вастры́ць, вастру, вострыш, вострыць; незак., што.
1. Рабіць што‑н. вострым. Вастрыць нож. Вастрыць аловак. □ Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны.
2. перан. Рабіць што‑н. больш успрымальным. Вастрыць слых.
•••
Вастрыць зброю — рыхтавацца да ўзброенага нападу на каго‑н., да вайны.
Вастрыць (тачыць) зуб (зубы) — а) на каго. Маючы злосць на каго‑н., імкнуцца нашкодзіць яму, нарабіць непрыемнасцей; б) на што. Мець вялікае жаданне завалодаць чым‑н., захапіць што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Та́лія 1 ’частка тулава, стан’, ’вузкая частка адзення ў пасе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), таль ’прылягаючая да стану частка сукенкі’ (Сцяшк. Сл.), та́ля ’стан’ (Сцяшк.). З польск. talia, якое праз ням. Taille або непасрэдна з франц. taille ’талія’ < tailler ’абразаць, выкройваць; абчосваць, граніць, шліфаваць’ < нар.-лац. taliãre ’тс’ (Чарных, 2, 226–227; Фасмер, 4, 15).
Та́лія 2 ’камплект ігральных карт з дзвюх калод’ (ТСБМ), ’калода карт’ (Нас., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), та́льля ’тс’ (Байк. і Некр.). З франц. taille ’талія’ < нар.-лац. *taliare ’рубіць, адцінаць’ < лац. tālea ’прут, кол; атожылак, парастак, саджанец’, да семантыкі параўн. укр. талюва́ти ’тасаваць карты, трымаць банк, дзяліць на роўныя наскі’, гл. ЕСУМ, 5, 510.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
струга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Зразаць тонкі слой з паверхні драўніны, металу і пад. рэжучым інструментам. Вадзік сядзеў у кутку, стругаў ножыкам дошку. Гамолка. Цэлае лета Арцём стругаў кару і настругаў сто пяцьдзесят рублёў. Пянкрат. Сваім разцом люблю я Стругаць тугую сталь, За змену адшліфую Я не адну дэталь. Русак. Рабочыя разышліся па месцах і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Гартны. [Ляснік] заўзята стругаў арэхавы кій і нібы забыўся на хлопчыкаў. Паўлаў. // Вырабляць што‑н., апрацоўваючы драўніну, метал такім чынам. Занятак быў не дужа споры, Гарэлі пальцы ад ляза, Ды дзед стругаў упарта корань, Унуку лыжку выразаў. Чарняўскі.
2. Рэзаць, наразаць пры дапамозе якой‑н. прылады (нажа і пад.) тонкія вузкія палоскі, кавалкі. Стругаць бульбу саломкаю. □ Надзя рэзала буракі, відаць, карове на падкормку... — Навошта ты буракі стругаеш? — спытаў яе дзед. — Што, бацвінне карове кепска? Мыслівец.
3. Абл. Абіраць (бульбу і пад.). Маня сядзела на парозе варывенькі, стругала бульбу. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)