Няўдо́ба ’участак, непрыгодны для апрацоўкі’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл., Шатал., Сл. ЦРБ, Мат. Маг., Мат. Гом.), няўдоб, няўдобшчына, няўдо́бішча ’тс’ (Сцяшк.), няўдо́біца ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Яўс.), няўдобніца, няўдобшчына ’тс’ (Сл. ЦРБ), няўдобія ’тс’ (Сл. ПЗБ), няўдобства ’тс’ (Мат. Гом.). Да удоба, даба (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

гі́блы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які пагражае гібеллю (у 1 знач.), прыводзяць да гібелі. Гіблае становішча. □ Павадыр, пан Кярсноўскі, адразу ж знайшоў на гэтым гіблым балоце жардзяныя кладкі-масткі. Якімовіч. // Дрэнны, непрыгодны. Увачавідкі раслі новыя вёскі, людзі вылазілі з гіблых зямлянак, спраўлялі наваселлі. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панасі́ць, ‑нашу, ‑носіш, ‑носіць; зак., каго-што.

1. Перанесці, перамясціць з аднаго месца ў другое ўсіх, многіх або ўсё, многае. Мы хвіліны не спачылі, Усё чысценька пажалі, Усё ў копы нанасілі. Глебка.

2. Разм. Прывесці ў непрыгодны для нашэння стан (пра вопратку, абутак).

3. Насіць некаторы час. У.. [Якімкі] цяпер сапраўдны пісталет! Новенькі.. Толькі вось кабуры няма. Ды нічога, пакуль што можна і ў кішэні панасіць. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нязда́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае здатнасці да чаго‑н.; няздольны. Няздатны да вучобы. Няздатны спяваць. □ Думала [Галя]: а чаму б ім сапраўды не з’ехаць туды, дзе іх ніхто не ведае, з’ехаць ад гэтай паняверкі, ад косых позіркаў. Хіба яна такая ўжо няздатная, што нідзе сабе і месца добрага не знойдзе? Сабаленка.

2. Які не падыходзіць для чаго‑н.; непрыгодны. Можна было падумаць, што.. [Андрэй] толькі тое і робіць — смяецца ўвесь дзень, на другое няздатны. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разлажы́цца 1, ‑лажуся, ‑ложышся, ‑абжыцца; зак.

Тое, што і раскласціся ​1. На ўбітым у сцяну круку віселі аўтаматы, і вусаты разлажыўся на стале чысціць свой наган. Чорны.

разлажы́цца 2, ‑ложыцца; зак.

1. Тое, што і раскласціся ​2.

2. Распасціся пад уздзеяннем бактэрый; згніць. Торф, які слаба разлажыўся, на ўгнаенне ў чыстым выглядзе непрыгодны. «Беларусь».

3. перан. Дайсці да поўнага маральнага падзення, распаду, дэзарганізацыі. — Маральна разлажылася, — з іроніяй сказала Ганна. — Гэта табе хацелася сказаць? Так?.. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак., каго-што.

1. Прыкончыць, прыбіць раненага, недабітага. Дабіць падстрэленага драпежніка. // Канчаткова разграміць, знішчыць. Дабіць ворага.

2. Разбіць астатняе; разбіць канчаткова недабітае. Дабіць апошнія талеркі.

3. Скончыць біць (пра гадзіннік і пад.). Куранты дабілі дванаццаты ўдар.

4. Убіваючы, дагнаць да пэўнага месца ці да канца. Дабіць кол. // Скончыць убіванне. Дабіць апошні цвік.

5. перан. Разм. Завяршыць выкананне якой‑н. работы. Дабіць пракос.

•••

Дабіць да ручкі — давесці да развалу, прывесці ў непрыгодны стан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няго́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Якога нельга выкарыстаць; непрыгодны, дрэнны. Нягодны праект. □ [Маразюк:] — А будзе ж час, што і ты, Антось Іванавіч, саступіш некаму месца, як я табе саступіў. — Ты не саступіў! — злосна адказаў Антось. — Цябе зволілі, як нягоднага гаспадара. Чарнышэвіч.

2. Нізкі ў маральных адносінах; паганы, нядобры. Язэп спачатку слухаў Кацю прыхільна, але потым не сцярпеў: — Такія, што і нашым і вашым служаць, — самыя нягодныя людзі. Асіпенка. [Мартын:] — Няма ў цябе сэрца, Аўгіня... Ты нягодная і няшчырая. Колас. / у знач. наз. няго́дны, ‑ага, м.; няго́дная, ‑ай, ж. [Дзед:] — Ох, нягодная, не хоча з Веркай гуляць. Ну, мы ж ёй пакажам. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спрацава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў непрыгодны ў працэсе працяглай работы; зношаны. Спрацаваны матор. □ Ля зямлянкі, дзе цяпер жыў Язэп, стаялі тры плугі з абгарэлымі ручкамі і кароткімі спрацаванымі лемяшамі. Асіпенка.

2. Які страціў сілы, здароўе ад непамернай працы; змучаны, змарнелы. А на палях збіраў для пана збожжа Счарнелы, спрацаваны селянін. Гаўрук. Пятрусь і Максім — гэта былі дробныя хлопцы, .. спрацаваныя. Пестрак. // Які моцна стаміўся ад працы. [Гарасім] ішоў цяжкаю хадою зморанага і спрацаванага чалавека. Якімовіч. Спрацаваныя касцы спалі пад капяшкамі духмянага сена моцна і доўга. Машара. // Натруджаны (пра рукі). Старэйшая дачка гладзіць .. худую, спрацаваную руку [мамы] і ціхенька шэпча. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гнілы́, ‑ая, ‑ое; ‑а.

1. Разбураны гніеннем; стары, збуцвелы, спарахнелы. Гнілое бервяно. Гнілы пень. Гнілыя яблыкі. □ Гнілая шалёўка не трымалася на цвіках і сыпалася ўніз спарахнелымі кавалкамі. Чорны. // Застаялы, затхлы (пра ваду, паветра і пад.). Гнілая вада. Гнілы пах. □ Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях: пераправа праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны. Самуйлёнак. // перан. Хваравіты, слабы (пра чалавека). Хоць дзіцятка гніла, але бацьку міла. Прыказка.

2. Сыры, дажджлівы. Пагарэльцы спяшаліся закончыць будоўлю, пакуль надыдзе гнілая зімовая непагадзь. Самуйлёнак.

3. перан. Састарэлы, непрыгодны, нездаровы. Гнілая тэорыя. □ Рукой пралетарскаю смелай Гнілы стары лад зруйнаваны. Купала. // у знач. наз. гніло́е, ‑ога, н. Аджытае, непрыгоднае. Мы скінеш з дарогі астаткі гнілога. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Недалу́га ’ненармальная, недаразвітая з нараджэння істота’ (мсцісл., З нар. сл.), ’нямоглы, хваравіты чалавек’ (Мядзв., Макар.), ’няздольны, няздатны чалавек’ (Сцяшк.), ’няўдаліца’ (Яўс.), недалу́гі ’хваравіты, слабы’ (Федар., Рам., Мат. Маг., Ян.), ’неправорны, непрыгодны да справы’ (Сцяшк.), ’няўклюдны’ (Сл. ПЗБ), недалу́жны ’ганебны, няўдалы, непрыгожы, мізэрны’ (Яўс.), ’бездапаможны, слабасільны; закінуты, сіратлівы, няшчасны’ (Гарэц.), ’слабасільны, нездаровы’ (Нас.), недолу́жны ’слабы, хворы’ (ТС), недалу́жнік ’слабасільны чалавек’, укр. недолу́га ’тс’, недолу́гий, недолу́жний ’бяссільны, слабы, нямоглы’, рус. недолу́га ’слабы, худы чалавек; капун’, недолу́гий, недолу́жный ’хворы, хілы; няўмелы’, польск. niedołęga ’слабы, хілы, бездапаможны чалавек; калека; няздольны мець дзяцей’, ’слабасць, бяссілле, няздатнасць’, ’недахоп, адсутнасць чаго-небудзь’; niedołężny ’які мае фізічныя недахопы, слабы, няздатны’, чэш. дыял. nedoluha ’хвароба’, nedolužný ’неразвіты ў разумовым і фізічным плане’. Прасл. *nedolǫga, *nedolǫžьnъ утворана пры дапамозе прыставак ne‑do‑, якія абазначаюць недастатковасць (гл. неда-), і каранёвай марфемы lǫg‑/lǫž‑, роднаснай ням. langen ’быць дастатковым, хапаць’, што чаргуецца з lęg‑ (гл. недалягаць), параўн. Махэк₂, 393–394. Слав. *nedolǫżьnъ разглядаецца звычайна як паўночнаславянскі дыялектызм, аднак мае працяг у славенскай і заходніх сербахарвацкіх дыялектах (гл. Борысь, SOr, 36, 23–30).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)