звы́чай, ‑ю, м.

1. Агульнапрыняты парадак, правіла, якое здаўна ўкаранілася ў быце народа або пэўнай грамадскай групы. На стол пакласці ўсё, што ёсць, — Такі ўжо звычай наш спрадвечны. Сіпакоў. Ёй зусім не хацелася хаваць сваёй радасці, але такі ўжо быў звычай: маладой непрыгожа быць на вяселлі празмерна вясёлай... Васілевіч.

2. Прывычны спосаб дзеяння; прывычка. Дубравіна мела звычай неяк нібы нядбала пакідаць на сябе касынку ці шалік. Карпюк. — А я маю звычай пасля абеду шпацыраваць і сядзець не хачу, — і, заклаўшы рукі назад, пачала шпацыраваць па зале. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пра́віла ’палажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць’, ’норма паводзін, прывычка’ (ТСБМ), праві́ло ’ачэп’ (ганц., Сл. ПЗБ), правы́ло ’тс’ (бяроз., Шатал.), праві́ла ’тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне’ (в.-дзв., Шатал.). Рус. пра́вило ’правіла’, прави́ло ’руль, лінейка’, укр. прави́ло ’руль; частка шавецкай калодкі’, польск. prawidło ’правіла; частка шавецкай калодкі і да т. п.’, чэш., славац. pravidlo ’правіла’, в.-луж. prawidło, н.-луж. pšawidło, серб.-харв. пра̏вило, славен. pravilo, балг. правило ’правіла’. Прасл. *pravidlo. Як сведчаць значэнні слова ў рус. і інш. славянскіх мовах, першапачаткова гэта было nomina instrumenti з суф. ‑dlo ад praviti (гл. правіць). Адцягненае значэнне з’явілася ў выніку пераносу ’тое, што вызначала прыладай’, параўн. лац. rēgula ’лінейка’ і ’правіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.

2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.

3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.

•••

(Апошні) крык моды гл. крык.

Выйсці з моды гл. выйсці.

Мець моду гл. мець.

Увайсці ў моду гл. увайсці.

Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.

[Фр. mode.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кашто́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дорага каштуе, мае вялікую цану. Каштоўны падарунак. □ Адзін з шайкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідаць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. Залатаносны пясок прамываўся на аўчыне — пясок зносіла вада, а часцінкі каштоўнага металу заставаліся ў поўсці. Самуйлёнак.

2. Які мае важнае, істотнае значэнне. Каштоўная тэхнічная культура. Каштоўны дакумент. Каштоўная прапанова. // Вельмі патрэбны. Каштоўная якасць. □ [У Лясніцкага] была каштоўная прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін.

•••

Каштоўныя камяні гл. камень.

Каштоўныя паперы гл. папера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Павадка, прывычка. Нельга сказаць, каб не любіў.. [Макоўчык] пагаварыць з таварышамі, але меў звычку ў кожнай гаворцы шукаць нейкі сэнс, пагарджаў пустой балбатнёй. Мележ. Прыйшоўшы дадому,.. [Варвара] па звычцы спынілася ў дзвярах — выцерла ногі аб палавік. Васілевіч. У лесе егер Дзямід ведаў кожны кусцік, кожную птушку, кожнага звера з усімі яго звычкамі і норавамі. В. Вольскі.

2. Разм. Звычай, традыцыя. Нас ветрам прадзьмула дарога. І хоць не хацелі віна, Мы выпілі з нейкага рога, Па звычцы грузінскай — да дна. Калачынскі. У кожным краі свае звычкі. Недзе ж ядуць шампіньёны, а ў нас абыходзяць іх. Кандрусевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мане́ра, ‑ы, ж.

1. Спосаб дзеяння, прыём. Тое, што мы завём подзвігам, — для.. [М. Багдановіча] натуральная манера мысліць і жыць. М. Стральцоў. Такая манера запытання па меншай меры сведчыла аб непавазе да асобы войта, і, па-другое, мела ў сабе як бы характар допыту. Колас. // Звычка, прывычка. — Што за манера з госцем праз зачыненыя дзверы размаўляць? Новікаў.

2. Сукупнасць прыёмаў, характэрных рыс творчасці. Пісьменнік [К. Чорны] прынёс у літаратуру свае тэмы, арыгінальную манеру пісьма. Лужанін.

3. толькі мн. (мане́ры, ‑пер). Знешнія формы паводзін, спосаб трымацца. Перада мной сядзеў сімпатычны інтэлігентны чалавек.. Непасрэдныя і сяброўскія манеры гэтага чалавека выклікалі мяне да шчырасці. Карпюк. [Язэп] чалавек спрытны, адзеты на гарадскі лад, манеры ў яго, як у пана. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́віла, ‑а, н.

1. Палажэнне, якое вырашае тую або іншую заканамернасць. Разам [піянеры] рашалі задачы, пісалі дыктоўкі, вучылі правілы. Шыловіч.

2. звычайна мн. (пра́вілы, правіл). Пастанова, палажэнне, якія абавязваюць захоўваць пэўны парадак пры выкананні чаго‑н. Правілы вулічнага руху. Захоўваць правілы канспірацыі.

3. Норма паводзін, прывычка. [Камісар] выйшаў з палаткі, каб праверыць перад сваім адпачынкам вартавых, што было ў яго непарушным правілам. Шамякін. У бацькі было правіла: дасягнуў паўналецця — жыві сваім одумам. Навуменка.

•••

Складанае трайное правіла — правіла для рашэння задач, у якіх велічыні звязаны прамой і адваротнай прапарцыянальнай залежнасцю.

Па ўсіх правілах — так, як трэба.

Па ўсіх правілах мастацтва (часцей іран.) — грунтоўна, акуратна, улічваючы ўсе дэталі пры выкананні чаго‑н.

Узяць за правіла гл. узяць.

Як правіла — звычайна, пераважна, найчасцей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пова́дка ж. (привычка) прывы́чка, -кі ж., звы́чка, -кі ж.; (обыкновение) звы́чай, -чаю м.; (наклонность) схі́льнасць, -ці ж., нахі́л, -лу м.; (характер) хара́ктар, -ру м.;

взять пова́дку пана́дзіцца, узя́ць мо́ду, узя́ць (мець) звы́чку (звы́чай);

у соба́ки пова́дка хвата́ть за́ ногу саба́ка ма́е звы́чай (звы́чку) хапа́ць за нагу́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

раі́цца, ра́юся, ра́ішся, ра́іцца; незак.

Пытацца, прасіць парады ў каго‑н. Раіцца з настаўнікам. □ У .. [камісара] была каштоўкая прывычка партыйнага кіраўніка: у цяжкі момант раіцца з людзьмі, ведаць іх погляды, думкі. Шамякін. Ружыцкі некалькі разоў бачыўся з войтам, раіўся з асаднікамі, судовымі выканаўцамі. Бажко. // Абменьвацца думкамі; радзіцца. Старыя і пажылыя людзі раіліся, што рабіць, складалі свае планы. Колас. Потым піянеры пачалі раіцца між сабой, калі і куды накіравацца па жалуды. Якімовіч.

раі́цца, раі́цца; незак.

1. Утвараць новы рой (пра пчол і падобных да іх насякомых). Дык жа па цэлых днях бабка сядзіць у садку і пільнуе, каб не зляцеў рой. Пчолы цяпер вельмі раяцца, і раі высыпаюцца ледзь не кожны дзень. Баранавых. Стары пчалавод Тодар Юрко дык, як толькі пачыналі раіцца пчолы, тут дняваў і начаваў. Кулакоўскі.

2. Лятаць, збірацца роем. Мухі раіліся ля яго гнойных вачэй — конь, небарак, быў сляпы. Чорны. // Кружыцца ў паветры (аб сняжынках). Над полем раіліся сняжынкі.

3. Паяўляцца адразу ў вялікай колькасці (пра думкі, пачуцці, сны і пад.). Пазней, калі .. вочы, стомленыя ўгляданнем у цемру, закрыліся .. павекамі, у галаве пачалі раіцца сны. Галавач. Розныя думкі раіліся ў галаве старога. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)