хозя́йство ср., в разн. знач. гаспада́рка, -кі ж.;

се́льское хозя́йство се́льская гаспада́рка;

пла́новое хозя́йство пла́навая гаспада́рка;

большо́е заводско́е хозя́йство вялі́кая заво́дская гаспада́рка;

занима́ться хозя́йством займа́цца гаспада́ркай;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сяля́нка1 ’ідылія, пастараль’ (Некр. і Байк.). Запазычаю з польск. sielanka ’від паэтычнага твора, які ідэалізуе жыццё пастухоў і пастушак’, ’сялянскі побыт’, ідэнтычнага sielankaсельская жыхарка’ (гл. селянін), што паводле Брукнера (491), у сваю чаргу, запазычана з усходнеславянскіх моў. Калькуе лац. bucolica ’песні пастухоў’, pastoralis ’пастухоўскі’.

Сяля́нка2 (селя́нка) ’страва са смятаны, зваранай з маслам, у якую крышаць падсохлы сыр’ (кобр., Шн. 3). Параўн. рус. селя́нка ’гарачая поліўка’, польск. sielanka ’від яешні са смятанай’. Магчыма, у выніку семантычнай кандэнсацыі *сялянская страва; паводле Фасмера (3, 598), першапачаткова ’сялянская ежа’, гл. селянін, сяляне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

се́льский

1. (прил. к село́) се́льскі;

се́льский сове́т се́льскі саве́т;

2. (живущий, работающий в деревне) вяско́вы, се́льскі;

се́льский учи́тель вяско́вы наста́ўнік;

3. (земледельческий) земляро́бчы; се́льскі;

се́льские рабо́ты земляро́бчыя рабо́ты;

се́льское хозя́йство се́льская гаспада́рка.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тэмп, ‑у, м.

1. Ступень хуткасці выканання музычнага твора. Тэмп арыі. Тэмп уверцюры. / Пра спектакль, чытанне, мову і пад. Тэмп спектакля. Тэмп песні. □ Гукі полькі запоўнілі хату. Гетманскі лёгка кружыўся, набіраючы тэмп. Алешка. // У спорце — ступень хуткасці мерных або паўторных рухаў, дзеянняў. Тэмп бегу. Тэмп стральбы. □ На трэніроўцы маё сэрца хутка набірала адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе зусім свабодна якраз у той час, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі, як мокрыя кураняты. Карпюк.

2. Хуткасць ажыццяўлення, выканання або інтэнсіўнасці развіцця чаго‑н. Тэмпы росту цяжкай прамысловасці. □ Сельская гаспадарка дасягнула высокіх тэмпаў росту. «Работніца і сялянка». Шаманскі ўсёй сваёй душой адчуў, што цяпер, у дні агульнага працоўнага ўздыму калгаснікаў, самы час набіраць тэмпы. Дуброўскі.

•••

У тэмпе — хутка, энергічна (рабіць што‑н.).

[Іт. tempo.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вёска ’сялянскае паселішча, сяло, сельская мясцовасць’ (КТС, БРС, Нас., Касп., Гарэц.), весь ’тс’ (Гарэц.). Укр., рус. уст. весь ’вёска’, ст.-рус. веска ’вёсачка’, весь, вьсь ’вёска, паселішча, квартал горада’ (X ст.), польск. wieś ’вёска’, каш. vjes ’тс’, палаб. vas ’вёска, горад’, н.-луж. wjas, wjaska ’вёска’, в.-луж. wjes, чэш. ves ’тс’, славац. уст. ves ’малая вёска’, славен. vâs, серб.-харв. *вас, балг. вес (толькі ў геаграфічных назвах), ст.-слав. вьсь. Мае адпаведнікі ў і.-е. мовах: літ. viešpat(i)s ’гаспадар, пан’, лат. vìesis ’госць, прышлы чалавек’, ст.-прус. waispattin ’гаспадыню’, ст.-інд. viśpati ’гаспадар’, viśpatni ’гаспадыня’, алб. amvisë ’тс’, ст.-інд. viś‑ ’дом, жыллё’, veśás ’сусед’, грэч. Ϝοἶκος, авест. vĩs‑, ст.-перс. viϑ ’дом’, алб. vis ’месца, мясцовасць, плошча’, лац. vīcus ’паселішча’, гоц. weihs ’вёска’. Узыходзіць да і.-е. *u̯ei̯kʼ‑ (*u̯ikʼ‑) *u̯oi̯kʼ‑o ’дом, жыллё’. Звязана, відавочна, з прасл. *věs‑ ’род, дом’ (Мартынаў, Зб. Аванесаву, 190–192). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 80; Вондрак, Sl. Gr., 1, 346; Траўтман, 363; Вальдэ-Гофман, 2, 782–3; Фасмер, 1, 305; Голуб-Копечны, 412–3; Брукнер 618–9; Махэк₂, 684–5; Скок, 3, 567; БЕР, 1, 137; Шанскі, 1, В, 76; КЭСРЯ, 78; Рудніцкі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гаспада́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Спосаб вытворчасці, сукупнасць прадукцыйных сіл і вытворчых адносін таго ці іншага грамадскага ўкладу. Сацыялістычная гаспадарка. Таварная гаспадарка. Натуральная гаспадарка.

2. Усё, што служыць для вытворчасці, складае вытворчасць; эканоміка (у 2 знач.). Народная гаспадарка.

3. Галіна якога‑н. віду вытворчасці, а таксама якая‑н. вытворчая адзінка. Сельская гаспадарка. Лясная гаспадарка. Рыбная гаспадарка. // Сельскагаспадарчая адзінка з прыладамі і сродкамі вытворчасці, угоддзямі, жывёлай і інш. Аднаасобная гаспадарка. □ Мікалай Каржанец сам згадзіўся кіраваць гаспадаркай і на цвёрдыя ногі паставіць калгас. Бялевіч. // Абсталяванне, інвентар, пабудовы і інш. прылады якой‑н. вытворчасці ці вытворчай адзінкі. Гаспадарка калгаса. □ За гаспадарку ненарокам Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. // Разм. Рэчы, прадметы, якія належаць каму‑н., выкарыстоўваюцца кім‑н. для чаго‑н. Паходная гаспадарка. □ [Падарожнікі] вылажылі з лодкі на мост і занеслі на бераг усю сваю гаспадарку.., усцягнулі лодку на сушу. Брыль.

4. Круг абавязкаў па абслугоўванню каго‑н., па задавальненню чыіх‑н. бытавых патрэб. Ускласці гаспадарку на брата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мір 1, ‑у, м.

1. Адсутнасць варожасці, сварак; згода. Да ўсеагульнага задавальнення ў кухні ўсталяваўся мір і парадак. Лынькоў. А раніцай было ясна, што ў доме можна чакаць усяго, але толькі не міру. Ракітны.

2. Адсутнасць вайны; суіснаванне дзяржаў і народаў у згодзе між сабой. Мы робім і будзем рабіць усё магчымае, каб адстаяць і ўмацаваць мір, збавіць чалавецтва ад новых знішчальных войнаў. Брэжнеў. Грымяць, усё мацней грымяць апладысменты простых людзей, што патрабуюць міру ва ўсім свеце. Васілёнак.

3. Пагадненне паміж варожымі бакамі аб канчатковым спыненні ваенных дзеянняў; мірны дагавор. Падпісаць мір. □ Рыжскі мір .. даў магчымасць Савецкай Беларусі распачаць аднаўленне народнай гаспадаркі. «Весці».

4. Спакой, цішыня. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко.

•••

Голуб міру гл. голуб.

Сацыяльны мір — ідэя прымірэння класаў, якую прапаведуюць дробнабуржуазныя сацыялісты.

мір 2, ‑а, м.

Уст. Сельская грамада. — Што будзе міру, — сказаў дзед устрывожанай матцы, — тое і бабінаму сыну. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мір1 ’згода, адсутнасць сваркі, вайны’, ’спакой, цішыня’ (ТСБМ, Яруш., Шат., Бяльк.; драг., КЭС), мі́рнасць ’спакой’ (Нас., Гарэц.), міравая ’мірнае вырашэнне спрэчкі’ (ТСБМ, Др.-Падб.). Укр., рус. мир, польск. mir, mier, н.-, в.-луж. měr, чэш. mír, славац. mier, славен. mȋr, серб.-харв. ми̑р, макед. мир, балг. мир(ът), ст.-слав. миръ. Прасл. mirъ, а таксама měrъ, паводле сведчанняў з польск., славац., ст.-чэш. і харв. моў, утвораныя пры дапамозе суф. ‑r‑. І.‑е. адпаведнікі: ст.-літ. mieras, лат. miērs ’спакой, цішыня’, якія Буга (Rinkt., 1, 352–353) лічыць слав. запазычаннямі, алб. mirë ’добры’, ст.-інд. mitras ’сябар’. Да і.-е. *mei̯‑ ’сябраваць, звязваць’ (Бернекер, 2, 60; Траўтман, 175; Фасмер, 2, 626; Бязлай, 2, 185). Махэк₂ (364) у якасці крыніцы паходжання прасл. mirъ прапануе літ. rìmti, rimóti ’сціхаць, заспакойвацца, быць спакойным’, у якіх адбылася перастаноўка зычных асновы r — m > m — r. Мала верагоднай з’яўляецца версія аб суаднясенні прасл. mirъ і milъ паміж сабою (протаі.‑е. неадрозненне l — r, гл. F. Specht, Der Ursprung der indogerm. Deklination. Göttingen, 1947, 318–320) і з лац. mitis ’ціхі, лагодны, рахманы’, ст.-інд. mitráh ’сябар, прыяцель, Мітра’. Апошняе падтрымліваецца Пухвелам (Etudes mithriaque, 1978, Tegeran — Liege, 335–343), які мяркуе, што прасл. mirъ трэба разглядаць як утворанае з *mitro‑/*mitru (або *meyro‑/*meyru‑) — з таго ж кораня, што і імя Мітры, а не як запазычанае з іран. (скіфск.) *mihro, як сцвярджае Траймер (Wiener slav. Jahrb., 14, 1967–1968, 77). Варбат (ОЛА–1979, 327), падтрымліваючы даследаванні Тапарова (Pratidānam. The Hague–Paris, 1968, 109–113; ён жа, Semiotyka і struktura tekstu, Wrocław etc., 1973, 366–370) і бачачы ў семантыцы і фразеалогіі прасл. mirь старажытныя і.-е. уяўленні (у вобразе інда-іранскага Мітры) аб сацыяльнай арганізацыі як выніку дамоўленасці, аб стане сяброўства, мяркуе, што каш. mʼiěa ’жаніх’, mířota ’маладая’ — рэлікты старажытнай семантыкі mirъ ’дагавор (шлюбны)’, а *miriti абазначала ’заключаць дагавор’. Тапароў (Этимология–1967, 18–21) гаворыць аб Мітры як аб аб’яднальніку людзей у сацыяльную структуру, рус. в мир у формуле Mit(h)ra‑yat‑, у якой *yat‑ першасна азначала ’збіраць, згуртоўваць’, і мяркуе, што верагоднай можа быць адпаведная прасл. формула тыпу *mirъ jatiti ’збіраць людзей у грамаду’ або *miromъ (mirъmъ) jatiti sę ’збірацца грамадою’. Цалкам здавальняючай з’яўляецца этымалогія Мартынава (Зб. Аванесаву, 188–190): ён, абапіраючыся на словаўтваральную структуру лексем з r‑суфіксам і ŭ‑асновай, прыводзіць паралель да прасл. žьrětižirъ, vьrětivirъ, таксама і mьrěti ’паміраць’ — mirъ (сувязь паміж mirъ і mьrěti гл., напрыклад, у славен. mir! ’маўчы’, zamréti ’анямець’). Сюды ж міры́цца, міры́ць ’наладжваць мірныя адносіны’ (ТСБМ, ТС), міры́льнік ’той, хто мірыць’ (Бяльк.).

Мір2сельская грамада’, ’народ, людзі’, ’свет’ (ТСБМ, Шат., Мат. Гом., Ян., ТС; пух., Нар. сл.; стаўбц., в.-дзв., Сл. ПЗБ). З рус. мирсельская грамада’, якое развілося са значэння ’мір, мірная суполка, згуртаванне’ у мір1 (гл.). Пух. мір ’мноства’ (Жыв. сл.) развілося з мір2.

Мір3 ’маруна, павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1). Да мір1, мі́рны ’сяброўскі, дружны’. Матывацыя: лісты і плады лёгка чапляюцца да іншых раслін, прытуляюцца, як да сяброў, прыліпаюць. Адсюль і іншыя адпаведныя назвы: чэш. přitula, польск. przytulia, ляш. přitulek, рус. дереза, чэш. lepenice, lepovica, мар. lipkač, укр. липчица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

склада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.

3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.

4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.

5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».

6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.

•••

Складанае трайное правіла гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мирI м.

1. (вселенная) свет, род. све́ту м., мн. све́ты, -таў; сусве́т, -ту м.;

мно́жество миро́в мно́ства све́таў;

2. (область явлений, понятий, сфера жизни, среда) свет, род. све́ту м.;

неоргани́ческий мир неаргані́чны свет;

артисти́ческий мир артысты́чны свет;

капиталисти́ческий мир капіталісты́чны свет;

3. (сельская община) ист. грамада́, -ды́ ж.; мір, род. мі́ра м.;

на миру́ и смерть красна́ посл. на лю́дзях і паме́рці не стра́шна;

пусти́ть по́ миру уст. пусці́ць з то́рбамі;

ходи́ть по́ миру уст. хадзі́ць з то́рбамі; жабрава́ць;

всем ми́ром усёй грамадо́й;

не от ми́ра сего́ як не з гэ́тага све́ту, як не ў сабе́;

си́льные ми́ра сего́ ула́дныя лю́дзі.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)