Нагада́ць ’напомніць, прыпомніць, успомніць’ (ТСБМ). Хутчэй за ўсё запазычана на раннім этапе фарміравання літаратурнай мовы з укр. нагада́ти ’тс’, што ўжываецца і ў народнай мове, паколькі ўплыў суседніх больш развітых літаратурных моў на беларускую ў пэўныя перыяды яе развіцця быў зусім натуральным. Няма падстаў прыпісваць названаму слову «эмігранцкае» паходжанне, як гэта робіць Жураўскі (Беларуская мова і літаратура ў школе, 1988, 2, 14), супрацьпастаўляючы яго народна-дыялектнаму нагада́ць ’задумаць’ (Сл. ПЗБ). Гл. гадаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыгада́ць, прыгадва́ць ’узнавіць у памяці; прыпомніць’ (ТСБМ), прыгадава́ць ’гаварыць, лічыць’ (брасл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з далейшым развіццём семантыкі — ’прыдумаць; задумка’ (Нас., Байк. і Некр., Др.-Падб., Растарг.), ’адшукаць; знайсці’: пригадай скорей верёвку, штоб взлезци (Нас.), таксама прыга́длівы ’знаходлівы’ (Нас.) і прыгада́ць ’дапамагчы; паспачуваць’: не плачь — мы твоей беде пригадаем (Дабрав., Кросны). Да гада́ць у значэнні (згодна з ТСБМ — размоўным) ’меркаваць’ (гл.), укр. пригада́ти ’ўзгадаць’, пригада́ти ’прыдумаць’. Спецыяльна гл. Булахаў, Развіццё, 43.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

успо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Аднавіць у памяці, прыпомніць. Жанчына раптам успомніла ўчарашні дзень, і сэрца яе па-ўчарашняму заныла болем. Брыль. Міхась пачаў успамінаць, што ён чытаў пра партызан грамадзянскай вайны. Успомніў і пра дзеда Талаша. Якімовіч. Зося прыпамінала і ніяк не магла ўспомніць, дзе яна чула гэтае прозвішча. Хомчанка.

•••

Успомніш маё слова — збудзецца тое, аб чым гаворыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Узнавіць у памяці; прыпомніць. Як ні стараўся Лыкоўскі, падрабязнасцей сустрэчы прыгадаць не мог. Васілёнак. [Хлебнікава] прыгадала сваю вуліцу, знаёмых, свой дом, што стаіць на Сакалінай гары ў Маскве. Гамолка. — Ну, чый жа ты цяпер падданы? — прыгадаў .. [пану Крулеўскаму] дзед Талаш тое ж пытанне, што сам чуў колісь. Колас. Начальнік эксплуатацыі нават не прыгадаў, што ў распараджэнні інжынера быў тэлефон. Шынклер. // Прыпомніўшы, пазнаць, зразумець. Пятро не адразу прыгадаў, хто гэта жанчына. Пальчэўскі. Толькі, бадай, праз хвіліну [Клаўдзя] прыгадала: гэта ж Тася Хлябніцкая! Баранавых. Вася і Валерый прыгадалі: гэтак стары назваў гаспадара той сядзібкі, што стаіць наводшыбе. Б. Стральцоў.

2. Навесці на ўспамін, прымусіць успомніць што‑н. па асацыяцыі. Гэты вечар, што застыў на шыбах Сіняю каймой, Прыгадаў мне дальнія сялібы, Палісаднік мой. Тарас. Адышла з вачэй, адпала Невыносная журба, Многа сэрцу прыгадала Берасцяная труба. Броўка.

3. Прыпомніць каму‑н. зробленае з мэтай адпомсціць, пакараць. — Вабейка яшчэ прыгадае табе ўсё — пачакай... Хадкевіч. Ах ты, шашаль папяросы! — Прыгадаем табе гэта! Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

попо́мнить сов., разг.

1. (не забыть) успо́мніць, прыпо́мніць;

2. (запомнить обиду) папо́мніць;

я тебе́ э́то попо́мню! я табе́ гэ́та папо́мню!;

попо́мни (попо́мните) моё сло́во! папо́мні(це), успо́мні(це) маё сло́ва!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ту́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Разм. Напружваць мускулы, рабіць фізічныя намаганні. [Бамбала] траціць апошнія сілы, але ўсё-такі пнецца і тужыцца выцягнуць сеці. Скрыган. / у перан. ужыв. А побач другі малы «гейзер», амаль па паверхні, таксама тужыўся парадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі. Караткевіч. // Сканцэнтроўваць увагу, думкі на чым‑н.; старацца прыпомніць што‑н. — Пачакай, як жа хлопчыка звалі, дай божа добрую памяць, — тужылася ўспомніць Хрысціна. Гурскі. Як ні тужыўся Змітрок уразумець, што хацела сказаць жонка ў час іхняй перапалкі, не зразумеў. Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.

2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.

памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.

Мілаваць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баль, ‑ю, м.

1. Вечар з танцамі і вясёлымі забавамі. У дадатак да белага плацця з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, было зроблена яшчэ два. Асіпенка.

2. Вялікі званы абед. А праз два тыдні такі баль гадалі бацькі маладых, што вёска як жыве, не бачыла. Чарот. За багаты сядзем стол Баль святочны справіць. А. Александровіч.

3. перан. Пагард. Нястрымны разгул чаго‑н. (рэакцыі, ваеншчыны і пад.). Рукі байца — Гартаваная сталь, Рукі армейца Нястомны. Панства, Крывавы спраўляючы баль, Нашы ўдары Прыпомніць. Хведаровіч. / у перан. ужыв. Ладзіць баль завіруха. Куляшоў. На баль вясновы запрашэнне Прыслалі родныя бары. Жычка.

•••

Баль-маскарад — касцюміраваны вечар з танцамі.

[Фр. bal.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Нечакана задумаць, захацець зрабіць што‑н. — Не ўздумайце страляць, — крыкнуў праваднік. — Мы партызаны. Вядзіце нас да начальства. Новікаў. Мажэйка вырашыў рашуча адбівацца ад усіх, хто ўздумае на яго нападаць. Шахавец. // Надумаць. — З інспектарам аблана Віктарам Кучэрыным нам даводзілася ездзіць даволі часта, і паміж намі ўстанавілася такая блізкасць, пры якой кожны меў права распытваць другога, што толькі ўздумае. Карпюк.

2. каго-што і з дадан. сказам. Разм. Успомніць, прыпомніць. Маці .. ніяк не магла ўспомніць і выгаварыць сынава імя. Возьме дзіця на рукі, а як зваць, не ўздумае. Васілевіч. Хацела [Алена] запрасіць: «Прыходзьце вы да нас», але ўздумала, што не яна гаспадыня тут, — Ядзя павінна запрашаць. Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каро́ткі, -ая, -ае; -так, -тка.

1. Невялікі па даўжыні; проціл. доўгі.

Кароткая сукенка.

Падстрыгчыся коратка (прысл.).

2. Непрацяглы ў часе; проціл. доўгі.

Кароткая нарада.

К. дзень.

Выступіць коратка (прысл.).

3. Сціслы, нешматслоўны.

Кароткае пісьмо.

Адказаць коратка (прысл.).

4. Рашучы, хуткі, суровы.

К. удар.

Прысуд ворагам к.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады).

6. Які характарызуецца няпоўнай формай.

Якасныя прыметнікі ў кароткай форме.

Кароткая памяць у каго (неадабр.) — дрэнная, слабая памяць (звычайна ў таго, хто не хоча помніць, прыпомніць што-н.).

Кароткі завароткі у каго (разм.) — пра таго, хто дзейнічае рашуча, не задумваючыся.

Кароткі розум — пра слабы, невялікі розум.

На кароткай назе хто з кім — у добрых, сяброўскіх адносінах з кім-н.

Рукі кароткія ў каго (разм.) — няма магчымасці, сілы зрабіць што-н.

|| памянш. каро́ценькі, -ая, -ае (да 1—3 знач.; разм.).

|| наз. каро́ткасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)