Ба́сма ’фарба басма’. Рус. ба́сма. Лічыцца запазычаннем з цюрк. моў (basma). Так Сл. ін. слов, 96. Але націск сведчыць аб пасрэдніцтве іншых моў (дакладна невядома якіх).

Басма́пячатка, знак і да т. п.’ Ст.-рус., рус. басма́, укр. басма́ (< рус.). Запазычанне з цюрк. моў (цюрк. basma ’набіўное палатно, тканіна’, ад basmak ’ціснуць, друкаваць’). Параўн. яшчэ ўкр. ба́сма ’чорная шаўковая хустка’, балг. басма́ ’набіўное палатно’, серб.-харв. ба̀сма ’тс’. Бернекер, 45; Фасмер, 1, 131; БЕР, 1, 35; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 19; Рудніцкі, 85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*То́лак, то́лок ’трамбоўка’: толоком збівалі ток (ТС). Параўн. укр., рус. то́лок ’прылада для трамбавання; поршань’, дыял. ’таўкач’, польск. tłok ’поршань, штэмпель, пячатка’. Ідэнтычнае польск. tłok ’ціск, ціжба’, чэш. tlak ’ціск, націск’, ’вытаптаная зямля’, славац. tlak ’ціск’, в.-луж. tłok ’цвёрдая перамешаная са жвірам зямля’, славен. tlàk ’добра ўтрамбаваная зямля; ціск’, харв. tlȃk ’ціск’. Сюды ж балг. тлак ’нанос’ (Бярнар, Бълг. изсл., 252), што да прасл. *tolkъ ад *telkti ’таўчы’ (Фасмер, 4, 72; Бязлай, 4, 186; Шустар-Шэўц, 1509). Тэхнічныя тэрміны позняга паходжання (Борысь, 634).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кляймо́, а́; мн. кле́ймы (з ліч. 2, 3, 4 кляймы́), кле́ймаў; н.

1. Пячатка, знак, якія ставяцца на вырабах і паказваюць гатунак тавару, назву прадпрыемства і пад. Фабрычнае кляймо. Завадское кляймо. □ Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша. Шамякін. // Выпалены знак на скуры жывёлы. // Метка, звычайна ў форме літар, выпаленая на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 года).

2. перан.; чаго або якое. Знак, сведчанне чаго‑н. (звычайна ганебнага). Кляймо забойства. □ Занятак адкладвае на кожнага своеасаблівае кляймо. Бядуля.

3. Прылада, якой кляймуюць.

•••

Каінава кляймо — след злачынства на кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пятно́ ’пляма на адзенні’ (ЛА, 3; баран., Сл. ПЗБ), ’радзімка, знак на целе, сіняк’ (віл., воран., Сл. ПЗБ), сюды ж пе́тня (piétnia) ’чырвоная плямка на скуры’ (Варл.), пяцьмо́ ’пляма на адзенні’ (Ян.), пятня́к ’тс’ (лях., Сл. ПЗБ), пя́тнашка ’сіняк’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пятло́ ’ружовае месца на шчацэ’ (ЛА, 3); укр. пʼятно́, петьмо́ ’пляма, знак’, рус. пятно́ ’тс’, польск. piętno, piątno ’таўро, пячатка, кляймо’, балг. петно́, пьекно́ ’пляма; карычневая плямка на скуры ад старасці’. Прасл. *pętьno ’след, знак’ (спачатку ў мове паляўнічых), што ад *pęta (гл. пята́) (Фасмер, 3, 425; БЕР, 5, 203). Паводле Банькоўскага (2, 543–544), толькі ўсходнеславянскае, у іншых мовах — запазычанне з усходнеславянскіх, пра спецыфічнае паходжанне слова, на яго думку, сведчыць рус. гнаться по пятам ’ісці па следу’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кні́га1 ’друкаванае або рукапіснае выданне ў форме збрашураваных і пераплётных разам аркушаў з тэкстам’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.). Укр. книга, рус. книга, ст.-рус. кънига ’тс’, ст.-слав. кънига, балг. книга, серб.-харв. књи̏га, славен. knjíga ’тс’, польск. księga, чэш. kniha, славац. kniha, в.-луж. kniha ’тс’. Запазычанне з усходніх моў не выклікае сумненняў. У якасці крыніцы — акад. kunukkuпячатка’, праз арм. knik ’тс’. Гэты шлях запазычання культурных слоў адзначаецца і для іншай праславянскай лексікі (dorga ’тарговы шлях’, mědь ’назва металу’). Іншая версія: цюркская крыніца (ст.-цюрк. küinig < кіт. küen ’світак’). (Агляд версій аб запазычаннях гл. Фасмер, 2, 263; Слаўскі, 3, 272–273). Разам з тым ужо даўно высоўваліся гіпотэзы аб узнікненні слова кніга на славянскай моўнай глебе з тымі або іншымі асаблівасцямі, яны зводзіліся да прасл. kъniga < kъnъ ’пень’. Параўн. з пункту погляду семантыкі лац. codex ’пень’ > codex ’рукапіс, кніга’. Іншая інавацыя ад таго ж кораня — прасл. kъněja (гл. кнея) (агляд гэтых версій там жа, параўн. у апошнія гады Атрэмбскі WS, 12, 75–76; Шустэр–Шэўц, ZfSI, 16, 50–51). Асноўная цяжкасць тлумачэння kъniga < kъn‑iga — адсутнасць надзейных прыкладаў словаўтварэння з ‑iga. Прасл. veriga, якое прыводзяць Атрэмбскі і Шустэр–Шэўц, утворана ад дзеяслова verti і да таго ж узыходзіць да *veryga (SP, 1, 66). Іншыя прыклады або зусім не маюць этымалогіі, або таксама ўзыходзяць да ўтварэнняў з ‑yga.

Кні́га2 ’кнігаўка’ (Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., Серб., Маш., Янк. III, Дразд.). Параўн. кнігаўка (гл.). Укр. книга, рус. книга, чэш. kniha ’тс’. Распаўсюджанне гэтай лексемы незразумелае. Рускія формы книга і книгалка толькі на захадзе і поўдні. Таму асноўнай тэрыторыяй распаўсюджання трэба лічыць беларуска-ўкраінскі арэал. Адсутнасць у польскай мове пры наяўнасці ў чэшскай трэба ўдакладніць. Лічыцца гукапераймальным ад кні‑кні (Махэк₂, 263; ЕСУМ, 2, 473). Магчыма, аднак, сувязь з каня, канька (гл.) як назвамі чайкі. Ці не кніга < канька (> *кника > книга) або < канюка (*кнюка > *кніка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́сціся, кладу́ся, кладзе́шся, кладзе́цца; кладзёмся, кладзяце́ся; пр. кла́ўся, кла́лася; незак.

1. Прымаць ляжачае, гарызантальнае становішча; проціл. ўставаць (пра людзей, жывёл). Класціся на ложак. □ Волька Янкава сказала Тодарчыку не кідаць Смыка, бо ён наравісты. А знаравіцца — кладзецца ў аглоблях нават на сухім. Хоць забі яго. Пташнікаў. / У спалучэнні са словамі, якія паказваюць на тыя ці іншыя асаблівасці такога становішча. Класціся на бок. Класціся на спіну. // Укладвацца, размяшчацца (для сну, адпачынку). Прыходзячы з работы дахаты, Дзяніс прымаў душ, абедаў і клаўся адпачываць. Пестрак. // Адпраўляцца на лячэнне (у клініку, шпіталь і пад.). Класціся ў бальніцу. // перан. Разм. Паміраць, гінуць (у баі, на вайне). — Б’юць царскае войска. Як пракосы на сенажаці пад касой кладуцца, гэтак там кладуцца.. салдаты. Мурашка.

2. Апускацца, падаць на якую‑н. паверхню. Снег кладзецца белым пухам. □ Навокал Каляды клаліся варожыя снарады, узнімаючы зямлю. Гурскі. // Размяшчацца дзе‑н. пэўным чынам. Доўгія русыя валасы [у Іны] хвалямі клаліся на плечы. Ваданосаў. // Выступаць на паверхні ў форме следу, адбітка і пад. А за касцом двума слядамі Адбіткі ног яго кладуцца. Колас. Ад зубчатых трактарных калёс След адменны клаўся па зямлі. Астрэйка.

3. Засцілаць сабою што‑н., распаўсюджваючыся на паверхні. На поле клаўся туман. На захадзе раз’яснівалася. Пташнікаў. Гарыць, патрэсквае касцёр, водсветы яркага полымя кладуцца на твары, на чырвоныя гальштукі. Бялевіч. / Пра загар, румянец, маршчыны. Прыжмурана глядзеў [Абрам] у даль вуліцы, а каля вачэй клаліся свежыя маршчыны. Пестрак. // Наступаць (пра зіму). Пачала класціся зіма. Лужанін.

4. Браць які‑н. напрамак (пра самалёт, карабель). «Балтыка» ідзе ранейшым курсам, а караблі кладуцца на зваротны курс. «Звязда».

5. Добра прыставаць, паддавацца кладцы. Цэгла роўна кладзецца ў сцяну. □ Пячатка клалася ясна, аж прыліпала, і абадок з назваю ведамства, і асяродак з назваю завода відны былі вельмі добра. Скрыган. // Адпавядаць, падыходзіць. Сапраўды, калі апошні зборнік «Пад мачтай» супадае з перыядам спаду Народнага фронту, дык два папярэднія ніяк не кладуцца ні тэматычна, ні храналагічна ў рамкі творчых перыядаў. У. Калеснік. // перан. Лёгка і свабодна выкладацца, выказвацца (пра думкі, слова і пад.). Калі думаеш і нават калі гаворыш, словы гладка кладуцца адно да аднаго, атрымліваецца складка, прыгожа. Новікаў.

6. перан.; на каго-што. Станавіцца чыім‑н. абавязкам, заняткам і пад. — Гэта можна зрабіць і дома, — запярэчыў Аляксееў, адчуваючы, што адказнасць за Юркаў лёс у гэты момант кладзецца і на яго. Карпаў. Усе клопаты кладуцца на плечы брыгадзіра. Асіпенка. // У спалучэнні са словамі «на душу», «на сэрца» і пад. абазначае: рабіцца прадметам цяжкага роздуму, непакою, трывогі. Енкі і балючы плач раздзіралі мураваныя сцены, цяжкім каменем клаліся на сэрца вязня. Няхай. На сэрца кладзецца Дум горкіх цяжар. Колас.

7. Зал. да класці.

•••

Класціся ад смеху (са смеху) — моцна смяяцца.

Класціся спаць з курамі — класціся спаць вельмі рана, як толькі сцямнее.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сысці́, сыду́, сы́дзеш, сы́дзе; пр. сышо́ў, ‑шла́, ‑шло́; заг. сыдзі́; зак.

1. Ідучы, спусціцца ўніз. Па сходах [Рыгор і Пятрусь] сышлі моўчкі. Гартны. Комлік злосна махнуў рукою і сышоў з ганка. Карпаў. // Пакінуўшы сваё месца дзе‑н. наверсе, на ўзвышэнні, спусціцца на зямлю; злезці. Даям’ян сышоў на першы паверх, у капцёрку, пераапрануўся ва ўсё вайсковае, зірнуў у люстэрка і не пазнаў сябе. Лупсякоў. Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна рады, Прывітаў з дажынкамі дзяўчат. Смагаровіч.

2. перан. Наступіць, распаўсюдзіцца, нібы спусціўшыся зверху (пра ноч, імглу і пад.). Дым наніз сышоў і лёг. Калачынскі. Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Мележ. // Кніжн. Авалодаць кім‑н., апанаваць, ахапіць каго‑н. (пра пачуцці і пад.). На яго сышоў спакой. □ Колькі ўспамінаў раптам сышло на .. [Алеся]. Броўка.

3. Выйсці, высадзіцца (пра пасажыраў). Сысці з трамвая. Сысці з поезда. □ [Лук’янскі] ўбіўся ў напханы салдатамі вагон і, стоячы, праехаў шмат станцый, сам не ведаючы, на якой з іх сысці. Чорны. Дзядзька развітаўся і сышоў на Завальнай вуліцы. На наступным прыпынку пакінуў аўтобус і я. В. Вольскі. Вялікая небяспека падпільноўвала Білі таксама і ў порце Стакгольма, дзе ён павінен быў сысці на бераг. Гамолка. [Бабейка] папрасіў Зараніка сысці разам з ім на ўскраіне вёскі, а брычку адправіў з Вольнай. Хадкевіч.

4. Пакінуць сваё месца, пераходзячы на іншае; звярнуць убок, адхіляючыся ад ранейшага шляху. Прыглядзеўся [Юзік] — нікога нідзе наўкол. Тады сышоў з месца і каля вішняку асцярожнымі крокамі пачаў ісці. Баранавых. Першы заўважыў атрад Дрозд. Ён скамандаваў усім сысці з дарогі ў лес. Хомчанка. У Андрэя аж замлелі ногі — доўга стаяў на адным месцы, выцягнуўшы ўгару рукі, — і ён сышоў з бруку. Пташнікаў. // Саскочыць, ссунуцца пры руху, не ўтрымаўшыся на чым‑н. Вагон сышоў з рэек.

5. Быць вырабленым, выйсці з вытворчасці. Тут людзі пракладваюць тракты Праз далі палёў і лясоў, А недзе мільённы ўжо трактар З канвеера ў поле сышоў. Прыходзька. Маторы працавалі без перабояў, нібы толькі што сышлі з канвеера. Шахавец.

6. Пайсці куды‑н. (звычайна на некаторы час). [Крамер:] — Як на ліха, няма дома жонкі, сышла да знаёмай. Навуменка. [Оля] адразу павяла Георгія за паварот, непакоячыся толькі пра адно, каб як мага шпарчэй сысці з калідора, дзе іх можа ўбачыць стары. Мележ. Ложкі ля сцяны былі пустыя. Значыцца, гэта ўжо не рана, калі Пляшкевіч і Мятліцкі сышлі некуды. Савіцкі. // Пакінуць месца жыхарства, работы. Так і не бачылі з таго часу дзеда. Сышоў у ноч і знік. Лынькоў. Восенню Даўгавус сышоў на заработкі і працаваў шэсць год. Лупсякоў. // Падацца куды‑н. у другое месца (пра жывёл і пад.). [Міхась:] — [Акуні], брат, сышлі цяпер на глыбейшыя месцы. Якімовіч.

7. перан. Разм. Памерці. [Маці:] Каторую ночку ты [Гэля] курчышся вось так на гэтай канапцы. Так жа і сысці можна. Губарэвіч.

8. Перастаць ставіцца ў тэатры, дэманстравацца ў кіно. У свой час па .. паэме [А. Александровіча «Напор»] калектыў тэатра імя Якуба Коласа ставіў спектакль, але ён вельмі хутка сышоў са сцэны, бо не атрымаў у гледача прызнання. «Полымя»,

9. Перастаць пакрываць якую‑н. паверхню, растаўшы, адпаўшы і пад. З сукенкі сышлі плямы. □ На дварэ яшчэ было холадна, хоць ужо снег сышоў і набліжаўся час палявых работ. Дуброўскі. Мора сышло, адступіла з тэрыторыі Беларусі далёка на ўсход і толькі ў раёне Прыпяцкага прагібу яно не здавала сваіх пазіцый. Чаркасаў. У лесе зноў трохі пасвятлела — хмары сышлі. Навуменка. // Знікнуць з паверхні, з твару і пад. Здзіўлена гляджу на рукі, з якіх сышлі мазалі. Караткевіч. / Пра загар, румянец і пад. За два дні [Севіна] шчака перастала балець, аблегла, але сінявата-жоўты колер не сышоў. Карпаў. Вірчэўскі ссутуліўся, нахіліўшы наперад галаву, чырвань з твару сышла, вочы моргалі. Хадкевіч. / Пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад. Але ў хаце бацькаў голас памякчэў, з твару сышла пахмурнасць. Сабаленка. // перан. Быць сказаным, вымаўленым (пра словы). Адам зноў пачаў кідацца, і з .. языка яго некалькі разоў сышло імя Марыны. Чорны. // перан. Знікнуць, перастаць непакоіць (пра які‑н. фізічны стан, перажыванні і пад.). Тая горыч, што асталася на сэрцы пасля размовы з Хведаравай маці, амаль зусім ужо сышла і больш не трывожыла, не вярэдзіла сэрца. Савіцкі.

10. Разм. Прайсці, закончыцца, завяршыцца. Няма граніц, няма паноў — Сышло іх панаванне. Колас. І калі сышла вайна, у школу вярнуўся [Трахім] неахвотна. Мележ.

11. Разм. Ажыццявіцца, закончыцца паспяхова, шчасліва (пра справу, здарэнне і пад.). Экзамен сышоў добра. □ Апошні [сват] .. ўгаварыў спачатку Фёкліну маці, а затым і дачку прыручыў да маладога — мусіць, гладка сказаў, калі сышло ладам. Мыслівец. // Прайсці для каго‑н. бяскарна (пра ўчынкі, правіннасці і пад.). Першым чынам Пугача Запрашу, вядома. І Сыча і Крумкача Папампую дома. Бо калі б не ласка іх, Подпіс і пячатка — І паловы спраў маіх [Вераб’іных] Не сышло б так гладка! Гілевіч.

12. Разм. Аказацца прыгодным, дапушчальным і пад. Вядома, летам і пракарміцца лягчэй, і адзежына любая сыдзе. Калачынскі.

13. Разм. Быць прынятым за каго‑, што‑н. або прызнаным раўнацэнным каму‑, чаму‑н. Рэдка тады дзе было радыё ў вёсках, а спецыялістаў яшчэ менш. І таму Алесь сышоў, як ён казаў, за інжынера, ганарыўся гэтым. Ваданосаў. [Амелька] проста мог сысці за меншага Валінага брата. Якімовіч.

14. Выцечы, зліцца (пра вадкасць); выйсці (пра газ, пару і пад.). [Іван Іванавіч] адкручваў кран — чакаў, пакуль сыдзе з труб цеплаватая вада. Даніленка. Пшыкнула гармонь, духам сышла, над парванымі мяхамі клубы пылу ўзняліся. Лынькоў. // Знемагчы ад страты чаго‑н.; заліцца чым‑н. Падыходжу: Алеся!.. З лесу, раненая, прыпаўзла да сяла, Да сваіх... Тут памерла, крывёю сышла. Куляшоў. Дзяўчыне Лена паклала лубок .. Здавалася, трэба раўней і тужэй. Покуль зрабіла, аж потам сышла. Броўка.

15. Скончыцца, прайсці (пра тэрмін, час). Тэрміны ранняй сяўбы сышлі. □ Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Колас.

•••

Каб мне з гэтага месца не сысці — бажба. [Васіль:] — Няўжо вы [хлопцы] думаеце, што я хацеў, каб .. [Павел] .. [Даніка] ударыў? І не думаў, каб мне вось з гэтага месца не сысці! Брыль.

Сысці з вачэй — пайсці, знікнуць з поля зроку.

Сысці з дыстанцыі — у спорце — адмовіцца ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах па бегу, гонках і пад.

Сысці з памяці — забыцца.

Сысці з рук — прайсці беспакарана, без непрыемнасцей.

Сысці на нішто — а) прапасці, знікнуць зусім, да канца. Гордая пастава .. [Лямэнта] сышла на нішто. Чорны; б) перан. страціць сваё значэнне.

Сысці са сцэны — перастаць існаваць, дзейнічаць.

Сысці ў магілу — памерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)