замацава́цца сов.

1. закрепи́ться;

дэта́ль до́бра ~ва́лася — дета́ль хорошо́ закрепи́лась;

2. (твёрдо обосноваться) укрепи́ться, закрепи́ться;

атра́д ~ва́ўся на ўзле́ссі — отря́д укрепи́лся (закрепи́лся) на опу́шке ле́са;

3. (прочно установиться за кем-, чем-л.) утверди́ться, упро́читься;

за ім ~ва́лася до́брая рэпута́цыя — за ним утверди́лась (упро́чилась) хоро́шая репута́ция

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Нагарода ’ўзнагарода’ (Нас.); za naharódaju za trudý wiérniecsa (Пятк. 2); ст.-бел. нагарода і нагрода (апошняе з польск., гл. Булыка, Лекс. запазыч., 203); укр. нагорода, рус. награда (< ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 37), польск. nagroda, чэш. náhrada ’замена’, славен. nagrada, серб.-харв. на̏града, балг. награ́да, макед. награда. Аддзеяслоўнае ўтварэнне, першапачаткова *nagorditi, на думку Міклашыча (74) — ’узнагародзіць горадам’, што лічыцца непераканаўчым; Фасмер (3, 37) і Трубачоў (там жа) звязваюць з ’накласці кучай’, параўн. рус. нагородить; Бязлай (2, 212) праз славен. grajaрэпутацыя’, grajati ’праслаўляць’ (j < dj) звязвае з літ. gar̃dinti ’паведаміць, абвясціць’, роднасным ст.-інд. gir‑ ’слава, гонар’, лац. grates ’хвала’ і інш. Сумніцельна вывядзенне з *gheld‑ (ням. vergelten ’узнагароджваць, даваць плату’), пры гэтым бел. і ўкр. паўнагалосныя формы тлумачацца другасным збліжэннем з горад (Махэк₂, 388). Брукнер лічыў усх.-слав. словы паланізмамі, а ўзнікненне значэння ’дар, плата’ лакалізаваў на польскай тэрыторыі, першапачаткова праз стадыю ’ўзвесці, узнавіць разбуранае’ — ’замяніць’ — ’кампенсаваць страты’ — ’заплаціць’; усё да grodzić ’будаваць, гарадзіць’ (Брукнер, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хвала́, ‑ы, ж.

1. Праслаўленне, усхваленне. Дык урачыста, з пачуццём Братэрства нашых сэрцаў, — хорам, Браты, уславім залп «Аўроры», Хвалу Кастрычніку спяём! А. Александровіч. Пайшла пра звеннявую на ўвесь край Такая слава і хвала, Што і сама таго Агата ўцяміць не магла. Маеўскі. // Адабрэнне, добры водзыў, пахвала. Людзі чулі, як іх хлопца, хлопца іх сяла, пахваліў такі вучоны чалавек, і гэта хвала лажылася трохі і на іх саміх. Колас.

2. у знач. вык. Вокліч захаплення, прызнання, удзячнасці каму‑, чаму‑н. Хвала вам, адважных героі! □ Хвала табе, Кастрычніка дзяржава! Машара. І земляроб у кожным доме, на кожнай ніве паўтарыў: — Хвала дажджу!.. Вялюгін.

3. Разм. Рэпутацыя каго‑н., агульная думка пра каго‑н. Граф Кісялёў, які «заваяваў» сабе хвалу «рэфарматара», не вельмі спяшаўся зрабіць вывады. «Полымя».

•••

Адна хвала — усё роўна. [Цімох:] — Ці так або сяк прападу — Адна табе ўсюды хвала. Колас. Адзін хоць з’еш вала — усё адна хвала. Прыказка.

Пець хвалу гл. пець.

Хвала богу (у знач. пабочн.) — тое, што і дзякуй (дзякаваць) богу (гл. дзякуй).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сло́ва ‘адзінка мовы, маўлення’, ‘фраза, выказванне’, ‘мова’ (ТСБМ, Нас., Шат., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб.), сло́во ‘тс’ (ТС, Федар. 4), слові́на ж. р., экспр. ‘тс’ (ТС), сюды ж слове́чно ‘вусна’ (мазыр., Нар. Гом.), ст.-бел. слово ‘адзінка маўлення’, ‘выказванне’, ‘выражэнне волі, загад’, ‘павучэнне’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 75). Укр., рус. сло́во, польск. słowo, в.-луж., н.-луж. słowo ‘слова’, чэш. slovo ‘слова’, sloveso ‘дзеяслоў’, славац. slovo, серб.-харв. сло̏во ‘літара’, славен. slovọ̑ ‘развітанне’, slóvọ ‘літара; слова’, балг. сло́во, макед. слово ‘літара’, ст.-слав. слово, Р. скл. словесе. Прасл. *slovo ‘слова’ (аснова на ‑es). Роднасныя ўсх.-літ. šlavė ‘пашана; ушанаванне, слава’, šlȧvinti ‘славіць, шанаваць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; рэпутацыя; пахвала; слава’, авест. srávah‑ ‘слава, павага; кліч’, грэч. κλέος ‘слава’, ст.-ірл. clù ‘слава’; гл. Траўтман, 368; Мюленбах-Эндзелін, 3, 920; Фрэнкель, 1008; Майргофер, 3, 389; Мее, Études, 356–357; Покарны, 606–607. Узводзяць да і.-е. кораня *kʼleu̯os < *kʼleu̯‑ ‘чуць, слухаць’ (Сной₁, 583). У славянскіх мовах звязана чаргаваннем галосных з слава, слыць (гл.). Гл. Фасмер, 3, 673; Глухак, 563; Махэк₂, 557 (падкрэслівае, што ў склад прасл. *slovo уваходзіў семантычны кампанент ‘пашана, слава’, прадстаўлены ў *slověti, *sloviti, ст.-слав. благословити ‘гаварыць, прапаведваць, велічаць, славіць’). Гл. яшчэ Скок, 3, 288–289; Трубачоў, Этимология–1968, 58; Шустар-Шэўц, 1308; Сной₁, 583; Борысь, 559; ЕСУМ, 5, 306.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чэсць, ‑і, ж.

1. Сукупнасць маральных прынцыпаў, якімі чалавек кіруецца ў сваіх грамадскіх і асабістых паводзінах. — Збірайся ў паход, Беларускі народ, За чэсць і свабоду радзімы. Глебка. Нас гэткай раскошай не песціць эпоха, І чэсці вышэйшай не знае пясняр Як тая, калі яго мужная песня Па ворагу трапны наносіць удар. Гілевіч. // Грамадская, прафесійная і інш. годнасць чалавека. Хто ж здрадзіць народу ў святой барацьбе, Прадаўшы чэсць і сумленне, Няхай той павесіцца сам на вярбе! Колас. [Перагуд:] Цяпер ты [смерць] толькі жыццё маё можаш узяць, часць я ўратаваў. Крапіва. У якім кутку Радзімы — На палях ці ля станка — Чэсць трымаеш нашай роты, чэсць палка І ўсёй пяхоты. Жычка. Пакуль здужаю падняць руку я, — Вораг маёй чэсці не спаганіць. Панчанка.

2. Аўтарытэт, незаплямленая рэпутацыя чалавека, яго чэснае, добрае імя. Працоўны чалавек павінен усімі сродкамі, нават фізічнаю сілай, бараніць чэсць свайго імя, чэсць класа і народа. У. Калеснік.

3. Цнота, нявіннасць (пра жанчыну). Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала.

4. Слава, павага, пашана каму‑н. Пра старажылаў гавораць з любоўю: той пражыў тут пятнаццаць гадоў, той дваццаць, а той дваццаць пяць — такому чэсць, хвала і пашана. Скрыган. Госці не ведалі, каму аказваць чэсць: пісару ці памочніку-паэту. Колас.

•••

Аддаць чэсць каму — прывітаць каго‑н. па-ваеннаму, прыклаўшы руку да галаўнога ўбору.

Пара і чэсць знаць — дастаткова, пара перастаць, закончыць што‑н. [Адзін з гасцей:] Пара нам чэсць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́ва, ‑ы, ж.

1. Шырокая, ганаровая вядомасць, усеагульнае прызнанне чыіх‑н. заслуг, гераізму, таленту і пад. Клава Патупчык стала вядомай даяркай. У працы непрыкметна прыходзіць і слава. Кавалёў. Мы заслужылі баявую славу, Ішлі ў паход, не спаўшы па начах. Смагаровіч. Аб славе Пушкіна спяваем Сягоння мы на сотнях моў. Броўка. // Пра таго ці тое, што сваімі заслугамі або вартасцямі прыносіць каму‑, чаму‑н. шырокую, ганаровую вядомасць. Герой Сацыялістычнай Працы — слава ўсяго завода. □ Песня [Я. Купалы] стала славаю народа. Вялюгін. Наш родны Мінск, краса і слава Савецкай мілае зямлі. Астрэйка.

2. Вядомасць у якасці каго‑н., у якіх‑н. адносінах. І зноў Шаройка пабыў славу лепшага гаспадара, ужо калгаснага. Шамякін. Дзень за днём Грысева хата набывала ўсё большую і большую славу ў лесе. Кулакоўскі. Не, слава добрага чалавека — гэта ўсё-такі даволі цяжкі абавязак... Скрыган.

3. (звычайна ў спалучэнні з прыметнікамі: «добры», «дрэнны» і пад.). Разм. Агульная думка аб кім‑н., рэпутацыя. [Бандароўна:] — Не такую, ясны пане, Бачыш прад сабою, Што захоча чэсць і славу Прадаваць з табою. Купала. Але тая [дзяўчына] нават і глядзець не хацела ў яго бок: дрэнная слава хадзіла пра Сікорскіх на многія вёрсты наўкол. Ваданосаў.

4. (звычайна з дзеясловамі «хадзіць», «ісці» і пад.). Разм. Чуткі, размовы, погаласка. Па раёну ходзіць слава, што Анісім — мудры дзед. Панчанка. Аб змене чырвонай даўно грыміць слава. Колас. Добрая слава цяпер ідзе пра калгас па свеце. Дуброўскі.

5. Вокліч, які азначае: хвала!, пашана!, гонар! Бліжэй [Паўлюк] падыходзіць, гукае здалёк: — Збавіцелям слава!.. Дзень добры, сынок! Колас. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр! Глебка. Слава інжынерам і вучоным, Што праклалі ў космас першы след! Панчанка.

•••

Курган Славы гл. курган.

На славу — вельмі добра. Гулянка была наладжана на славу. З’ехаліся госці з усёй ваколіцы. Бядуля.

Слава богу — а) (у знач. вык.) добра; б) (у знач. пабочн.) на шчасце. Дождж, слава богу, прайшоў.

Толькі і славы, што... — толькі гаворыцца так, а на справе інакш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імя́, імя і імені, імю і імені, імем і іменем, (аб) імі і імені; мн. імі і імёны, імяў і імён, імям і імёнам, імямі і імёнамі, (аб) імях і імёнах; н.

1. Асабістая назва чалавека, якая даецца яму пры нараджэнні. Даць імя. □ Імя ён, меў Сцяпан, але ўсе звалі яго проста Сцёпка. Якімовіч. Праз нейкі час яму захацелася праведаць імя дзяўчыны, каб ямчэй было з ёю абыходзіцца. Гартны. // Поўная асабістая назва чалавека з імем па бацьку, а таксама яго прозвішчам. Неўзабаве ў кішэні ў Івана Кабушкіна ўжо ляжалі дакументы на імя Аляксандра Бабушкіна. Новікаў. Мужчына назваў сваё імя адразу — Іван Пятровіч Пуліхаў. Мехаў. // Назва прадметаў, жывёл, з’яў, паняццяў. «Першы асоба-казацкі атрад» вырас і набыў паўнагучнае імя — «Першай беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады». Брыль. З маленькага слабенькага некалі шчанючка вырас дужы сабака, з тонкім хвастом, і імя яму даў сам Ігнась. Мурашка.

2. Вядомасць, папулярнасць, слава. Вучоны з імем. // Пра асобу, якая стала вядомай дзякуючы сваёй дзейнасці ў якой‑н. галіне ведаў, тэхнікі, мастацтва. Справа тут, вядома, не толькі ў вялікіх імёнах. Брыль. // (звычайна з азначэннем). Рэпутацыя. Ганьбіць сваё імя.

•••

Уласнае імя — слова або спалучэнне слоў, якое з’яўляецца асобнай назвай каго‑, чаго‑н., напрыклад: Міхась, Мінск, Старыя Дарогі, Белавежская пушча.

Ад імя каго — па даручэнню каго‑н., спасылаючыся на каго‑н. Ад імя ўсяго калектыву.

З імем каго — у гонар чыйго‑н. імя рабіць, гаварыць і пад. З імем Леніна ў сэрцах арліных Новы быт мы будуем у краі. Журба.

Імем каго-чаго — уладай, якая належыць каму‑, чаму‑н. Імем закона.

Імя каго-чаго — названы ў гонар каго‑, чаго‑н. Завод імя У.І. Леніна. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Імя па бацьку — назва чалавека, якая складаецца з асновы імя бацькі і суфікса ‑авіч, ‑евіч, ‑іч (‑оўн, ‑еўн, ‑ічн‑) і звычайна дадаецца да ўласнага імя.

Называць рэчы сваімі імёнамі гл. называць.

На імя чыё — адрасаваны, прызначаны каму‑н. Заява на імя старшыні райвыканкома. □ Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч.

У імя каго-чаго (высок.) — у гонар, дзеля, для каго‑, чаго‑н. У імя дружбы. У імя міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)