Палі́ць ’знішчаць агнём, спальваць; распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад.; моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць’. Агульнаслав. (рус. пали́ть, укр. пали́ти, ст.-рус., ст.-слав. палити, польск. palić, серб.-харв. па́лити і г. д.) і прасл. paliti. Звязана чаргаваннем галосных са ст.-слав. полѣти ’палаць, гарэць’ (параўн. палаць). Далейшыя сувязі гл. попел, полымя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пы́хать несов.

1. (ярко гореть) пала́ць;

2. (жаром) ды́хаць;

печь пы́шет жа́ром печ ды́хае гарачынёй;

3. (выпускать воздух) пы́хкаць;

грибы́ пы́хают под нога́ми грыбы́ пы́хкаюць пад нага́мі;

4. перен. пала́ць; гарэ́ць;

щёки его́ пы́шут румя́нцем шчо́кі яго́ пала́юць (гара́ць) румя́нцам;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Па́лкі ’прасякнуты моцным пачуццём, уздымам, натхненнем; вельмі страсны, гарачы’ (ТСБМ), ’палкі, гаручы’ (Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ), ’горкі’ (Мат. Гом.). Да пала́ць, палі́ць з суф. ‑к‑.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пала́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад палаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які гарыць яркім полымем. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разляглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Хлапец завіхаўся з жалезнай лапатай, падкідваў у палаючую топку вугаль, шураваў каласнікі і ўсё ўсміхаўся. Лынькоў. У памяці Гудовіча выразна паўстаў палаючы Мінск, прывакзальная плошча, на якой яго ўпершыню застала бамбёжка... Пятніцкі.

3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пачырванеў ад прыліву крыві. Палаючы твар.

4. ‑ая, ‑ае; перан.; у знач. прым. Які выражае якое‑н. моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Маўчаў і Валодзя. Маўчанне і палаючыя вочы яго лепш за ўсякія словы казалі, што ён не будзе сядзець склаўшы рукі. «Звязда».

5. Дзеепрысл. незак. ад палаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарэць / ярка: палаць, палыхаць / вялікім полымем: шугаць / слаба: курэць

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Пол 1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол 2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол 3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́лымя ’агонь, які ўзнімаецца над тым, што гарыць’ (ТСБМ), по́лымʼе, по́ломʼе ’тс’ (ТС), сюды ж по́лань (Сл. ПЗБ), по́лынь ’тс’ (Нар. сл.), ст.-бел. поломѧ (XVI ст.). Укр. по́лумʼя, рус. поломя, по́лымя, пламя, польск. płomień, н.-луж. płomje, в.-луж. płomjo, чэш. plamen, славац. plameň, славен. plámen, серб.-харв. пла̏мен, балг. пла́мен, пла́мък, плам, ст.-слав. пламы, пламень. Прасл. *polmy, *polmenь: аснова *polmen‑ (дзе ‑men‑ — суфікс, параўн. пол ’полымя’ (Сл. ПЗБ)), ад *polti, *polěti ’палаць’ (гл. пала́ць); роднаснае літ. pelenaĩ ’попел’, лат. pę́lni ’тс’, ст.-прус. pelanno, літ. pelẽnė ’ачаг’, магчыма, таксама алб. pjalmë ’слуп пылу’ (Фасмер, 3, 273). Паводле Карскага (1, 254), формы з ‑лы‑ другасныя, у выніку аналогіі да слоў тыпу блыха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Танта́цыя (танта́ція) ’цяга, прыхільнасць’: Янук мае тантацыю да маей Анэткі (Ласт.). Відаць, мясцовае ўтварэнне на базе польск. tantonić się ’палаць’, магчыма, звязанага з польск. tantny ’які многа можа, здолее; ганарысты, непакорны’, што з лац. tantus ’такі вялікі’ (Брукнер, 565). Параўн. таксама чэш. tantovat ’льсцівымі словамі прывабліваць’ ад ст.-чэш. tant ’балбатня; драбніца’ з ням. Tand ’пустая балбатня, жарты’ (Махэк₂, 636).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

палымне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Ярка гарэць, палаць; знішчацца ў агні. Людзі пакідалі разбураныя гнёзды, якія палымнелі ў агні, там гінула чалавечая праца, дымам засцілалася неба. Гурскі.

2. Свяціцца яркім святлом; вылучаць святло. Будуецца горад, Заўсёды начамі Увесь палымнее Электраагнямі. Калачынскі.

3. Набываць колер полымя; вылучацца колерам полымя, яркай чырвонай афарбоўкай. Ружовая зара палымнела на ўсходзе. Самуйлёнак. Амаль у кожным двары палымнела чырвоная рабіна. Гроднеў. // Пакрывацца румянцам. Вецер [свістаў] у вушах, калючыя і гарачыя сняжынкі білі ў твар, і твар пачынаў гарэць, палымнець. Мікуліч.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. вельмі моцным пачуццём. Палымнець сэрцам. Палымнее агонь помсты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пала́ці ’палаткі’ (ТСБМ, Нас., Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, калінк.), пала́ты ’полка ў лазні’ (Сл. ПЗБ), пала́ць ’палаткі’ (Мат. Гом.). Рус. пола́ти ’палаткі; гара; вышкі; лабаз; падмосткі’, ст.-рус. полати ’хоры ў царкве; верхнія падсобныя памяшканні; палаткі’, пола́ть ’палаці’. Фасмер (3, 307) лічыць яго словам таго ж паходжання, што і палата (гл.). Адрозненні ў семантыцы, відавочна, пад уплывам пол, полка, паліца (гл.). Бел. палаці, лічачы па крыніцах, прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, таму, магчыма, з рус. полати. Параўн. палаткі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)