грацыёзны, ‑ая, ‑ае.
Поўны грацыі (у 1 знач.); прыгожы ў позах, зграбны. Грацыёзная паходка. Грацыёзная постаць. □ Еўрапейская казуля невялікая, у метр даўжынёй, грацыёзная і быстрая ў сваіх рухах жывёла. Прырода Беларусі. // Стройны па форме, вытанчана прыгожы (пра творы мастацтва). Грацыёзны танец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мядзве́джы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мядзведзя, належыць яму. Мядзведжы след. // Зроблены, прыгатаваны са скуры або з мяса мядзведзя. Мядзведжае футра. Мядзведжая каўбаса.
2. перан. Такі, як у мядзведзя. Мядзведжая паходка.
•••
Мядзведжая паслуга гл. паслуга.
Мядзведжы кут (куток) гл. кут.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хада, хадзьба, ход, паходка, ступа, поступ
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
лебядзі́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да лебедзя, уласцівы яму. Лебядзіны пух. □ Зацешуся чародкай лебядзінай, Што плавае пры ціхім астраўку. Гаўрусёў.
2. Які нагадвае лебедзя, такі, як у лебедзя. Лебядзіная паходка. Лебядзіная шыя. □ Пад белым пухам лебядзіным заснула вёска сном нямым. Машара.
•••
Лебядзіная песня гл. песня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мядзве́дзь, -я, мн. -і, -яў, м.
1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна сямейства мядзведзевых з густой поўсцю і тоўстымі нагамі.
Буры м.
Белы м.
2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага чалавека (разм.).
◊
Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя (разм.) — размяркоўваць прыбытак, якога ў наяўнасці яшчэ няма.
Мядзведзь на вуха наступіў каму (разм., жарт.) — пра чалавека, у якога адсутнічае музыкальны слых.
|| прым. мядзве́джы, -ая, -ае.
Мядзведжыя сляды.
Мядзведжае футра.
Мядзведжая паходка (перан.).
◊
Мядзведжы куток (разм.) — аддаленае, глухое месца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
расхля́баны, ‑ая, ‑ае.
1. У якім аслаблі мацаванні (ад неахайнага доўгага карыстання); расхістаны. А потым высветлілася, што .. [піяніна] расхлябанае, як старыя калёсы, і іграць на ім могуць толькі такія артысты, як мы з Санькам. Сяркоў.
2. перан. Няцвёрды, віхлясты. Расхлябаная паходка. □ Зноў шаша і зноў аднастайны, расхлябаны крок. Навуменка. // Недысцыплінаваны, неарганізаваны. [Метак:] — А, урэшце, дакуль ты будзеш такі ... расхлябаны? Пара брацца за розум. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́ступ, ‑у, м.
1. Манера ступаць у хадзьбе; паходка. Паручнік, злезшы з свае каламажкі, паволі, важным поступам абышоў усе падводы. Нікановіч. [Салдат] ідзе за афіцэрам, старанна і пужліва прыстасоўваючы свой крок да няпэўнага поступу пана лейтэнанта. Лынькоў.
2. перан. Рух наперад, развіццё, прагрэс. Паспяховы, пераможны поступ Савецкай Арміі выклікаў вялікую радасць. Кавалёў. У цябе [Масква] нечуваная сіла, Поступ дужы, узлёты арла. Броўка. Пераможным поступам ішла па краіне культурная рэвалюцыя. А. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзед¹, -а, М дзе́дзе, мн. дзяды́, дзядо́ў, м.
1. Бацькаў або матчын бацька.
2. Стары чалавек.
Сюды прыходзіў мудры д.
3. Муж (разм.).
Добра каша пры хлебе, добра баба пры дзедзе (прыказка).
◊
Дзед Мароз — казачны стары з сівой барадой, які ўвасабляе мароз і навагодняе свята.
Следам за дзедам — па прыкладзе старэйшых.
|| памянш.-ласк. дзядо́к, -дка́, мн. -дкі́, -дко́ў, м. (да 2 знач.; разм.).
|| ласк. дзяду́ля, -і, мн. -і, -ль, м., дзяду́ня, -і, мн. -і, -нь, м. і дзяду́ся, -і, мн. -і, -сь, м.
|| прым. дзе́даўскі, -ая, -ае і дзядо́ўскі, -ая, -ае.
Дзедаўская спадчына.
Дзядоўская паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
згра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Прапарцыянальна і прыгожа складзены; спрытны. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. Волька .. цяпер стаіць перад сотнямі вачэй красуняй дзяўчынай, высокай, зграбнай, бы маладая вішня. Нікановіч. // Прыгожы па форме; далікатны. Белая кофта з адкінутым каўнерчыкам прыемна паказвае яе [Веры Ігнатаўны] зграбную шыю. Пестрак. // Зроблены з мастацкім густам. Зграбная ваза. Зграбная статуэтка. / Пра дрэвы, калоны і пад. Усюды тонкія зграбныя калоны, высокія скляпенні, лёгкія аркі. В. Вольскі.
2. Грацыёзны ў позах і рухах. Зграбная паходка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сту́па, ‑ы, ж.
Драўляная або металічная пасудзіна, у якой таўкуць што‑н. таўкачом. Першае, што ўбачыла .. [Аўгеня] там, была ступа і дзве маладзіцы, нявесткі дзеда Стукача: маладзіцы стаялі адна насупраць другой з таўкачамі і заложна таўклі куццю. Колас. Каля прыпечка стаяла маці і, аберуч трымаючы таўкач, таўкла нешта ў ступе. Кулакоўскі.
•••
Таўчы ваду ў ступе гл. таўчы.
ступа́, ‑ы́, ж.
Тэмп руху пры хадзьбе, яздзе на кані; крок. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Караткевіч. [Коля] раптам ірвануўся наперад па ўсю сваю шырокую ступу. Прысадзісты, каратканогі Міша ледзь паспяваў за ім. Якімовіч. // звычайна ў Т з азначэннем. Поступ, паходка. Нялёгка часам ладзіць нам з табою, І ў праваце сваёй — нібы нямы. Лепш падыдзі нячутнаю ступою І абнімі. Пысін. // Самы павольны алюр. Не прызвычаеная да ціхай хады Мяцеліца парывалася час ад часу перайсці з руплівай, дробнай ступы на рысь. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)