разві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развіць (у 1 знач.).

развіты́, а́я, ‑о́е.

1. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Развітая прамысловасць. □ Ускраіны .. [нашай краіны] ператварыліся ў культурна развітыя сацыялістычныя рэспублікі. Пшыркоў.

2. Дасканалы ў фізічных і духоўных адносінах. Усебакова развіты падлетак. □ [Юрка Пятровіч:] «Вы, Мікола Сцяпанавіч, — мужчына і з вамі я не буду цацкацца, а скажу ўсё: справа з малой вельмі дрэнная, тым больш таму, што яна-не па гадах развітая, уражлівая, нервовая». Брыль. А ў Мікуцічах сцяг навукі і годнасць «развітога» чалавека трымаліся высока сярод настаўніцтва. Колас. // Які дасягнуў значных памераў, разросся. Пярэдняя частка .. моцнага тулава [зубра], цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі.

3. Усебакова адукаваны, з шырокім кругаглядам. [Варанкову] спадабаўся пагранічнік, які ўсім цікавіўся і быў даволі развіты. Гурскі.

•••

Развіты сацыялізм гл. сацыялізм.

Развіты сказ гл. сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

манапо́лія, ‑і, ж.

1. Выключнае права на вытворчасці продаж або промысел чаго‑н. Дзяржаўная манаполія. // перан. Выключнае права карыстання чым‑н.; перавага, першынство ў якой‑н. галіне.

2. Капіталістычнае аб’яднанне, якое ставіць сваёй мэтай панаванне ў якой‑н. галіне гаспадаркі і атрыманне максімальнага прыбытку. Капіталістычныя манаполіі ў Расіі былі цесна звязаны з царскім урадам. У краінах, якія арыентуюцца на сацыялізм, праводзіцца нацыяналізацыя ўласнасці імперыялістычных манаполій. Брэжнеў.

[Грэч. monopolia ад mónos — адзін і poleō — прадаю.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уто́пія, ‑і, ж.

1. Вучэнне аб сацыяльнай перабудове, аб ідэальным грамадскім ладзе, заснаванае на ненавуковым разуменні аб’ектыўных заканамернасцей грамадскага развіцця. [Маркс] ператварыў сацыялізм з утопіі ў навуку, абгрунтаваў немінучасць гібелі капіталізму і перамогі камунізма. «Звязда».

2. Фантазія, неажыццявімая мара. Астранамічныя лічбы.. А накапаць 30 тысяч тон торфу! Ці не ўтопія гэта?.. Нават перавезці немагчыма. Дуброўскі.

3. Літаратурны твор, у якім апісваецца ідэальны грамадскі лад будучага.

[Ад грэч. u — не і tópos — месца, г. зн. месца, якога няма; па другой версіі, ад eu — дабро і tópos — месца, г. зн. благаславенная краіна.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарма́цыя, ‑і, ж.

1. Пэўная ступень, стадыя ў развіцці чалавечага грамадства, якая характарызуецца ўласцівым толькі ёй спосабам вытворчасці і адпаведнай гэтаму спосабу надбудовай. Заслуга Маркса ў распрацоўцы тэорыі навуковага камунізма заключаецца ў тым, што ён даў характарыстыку асноўных рыс камуністычнага грамадства. Ён упершыню паказаў, што сацыялізм і камунізм уяўляюць сабою не розныя грамадска-эканамічныя фармацыі, а толькі дзве фазы аднаго і таго ж камуністычнага грамадства, заснаванага на адным і тым жа спосабе вытворчасці. Лушчыцкі. Калгасны лад выхаваў селяніна новай фармацыі, вывеў яго на шырокую арэну грамадскага жыцця. «Звязда».

2. Спец. Комплекс генетычна звязаных горных парод аднаго часу і спосабу ўтварэння. Юрская фармацыя.

3. Спец. Раслінныя згрупаванні, якія характарызуюцца адным або некалькімі агульна-біялагічнымі відамі.

[Лац. formatio — утварэнне, від.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

1. Паставіць, зрубіць дом; узвесці будынак, збудаванне. Дом быў стары, і яго даўно трэба было разбурыць, а на яго месцы пабудаваць новы. Арабей. Гады з два таму тут пабудавалі новы, высокі ды моцны мост. Зарэцкі. // Вырабіць, выпусціць (машыны, механізмы і пад.). Хлапчукі ўздыхнулі. Нехта задуменна сказаў: — Вось бы самалёты такія пабудаваць, як буслы. Лынькоў. // Зрабіць, змайстраваць, зляпіць.

2. перан. Стварыць. Разам з усім савецкім народам працоўныя Беларусі пабудавалі сацыялізм. «Беларусь».

3. Аснаваць на чым‑н. Саўка ведаў, што асуджаныя за «палітыку» карыстаюцца памагаю з боку шырокіх колаў грамады. На гэтым ён і пабудаваў сваю тактыку. Колас.

4. Вычарціць якую‑н. геаметрычную фігуру. Пабудаваць паралелепіпед.

5. Саставіць, скласці што‑н. Пабудаваць фразу. Пабудаваць сказ.

•••

Пабудаваць на пяску — аснаваць што‑н. на ненадзейных, хісткіх звестках, фактах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ухі́л, ‑у, м.

1. Пэўны напрамак дзейнасці, інтарэсаў, спецыялізацыі. Лазарэт будзе мець хірургічны ўхіл. Алешка. Кожная навучальная ўстанова з будаўнічым ухілам пасылала.. [на будаўніцтва магістралі] некалькі сваіх выпускнікоў. Пальчэўскі. // Наяўнасць здольнасці да чаго‑н. Гаварыў ён па-беларуску прыгожа, нават, я сказаў бы, з літаратурны ўхілам. Дубоўка.

2. Адхіленне, адыход ад генеральнай лініі партыі. Асабліва актыўную дзейнасць праявілі .. [Я. Купала і Я. Колас] у часы барацьбы з рознымі нацыяналістычнымі скажэннямі і ўхіламі. Шакун.

3. Нахіленая, пакатая паверхня; схіл, адхон. Было ясней за яснае: вагоны, пакінутыя на ўхіле незатарможанымі, скрануліся з месца і пакаціліся самі па сабе... Васілёнак.

•••

Левы ўхіл — чужая марксізму-ленінізму псеўдарэвалюцыйная, авантурыстычная палітыка, якая прыкрывае рэвалюцыйнай фразай апартуністычную, згодніцкую сутнасць.

Правы ўхіл (у ВКП (б) — апартуністычная плынь у 1928–30 гг., якая адмаўляла неабходнасць і магчымасць паскоранай індустрыялізацыі краіны, правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі і прапаведвала «тэорыю» затухання класавай барацьбы і мірнага ўрастання кулака ў сацыялізм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́рашыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.

1. з інф. або з дадан. сказам. Прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. Дзень у мяне быў у запасе, і я вырашыў навесці парадак у сваім жыллі. Ракітны. Васіль вырашыў, што ў сябра нейкая непрыемнасць і чакаў, калі Саша загаварыць сам. Шуцько.

2. што. Рашыць, знайсці адказ на што‑н. Вырашыць пытанне, праблему. □ Сацыялізм вырашыў вялікую сацыяльную праблему — ліквідаваў эксплуататарскія класы і прычыны, якія параджаюць эксплуатацыю чалавека чалавекам. Праграма КПСС. Вызваленне Панаса з няволі і выпадковае шчаслівае спатканне з ім вырашылі тую задачу, што паставіў сабе дзед Талаш. Колас. Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Кулакоўскі.

3. што і з інф. Прыняць рашэнне. Па заяве ж, як і дамагаўся Міхал, вырашылі стварыць камісію і даручылі ёй яшчэ раз праверыць факты. Карпаў.

4. што. Рассудзіць. Вырашыць спрэчку, непаразуменне.

•••

Вырашыць лёс каго — прыняць рашэнне па якім‑н. пытанні, якое звязана з чыімі‑н. інтарэсамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпізо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Асобнае здарэнне, падзея, выпадак з жыцця. Дзед Талаш расказваў пра сваё спатканне з пакрыўджанымі людзьмі, пра розныя эпізоды з іх жыцця. Колас. Генадзь расказвае найцікавейшыя эпізоды з сваіх вандровак па Беларусі. Сабаленка. // Адзін з момантаў якой‑н. з’явы, працэсу і пад. Мітусіліся перад вачыма розныя эпізоды бою. Кулакоўскі. // Выпадковае, пабочнае здарэнне, падзея. [Зачэпа:] — Калі б змова ўдалася Каталіну, дык ваш сацыялізм быў бы пабудаваны тысячу год назад.. А што такое Каталіна? Эпізод, пра які забыліся праз дзесяць гадоў. Асіпенка.

2. Сцэна, фрагмент якога‑н. мастацкага твора, які мае пэўную самастойнасць і закончанасць. Вялікае сэрца Макоўчыка раскрываецца ў гэтым цэнтральным эпізодзе апавядання. Чытач адчувае, на які подзвіг здольны гэты салдат. «Полымя». // У тэатральных пастаноўках — устаўка (з’ява, сцэна), не звязаная з развіццём дзеяння. [Галіна:] — Я вось скончыла тэатральны інстытут, ужо год як я працую ў тэатры і яшчэ не сыграла ніводнай адказнай ролі. Усё на выхадах і на эпізодах. Рамановіч. // Частка кінафільма, якая з’яўляецца сюжэтна закончаным урыўкам. Кінастудыя здымала фільм пра вайну. Рыхтаваўся эпізод — бежанцы на дарозе. Арабей.

[Ад грэч. epeisódion — устаўка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́гер, ‑а, м.

1. Часовая стаянка войска ў палявых умовах, а таксама войска, размешчанае такім чынам. Чуўся ціхі шум ротнае лагера ў ляску, ціха гулі галасы. Чорны. Калі Шутаў вярнуўся ў брыгадны лагер, было ўжо за поўнач. Мележ. // Сталае месцазнаходжанне партызан, паўстанцаў. Чорныя праталіны ля зямлянак партызанскага лагера курыліся парай. Лынькоў.

2. Часовае пасяленне, стаянка каго‑, чаго‑н. Лагер лесарубаў прачнуўся з усходам сонца. Машара. Пасялілі [Валерыя] у лагеры палатак, разам з іншымі будаўнікамі. Б. Стральцоў. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас. // Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы. — Пакуль свінарнік пабудуем, будзем трымаць маладняк у лагерах, — прапанаваў адзін [член праўлення]. Сергіевіч.

3. Месца ўтрымання ваеннапалонных ці зняволеных. Вясной .. акупанты прадбачліва сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за браты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Брыль. Праз некалькі дзён Ляксея судзілі. Яму далі год і адправілі некуды ў лагер. Ермаловіч.

4. перан. Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў. Лагер міру і сацыялізма. □ Міхалка падзяліў людзей сваёй ваколіцы на два лагеры — на ворагаў і прыяцеляў савецкай улады. Бядуля.

•••

Канцэнтрацыйны лагер — месца масавага зняволення і знішчэння барацьбітоў за дэмакратыю і сацыялізм, ваеннапалонных і інш.

Піянерскі лагер — выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для піянераў і школьнікаў у СССР.

[Ням. Lager.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)