ласу́нак, ‑нку, м.

1. Што‑н. вельмі смачнае; улюбёная страва. Хатнія ласункі. □ Грыбы [госці], вядома, хвалілі, дый удаваліся яны такія, што маглі лічыцца ласункам. Лужанін. [Чайкі] то стралой узнімаюцца ўгору, то куляй ляцяць уніз за ласункамі, якія пасажыры кідаюць за борт. Філімонаў.

2. звычайна мн. (ласу́нкі, ‑аў). Салодкія кандытарскія вырабы і наогул усё смачнае; прысмакі. Танкісты пачалі дзецям соваць ласункі, хто галеты, хто цукар. Няхай. У парк рэдка хто заглядваў, і мядзведзям ужо не прыносілі ніякіх ласункаў. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мігда́л, мікда́ль, мікда́ліна, мігда́лік, мігда́лы ’міндаль (дрэва і плады)’, ’нябесная манна’, ’прысмакі, ласункі’ (Нас., Дун.-Марц.; гродз., Сцяшк. Сл.; слуц., Жыв. сл.; паўд.-усх., КЭС), ст.-бел. микгдалъ, мигдалъ ’міндаль’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. migdał ’тс’, якое з лац. amygdalum < ст.-грэч. ἀμύγδαλος, ἀμυγδάλη, άμυγδάλιον, — апошнія з семіцкіх моў (Булыка, Лекс. запазыч., 148; Кюнэ, Poln., 77; Фасмер, 2, 623; ЕСУМ, 3, 457).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

брусо́к, ‑ска, м.

1. Памянш. да брус (у 1, 2 знач.). [Майстар] бярэ чатырохкантовы брусок жалеза і тлумачыць, якім чынам і дзе тут трэба пракруціць навылётны канальчык. Кулакоўскі. Стаяў асобна ў місцы скорам Сяго-таго для верашчакі. Хоць невялікія прысмакі — Цыбуля, перчык, ліст бабкоў Ды сальца некалькі брускоў. Колас.

2. Тачыльны, шліфавальны камень, звычайна ў форме плоскага прадаўгаватага чатырохгранніка. Шліфоўка інструментаў — рэч і не простая і не звычайная. Трэба ведаць, які брусок — ці цвёрды, ці мяккі, ці гладкі, ці крупчаты — пад[ы]ходзіць да кожнага начыння. Бядуля. Гаспадар на ганку точыць бруском сякеру. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пры́смак ’дадатковы, пабочны смак, які прымешваецца да смаку чаго-небудзь’ (Растарг., ТСБМ), прысма́к ’тс’ (Байк. і Некр.), ’добры, прыемны смак’ (Нас.), таксама прысма́ка, прысма́кі ’ласункі, салодкае; смачныя, асабліва прыгатавання стравы’; ’прыправа’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Нік. Очерки, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг., Бяльк., Нар. сл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж прысма́чыті ’заправіць’ (З нар. сл.). Рус. при́сма́к ’прыемны смак; прыправа; ласунак’, укр. присма́ка ’прыправа; ласунак’. З польск. przysmak ’прыправа, ласунак’ (Фасмер, 3, 366). Параўн. смак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смак ‘адчуванне ў роце ад ежы, пітва і інш.’, ‘апетыт’, ‘задавальненне, ахвота’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Нас., Ласт., Гарэц., Касп., Байк. і Некр., Шат., Растарг., Стан., Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ТС), смо́кіпрысмакі’ (Скарбы, Барад.). Як і рус. смак і роднасныя праз польск. smak з ст.-в.-ням. gismac або с.-в.-ням. gesmac(h) ‘смак’; гл. Кюнэ, Poln., 97; Міклашыч, 309; Брукнер, 503; Фасмер, 3, 683. Паводле Маньчака (ABSl, 21, 302), з ст.-в.-ням. або с.-в.-ням. smac ‘тс’. З польскай паходзяць смачны < smaczny і смакава́ць < smakować; гл. Праабражэнскі, 2, 334; Фасмер, там жа. Ст.-бел. смакъ (XV ст.) і смаковати (XVI ст.) паходзяць з ст.-польск. smak і smakować (Булыка, Лекс. запазыч., 128, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́сы, ласый ’ахвочы да ласункаў’ (Нас., Яруш., ТСБМ, КЭС, лаг., Сл. паўн.-зах., Растарг.), ’прагны’ (Бес., Бяльк., Шат.), ’смачны, прынадны’ (ТСБМ, Янк. БП, Нік. Очерки). Укр. ласий, рус. ласый, польск. łasy ’тс’. Паўн.-слав. lasъ ’прагны, ласы’ — роднаснае з прасл. las‑ka, lasiti sę (Слаўскі, 5, 30–31). Бернекер (1, 692), Бартоламе (IF, 3, 195), Мее₄ (342), Траўтман (150), Покарны (654), Махэк₂ (321), Фасмер (2, 464) збліжаюць прасл. lasъ са ст.-інд. láṣati ’жадае’, abhi‑lāṣas ’жаданне’, ст.-грэч. λιλαίομαι ’жадаю’, λαστη πόρνη ’насмешка’, лац. lascivus ’гарэза’, гоц. lustus, ст.-в.-ням. lust ’радасць’. Сюды ж ла́саваць ’парушаць недазволенае з ласункаў’ (Нас., Гарэц.), ’частаваць ласункамі’, ла́савацца, ла́соваті ’атрымліваць асалоду’ (ТС), ласейшы ’смачнейшы’ (Сл. паўн.-зах.), ласун, ласонік, ласік, ласько, ласунчык ’той, хто любіць паласавацца’ (ТС, Гарэц., Нас., Яруш., Клім., Бяльк., Касп., Шат., Мат. Гом., КЭС, лаг.), ласоўка, ла́саўка, ласуння, ласоха, ласу́ха ’ласуха’ (Бяльк., ТС, Яруш., Касп., Нас.; віл., паст., драг., Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Шат., КЭС, лаг.), ласунак, ласункі (ТСБМ; пух., Сл. паўн.-зах.), ласонікі (КЭС, лаг.) светлаг. ла́саўка (Мат. Гом.), ласікі (Нас.), ла́саўства ’ласунак’ (Касп.), ’ласая ежа’, ’прысмакі’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смо́ква ‘плод смакоўніцы; інжыр, вінная ягада’, ‘смакоўніца’ (ТСБМ, Ласт.), смо́квы ‘ірга, ягады іргі’ (капыл., люб., Трухан, вусн. паведамі), ст.-бел. смоква ‘інжыр, вінная ягада’: смоква созрѣла (Альтбаўэр). Укр., рус. смо́ква, серб.-харв. смо̏ква, славен. smókva, балг. смо́ква, макед. смоква, ст.-слав. смокы, смокъва. У заходнеславянскіх мовах слова лічыцца запазычаннем з іншых славянскіх моў, параўн. Варш. сл., 6, 243; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1321. Слова спрэчнага паходжання. Паводле традыцыйнага погляду, які ўзыходзіць да Капітара (гл. Машынскі, Этимология–1997–1999, 120; гл. таксама Фасмер, 3, 689), прасл. *smoky запазычана з гоц. smakka ‘смоква, фіга’ або *smakko ‘смачны плод’, менавіта з балкана-германскага; яно роднаснае нова-в.-ням. schmecken ‘прыходзіцца да смаку’, літ. smaguriai мн. л ‘прысмакі’ або, як мяркуе Скок (3, 293–294), запазычана з даіндаеўрапейскай міжземнаморскай мовы. Па іншай версіі, гэта спрадвечнаславянскае слова, якое параўноўваюць з славац. smokva ‘чырвоная ягада’, smokvica ‘суніцы’, чэш. smok ‘сок раслін’, славен. smȏk ‘прыправа да хлеба’, ‘ялавічына’, серб. смо́к ‘прыправа; масла, сыр; ператопленыя сала і тлушч, якімі запраўляюць ежу’, балг. смок ‘пасоленае мяса’. Ілліч–Світыч (ЭИРЯ, 1962, 2, 73 і наст.) узнаўляе прасл. *smokъ ‘сакавітае вільготнае рэчыва, галоўным чынам расліннага паходжання’ (гл. смактаць), пры гэтым гоцкае слова лічыцца запазычаннем з славянскіх моў або незалежным запазычаннем з трэцяй крыніцы, гл. Бязлай, 3, 272–273; Скок, 3, 294. Аналагічна Сной₁, 585; Рэйзак, 585; Шустар-Шэўц, 1321–1322. Агляд версій гл. Глухак, 566.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

яда, ежа, харч, харчаванне, страва, спажыва, спажытак, прадукты, правізія / жывёле: корм, фураж, аброк / вытанчаная: далікатэс, ласунак, прысмакі / спяшаючыся або перад асноўнаю ядою: закуска, закусь / не посная: скорам / недаедзеная: аб'едкі, недаедкі, агрызкі / садавіна ці салодкае ў канцы абеда: дэсерт; наедак, прахарчунак, спожыць, жыўнасць (разм.) / посная: нішчымніца (разм.) / недаедзеная: недаежа (разм.); патрава (абл.) / жывёле: пошар (абл.); хлеб, пажыва, пажытак, падмацаванне, падмацунак (перан.); правіянт (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)