ляжа́ць, -жу́, -жы́ш, -жы́ць; -жы́м, лежыце́, -жа́ць; -жы́; незак.

1. Знаходзіцца на чым-н. у гарызантальным становішчы.

Л. на зямлі.

2. Быць хворым, знаходзіцца ў пасцелі.

Л. у непрытомнасці.

3. Аб прадметах: знаходзіцца на паверхні ў нерухомым стане (бакавой часткай, гарызантальна).

Кнігі ляжаць на стале.

4. Знаходзіцца, быць, захоўвацца, змяшчацца.

Грошы ляжаць у кішэні.

5. Размяшчацца дзе-н., мець напрамак куды-н.

Наўкола ляжаць зялёныя палі.

Шлях ляжыць на ўсход.

6. перан. Быць чыім-н. абавязкам.

На бацьку ляжаць усе клопаты пра сям’ю.

Душа (сэрца) не ляжыць да каго-чаго (разм.) — няма цікавасці, прыхільнасці да каго-, чаго-н.

Лежма ляжаць (разм.) — доўга ляжаць.

Ляжаць аблогай — пра няворанае, удзірванелае поле.

Ляжаць пад сукном (разм.) — заставацца без разгляду, без рэагавання (пра заявы, скаргі).

|| наз. ляжа́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і ле́жня, -і, ж. (да 1 і 2 знач.; разм.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

умяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пранікнуць куды‑н., змяшацца з чым‑н. Сашка ўмяшаўся ў натоўп.. Доўга сядзеў на скверы і, як зачумлены, пайшоў да бацькі. Чорны.

2. Увайсці, унікнуць у чые‑н. справы, адносіны, прыняць актыўны ўдзел у іх. Лабановічу прыкра было слухаць такія скаргі [пані падлоўчай], бо яны як бы ставілі яго ў ролю суддзі і прымушалі так ці іначай умяшацца ў чужое жыццё. Колас. У час умяшалася ў звадку і мачыха Чарнушкаў: сілком адвяла Ганну ўбок. Мележ. [Машы] было цікава і дзіўна слухаць. Захацелася самой умяшацца і сказаць нешта значнае, разумнае. Шамякін. // Прыняць удзел у чым‑н. з тым, каб спыніць што‑н. [Семянюк:] — Я прыйшоў прасіць партыйны камітэт умяшацца і прыпыніць знішчэнне барка. Мяжэвіч. Вось ухапіліся [свёкар і бацька] ўжо за бароды... Маці ўмяшалася, Іх разнімае. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ражо́к 1, ‑жка; мн. рожкі, ‑жак і ражкі, ‑оў; м.

1. мн. рожкі, ‑жак. Памянш. да рог ​1; маленькі рог. Авечыя рожкі.

2. мн. ражкі, ‑оў. Назва рознага роду духавых музычных або сігнальных інструментаў; гук такога інструмента. У .. [кансерваторыі] навучаюцца ігры на скрыпцы, флейце .., англійскім ражку. «Маладосць». Здалёку пачуўся ражок пастуха. Гамолка. Толькі сюд-туд зрэдку чуліся далёкія гудкі маняўровых паравозаў ды даносіліся з захаду прыглушаныя гудкі ражкоў стрэлачнікаў. Васілёнак.

3. мн. ражкі, ‑оў. Прадмет у выглядзе рога ​1. Уласна кажучы, у Курта думак ніякіх не было; ён ляжаў у акопе, як адзервянелы, націскаў пальцам на спускавы кручок аўтамата, спаражняючы ражок за ражком. Сабаленка. І сапраўды, на стале стаяла чорная прамавугольная скрыначка з двума ражкамі, на якіх ляжала тэлефонная трубка. Васілёнак.

4. мн. ражкі, ‑оў. Плод ражковага дрэва ў выглядзе струка.

5. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Спарыння.

6. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Харчовы прадукт у выглядзе коратка нарэзанай макароны.

7. мн. ражкі, ‑оў. Лапатачка для надзявання абутку.

•••

Брацца ў рожкі гл. брацца.

Звесці ў рожкі гл. звесці.

Рожкі ды ножкі — нічога, амаль нічога (не пакінуць, не застацца ад каго‑, чаго‑н.).

ражо́к 2, ‑жка; мн. ражкі, ‑оў; м.

Памянш. да рог ​2 (у 1 знач.). Выціраючы ражком хусткі вочы, хлюпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць. Мележ. — «Адмовіць» напісана тут, — прачытаў Петручок сакратарскую рэвалюцыю на ражку дзедавай скаргі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каб 1, злучн.

1. мэтавы. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія ўказваюць на мэту або прызначэнне таго, аб чым гаворыцца ў галоўным сказе. Машыны спусцілі з парома.., каб не былі на воку пры дарозе. Лынькоў. Клуб гэты таксама да часу ў нас. Новы пабудуем. З добрай сцэнай, каб і гарадскі тэатр мог да нас прыехаць. Крапіва. // Далучае інфінітыўныя звароты са значэннем мэты. Нарэшце лес кончыўся. Дзед выйшаў з лесу і запыніўся, каб разгледзецца. Колас. Пазяхае шафёр і моцна-моцна сціскае абаранак руля, каб не прыдрамаць, не прапусціць павароткі. Лынькоў. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «хоць» («хаця»). А як пайшоў [Мікола] — усё азіраўся, каб хаця ніхто яго тут не падгледзеў. Чорны. / Уваходзіць у склад састаўных злучнікаў мэты: «для (дзеля) таго каб», «з тым каб», «затым каб». Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур’ёзных адносін да яе з маладых гадоў. Колас.

2. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія выражаюць умову, што не адпавядае рэчаіснасці (звычайна ў адпаведнасці з часціцай «бы» ў галоўным сказе). Не пісаў бы, не складаў бы Я вас, думы-песні, Каб не вецер не зялёны, Вецер на прадвесні; Каб не вербы над магілай І не шум бярозкі Над прасёлачнай дарогай. Танк. — Каб не голад, не гэты клунак за плячамі, узяў бы я гэтага Якава пад руку і пайшлі б недзе, вырашаючы і малыя і вялікія пытанні. Пестрак. / Можа ўжывацца ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «то» і «дык» галоўнага сказа, калі даданы сказ займае прэпазіцыйнае становішча. — Выбіўся [стары] з сілы, вылазячы з багны, каб яшчэ трохі, то і капцы. Кулакоўскі. [Карнейчык:] Твой бацька маладзец. Каб не ён, дык бы мяне паны зусім забілі. Крапіва.

3. тлумачальны. а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы. — Матка мая, хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. Колас. Гаварыла зямля, Што не хоча яна, Каб палі арашала Крывёю вайна. Танк. // Далучае інфінітыўныя выразы, якія паясняюць або ўдакладняюць галоўны сказ. Сутнасць сатыры ў тым, каб выстаўляць на паказ, на смех адмоўныя з’явы жыцця. Крапіва. І ён, стары чалавек, здатны яшчэ на тое, каб карысць людзям прыносіць. Лынькоў; б) Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Званне гвардзейца не толькі чэсць, але і абавязак. Трэба, каб абавязак гэты выконвалі па-гвардзейску. Мележ; в) Падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. — Не той Жагула, каб ён абы-каму раскідаўся сваім дабром. Крапіва; г) Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «такі», «гэтакі» і інш.). Ішоў дзед Талаш з такім меркаваннем, каб на сядзібу папасці ў сутонне. Колас. Варатніцкі не ўзнімаў вачэй. І толькі адно было жаданне — каб хутчэй скончыўся гэты страшны суд. Дадзіёмаў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць, Шляхам міру і дружбы ісці! Танк; д) Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадносным словам «так»). Памылкі .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. — Дык ты як-небудзь скажы так, каб лішне доўгіх гаворак і разваг не было. Чорны. / У спалучэнні з узмацняльнай часціцай «аж». — Пойдзем цяпер прытупнем, каб аж падэшвам горача стала. Кулакоўскі. [Батура:] Чулі, дзяўчаты, як з вашага брата здзекуюцца? Заспявайце сватам так, каб аж ім моташна стала. Крапіва.

4. Уводзіць пабочныя і ўстаўныя словазлучэнні і сказы. — Бацька абнямог, каб пры вас не сказаць, памёр. Чорны. [Грышка:] А я, каб ты ведаў, сала вельмі люблю, але бяда, што няма яго. Чарот.

каб 2, часціца.

1. Ужываецца пры выказванні скаргі, праклёну, пажадання (звычайна ў пачатку простых сказаў). Эх, Валодзя, цяжкавата мне, каб ты толькі знаў. Скрыган. Выглумілі паны лес ва ўсёй Случчыне, каб іх зямля не насіла. Чарнышэвіч. Каб пілося і елася і болей хацелася. З нар.

2. Ужываецца пры выказванні сумнення ў магчымасці чаго‑н. Назарык круціць галавой: э-хэ-хэ, каб на сям’ю ды адзін толькі падсвінак. Б. Стральцоў.

3. Ужываецца пры выказванні загаду, неабходнасці чаго‑н. Каб не смеў сюды хадзіць!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)