Менава́ць ’згадваць’, ’называць паводле імені’, менава́ццаназывацца’ (Нас.), ст.-бел. меновати, мяновати, менити, мянити ’тс’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mianować, mienić ’тс’ (Жураўскі, SlOr, 10, 1961, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 130; Свяжынскі, БЛ, 7, 1975, 48). Сюды ж ме́нка ’згадка, упамінанне’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фігурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Прысутнічаць, знаходзіцца дзе‑н., прымаючы ўдзел у чым‑н. Фігураваць на судзе ў якасці сведкі. // Называцца, упамінацца. Бобчынскі і Добчынскі фігуруюць у класічнай рабоце У.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» у якасці прадстаўнікоў «новых філасофскіх школак». «Полымя». А цераз год У лесе зноў сабраўся сход, Зноў фельетон Янотаў разбіралі, Але цяпер фігураваў там... Крот. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слыць ‘быць вядомым; лічыцца знаным, славіцца’ (ТСБМ, Нас.), ст.-бел. смути ‘лічыцца, называцца’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сли́ти ‘славіцца’, рус. слыть ‘тс’, стараж.-рус. слути ‘звацца’, ст.-польск. słuć, чэш. slouti, славац. sluť ‘тс’, славен. slúti ‘славіцца’, серб.-харв. слу́тити ‘прадчуваць, здагадвацца’, макед. слути ‘тс’, ст.-слав. слоути ‘выразна гаварыць, агалашаць’. Прасл. *sluti роднаснае лат. sluvêt ‘слыць’, slūt ‘зрабіцца вядомым’, ст.-в.-ням. hlût ‘гучны’, ірл. clunim ‘чую’, лац. clueō, cluēreназывацца; быць слаўным’, грэч. λκέω ‘слаўлю, усхваляю’, ст.-інд. śrų́tḥ ‘слых, вуха, слуханне’, да і.-е. kʼléu̯ ‘чуць’; гл. Траўтман, 307; Мюленбах-Эндзелін, 3, 942–943; Майргофер, 3, 372–374; Фасмер, 3, 680 з іншай літ-рай; Махэк₂, 557; Скок, 3, 289–290; Глухак, 564 (лічаць сербска-харвацкае слова вытворным ад *slutъ ‘хто слухае’); Бязлай, 3, 267–268; Борысь, 557–558; ЕСУМ, 5, 301. Далей гл. слава, слова, з якімі яно звязана чаргаваннем галосных.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разыгра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пачаўшы іграць, натхніцца, захапіцца ігрой. Потым Марыля разыгралася. Дзе падзелася скаванасць. Першая дзея закончана. Пляскалі ў далоні доўга. М. Ткачоў. Але варта .. [Люсі] было толькі разыграцца, і яна адразу перамянялася. Карпюк.

2. Разм. Пайграўшы некаторы час, настроіцца на лёгкую і свабодную ігру на якіх‑н. інструментах.

3. Паступова ўзмацніцца, дасягнуць высокай ступені ў сваім праяўленні. Апетыт разыграўся. Хвароба разыгралася. / Пра з’явы прыроды. Разыгралася бура.

4. Адбыцца, здарыцца. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. Але тут нечакана разыграўся такі эпізод, пасля якога ў Ясенях цэлы тыдзень смяяліся з Пятрэся. Арочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зна́чыцца 1, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

1. Быць запісаным дзе‑н., занесеным у які‑н. спіс. У запісцы значылася такая вуліца, якой хлопец ніколі і не чуў. Кулакоўскі. У спіску лепшых работнікаў падполля на адным з першых месц значыцца сям’я.. Яркіна. Брыль. // Лічыцца, называцца. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцы[й]на, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы — Высокае. Колас.

2. Быць бачным; вылучацца, віднецца. У цемры постаць .. [Ганны] ледзь значыцца, а твару і зусім не відаць. Мележ. Дарогу замяло. Ледзь значыўся свежы след. Гроднеў.

зна́чыцца 2, пабочн.

Разм. Такім чынам, выходзіць. — Значыцца, вы толькі ўступілі ў Чырвоную Армію? Машара. Носік дэманстратыўна пакінуў сход. За жывое ўзяло, значыцца. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

траге́дыя, ‑і, ж.

1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.

2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.

•••

Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.

[Грэч. tragōdia.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калю́га ’ямка на дарозе, выбітая коламі, звычайна з вадой, граззю’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2; мазыр., З нар. сл.; Касп.; Мат. Гом.; жытк., Нар. словатв.; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат.; Яўс.), ’каляіна на дарозе’ (маладз., слаўг., Яшк.), ’гразь з вадой’ (драг., Нар. словатв.), ’гразь, слата, бездарожжа’ (палес., Яшк.). Першае значэнне не з’яўляецца вузкім; звычайна калюгай можа называцца і лужына на полі, лузе. У новых слоўніках: калюга ’лужына’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’п’яніца; каляіна’ (Сл. паўн.-зах.), ’гразкае месца, сенажаць каля рэчкі’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). У Яшкіна падаецца значэнне ’глыба зямлі на раллі’ (нясв.); тэарэтычна такую семантыку можна дапусціць, аднак тут яшчэ і адзінкавасць фіксацыі, таму дэфініцыя выклікае сумненне. Укр. дыял. калюга ’гразь на дарозе’, ’лужына’, ’выбоіна на дарозе’, чарніг.-сумск. ’вада пасярод дрыгвы’, рус. зах.-бран., бран., курск. калюга ’лужына’, курск. ’неглыбокая азярына’, белгар., бран. ’яма з вадой’, польск. kaluga ’лужына’, славін.-каш. kʼaluga, kʼalëga ’лужына на дарозе’, серб.-харв. ка̀љуга ’лужына, гразь, твань’. Суфіксальны варыянт да калуга, kaluga (беларускія формы такога тыпу нам невядомы), вытворнага ад kalъ (суфікс ‑uga), гл. Трубачоў, Эт. сл. 9, 126, параўн. таксама калужа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Славяні́н, славя́не ‘група роднасных па паходжанні і блізкіх па мове народаў’ (ТСБМ). Параўн. укр. словʼяни́н, словʼя́ни, рус. славяни́н, славя́не, стараж.-рус. словѣне — назва ўсходнеславянскага племені паблізу Ноўгарада, словѦне, польск. Słowianie ‘славяне’, в.-луж. Słowjan, Słovjanojo, н.-луж. Słowjan, чэш. Slovan, Slované, славац. Slovan, Slovania, серб.-харв. Сло̀вен, Slavén, Слове́ни, Slavéni, Сло̀венин, славен. Slovān, Slováni, Slovéni, балг. славя́нин, славя́ни, макед. Словен(ин), Словени, ст.-слав. словенинъ, словѣне у адносінах да славянскага племені вакол Салуні. Прасл. *slověninъ, мн. л. *slověne, с.-лац. Sclavi, Sklavini, Sclaveni ‘славяне’, с.-грэч. Σκλαβηνοί ‘славяне’. Асноўныя версіі: Трубачоў (Этимология–1980, 12–13) найбольш перспектыўнай лічыць версію Якабсона (IJSLP, 1959, 1–2, 271) ад *slovo (гл. слова), які спасылаецца на аналогію ў стараж.-рус. кличане ‘паляўнічыя, якія падымаюць звера крыкам’: кличь (гл. клікаць), а таксама на апазіцыю словѣненѣмци; але сам Трубачоў прапануе ўтвараць *slověninъ не ад імя, а ад дзеяслова *slovǫ, *sluti (гл. слыць) ‘зразумела гаварыць’ — ‘быць гучна аклікнутым’ з суф. ‑jan, параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. слути, слову ‘лічыцца, называцца, славіцца’ (таксама Глухак, 561), роднасным і слав. *slava (гл. слава). Супраць роднасці з *slovo Фасмер (3, 663), які лічыць, што ўтварэнні на ‑ěninъ, ‑aninъ сустракаюцца толькі ў вытворных ад назваў месцаў, таму разглядае слова як вытворнае ад гідроніма, параўн. стараж.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, Слуя — рака ў былой Смаленскай губ., гідронімы польск. Sława, Sławinica, серб.-харв. Славница, якія набліжаюць да грэч. κλύζω ‘адмываю’, лац. cluō ‘ачышчаю’, cloāca ‘каналізацыйны сток’. Іншыя версіі — ад уласных імён на ‑slav (Бадуэн дэ Куртэнэ, JP, 3, 62 і наст.; супраць Мікала, РФВ, 48, 271); супастаўленне з грэч. λαός, λϜαός ад σλαϜός ‘народ’ (Мікала, там жа). У сувязі з гэтай думкай параўн. гоц. piuda ‘народ’, ням. deutsch ‘нямецкі’, лац. teutōnes ‘немцы’ ад і.-е. *teut ‘народ’; гл. Младэнаў, 588–589; Скок, 3, 281–283; Бернштейн, Фонетика, 90–91. Агляд літ-ры гл. яшчэ БЕР, 6, 834 і наст., ЕСУМ, 5, 307; SEK, 4, 320; Бязлай, 3, 265; Трубачоў, Этногенез₂, 93, 312, 335–336 і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)