плі́ца, ‑ы, ж.

1. Лопасць параходнага кола. Параход лапатаў пліцамі, часта прыставаў да крутога берага. Грахоўскі. Шлёпаюць па вадзе пліцы параходных колаў, дрыжыць ад празмернага намагання машыны палуба парахода, пеніцца за кармой вада. Сяргейчык.

2. Спец. Чарпак, пры дапамозе якога зліваюць ваду на судне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крышта́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Тое, што і крышталічны. Крыштальная каніфоль.

2. перан. Празрысты, светлы, чысты. Мне ногі змываюць крыштальныя росы. Колас. А рэчка .. пеніцца Крыштальнаю вадой. Кляшторны.

3. перан. Бездакорны, беззаганны (пра некаторыя дадатныя якасці чалавека, а таксама пра чалавека з такімі якасцямі). У п’есе «Канец дружбы» створан яскравы, глыбокі вобраз камуніста Карнейчыка — чалавека крыштальнага сумлення, высокай ідэйнасці і прынцыповасці, да канца адданага справе партыі. Казека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Абзывацца дробным раскацістым гулам. А трактар ракатаў роўна, упэўнена... Гроднеў. Мне хацелася бегчы за .. [чайкамі] па гразі, бегчы ў заімглёны свет, туды, дзе ракоча і пеніцца мора, бае казку аб тым, што цудоўны, бязмежны свет не казка, а сапраўднасць. Брыль.

2. Гаварыць, спяваць нізкім раскацістым голасам. За абабітымі дэрмацінам дзвярыма ракатаў начальніцкі бас. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́ністы, ‑ая, ‑ае.

1. Які вельмі пеніцца; з пенай. [Маці] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна і ўлетку, калі б’юць перуны, а па дарогах цякуць пеністыя рэчкі. Гроднеў. Мы, перадаючы гладыш з рук у рукі, пілі яшчэ пеністы пахучы сырадой. Няхай. // Падобны на пену. Прачнулася сонца. Барвай набрынялі пеністыя лёгкія хмаркі, чырвань заліла ўсё: і лес, і вёску, і паплавы. Капыловіч.

2. Які ўтварае многа пены (у 2 знач.). Пеністае мыла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бурлі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Бурна цячы, пералівацца з шумам; кіпець, клекатаць (пра ваду і інш. вадкасці). Унізе вада бурліць, пеніцца, нясе з сабою кускі лёду, нейкае ламачча, леташнюю траву. Кулакоўскі. Бурліць чыгун гарачы, Расплаўлены ў вагранках. Аўрамчык.

2. перан. Праяўляцца з вялікай сілай (пра падзеі, пачуцці і пад.); шумець, хвалявацца. [Ігнась] сеў на месца, і злосць бурліла ў ім, як кіпень. Чарнышэвіч. І бурліла ў людскіх пачуццях жаданне як бы крыкнуць усёй зямлі, сказаць усяму, што ёсць, — аб радасці дзён, аб песнях і звонах жыцця. Чорны. Скрозь бурліла людское мора, а ў ім — кветкі, лісце, усцешаныя твары. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.

1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.

2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.

3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.

•••

Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пе́на ’лёгкая пузырыстая маса на паверхні вадкасцей; маса, утвораная растворам мыла’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. ПЗБ), ’пена на мыльнай вадзе’ (паўн.-усх., ЛА, 3), ’пот у каня’ (Сл. ПЗБ), ’плесня’ (арш., ЛА, 4). Сюды ж пе́нка ’пенка на малацэ’ (там жа), пе́нкі ’прыгаркі (бульба); ’лупіны (ад бульбы)’ (там жа), пе́няцьпеніцца, пакрывацца пенай’ (Сл. ПЗБ). Укр. пі́на, рус. пе́на ’пена, сліна’, польск. piana, н.-луж. pěnki ’пена’, в.-луж. pěna ’накіп’; ’сліна ля рота’, чэш. pěna ’пена, накіп’, славац. pena ’тс’, славен. pẹ́na, ст.-славен. pejna, серб.-харв. пје̏на, харв. spjȅna, макед. пена, балг. пя́на, ст.-слав. пѣны ’пена, пена ля рота’. Прасл. *pěna, роднаснымі да якога будуць літ. spáinė ’смуга пены’, ст.-прус. spoayno ’пена піва, якое бродзіць’, лац. spūma ’пена, пырскі’, pūmex ’пемза’, ст.-в.-ням. veim, ст.-інд. phḗnas (м. р.), асец. fink ’пена, накіп’ < і.-е. *(s)poi̯ + *‑mn‑o/*‑mn‑ā (Фасмер, 3, 231. з літ-рай; Аткупшчыкоў, Из истории, 233 і 235).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіпе́ць ‘утвараць сіплыя гукі’, ‘гаварыць сіплым голасам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб.), ‘шыпець’ (Сл. ПЗБ), ‘злавацца, сварыцца’ (маладз., Гіл.), ‘ціха шапацець (пра дробны дождж)’ (гродз., Сл. ПЗБ; гродз., З нар. сл.), ‘імжаць’ (гродз., лун., мазыр., ЛА, 2), ‘рассыпацца, раскісаць (пра снег)’ (ТС), сіпоцець ‘шумець, пеніцца (аб страве пры закісанні)’ (ТС), сіпа́ць ‘сіпець’ (ТСБМ, Шат., Бір. дыс.), сіпа́ты, сі́плы, сі́пы ‘сіплы’ (ТС), сіпа́ты ‘макраносы’ (калінк., Арх. ГУ), сюды ж назоўнік ст.-бел. сипанїе ‘шыпенне’: оукγсить змїе без’ сипанїа (Альтбаўэр). Рус. сипе́ть ‘сіпець’, укр. оси́плый, ц.-слав. остнѫти, польск. sipieć, чэш. sipěti, sípati ‘сіпець, хрыпець’, славац. sipieť ‘шыпець’, харв. sípiti, славен. sípati, sípljem ‘пыхкаць, фыркаць’, балг. оси́пвам, макед. осипнува ‘сіпнуць’. Гукапераймальнага паходжання; гл. Праабражэнскі, 2, 288; Фасмер, 3, 626. Параўноўваюць з лац. sībilus ‘свіст’, sībilō, ‑āre ‘шыпець, свістаць, асвістваць’, новаперс. siflīden ‘свістаць, шчабятаць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 531 і наст.), з герм. *sip‑ ‘капаць, цурчэць’ (ст.-англ. sípisn, англ. seep, с.-в.-ням. sīfen, гал. sijpelen і інш., гл. Глухак, 548). Паралелі ў літ. šypauti ‘высмейваць, насміхацца’, лат. sĩpa ‘бура’ Фасмер (там жа) лічыць спрэчнымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фы́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Коні скубуць дзяцеліну, гучна і часта фыркаюць. Сачанка. Сынок — каржакаваты, шыракаплечы дзяцюк, смачна мыўся, фыркаў у кутку над шырокім тазам, а старая ставіла на стол. Няхай. Спачатку зубры абменьваліся грознымі позіркамі, хадзілі адзін вакол аднаго схіліўшы магутныя цяжкія галовы, і толькі сярдзіта фыркалі. В. Вольскі. // Разм. Смеючыся, утвараць гукі носам, губамі. Дзяўчаты нашы непрыкметна пераглядаюцца, Вольга фыркае ў кулак. Васілевіч.

2. Перарывіста, з шумам выпускаць пару, газ, паветра. [Машына] фыркала, пускала сінія клубы дыму і коўзалася на месцы. Новікаў. // Утвараць гук, падобны гуку паветра, што выпускаецца з шумам. Вада спрабуе дужацца з марозам, То фыркае, то пеніцца ў вірах. Свірка. За пераборкай.. чмялямі гулі электрычныя машынкі і нездаволена фыркалі пульверызатары. Корбан.

3. перан. Разм. Злавацца, выказваць нездаволенасць чым‑н. Ася, злосна фыркнуўшы, адрэзала: — А я ўсё роўна паеду. [Сакратар:] — Ты вось не фыркай, а бяжы ў банк. Асіпенка. [Зіна:] А калі будзеш фыркаць, то падумаем яшчэ, ці захочацца нам жыць з табой у адным пакоі. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кі́пець, ‑пця, м.

Разм. Тое, што і кіпцюр.

кіпе́ць, ‑плю́, ‑пі́ш, ‑пі́ць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бурліць, клекатаць ад пары, якая ўтвараецца пры награванні (пра вадкасці). У адным катле варыўся абед, у другім цэлы дзень кіпела вада. Чорны. / Пра пасудзіну, у якой кіпіць вадкасць. Чайнік кіпіць. Кіпіць самавар. // Даходзіць да стану кіпення; закіпаць. Вада кіпіць пры 100° па Цэльсію.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; ад чаго і без дап. Бурліць, віраваць, клекатаць (пра вадкасці ў халодным стане). Вада аж кіпела ад рыбы. Хомчанка. Закутае ў суровы камень кіпела возера, як вір. Машара. // Іскрыцца, пеніцца (пра віно, піва).

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Мітусліва рухацца, кішэць (пра мноства жывёл, насякомых і пад.). У рэчцы і лужынах рыба кіпела, як у катле. Бядуля. / у безас. ужыв. Чаек навокал аж кіпела. Карпаў.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праяўляцца, развівацца бурна, з сілай (пра пачуцці, перажыванні, думкі і пад.). Злосць кіпела. □ Думкі кіпяць, блытаюцца. Пянкрат. // Адбывацца, працякаць ажыўлена, імкліва, бурна (пра якую‑н. дзейнасць, падзею). Вой кіпеў. □ Работа цяпер кіпела: малоў млын, бровар гнаў спірытус, у гумнах ішла малацьба. Чарнышэвіч. Пасля мітынгу настаўнікі едуць прыгарадным цягніком у горад, дзе яшчэ кіпіць, бушуе вясновае сонечнае свята. Няхай.

5. перан.; чым і без дап. Быць узбуджаным, ахопленым якім‑н. пачуццём. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі. / у безас. ужыв. У Максіма кіпела на душы. Шамякін. // Працаваць многа, напружана, энергічна. — Іншы раз думаеш: кінь ты, Тарас, усё, пажыві спакойна. Не магу. Прывык кіпець. Асіпенка.

•••

Кроў (у жылах) кіпіць гл. кроў.

Як у катле (гаршку) кіпець — пра мітуслівы бесперапынны рух каго‑, чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)