клас, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. У навуковых і іншых класіфікацыях: сукупнасць прадметаў, з’яў, аб’яднаных на аснове якіх-н. агульных якасцей; катэгорыя, разрад, падраздзяленне.

Назвы класаў раслін у батаніцы.

К. паўзуноў.

К. мінаносцаў.

2. Вялікая група людзей, аб’яднаных аднолькавымі адносінамі да сродкаў вытворчасці, да размеркавання грамадскага багацця і агульнасцю інтарэсаў.

Рабочы к.

3. Падраздзяленне вучняў пачатковай і сярэдняй школы, якое адпавядае году навучання.

Шосты к.

4. Падраздзяленне вучняў мастацкай або іншай спецшколы, якія вывучаюць пэўны прадмет.

К. цымбалаў.

К. жывапісу.

5. Памяшканне ў школе, дзе займаюцца вучні.

Рамонт класа.

6. Група вучняў, якія вучацца сумесна.

Дружны к.

7. Мера якасці, ступень, узровень чаго-н.; кваліфікацыя.

Спецыяліст высокага класа.

Паказаць нізкі к. гульні.

Лётчык першага класа.

|| прым. кла́савы, -ая, -ае (да 2 знач.) і кла́сны, -ая, -ае (да 3—6 знач.).

Класавае грамадства.

Класны кіраўнік.

Класны пакой.

Класная дысцыпліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

разгу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Павольна, не спяшаючы гуляць, хадзіць для адпачынку, забавы. — Глядзі ж ты, Матрона, не вельмі па вуліцах вечарамі разгульвай, — сказаў, прыпыніўшыся, Іван. Колас. Бачыцца Валянціне, быццам маці бяжыць з-за пагорка, махае рукою, здалёк крычыць, каб не разгульвала, не распявала тут на ўлонні, а брала кошык ды ў лес — па грыбы, ягады. Мыслівец. // Перамяшчацца свабодна, у любым напрамку. Цёмнарусы Кастусь, якому зараз, са студзеня месяца, ішоў дваццаць шосты год, мог спакойна разгульваць пад носам у самых спрытных жандараў. Якімовіч. / Пра з’явы прыроды. Па вуліцах горада разгульвалі вятры, прыносячы з сабою дзівосныя пахі квітнеючых садоў. Гурскі. // Свабодна дзейнічаць, займацца разгулам і разбоем. Петрусю давялося некалькі разоў выязджаць у начныя засады, дзе разгульвалі бандыты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́так, ‑тка, м.

1. Жывёлы, часцей аднаго віду, якія пасуцца або ўтрымліваюцца разам, гуртам. Хлапчук летам пасвіў вясковы статак, лазіў з ім па балотах, каб схаваць ад варожага вока. Капусцін. [Хмялеўскі:] — Калісьці тут [у дуброве] коз было да халеры. Статкамі хадзілі, а цяпер рэдка дзе ўбачыш. Чарнышэвіч. // Наогул вялікая колькасць якіх‑н. звяроў, птушак; чарада. Статак кароў, свіней у Літвінаве пераваліў перад вайной за тысячу галоў. Навуменка. Хто яго тут [у лесе] пакінуў, Гэта рэха жывое? Можа статак ласіны, Ідучы з вадапою? Кірэенка. Спалоханы .. грукатам [танкаў], аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў. Быкаў. Я потым бачыў, як качыны статак валюхаўся па полі — белы-белы. Хомчанка. / у вобразным ужыв. На шчасце наша, на шляху Сустрэлі статак хвой. Астрэйка. Толькі на дваццаць шосты дзень, Калі палымнеў на палетках пажар, Прыгналі вятры на акрутны сухмень Чорнагаловыя статкі хмар. Хведаровіч.

2. Пагалоўе сельскагаспадарчай жывёлы. Племянны статак.

•••

Панургаў статак — натоўп, які слепа ідзе за сваім важаком.

[Ад імя Панурга, героя рамана Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль».]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Субо́ташосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4, ТС), сыбо́та (Янк. 2; Сцяшк., Мал., Ян.; Шымк. Собр., Мат. Маг., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ), сабо́та (Сл. ПЗБ), сымбо́та: у сымботу будзем картоплю капаць (Жд. 2), сюды ж суботнік ’кніжка для ўпісвання імён нябожчыкаў для памінання ў памінальныя суботы’ (Шымк. Собр.), субо́ня (< суботня) ’мянушка цяляці, якое нарадзілася ў суботу’ (лаг., Сл. ПЗБ). Укр. субо́та, рус. суббо́та, ст.-рус. субота, польск., в.-луж., н.-луж., чэш., славац. sobota, палаб. sübota, серб.-харв. су́бота, славен. sobóta, балг. съ́бота, макед. сабота, ст.-слав. сѫбота/собота, што ўрэшце ўзыходзяць да ст.-яўр. šabbāt, арам. šabbətā ’дзень пасля шасці працоўных дзён’. У якасці непасрэдных крыніц запазычання разглядаюцца с.-лац. sabbata, мн. л. ад sabbatum пераважна для заходнеславянскіх і заходне-паўднёваславянскіх форм з пачатковым *so‑; адпаведную стараславянскую форму лічаць маравізмам, гл. Львоў, Зб. Нахцігалу, 186; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 328. Усходне- і паўднёваславянскія формы з *sǫ‑ узводзяцца, па адной версіі, да грэч. дыял. *σάμβατα, мн. л. ад *σαμβατον, пры літаратурным грэч. σάββατον (Фасмер, 3, 792 з аглядам літ-ры; Младэнаў, 626); па другой — да балк.-лац. *sambata, параўн. рум. sâmbăta (Скок, 3, 299). Германскае пасрэдніцтва, параўн. ст.-в.-ням. sambaʒtag (Міклашыч, 314 і інш.), адмаўляе Фасмер (там жа) з прычыны распаўсюджання *sobota ва ўсіх заходнеславянскіх мовах. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1331; Сной, 589; Борысь, 566; ЕСУМ, 5; Бязлай, 3, 282. Падрабязны агляд версій (з размежаваннем незалежных, як мяркуецца, па паходжанні *sǫbata і *sobata) гл. ESJSt, 14, 859–860. Формы з сы‑, са‑ — у выніку распадабнення перад губнымі зычнымі, параўн. спарадычнае сыпонь, сыпоня пры паўсюдным супонь, супоня (ЛА, 2), гл. Другасная назалізацыя перад губнымі вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб. прамбаба ’прабабуля’, і робіць уражанне аднаўлення першаснай у ст.-слав. сѫбота (параўн. Пятлёва, Этим. иссл., 2001, 48), што адпавядае аналагічным балканскім працэсам, у тым ліку с.-грэч. σάμβατον < σάββατον, гл. Зайкоўскі, Слов. етим., 199.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)