спо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, што спорыцца; хуткі і паспяховы (пра дзейнасць, працу). Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Зарэцкі. // Складны, энергічны. Жвір выстукаў пальцамі па лаўцы нейкі спорны і дробны марш. Адамчык. // Які найбольш падыходзіць да выканання чаго‑н.; найбольш практычны, эканомны. Трактар — Дужы і ў працы спорны. Колас. Буланы, застаяўшыся ў гарадку, апанаваны аваднямі, імчаў лінейку спорнай рыссю. Хадкевіч.

2. Які хутка змочвае або пакрывае зямлю (пра снег, дождж); часты. Нядаўна прайшоў спорны дождж, і ісці па слізкай абочыне было цяжка. Парахневіч. Снег валіў нядоўга з неба, але быў да таго густы і спорны, што праз якую гадзіну горад стаў белы. Васілёнак.

3. Які дае пры малых затратах найлепшы вынік; выгадны ў гаспадарчых адносінах. Спорная мука. □ Дровы, праўда, былі не самавітыя, бо не надта спорныя, у большасці галлё ды пруцце. Кулакоўскі. // З вялікай колькасцю ягад, зярнят і пад. Колькі разоў падыходзіў я да.. [каліны] і любаваўся спорнымі гронкамі ягад! Бажко. [Юстын:] — Такой пшаніцы мы і, праўда, зроду не бачылі — буйная, спорная, што золата. Краўчанка. // Буйны, вялікі. Мох на балоце густы, спорны. Галавач. Слёзы пацяклі па твары, гарачыя і спорныя. Крапіва. На .. [чамаданчыку] кроплі вады: сцякліся адна да адной, спорныя цяпер, круглыя, як гарох. Пташнікаў.

4. З вузкімі, дробнымі, блізка размешчанымі літарамі і невялікімі прамежкамі паміж словамі (пра почырк і пад.). [Рэдактар] падаў.. [Віктару] густа спісаны спорным почыркам ліст паперы. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Спор1 ‘удача, поспех у чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘карысць, пажытак’ (Ласт.), ‘прыбытак; поспех’ (Нас., Гарэц.), спор (спорь) ‘ураджай’ (Пятк. 2), параўн.: “wiedźmy… łopatą do pieczenia chleba biorą spór z żyta” (Маш., 221), спор, спара́ ‘памнажэнне, павелічэнне’: “Спор табе ў дзяжу! Спор вам на хлеб” — прыгаваруюць, каб не мінаўся хлеб” (мін., чэрв., рагач., Сл. ПЗБ), ‘дастатак’: въ гумнѣ спора ‘пажаданне пры ўлазінах’ (мазыр., Яшк. Мясц.), ‘пажаданне ў рабоце’ (ЛА, 5), спо́рны ‘выніковы, паспяховы’, ‘эканомны, шчодры’, ‘густы (пра дождж, снег)’ (Нас., ТСБМ, Шат., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр. спо́рий ‘выніковы, паспяховы’, спориня́ ‘поспех, прыбытак, рост’, рус. спо́рый ‘тс’, спорынья́, спорина́ ‘прыбытак, рост’, стараж.-рус. споръ ‘багаты’, польск. spory ‘не малы, дастаткова вялікі’, в.-луж., н.-луж. spóry ‘багаты, шчодры’, чэш. sporý ‘выніковы, моцны’, славац. sporý, серб.-харв. спо̏р ‘павольны, працяглы’, славен. spòr ‘багаты, пажыўны’, балг., макед. спор ‘прыбытак; ураджай’. Прасл. *sporъ ‘выдатны; багаты; пажыўны’ з’яўляецца прыметнікам ад прасл. *spěti ‘спець’ (гл.) з суф. ‑r‑. Мае адпаведнікі ў ст.-інд. sphirás ‘сыты; багаты’, лац. prosper (*prosparos) ‘шчаслівы; спрыяльны’, ст.-ісл. sparr ‘ашчадны; пашкадаваны’. Іншая апафанічная ступень у прасл. *spěti (гл. спець). Гл. Фасмер, 3, 737 з іншай літ-рай; Скок, 3, 313; Махэк₂, 570–571. Шустар-Шэўц (1343–1344) узнаўляе прасл. наз. *sporъ ‘прыбытак, ураджай’ і прым. *sporъ‑jь ‘спорны, паспяховы’. Гл. яшчэ Варбат, Этимология–1965, 120; Тапароў, Этимология–1980, 652; ЕСУМ, 5, 380.

Спор2 ‘сварка, спрэчка’ (Бяльк.), спор, спо́рка ‘супраціўленне’ (Нас.), спор, спо́рка ‘сварка, спрэчка’ (ТС), спо́рыць ‘спрачацца’ (паст., смарг., Сл. ПЗБ; ТС), спо́раць ‘ісці ў заклад’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), спо́рыцца ‘спрачацца’ (Шат.; віц., Сл. ПЗБ; Бяльк.), спо́роваць ‘тс’ (Нас.), спо́рываць ‘тс’ (Касп.). Укр. спір, спо́ритися ‘спрачацца’, рус. спор, спо́рить, стараж.-рус. съпоръ, польск. spór, чэш., славац. spor, серб.-харв. спо́р ‘спор; судовы працэс’, славен. spór ‘спрэчка’. Прасл. *sъporъ аддзеяслоўны назоўнік ад прасл. прэфіксальнага дзеяслова *sъ‑perti sę < прасл. *perti (гл. перці) (Борысь, 570–571; Фасмер, 3, 737). Параўн. спіраць, гл.

Спор3 ‘чорнае зерне ў коласе’ (ТС, Выг., ЛА, 5). Этымалагічна тое ж, што і спор1. Параўн. спарыння, спарыш3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)