жыво́т 1, ‑вата, М ‑ваце, м.
Частка цела ў чалавека і жывёл, у якой знаходзяцца печань, страўнік, кішэчнік, селязёнка і іншыя органы. Пан, залажыўшы рукі назад, ад чаго яшчэ больш выпучваўся жывот, крочыў спераду, мужык — за ім. Брыль. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Васілевіч. // Разм. Страўнік, кішэчнік. — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, тая ад жывата. Чарнышэвіч. Салодкая яда — жывату бяда. Прыказка. // Частка тулава, процілеглая спіне. [Людзі] лажыліся на жывот і, апусціўшы галаву, пілі непасрэдна з крыніцы. Маўр.
•••
Брацца за жывот гл. брацца.
Жывот падцягнула (падвяло) гл. падцягнуць.
Ірваць жываты гл. ірваць.
Качацца (з) жыватом гл. качацца.
Надарваць (парваць, падарваць) жывот (жываты) гл. надарваць.
жыво́т 2, ‑вата, М ‑ваце, м.
Уст. Тое, што і жыццё (у 2 знач.). — Ты страціў не ўсё, — адказаў Тэафіл. — Але каб ты надалей грузнуў у клопатах аб мізэрным жываце, ты страціў бы ўсё, Міха!.. Самуйлёнак.
•••
Не на жывот, а на смерць — тое, што і не на жыццё, а на смерць (гл. жыццё).