свядо́масць, ‑і, ж.
1. Працэс адлюстравання рэчаіснасці мозгам чалавека, што ўключае ўсе формы псіхічнай дзейнасці і абумоўлівае мэтанакіраваную дзейнасць чалавека. Першаснасць матэрыі, другаснасць свядомасці. □ Мышленне і свядомасць — прадукты чалавечага мозга. Энгельс. // Псіхалогія, палітычныя і філасофскія погляды, рэлігійныя перакананні людзей як прадстаўнікоў пэўных класаў грамадства. Грамадскае свядомасць. Сацыялістычная свядомасць. Формы рэлігійнай свядомасці. Перажыткі капіталізму ў свядомасці людзей. Класавая свядомасць.
2. Успрыманне і разуменне навакольнага, уласцівае чалавеку. У.. свядомасці [дзеда Лукаша] неяк цяжкавата ўкладваліся нечувана вялікія пераўтварэнні ў тых месцах, дзе спакон веку акрамя пяскоў і балот нічога не было. Кулакоўскі. Юзік адчуваў, што недзе на краі яго свядомасці туліцца нешта не зусім згоднае з яго такімі разважаннямі. Крапіва. А калі камбат пайшоў,.. [Наталля Максімаўна] падумала: «Выходзіць, што вайсковым урачом быць цяжэй, чым цывільным. Ці змагу я?» Але свядомасць падказвала ёй, што яна зможа. Дудо.
3. Здольнасць правільна разумець і ацэньваць з’явы жыцця, вызначаць свае адносіны да рэчаіснасці. Калгаснікі там [у калгасе «Маяк»] па свядомасці абганяюць свайго старшыню. Паслядовіч. // Тое, што і прытомнасць. Аксіння бязмоўная, ціхая. Свядомасць вярталася да яе. Вярцінскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прасто́ра, ‑ы, ж.
1. Неабмежаваная працягласць (ва ўсіх вымярэннях, напрамках). Бязмежная прастора. Паветраная прастора. // Спец. Адна з асноўных усеагульных аб’ектыўных форм існавання матэрыі, якая характарызуецца працягласцю і аб’ёмам. Асноўныя формы ўсякага быцця ёсць прастора і час; быццё па-за часам ёсць такая ж найвялікшая бяссэнсіца, як быццё па-за прасторай. Энгельс.
2. Свабодны прамежак паміж чым‑н. Калі круг рытма іх танца канчаўся і пачынаўся нанова, .. [падлеткі] былі ўжо ў іншым месцы, наколькі дазваляла прастора пакоя. Чорны. Ён [Вінцэсь] бы будаваў так, каб была прастора, многа паветра, каб вока цешылася. Мікуліч.
3. Вялікі ўчастак зямной або воднай паверхні. Навокал — неабсяжная прастора пад бяздоннай веліччу неба. Брыль. Над туманнай воднай прасторай таксама вісяць зоркі, не такія, праўда, яркія, як над гарамі, што відаць праз чыстае горнае паветра. Дуброўскі.
4. перан. Тое, што і прастор (у 2 знач.). Новая .. работа на курганах яму [Варонічу] вельмі па сэрцу: прастора, цішыня, а самае важнае — ніхто не перашкаджае... Ракітны. Я паклічу цябе ў свет прыгожае казкі, Дзе прастора для мар і задумам ёсць шыр. Чарнушэвіч.
•••
Мёртвая прастора — прастора, якая не прастрэльваецца франтавым агнём.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ідэ́я, ‑і; Р мн. ідэй; ж.
1. Паняцце, уяўленне, якое праўдзіва або памылкова адлюстроўвае рэчаіснасць у свядомасці чалавека і вырашае яго адносіны да навакольнага свету. Свет ідэй. □ Людзі з’яўляюцца вытворцамі сваіх уяўленняў, ідэй і т. д., — але гутарка ідзе аб сапраўдных, дзеючых людзях, абумоўленых пэўным развіццём іх прадукцыйных сіл і — адпавядаючымі гэтаму развіццю — зносінамі, аж да іх самых далёкіх форм. Маркс і Энгельс.
2. Галоўны істотны прынцып светапогляду. Ідэі марксізма-ленінізма. □ — Ёсць людзі, што жывуць ідэямі агульнага дабра. За свае ідэі яны ідуць у астрогі, на высылкі; за гэтыя ідэі іх крыжавалі, давалі атруту, палілі на кастрах. Колас.
3. Думка, задума. Ажыццявіць ідэю. Падаць ідэю. □ — Мая ідэя так і засталася б ідэяй, каб не вашы даследаванні. Адных ідэй мала. Галавач. Цяпер .. [Максіма Сцяпанавіча] і Веру Антонаўну апанавала ідэя — прыбудаваць веранду. Карпаў. — А ведаеш ты што, — сказаў Лабановіч, — давай пойдзем на Панямонь? Зробім там прывал... — А гэта ідэя! — падхапіў Садовіч. Колас.
4. Асноўная, галоўная думка твора, творчасці і пад. Кампазіцыя падпарадкавана асноўнай ідэі апавядання. Ідэя верша. □ Уся яго [Купалы] творчасць прасякнута ідэяй служэння народу, сцверджаннем правоў працоўнага чалавека. Івашын.
[Ад грэч. idea — вобраз, паняцце, ўяўленне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сацыялісты́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сацыялізма (у 1 знач.). Сацыялістычная вытворчасць. Сацыялістычная сістэма. Краіны сацыялістычнай садружнасці. □ Раніцаю з’езд абраў Савецкі ўрад на чале з Леніным. Так пачалася новая, сацыялістычная эра ў гісторыі чалавецтва. Гурскі. // Заснаваны на прынцыпах сацыялізма (у 1, 2 знач.). Сацыялістычны лад. Сацыялістычная дзяржава. □ Сацыялістычнае грамадства стварае найбольш спрыяльныя ўмовы для збліжэння дыялектаў і растварэння іх у агульнанароднай мове. «Працы».
2. Уласцівы грамадству, заснаванаму на прынцыпах сацыялізма. Сацыялістычная індустрыялізацыя. Сацыялістычная эканоміка. Сацыялістычная законнасць. Сацыялістычнае будаўніцтва. □ [Максім:] — Нашу поўную перамогу забяспечыць нам грамадская свядомасць, дысцыплінаванасць і наша актыўная праца на фронце сацыялістычнай гаспадаркі. Колас. // Які мае мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах сацыялізма (у 2 знач.). Буржуазія.. з’яўляецца такой жа неабходнай папярэдняй умовай сацыялістычнай рэвалюцыі, як і сам пралетарыят. Энгельс.
3. Які адпавядае прынцыпам сацыялізма (у 1, 2 знач.), прасякнуты ідэямі сацыялізма. Сацыялістычныя адносіны да працы. Сацыялістычны гуманізм. Сацыялістычная мараль.
4. Які мае адносіны да сацыял-дэмакратыі.
•••
Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.
Савецкая сацыялістычная рэспубліка гл. рэспубліка.
Сацыялістычнае спаборніцтва гл. спаборніцтва.
Сацыялістычная ўласнасць гл. уласнасць.
Сацыялістычны рэалізм гл. рэалізм.
Сацыялістычны ўклад жыцця гл. уклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скачо́к, ‑чка, м.
1. Хуткае перамяшчэнне цела адштурхоўваннем ад якога‑н. пункта апоры. Зрабіўшы з дзівоснай лёгкасцю некалькі скачкоў, уладар статка апынуўся каля маладога аленя. В. Вольскі. Пад акном мільганула шапка паліцыянта. Скачок цераз плот у густы вішняк, а ззаду крык: — Стой! Стой! С. Александровіч. // Такое перамяшчэнне як від спартыўнага практыкавання. Скачок у даўжыню. Скачок з парашутам. Апорныя скачкі. □ Толькі цяпер Баравік зірнуў на масток, што ўзвышаўся над зямлёй, як сапраўдны трамплін для лыжных скачкоў. Шыцік.
2. Рэзкае змяненне чаго‑н. без паступовага пераходу. Скачок тэмпературы. Скачкі ў настроі.
3. Хуткі пераход з аднаго якаснага стану ў другі. Наша Радзіма пад кіраўніцтвам партыі камуністаў за кароткі гістарычны тэрмін зрабіла гіганцкі скачок ад адсталасці да прагрэсу. «Звязда». Пры ўсёй паступовасці, пераход ад адной формы руху да другой заўсёды застаецца скачком, рашаючым паваротам. Энгельс.
4. Імклівае перамяшчэнне, пераход, што адбываецца ў адзін прыём, без перапынку. За апошнія суткі брыгада зрабіла скачок на поўдзень, і батальёну, у які ўваходзіў танк Раманенкі, была пастаўлена задача: да вечара вызваліць яго роднае сяло. Шамякін.
•••
Зацяжны скачок — скачок з парашутам, пры якім парашут доўга яе раскрываецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спачува́нне, ‑я, н.
1. Спагадлівыя, зычлівыя адносіны да чыйго‑н. гора, няшчасця; спагада. Пагарэльцы Загальшчыны сустракалі спачуванне і падтрымку з боку ўсіх аднавяскоўцаў. Залескі. У голасе мужчыны гучала шчырае спачуванне. Васілевіч.
2. Пачуццё спагады, жалю. А што хлапчука прыкалечыў конь, дык гэта не выклікала ў.. [Вулькі] ні шкадавання, ні спачування. Кулакоўскі. // Пісьмовае або вуснае выражэнне пачуцця спагады, жалю ў сувязі з якім‑н. горам, няшчасцем. У газеце надрукавана спачуванне.
3. Добразычлівыя адносіны да каго‑, чаго‑н.; падтрымка, ухваленне чаго‑н. Маркс і Энгельс, якія абодва ведалі рускую мову і чыталі рускія кнігі, жыва цікавіліся Расіяй, са спачуваннем сачылі за рускім рэвалюцыйным рухам і падтрымлівалі зносіны з рускімі рэвалюцыянерамі. Ленін. Западозрыць жа.. [Зосю] ў.. спачуванні бацькаўскім намерам не магло быць і думкі. Гартны. Студэнт пасядзеў яшчэ хвіліну на дрэве, збянтэжана ўсміхаючыся Галынскаму, і, не знайшоўшы ў таго спачування свайму ўчынку, спрытна саскочыў з дрэва на зямлю. Галавач. Рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэі Чарнышэўскага і Герцэна па нацыянальнаму пытанню, ідэі дружбы народаў, спачуванне і падтрымка польскага нацыянальна-вызваленчага руху ляжаць у аснове рускай і беларускай перадавой публіцыстыкі. Лушчыцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напра́мак, ‑мку, м.
1. Лінія руху; бок, у які накіраваны рух, дзеянне; кірунак. Напрамак ветру. Напрамак току. □ Калі прайсці ад рэчкі, ад хмызняку нельга, то даводзіцца вышукваць іншы напрамак. М. Ткачоў. Убачыўшы лодку, бабраня змяніла напрамак і паплыло побач з чаўном, з цікавасцю паглядаючы на Цераха сваімі чорнымі вочкамі. В. Вольскі. // Бок, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца. Ісці ў напрамку рэчкі. □ [Вораг] прарваўся ў напрамку Турца, аднак пакінуў на снезе .. паўсотні трупаў. Брыль.
2. перан. Шлях развіцця чаго‑н. Напрамкі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрамак палітыкі. Напрамак вучонай дзейнасці. // Накіраванасць. Крытычны напрамак розуму. □ Паступова ў Арцыховіча паплылі думкі ў другім напрамку. Ён пачаў ужо чытаць кніжку, што дала надоечы Ліпа. Алешка.
3. Грамадская, навуковая і інш. плынь, групоўка. Рэалістычны напрамак у літаратуры. □ З веданнем справы Танк паставіў пытанне аб сутнасці рэвалюцыйнага напрамку заходнебеларускай літаратуры. Калеснік. У рамках I Інтэрнацыянала Маркс і Энгельс вялі рашучую барацьбу з рознага роду напрамкамі непралетарскага сацыялізма, рэфармізмам і «левым» сектанцтвам. «Звязда».
4. Участак фронту, на якім развіваюцца ваенныя дзеянні, накіраваныя ў які‑н. бок. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў на гэтым напрамку. «Звязда».
5. у знач. прысл. напра́мкам. У кірунку да чаго‑н. [Рыгор] выйшаў на вуліцу і паскораным крокам пайшоў напрамкам да клінікі Вілле. Гартны.
•••
Браць (узяць) напрамак гл. браць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)