Дра́гба ’дрыгва’ (Касп., Сл. паўн.-зах., Яшкін). Таго ж паходжання, што і дрыгва́ (гл.), г. зн. з зыходнага *dręg‑ (> *дряг‑ > драг‑). Форма драгба́ па свайму каранёваму вакалізму (а < ʼа < ę) стаіць бліжэй да зыходнага *dręg‑, чым дрыгва́ (дзе адлюстроўваецца сувязь не з *dręg‑, а з *drьg‑, *drъg‑; параўн. бел. дрыжа́ць, укр. дрижа́ти). Суфіксальная частка (-ба) адлюстроўвае ўплыў слоў са старым фармантам -ба (прасл. *‑ьba). Параўн. драгва́ (Нас., Шат., Бяльк.), дрыгба́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. Фасмер, 1, 545 (аб бел. дрягва́). Іншая версія ў Трубачова, Эт. сл., 5, 139 (праформа *drъgъva; няпэўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каці́ць, каціцца ’каціць, рухаць, перамяшчаць які-н. круглы прадмет, вымушаючы яго вярцецца’; ’перамяшчаць сілай цячэння, павеву ветру і пад.’; ’губіць, нішчыць’; ’каціцца’ (ТСБМ). Параўн. рус. кати́ть, укр. коти́ти, коти́тися, ст.-чэш. kotiti ’каціць’, польск. дыял. kocić ’каціць, валяць і г. д.’. Для гэтых лексем выстаўляецца праформа *koitii (), якая лічыцца этымалагічна цяжкім словам. Агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 205–207. Магчыма, што слав. *kotiti працягвае і.-е. дзеяслоўную аснову *kat‑ ’кідаць’, з блізкім значэннем, вельмі ёмкую і перспектыўную (параўн., напр., ням. werfen ’кідаць’, але Junge werfen ’раджаць дзіцянят’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляжа́к ’гарызантальная частка коміна на гары’, ’ніжняе апорнае бервяно зруба’, ’падаконнік’, ’падваліна’, ’ляжачы вулей з пчоламі’, ’ляжанка’, ’паваленае бурай дрэва’, ’палеглы лён’ (Бяльк., ТСБМ, Янк. Мат., Сцяшк., Шушк., П. С., Некр., Шат., Сцяц. Словаўтв.; З нар. сл., Мат. Гом., Мат. Маг., Сл. ПЗБ, Жыв. сл.; КЭС, лаг.). Укр., рус. лежак, польск. leżak, в.-луж. ležak, чэш. ležák, славац. ležiak; серб.-харв. лѐжак, славен. ležák, балг. ле́жак, ле́жяк. Праформа ležakъ < і ležati (Слаўскі, 4, 194–195; Трубачоў, Эт. сл., 14, 158–159). Да ляжа́ць (гл.). Аб суфіксе — Сцяцко (Афікс. наз., 23–25).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сува́лак, сува́лок, сова́лок ’сувой, трубка палатна’ (Сл. Брэс., Уладз., ЛА, 4). Параўн. этымалагічна падобныя ст.-польск. swlak, swłak ’павітуха, Convolvulus L.’, ст.-чэш. svlak, серб.-харв. svlak ’тс’, балг. съ́влак, со́влак ’паўзучая расліна’, для якіх рэканструюецца праформа *sъ‑vol‑kъ адпаведна лац. con‑volv‑ulus (< convolvō), што дае падставы разглядаць гэтыя назвы як утвораныя ад кораня *volv‑ ’віць, абвіваць’ (Махэк₂, 597; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 353). Да валіць, валяць ’скручваць, звіваць у адно’, гл. валіць2. Параўн. сава́лак ’кавалак апрацаванай гліны’ (віц., БЛ, 18, 62), рус. дыял. су́вылык ’пакулле’, гл. Фасмер, 3, 793.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа*drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касцёр ’каласоўнік, Bromus secallinus L.’ (Байк. і Некр.); ’града ці стажок складзеных дроў’; ’грудок чаго-н., вельмі многа’; ’раскладзены агонь на полі, у лесе’; ’вогнішча’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. костёр ’касцёр, агонь’; ’купа дроў і да т. п.’, ’вялікая ўкладка снапоў у полі’, ’кастрыца’ і г. д., укр. косте́р ’сажань дроў’, славен. kóster ’вогнішча; купа дроў’ і г. д. Праформа *kostrъ, генетычна звязана з прасл. *kostra ’кастрыца; шкілет, касцяк; вострыя костачкі рыбы; шэрсць казы; хвошч палявы’ і г. д. Да этымалогіі гл. досыць складаны агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 158–160. 163–164. Гл. яшчэ тлумачэнне Фасмера, 2, 347–348.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бады́ль ’сцябло расліны’ (Сцяшк., Мат. Гродз., 1960), бады́лле ’сцяблы, сцяблы і лісце гуркоў’ (БРС; ДАБМ, 863), бадыллё (Сцяшк., Сцяшк. МГ, Бяльк.). Укр. бади́лля, баді́лля, бадило́ ’сцябло, сцяблы раслін’, рус. дыял. бады́ль ’сухое сцябло’, боды́ль, буды́ль. У аснове ляжыць *badylь (утварэнне суф. *‑ylь ад *badati ’калоць’, ітэратыўнай формы да *bosti *bodǫ). Параўн. яшчэ рус. бабылёк ’расліна Galeopsis tetrahit’ (іншая яе назва колю́тик), польск. badyl, badel ’сцяблы раслін’, серб.-харв. бадиљ і (з іншым суфіксам) ба̑даљ, род. скл. бадља ’калючая расліна’ (іначай сјекавац) і г. д. Брукнер, 10; Слаўскі, 1, 25; параўн. Фасмер, 1, 104; БЕР, 1, 62. Гл. таксама Трубачоў, Проспект, 40–41 (дзе праформа *bodylь з вакалізмам «о» не пераконвае).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́цьма, прыцьмом, прыцьмелі ’аніяк, зусім’ (ТС), прыть‑ MÓM ’поўнасцю, абсалютна’ (Клім.); параўн. укр. притьма, притьмом, притьмо ’як мага хутчэй, неадкладна’; ’надта, моцна, настойліва’; ’зусім, цалкам, поўнасцю, абсалютна, якраз, абавязкова, сапраўды’; ’канчаткова; напэўна, беспамылкова’, рус. дыял. притмом ’раптоўна, неадкладна, немінуча’. Усходнеславянскія арэальныя ўтварэнні на базе *pritęti (гл. прыцяць, цяць), для якіх рэканструюецца праформа *priіьп‑то (Карскі 2 — З, 67; Люканен, Восточнослав. и общ. яз., 119). Формы, што ўзыходзяць да Тв. скл., узніклі на аснове ўспрымання прыцьма як назоўніка або па аналогіі з іншымі прыслоўямі тыпу пры‑ цемкам, параўн. прыгнём ’змярканне’ (Нас.), прытьмом ’вечарам, на змярканні’ (Сл. Брэс.). Не выключаны ўплыў аналагічных формаў прыслоўяў ад прыць, прытны (гл.), параўн. прытном ’вельмі часта; усутыч’ (Стан.), прытнём ’хутка’ (З жыцця).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бур’я́н1 ’бур’ян’ (БРС). Рус. бурья́н, укр. бурʼя́н. Падобныя формы ёсць і ў іншых славян: балг. бу́рен ’тс’, серб.-харв. бу́рјан ’Sambucus ebulus’, славац. burina, польск. burzan (< укр.; Слаўскі, 1, 51) і г. д. Этымалогія слова вельмі няпэўная (чэш. burina, buřeň з славац. burina; чэш. buřan з рус. бурьян; Махэк₂, 77); яно лічыцца няясным па паходжанню (Слаўскі, 1, 51; Махэк₂, 77). Старыя версіі (сувязь з пырей: Патабня, РФВ, 4, 189, праформа *prujanъ; сувязь з ням. Baldrian, лац. valeriana: Праабражэнскі, 1, 55; роднаснасць з былиѥ: Младэнаў, 50) не пераконваюць (Рудніцкі, 1, 269, лічыць, што тлумачэнне Патабні ўсё ж найбольш падыходзіць). Фасмер (1, 249–250) думае пра сувязь з рус. бури́ть ’раскідваць’ (бурьян, ’тое, што пышна разраслося’). БЕР, 1, 91: сувязь з *bujьnъ ’буйны’ (там і агляд слав. форм). Незразумела Шанскі, 1, Б, 236 (ад асновы бур‑|был‑: былинка). Параўн. і Прыцак, IJSLP, 8 (1964), 41–45. Гл. яшчэ Кніежа, 113; MESz, 1, 391–392 (венг. burján < слав.).

Бур’я́н2 ’навальніца з вялікім ветрам; бура’ (Яшкін). Адбыць, кантамінаванае слова: буран, бура + буяць, буян?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)