Пільсць1, пілсць ’поўсць, падшэрстак, валасяное покрыва жывёл’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Шатал.), пільсьць ’шчацінне (у кабана)’ (лаг., Шатал.), ’воўна горшай якасці’ (Варл.; Бір. Дзярж.), ’поўсць, якая вылезла пры ліньцы’ (Мядзв.), ’ачоскі ад воўны з пылам’ (Шат.), ’вельмі тонкі лямец, які вырабляўся з рознай шэрсці’ (Нас.). Запазычана з польскай pilść ’тканіна з шэрсці ці з воўны, атрыманая шляхам збівання (валяння) яе, лямец’ (Цвяткоў, 59; Кюнэ, Poln., 87). Узыходзіць да прасл. *pьlstь > бел. поўсць (гл.).

Пільсць2пілавінне’ (капыл., Сл. ПЗБ; слаўг., капыл., ЛА, 1), пільшч ’тс’ (круп., б.-каш., тамсама). Да піліць1 (гл.). Суф. ‑сць са зборна-рэчыўным значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэз1 ’месца разрэзу; разрэз’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сцяшк. МГ), рэ́зік ’тс’ (Юрч. СНЛ), ’адзін праход пілой’ (ТС), рэзь ’месца распілоўкі’ (Мат. Гом.). Сюды ж рэ́за, ры́за, рі́зкапілавінне’ (ЛА, 1). Укр. різ, рус. рез, польск. rzez, в.-луж. rěz, чэш. řez, славац. rez, славен. réz, серб.-харв. ре̑з, макед. рез, балг. ряз. Прасл. *rězъ. Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.).

Рэз2 ’паласа зямлі, надзел, ніва’ (Байк. і Некр., Касп., Нас., Хрэст. дыял., Шат., Шатал., Яшк., Выг.), рыз, ры́ска, рэ́ска ’зямельны надзел у 5–10 сотак’ (Выг.), ’даўняя мера зямельнай плошчы (8 дзесяцін, 10 га)’ (ТС), рэс, нарэ́з ’паласа ворнай зямлі’ (ЛА, 2). Бязафікснае ўтварэнне ад рэзаць (гл.), параўн. яшчэ секъ ’адзінка колькасці мяса’ (Ст.-бел. лекс.). Няма падстаў лічыць лексічным літуанізмам, як прапануе Лаўчутэ (Лаўчутэ, Балтизмы, 72), а таксама нельга пагадзіцца з Дайлідэнасам, які лічыць гэтую форму семантычным літуанізмам (Бел. мова, вып. 15, 80). Гл. яшчэ рэзас.

Рэз3 ’забой скаціны’ (Банк, і Некр., Нас., Гарэц.). Рус. ре́зка ’тс’, польск. дыял. rzeź ’тс’, в.-луж. rěz ’разрэз; забой скаціны; лязо; пілавінне’. Ад рэзаць (гл.).

Рэз4 ’дарога (за прысядзібным полем)’ (Мат. Гом.), рэ́за ’глухія, пустэльныя і гразкія месцы’ (Яшк.). Укр.-палес. мікратапонім: луг Рэ́зки. Магчымае развіццё семантыкі ’надзел’ < ’надзел, адрэзаны ў аддаленым месцы’ < ’глухое месца’. Да рэз2 (гл.). Але калі ўзяць пад увагу рус. цвяр. ре́зы ’участак зямлі, з якога зразаецца пад ворыва зацвярдзелы верхні пласт’, тады да рэж (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́кпілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гры́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. грыз, ‑ла; незак., каго-што.

1. Кусаць, есці што‑н. цвёрдае, сухое. Грызці сухары. Грызці яблык. □ Камандзір палка маёр Урванцаў сядзеў на нарах і грыз воблу. Марціновіч. // Кусаць зубамі. [Кабыла] высока трымала галаву, стрыгла вушамі, нервова грызла цуглі. Федасеенка. // Пападаючы на каго‑н., кусаць, ірваць. Трос [мядзведзь] галавой, круціўся ва ўсе бакі, увіхаўся, а сабака грыз яго не на жарт. Бядуля. // перан. Удавацца, уразацца ў што‑н. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дакучаць пастаяннымі прыдзіркамі, папрокамі, сваркамі. Містэр Пік пачаў праклінаць тую латарэю і грызці жонку за дурную ініцыятыву. Быкаў.

3. перан. Мучыць, трывожыць, не даваць спакою (пра думкі, пачуцці і пад.). [Іваноўскага] пакутліва грызла думка: а як жа прабрацца ў партызанскія раёны? Новікаў. Пракоп адчувае сябе адзінокім, яго штосьці есць, грызе. Колас.

•••

Як рэпу грызе — хто‑н. бойка, без запінкі чытае, гаворыць і пад. — Малайчына! Чытае, як рэпу грызе, — хваліў малодшага сына Міхал. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Траці́ны1пілавінне’ (Скарбы; гродз., Нар. сл.), троці́на ‘тс’ (кам., ЛА, 1). З польск. trociny ‘тс’, дыял. treciny і tręciny ‘тс’ < trot ‘тс’, troty ‘сечка з саломы і сена’, ‘смецце ў азаддзі, найгоршым збожжы’, а таксама каш. tråt ‘людскія і жывёльныя выдзяленні, адкіды’, якое з паўн.-прасл. *tertъ — дэрывата з суф. ‑tъ і менай карэннай галоснай *‑e‑ ў *‑o‑ прасл. *terti, гл. церці (Борысь, 642; Брукнер, 576; SEK, 5, 161; Калашнікаў, Этымалогія 1997–1999, 61–62).

Траці́ны2 ‘памінанне і абед па нябожчыку праз тры дні пасля яго смерці’ (Шат., Касп., Мат. Гом., Жд. 2, Ян.; чэрв., Сл. ПЗБ, Гіл.); трацці́ны ‘тс’ (Нас.; в.-дзв., Шатал., Рэг. сл. Віц.), траці́нкі, траці́ны ‘хаўтуры па нябожчыку на трэці дзень пасля пахавання’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. третини ‘трохдзённае памінанне памерлых’ (ГСБМ). Параўн. укр. дыял. трети́ни, трейті́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’. Да трэці (гл.) пры дапамозе суф. ‑ін‑ы са значэннем традыцыйнага абраду, як дзевяціны, саракавіны, гадавіны (Сцяцко, Афікс, наз., 214). Максімаў (Восточнослав. и общ. яз., 1978, 154) лічыць, што адлічэбнікавыя старарускія назвы абрадаў на ‑ін‑ы распаўсюдзіліся з захаду пад уплывам аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу радзіны, запазычаных з польскай мовы, што малаверагодна, параўн. балг. трети́ни ‘памінанне на трэці дзень пасля смерці’, девети́ни ‘памінанне на магіле на дзявяты дзень пасля смерці’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2-3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. сып; незак.

1. што. Прымушаць падаць куды‑н., паступова выпускаючы (што‑н. сыпкае ці дробнае). Сыпаць соль у кашу. Сыпаць збожжа ў мяшок. □ [Данік] сыпаў ім крошкі хлеба, і, здавалася, рыбкі ядуць. Брыль. — Сып на зямлю, я ўсё падбяру! — крычаў Мірон. Маўр. Яніна падстаўляе насоўку, і Леснічыха штосьці сыпле ёй у насоўку з паперкі. Козел. // Асыпаць. Прамоклыя наскрозь дрэвы сыпалі на бліскучы асфальт, на рабыя лужыны вялае парыжэлае лісце. Адамчык. Бічы кладуцца так рытмічна, Само гудзенне іх музычна; Снапы не ўлежаць, скачуць самі І сыплюць жыта пад бічамі. Колас.

2. што. Рабіць, узводзіць з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насып сыпалі высокі Па-над Днепрам сінім, Каб відаць было далёка Па ўсёй Украіне. Купала. [Загадчык клуба:] — Гэта шафёры з суседняга раёна... Дарогу тут сыпалі. Нядзведскі. // Засыпаць для захоўвання што‑н. сыпкае. Да ям з вёскі не было дарогі, да іх пад’язджалі кожны раз полем, калі вазілі ўвосень сыпаць бульбу і ездзілі даставаць вясной. Пташнікаў.

3. што, чым і без дап. Кідаць, раскідваць (што‑н. сыпкае, дробнае). Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Пілы, туга нацягнутыя ў раме, скачуць і скачуць з прысвістам, грызуць сасну і сыплюць фантанчыкам белае пілавінне. Дуброўскі. Вецер насіў па вуліцах абрыўкі газет і папер, сыпаў пяском у вочы. Навуменка. / у перан. ужыв. Зрэнкі .. [Ігналя] пачалі іскры сыпаць, як у дзікага затраўленага звера. Бядуля. / Пра частыя, дробныя гукі. Чыстым срэбрам сыплюць у празрыстых гаях пеначкі. Ігнаценка. / Пра святло сонца, месяца. Вясновае сонца сыпала на зямлю золата промняў. Сабаленка. Поўнае начное свяціла стаяла над садам і шчодра сыпала сіняе срэбра ўніз. Хомчанка.

4. Ісці, падаць (пра дробны, часты снег, дождж). Дробны дождж ціха сыпаў з цёмнага вячэрняга неба. Ваданосаў. Сыпаў снег, густы, калючы, ды мацней свістаў вецер. Алешка.

5. перан.; што, чым. Пасылаць, накіроўваць на каго‑н. у вялікай колькасці; шчодра надзяляць чым‑н.; асыпаць. Сыпаць удары. □ — Здалося нам, Што вораг сыпаў Вакол фугасам і свінцом. І. Калеснік.

6. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць, вымаўляць што‑н. хутка, бесперапынна, адно за адным. Сыпаць лічбамі. □ [Лёнька] знарок сыпаў такімі тэхнічнымі тэрмінамі, што наўрад ці зразумеў хто яго тлумачэнні. Пянкрат. Жонка .. сыпала на .. [Тамаша] ўвесь запас лаянак, які толькі ведала. Бядуля. [Пан] увесь час сыпаў тупыя жарты і танныя досціпы. Машара. — Вечар добры, вечар зорны, дарагія мае землякі! — сыпаў .. [Язэп] ледзьве не ў рыфму. Кавалёў.

7. перан.; што. Разм. Рабіць што‑н., звязанае з частымі ўдарамі, хуткім бесперапынным рухам. Жар факстрот! Сып чарльстон На раялі ў трыццаць тон! Крапіва.

8. перан. Разм. Імкліва бегчы, ісці, ехаць. Зіма. Грудам сыплюць па вуліцы хлопчыкі. Гарэцкі. [Конюх:] — Плугі і пастронкі на возе. Там жа і пута. Запрагай і сып. Шчаслівай дарогі! Якімовіч.

9. каго-што і без дап. Разм. Выдаваць каго‑н., расказваць пра што‑н. сакрэтнае. [Гэля:] — Павел!.. Я іначай не магла... Арыштавалі Гадлеўскага з мясакамбіната. Ён сыпле ўсіх, з кім быў звязан... Навуменка. [Аляксей:] — Чуваць, што Казючок сыпле ў дэфензіве. Пестрак.

10. каго-што. Разм. Даваць прыплод у вялікай колькасці, несці яйкі і пад. [Мар’я:] — На развод — куры трэба... Вунь у мяне рабая ёсць, самая нясучая. І зімой яйкі будзе сыпаць... Паўлаў.

•••

Сыпаць бісер перад свіннямі — дарэмна гаварыць аб чым‑н. ці даказваць што‑н. таму, хто не здольны або не хоча зразумець гэта.

Сыпаць макам — а) пісаць дробнымі літарамі; б) дробна скакаць, танцаваць; в) гаварыць вельмі хутка.

Сыпаць соль на раны — рабіць каму‑н. балюча, хваляваць, засмучаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трус1, тру́сік ‘кролік, свойскі грызун сямейства заечых, Lepus cuniculus domesticus’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Гарэц., Др.-Падб., Пятк. 2, Яруш., Касп., Сцяшк., Растарг., Сл. ПЗБ, Арх. Вяр., Бяльк.), трусь ‘тс’ (Нас., Бяльк., Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 1), сюды ж ст.-бел. трусочы ‘кралёвы, кролікавы’ (XVII ст., ГСБМ), паўд.-зах.-бел. тру́сіха, цэнтр.-бел. трусі́ца, цэнтр. і ўсх.-бел. тру́ска ‘самка труса’ (ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Касп., Янк. 3., Сцяшк.). Укр. трусь, трус ‘кролік’; рус. трус ‘тс’ (Даль), польск. trusia, truś ‘тс’, ст.-польск. truśka ‘кральчыца’, славац. trus‑trus ‘падкліканне трусоў’. Відавочна, генетычна звязана з трусі́цца ‘трэсціся, дрыжаць’: конь чуе, што подходзяць воўкі, трусіцца (ТС), гл. тру́сі́ць1 ‘калаціць, трэсці’, тады — ‘той, хто трасецца, хто дрыжыць’, што характэрна для кроліка: pałochliwy jak trus (królik) (Пятк. 2, 262). Паўночнаславянскі дэвербатыў, ідэнтычны прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ (гл. трус2). Сюды ж у адносінах да чалавека трус ‘баязлівец’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Пятк. 2), параўн. укр. трус, рус. трус, польск. trus, trusia ‘тс’, што ўзводзяць да прасл. дыял. *trusъ ‘страх’, звязанага чаргаваннем з *trǫsъ ‘трасенне’ (ЕСУМ, 5, 658), параўн. укр. труса́ ‘страх’. У беларускай літаратурнай мове і ў беларускіх гаворках пашырылася, відаць, з рускай мовы, дзе лексема трус са значэннем ‘баязлівец’ ужываецца з XVIII ст. (Чарных, 2, 267), аднак найменні з зыходнай семантыкай ‘трапятанне, дрыжыкі, боязь’ фіксуюцца ўжо з XII—XIII стст. (СлРЯ, 11-17, 30, 208). Вытворныя трусі́на ‘тс’ (Юрч. СНЛ), тру́ска ‘баязліўка’ (Янк. 3.), трусля́к ‘тс’ (Мат. Маг.), труслі́ву, трусьлі́вы ‘тс’ (ТС, Бяльк.), труса́н, трусі́шча ‘тс’ (Жд. 2), тру́сасць ‘баязлівасць’ (Др.-Падб.), як і ўтварэнні н.-луж. tšuchły ‘сарамлівы, маладушны’, ‘баязлівы’, ‘сумны’, в.-луж. truchły ‘баязлівы’, лат. traušâtiês ‘баяцца’ сведчаць пра магчымасць незалежнага развіцця семантыкі, гл. Фасмер, 4, 110; Арол, 4, 109. Іншая этымалогія слова грунтуецца на выклічніках, якімі падзываюць кролікаў і іншых хатніх жывёл і птушак: трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў (Нас.; Горбач, Зах.-пол. гов.), укр. трусь-трусь ‘тс’, рус. трусь-трусь — падзыўныя для кролікаў і цялят, трусе́‑трусе́ — падзыўныя для кароў, тру́сенька‑тру́сенька — падзыўныя для коней, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў і індыкоў, trusia‑trusia — падзыўныя для кароў, trusz‑trusz — падзыўныя для кролікаў і інш. (Борысь, 645), якія могуць узыходзіць да тпро, тпру, птрусь (гл.). Сюды ж трусі́ць, атрусі́ць ‘прыводзіць трусянят’, трусыне́тко, трусыня́тко ‘трусянё’ (Сл. Брэс.), трусі́нь пад печ! ‘выгук для адганяння трусоў’ (Юрч. Вытв.), тру́ска ‘самка кроліка’ (Касп.), тру́сік ‘кролік’ (Ласт., Растарг.), трусо́к ‘тс’ (Ласт.).

Трус2 ‘ ваганне зямлі, землятрус’ (ТСБМ), ст.-бел. трусъ ‘тс’ (ГСБМ). Параўн. укр. трус ‘трасенне; сумятня, перапалох’, ц.-слав. трясенье земле, трусъ ‘землятрус’, рус. трус ‘тс’, ‘бура і хваляванне, лютасць стыхій’, стараж.-рус. трусъ ‘трапятанне, дрыжанне, страх’, ‘трасенне’, серб. тру̂с, харв. trûs ‘землятрус’, балг. (земе)тръ́с ‘тс’, ст.-слав. трѫсъ ‘тс’, ‘хваляванне, бура’. Да прасл. *trǫsъ ‘трасенне’ < *tręsti ‘трэсці’ ў выніку мены насавога ǫ на ўсх.-слав. у, гл. тру́сіцца, тру́сіць, трэсці. У сувязі з тым, што лексема *trǫsъ мела некалькі значэнняў, у сучасных славянскіх мовах у значэнні ‘ваганне зямлі’ стаў ужывацца навуковы тэрмін: польск. trzęsienie ziemi, чэш. zemětřesení, рус. землетрясение, балг. земетресене і земетръ́с, макед. земјотрес, серб. зе̏мљотрес, параўн. паэтычнае землятру́с (У. Караткевіч).

Трус3 (trus) ‘ператрус, вобыск’ (Пятк. 3), тру́ска ‘тс’ (Клім.). Да. трусіць1 ‘шукаць’, гл.

Трус4 ‘від бегу каня, трух, трушок’ (Бяльк.), сюды ж тру́сом (бегчы) ‘тс’ (Стан., Бяльк.), труском, трускаля́ ‘тс’ (чач., ЖНС), трусі́ць ‘бегчы трушком’ (ТСБМ), рус. смал. трусь ‘ціхі трух, трушок’, балг. тръ́с ‘тс’. Узыходзіць да прасл. *trǫsъ < *trǫsiti ‘трэсці’, параўн. таксама трух, трушок, гл.

Трус5 ‘смецце, ламачча, жарства, друзачкі’ (Нас., Некр. і Байк.); сюды ж, відаць, тру́сак ‘смецце, чарапкі’ (Нас.), тру́сок ‘сухія галінкі, трэскі’ (Федар. 1), тру́ска ‘парушына, трэсачка’ (Нас., Юрч. Вытв., ТС), трусо́чык ‘дробнае вецце, сухое галлё’ (Бяльк.), труса́пілавінне’ (ст.-дар., Жыв. НС), трусочка ‘ламачча, буралом’ (Нар. Гом.), тру́сачка ‘парушынка; трэсачка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Байк. і Некр.), ‘дробка, каліва’ (Нас.), тру́снік ‘друз, трэскі’, ‘дробнае ламачча’ (ТС), ‘трэскі’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. укр. тру́со́к ‘дробнае ламачча, сухія трэскі’, ‘дробна парубанае галлё’, рус. трус ‘тс’. Дэвербатыў ад трусіць2 ‘смяціць, церушыць, растрасаць’ (гл.), аднак некаторыя вытворныя дэманструюць сувязь з труск (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)