надарва́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад надарваць.

2. у знач. прым. Хваравіта рэзкі, хрыплы; у якім чуюцца душэўны боль, пакуты. Надарваны ахрыплы голас крычаў з цемры: «Народ!.. Сюды!» Броўка.

3. у знач. прым. Змучаны; з душэўным надрывам. А конь гэты — інвалід вайны. Надарваны, скалечаны. Шамякін. Кацярына была адна, з хворай душою і надарваным сэрцам. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыво́т 1, ‑вата, М ‑ваце, м.

Частка цела ў чалавека і жывёл, у якой знаходзяцца печань, страўнік, кішэчнік, селязёнка і іншыя органы. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Васілевіч. // Разм. Страўнік, кішэчнік. — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, тая ад жывата. Чарнышэвіч. Салодкая яда — жывату бяда. Прыказка. // Частка тулава, процілеглая спіне. [Людзі] лажыліся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі непасрэдна з крыніцы. Маўр.

•••

Брацца за жывот гл. брацца.

Жывот падцягнула (падвяло) гл. падцягнуць.

Ірваць жываты гл. ірваць.

Качацца (з) жыватом гл. качацца.

Надарваць (парваць, падарваць) жывот (жываты) гл. надарваць.

жыво́т 2, ‑вата, М ‑ваце, м.

Уст. Тое, што і жыццё (у 2 знач.). — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопатах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха!.. Самуйлёнак.

•••

Не на жывот, а на смерць — тое, што і не на жыццё, а на смерць (гл. жыццё).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., што.

1. Моцна нацягнуўшы або рыўком раздзяліць на часткі, разарваць. Парваць вяроўку. □ Весялей трэба йграць, хоць бы й струны парваць, Хоць і сам мо вяселлю не рад. Чарот.

2. Разарваць на часткі, падраць. З дна куфра [Назарыха] дастала старыя льняныя абрусы і парвала на пялёнкі. Б. Стральцоў. Ліст сябра.. [Смачны] парваў і кінуў кавалачкі ў пячурку. Галавач. / Пра хмары. І раптам той жа вецер, які ўчора наганяў на людзей нуду, за ноч парваў на дробныя кавалачкі хмары, загнаў іх некуды за небасхіл і сам там жа знік. Сергіевіч.

3. Падраць, нарабіць дзірак. Плішчылася .. [Марылька], плішчылася праз гушчэчу, усё адзенне на сабе парвала. Якімовіч.

4. Пашкодзіць; падарваць. [Міхал:] Наладую падводы толам, парву немцу жалезку ад Віцебска аж да самай Оршы... Кучар.

5. перан.; і з кім-чым. Спыніць, кончыць (сувязі, адносіны і пад.). Парваць знаёмства. Парваць з кампаніяй. □ Адзінокі, бо парваў усе адносіны з сям’ёй, разлучаны з блізкімі, .. [Давід] не сумаваў, не тужыў, як іншыя. Машара.

6. каго. Пакусаць (пра сабаку, ваўка і пад.). [Сцёпа] добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Курто.

7. Сарваць усё, многае. [Лукаш:] — Каб не я, то ўвесь ваш боб парвалі б, далібог праўда. Лобан.

8. і без дап. Рваць некаторы час.

•••

Жылы парваць — надарвацца ад цяжкай працы.

Нервы парваць — папсаваць нервы моцным напружаннем.

Парваць жывот (жывата) — тое, што і надарваць жывот (жываты) (гл. надарваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. каго-што. Перамагчы сілай у барацьбе; узяць верх. Лерасіліць таварыша і паваліць. Плыўцы перасілілі цячэнне. □ Не думае класціся і ляснік. Быццам згаварыліся хлопчыкі з ім: хто каго перасіліць, хто першы засне. Паўлаў. // што. Атрымаць верх, праявіцца, адчуцца з большай сілай. Міхал ніколі не стане панскім слугой да канца, службовы абавязак не перасіліць у ім чалавека. Навуменка. // што. Заглушыць які‑н. гук, шум больш моцным гукам, шумам. Вася паставіў на дол чамаданчык, сунуў у рот два пальцы і зычна свіснуў, стараючыся перасіліць шум рухавіка. Краўчанка.

2. перан.; каго-што. Пераадолець, заглушыць якое‑н. пачуццё, адчуванне, жаданне і пад. Перасіліць боль. Перасіліць нянавісць. Перасіліць страх. □ Чалавек сам павінен перасіліць гора. Старонняя спагада часам толькі сыпле соль на раны. Сапрыка. Арсеню Андрэевічу захацелася адразу ж вярнуцца, але ён перасіліў сябе, пайшоў далей. Марціновіч.

3. каго. Змучыць, надарваць, прымушаючы празмерна напружвацца. Перасіліць каня работаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сэ́рца 1, ‑а, н.

1. Цэнтральны орган кровазвароту, які мае выгляд мускульнага мяшка (у чалавека — у левым баку грудной поласці). Міхаленя выстукваў граніцы сэрца, уважліва слухаў яго тоны. Алешка. Навакол было так ціха, што .. [Сцяпан] чуў стук уласнага сэрца. Чарнышэвіч. // Месца ў левым баку, дзе знаходзіцца гэты орган. Чалавек з перавязанай рукой прыціснуў руку да сэрца, увесь узгарэўся, расплыўся ўдзячнай усмешкай. Лынькоў. — Ён! — схапілася сакратарка за сэрца і адразу хуценька паглядзелася ў люстэрка. Вірня.

2. перан. Гэты орган як сімвал перажыванняў, настрояў, пачуццяў. Па адзін бок дарогі стаялі больш елкі, але такія цёмныя і панурыя, што нічога добрага не казалі майму сэрцу. Колас. Не, .. [Яніна] нічога благога не лічыць за сабою, яна зрабіла так, як падказала ёй сэрца. Мурашка. Мы ведалі сэрцам І ўсёй глыбінёй душы Суровы вайны закон І сваю баявую задачу. Хведаровіч. Быццам прадчувала Васева сэрца няшчасце. Пальчэўскі. // Гэты орган як сімвал сардэчнасці, шчырасці, спагадлівасці. Шчыраму сэрцу і чужая волька баліць. Прыказка. // Гэты орган як сімвал любоўнай схільнасці, любоўных пачуццяў. Мне сэрца сваё аддала ты На беразе Чорнага мора. А. Александровіч.

3. перан. Душэўны свет чалавека, яго перажыванні, пачуцці. Чалавек з вясёлым характарам, аматар дасціпнага слова, вострага жарту, Міхаіл Сярмяжка ўмее знаходзіць сцежку да чалавечага сэрца. Дадзіёмаў. Ён [лесаруб] слухаў звон і пошум гэты І толькі сэрцам разумеў: Вятры тут гукі ўсяго свету Схавалі ў голлі гонкіх дрэў. Кляўко. // з азначэннем. Душэўныя якасці, характар чалавека. [Пытляваны:] Дзякую, свацейка! Выручыла ты нас. Сэрца ў цябе залатое. Крапіва. Не ўзнімайце дарэмна шуміхі, Што лісты да дзяўчыны пішу. Паважаю я працу ткачыхі І лагоднае сэрца, душу. Смагаровіч. У .. [Эльзы] былі не толькі халодныя вочы. У яе было халоднае сэрца. Чарнышэвіч. // з азначэннем. Чалавек як носьбіт пэўных душэўных якасцей. Доўга маўчалі абое. [Мікола] глядзеў на яе ўпаўшымі, зашклёнымі ад слёз вачыма. — У мяне быў таксама сынок, — пачала, памаўчаўшы, старая. — Таксама добрае сэрца. Няхай яму бог даруе. Брыль.

4. перан. Разм. Гнеў, злосць. — Што ты так непакоішся за .. [Марынку]? — з сэрцам гаварыла маці. Хадкевіч.

5. перан.; чаго. Цэнтр, самая важная частка чаго‑н. Плошча Свабоды? Яе ўжо даўно пачало абмінаць жыццё, хоць яна і з яўлялася сэрцам горада на працягу стагоддзяў. Карпаў. Сэрца кожнай буравой устаноўкі — рухавік. Чаркасаў.

6. Унутраная, цэнтральная частка сцябла (ствала) расліны; асяродак. Піла ўсё глыбей ды глыбей уядаецца ў сэрца хвоі. Бядуля.

•••

Парок сэрца гл. парок.

Разрыў сэрца гл. разрыў.

Адкрыць (раскрыць) сэрца гл. адкрыць.

Адлегчы ад сэрца гл. адлегчы (у 1 знач.).

Ад (усяго) сэрца — шчыра, адкрыта, чыстасардэчна; непасрэдна. Падсунулася [маці] бліжэй да дзяўчыны, пытаецца, ці не вучылася дзе Валя на спявачку — хораша вельмі, з душы гучыць, ад сэрца... Мыслівец.

Ад шчырага (чыстага) сэрца — а) шчыра, чыстасардэчна. — Праўда? — чамусьці перапытаў Алесь і .. дадаў: — Віншую! Ад шчырага сэрца. Шыцік; б) з найлепшых пабуджэнняў. [Гаспадар крамы:] — Я табе [Булыгу] ад чыстага сэрца раю: сядзі і не рыпайся. Бажко.

Браць (блізка) да сэрца гл. браць.

Браць (узяць) за сэрца гл. браць.

Выкінуць з сэрца гл. выкінуць.

Выкрасліць з сэрца гл. выкрасліць.

Вырваць з сэрца гл. вырваць.

Да глыбіні сэрца гл. глыбіня.

З адкрытым сэрцам — шчыра, даверліва.

З заміраннем сэрца гл. заміранне.

З лёгкім сэрцам (з лёгкай душой) — без роздуму, без трывог.

Знайсці дарогу к чыйму сэрцу гл. знайсці.

Камень з сэрца спаў (зваліўся) — тое, што і гара з плячэй звалілася (гл. гара).

Камень на сэрцы гл. камень (у 3 знач.).

Кроўю сэрца гл. кроў.

Мець сэрца гл. мець.

Надарваць сэрца гл. надарваць.

На сэрцы кошкі скрабуць гл. кошка.

Не мець сэрца гл. мець.

Няма сэрца ў каго гл. няма.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Па сэрцу — да густу, падабаецца што‑н.

Прапанаваць руку і сэрца гл. прапанаваць.

Прымаць блізка да сэрца гл. прымаць.

Прыняць да сэрца (сэрцам) гл. прыняць.

Разбіць сэрца каму гл. разбіць.

Сэрца абарвалася (адарвалася, упала) — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца ад’есці гл. ад’есці.

Сэрца ад’ядаць гл. ад’ядаць.

Сэрца (душа) апала — пра раптоўнае адчуванне трывогі, страху.

Сэрца баліць (ные) — тое, што і душа баліць (ные) (гл. душа).

Сэрца кроўю абліваецца — каму‑н. невыносна цяжка ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю і пад.

Сэрца ледзянее — тое, што і кроў ледзянее (гл. кроў).

Сэрца не ляжыць да каго-чаго — тое, што і душа не ляжыць да каго-чаго (гл. душа).

Сэрца не на месцы — тое, што і душа не на месцы (гл. душа).

Сэрца разрываецца — пра пачуцці вострай жаласці, шкадавання.

Увайсці ў сэрца гл. увайсці.

У глыбіні сэрца гл. глыбіня.

Усім сэрцам — усёй істотай.

Як маслам па сэрцы гл. масла.

(Як) нож у сэрца гл. нож.

сэ́рца 2, ‑а, н.

Засаўка ў замку, якая высоўваецца пры павароце ключа.

сэ́рца 3, ‑а, н.

У зване — падвешаны ўсярэдзіне для ўдараў металічны стрыжань; біла, язык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)