Кні́га1 ’друкаванае або рукапіснае выданне ў форме збрашураваных і пераплётных разам аркушаў з тэкстам’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.). Укр. книга, рус. книга, ст.-рус. кънига ’тс’, ст.-слав. кънига, балг. книга, серб.-харв. књи̏га, славен. knjíga ’тс’, польск. księga, чэш. kniha, славац. kniha, в.-луж. kniha ’тс’. Запазычанне з усходніх моў не выклікае сумненняў. У якасці крыніцы — акад. kunukku ’пячатка’, праз арм. knik ’тс’. Гэты шлях запазычання культурных слоў адзначаецца і для іншай праславянскай лексікі (dorga ’тарговы шлях’, mědь ’назва металу’). Іншая версія: цюркская крыніца (ст.-цюрк. küinig < кіт. küen ’світак’). (Агляд версій аб запазычаннях гл. Фасмер, 2, 263; Слаўскі, 3, 272–273). Разам з тым ужо даўно высоўваліся гіпотэзы аб узнікненні слова кніга на славянскай моўнай глебе з тымі або іншымі асаблівасцямі, яны зводзіліся да прасл. kъniga < kъnъ ’пень’. Параўн. з пункту погляду семантыкі лац. codex ’пень’ > codex ’рукапіс, кніга’. Іншая інавацыя ад таго ж кораня — прасл. kъněja (гл. кнея) (агляд гэтых версій там жа, параўн. у апошнія гады Атрэмбскі WS, 12, 75–76; Шустэр–Шэўц, ZfSI, 16, 50–51). Асноўная цяжкасць тлумачэння kъniga < kъn‑iga — адсутнасць надзейных прыкладаў словаўтварэння з ‑iga. Прасл. veriga, якое прыводзяць Атрэмбскі і Шустэр–Шэўц, утворана ад дзеяслова verti і да таго ж узыходзіць да *veryga (SP, 1, 66). Іншыя прыклады або зусім не маюць этымалогіі, або таксама ўзыходзяць да ўтварэнняў з ‑yga.

Кні́га2 ’кнігаўка’ (Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., Нар. словатв., Серб., Маш., Янк. III, Дразд.). Параўн. кнігаўка (гл.). Укр. книга, рус. книга, чэш. kniha ’тс’. Распаўсюджанне гэтай лексемы незразумелае. Рускія формы книга і книгалка толькі на захадзе і поўдні. Таму асноўнай тэрыторыяй распаўсюджання трэба лічыць беларуска-ўкраінскі арэал. Адсутнасць у польскай мове пры наяўнасці ў чэшскай трэба ўдакладніць. Лічыцца гукапераймальным ад кні‑кні (Махэк₂, 263; ЕСУМ, 2, 473). Магчыма, аднак, сувязь з каня, канька (гл.) як назвамі чайкі. Ці не кніга < канька (> *кника > книга) або < канюка (*кнюка > *кніка).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)