непара́дак, ‑дку, м.
Адсутнасць або парушэнне парадку; беспарадак. Тут быў страшэнны непарадак — На тое час быў перабору. Была адчынена камора І сені насцеж. Як папала Надоба розная стаяла. Колас. У пакоі панаваў непарадак: ложкі былі незасланы, на стале стаяў непамыты посуд, усюды было параскідана адзенне. Бяганская. Узлезшы на воз, Сімон знайшоў непарадкі: мяхі ляжалл не так, як трэба, няёмка было сядзець. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выхава́нец, ‑нца, м.
1. Юнак, чалавек у адносінах да свайго выхавальніка. Выхаванец камсамола. □ Больш разбітных і здольны! [вучняў] любіў .. [Лабановіч] той любасцю, якая можа быць толькі ў настаўніка да сваіх выхаванцаў. Колас.
2. Навучэнец закрытых выхаваўчых і навучальных устаноў. Выхаванец дзіцячага дома. Выхаванец Сувораўскага вучылішча. □ Школа, з якой .. [вучні] выходзілі ў шырокі невядомы прастор, стаяла пустая і сумна глядзела на сваіх выхаванцаў адчыненымі насцеж вокнамі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
то́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад тачыць.
2. у знач. прым. Наточаны, востры. Точаны нож.
3. у знач. прым. Які вытачылі. Точаныя фігуркі. Точаныя ножкі стала.
4. перан.; у знач. прым. З правільнымі, прыгожа акрэсленымі лініямі (пра рысы твару, фігуры і пад.). Люська — тоненькае, залатакудрае і шумлівае дзяўчо; чыстыя сінія вочы заўсёды насцеж, точаны носік задзёрты — нібы яна ніколі і не была сіратой-дзетдомаўкай. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
◎ На́тля ’перад сабой’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Няясна. Карскі (1, 281) параўноўвае нейкае на тлѣ. (на тле) з датла (дотла) ’дашчэнту’, што адносяцца да тло ’глеба, аснова’ (прасл. *tblo), параўн. польск. na tle ’на падставе’, аднак семантыка разглядаемага слова не дазваляе звязаць яго з указаным прыназоўнікавым словазлучэннем. Больш верагодна сувязь з навотля ’ац сябе’, што выводзіцца з навотліў (гл.), у гэтым выпадку адносіны названых слоў былі б падобны да польск. naścież і naoścież ’насцеж’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Раз’яш́чыць ’расчыніць (пра дзверы)’ (Ян.), ’расчыніць насцеж’ (Жыв. сл.), разья́шчыць ’расчыніць (дзверы, акно)’ (З нар. сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне цьмянага паходжання. Магчыма, роднаснае да яшчык (гл.), параўн. больш ранняе польск. дыял. jaszcz ’пасудзіна, выдзяўбаная з дрэва’ (адносна яго гл. Саднік-Айцэтмюлер, 1, 33; Банькоўскі, 1, 577), што, аднак, не тлумачыць семантыку слова. Семантычна бліжэй н.-луж. jašk ’адтуліна ў жаку’, што ўзводзіцца да прасл. *askъ (Трубачоў, ЭССЯ, 1, 81), якія таксама не маюць надзейнай этымалогіі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Наўспяце́нь (ныўспяцень) ’наадварот’: прыставіць дзверы ныўспяцень (Бяльк.). Магчыма, да рус. вспять ’назад’ (да пята, гл. Фасмер, 3, 363); аднак, зыходзячы з ілюстрацыі і ўдакладнення рэдактараў слоўніка, якія дадалі значэнне ’ўгару, увысь, высока’, можна звязаць з успяць ’падняць угару’ (да пяць, пну, гл.). Прымаючы пад увагу магіл. на́піта, напята ’насцеж’ (гл.) і пятнік ’вушак, да каторага прыладжваюцца дзверы завесамі’, мае права на існаванне і іншая версія: да пята ’ніжняе гняздо, у якое ўстаўлялася драўляная вось дзвярэй’, тады наўспяцень значыла б ’не тым канцом восі (устаўлены дзверы)’ ці пад.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
лаві́на, ‑ы, ж.
1. Вялікая маса падаючага з гор снегу, лёду; снежны абвал. Пушчаны з гары снежны ком набывае ўсё большую і большую імклівасць і, абрастаючы снегам, павялічваючыся, ён ператвараецца ўрэшце ў грозную лавіну, якая змятае ўсё на сваім шляху. Лынькоў.
2. перан. Імклівая, нястрымная маса каго‑, чаго‑н. Лавіна коннікаў. □ Лавіна разгневаных людзей кінулася ўдагонку, усё змятаючы на сваім шляху. Гурскі. Праз адчыненыя насцеж парадныя дзверы з непахіснай рашучасцю імчыцца з ганка лавіна дзяцей. Гарбук.
3. у знач. прысл. лаві́най. Суцэльным патокам. Танкі ішлі лавінай. □ Лавінай хлынулі я барака ўсе як адзін. Ішлі доўгім сабраным натоўпам, плылі адзінай хваляй. Пестрак.
[Ням. Lawine.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варо́ты, ‑аў; адз. няма.
1. Шырокі праезд у сцяне, плоце, які закрываецца створкамі або закладваецца жардзінамі. У варотах мільганулася жаночая постаць з вёдрамі. Колас. Гумно на двое варот — не гумно, а гмах. Чарнышэвіч. // Створкі, якімі закрываецца такі праезд. Вароты ў двор ужо былі насцеж адчынены. Краўчанка. Падышлі [браты] да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку. Якімовіч.
2. У спартыўных гульнях — строга акрэсленая і вылучаная частка прасторы на полі, якая абараняецца кожнай камандай. Футбольныя вароты. □ Пачалася гульня. Мы перадавалі мяч адзін аднаму, потым білі па варотах. Васілёнак. // Вузкі праход паміж скаламі (на моры, у гарах). Царскія вароты. Байдарскія вароты.
3. перан. Пункт, праз які ажыццяўляецца інтэнсіўная сувязь з навакольныя светам. Марскія вароты. □ Брэсцкі вакзал вобразна называюць варотамі нашай Радзімы. «Звязда».
4. Спец. Месца ўваходу ў які‑н. орган ці выхаду з яго крывяносных і лімфатычных сасудаў. Вароты печані.
•••
Ад варот паварот гл. паварот.
Вароты пірагамі падпёрты дзе, у каго — пра багатае прывабнае месца.
Не лезці ні ў якія вароты гл. лезці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
э́ра, ‑ы, ж.
1. Рэальная або легендарная падзея, ад якой вядзецца летазлічэнне, а таксама адпаведная сістэма летазлічэння. Новая, або наша, эра ўмоўна пачынаецца з даты нараджэння міфічнага Ісуса Хрыста. □ [Андрэй Міхайлавіч:] — Ужо ў V веку да нашай эры пісаў пра Калхіду Гіпакрат. Самуйлёнак.
2. Вялікі гістарычны перыяд, які карэнным чынам адрозніваецца ад папярэдняга. І на трыбуну — насцеж дзверы! — Пад грамавы гвардзейскі кліч Жаданым сонцам новай эры Упэўнена ўзышоў Ільіч. Смагаровіч. Гэта [паэзія Маякоўскага] вялікая скарбніца ідэй, вобразаў і пачуццяў, сацыяльная і мастацкая прырода якіх звязана з новай эрай гісторыі чалавецтва — эрай сацыялістычнай рэвалюцыі і будаўніцтва камунізма. «Беларусь».
3. Буйная адзінка храналагічнага падзелу геалагічнай гісторыі Зямлі. Эры падзяляюцца на перыяды, а перыяды — на эпохі.
•••
Архейская (азойская) эра — самая старажытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Кайназойская эра — навейшая эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
Мезазойская эра — сярэдняя эра між палеазойскай і кайназойскай у геалагічнай гісторыі Зямлі.
Палеазойская эра — эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай.
Эазойская эра — другая найстаражытная эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі.
[Лац. aera.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбі́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разбіць.
2. у знач. прым. Расколаны на кускі або з адбітым краем. Разбітыя дзверы заставілі шафаю. Чорны. Праз два разбітыя акны і адкрытым насцеж дзверы гуляў вецер. Лынькоў. // перан. Разбураны, загублены. Разбітае жыццё. Разбітыя мары. □ Надзеі! Цяжка жыць з разбітымі надзеямі... Галавач.
3. у знач. прым. Пашкоджаны ўдарам. Трымаючыся за разбітую шчаку і распухлы нос, бокам высунуўся Слімак. Лынькоў.
4. у знач. прым. Які пацярпеў паражэнне, пераможаны. У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч.
5. у знач. прым. Знясілены, змучаны. Часам ноччу змораная, фізічна разбітая, .. [Таццяна] незаўважна засынала каля калыскі. Шамякін. Была трэцяя гадзіна ночы, калі Мікалай, стомлены і разбіты, дабраўся на кватэру. Дамашэвіч.
6. у знач. прым. Сапсаваны, пашкоджаны яздой, носкай і пад. [Іван] у сваіх картовых штанах, старых, разбітых чаравіках выглядае няўклюдным і вахлакаватым. Кудравец. Тут жа, выштурханая на бераг мноствам бурных прыбояў, парахнее, петрае на сонцы разбітая лодка. Брыль. І вось .. [Данік] імчыць па разбітай лясной дарозе... Краўчанка. // Надтрэснуты, расстроены (пра голас, музычны інструмент). — Каго Вам трэба? — голас быў жаласлівы, разбіты. Бядуля.
•••
Разбітае (старое) карыта гл. карыта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)