сму́та, ‑ы, ДМ смуце, ж.

1. Уст. Мяцеж, паўстанне, беспарадак. А ў нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка, падымаючы рукі ўгору — пра смуту, пра Русь і пра веру ў госпада бога. Скрыган.

2. Душэўнае замяшанне, трывога, хваляванне. І тут ён [Антось] нават засмяецца, Каб цень развеяць тае смуты: — І трэба часам крыж пакуты Панесці, мілыя мае вы, Зазнаць і гора, неспадзевы! Колас.

•••

Сеяць смуту гл. сеяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бунт ​1, ‑у, М ‑нце, м.

Стыхійнае паўстанне, мяцеж. Стралецкі бунт. Кулацкі бунт. □ Грозны вагар зямельных бунтаў пакаціўся па неабсяжных прасторах царскай Расіі, скутай астрогамі і ланцугамі няволі, пакаціўся бляскам пажараў, клубамі дыму, афарбоўваючы ў крывавы колер халоднае асенняе неба. Колас. // Спрэчка, сварка. [Гаспадыня:] — Ды яна [наймічка], разбойніца, бунт узняла. Не пайду, кажа, у Граева служыць. Бажко. // перан. Пратэст, абурэнне. У грудзях яе [Мікалаеўны] пачаўся сапраўдны бунт зняважаных пачуццяў. Гамолка.

бунт ​2, ‑а, М ‑нце, м.

Звязак, кіпа; стос.

[Ад ням. Bund — звязак.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крамо́ла, ‑ы, ж.

1. Уст. Дзяржаўная змова, мяцеж, бунт. [Ганецкі:] Не гарачыся, трэба высачыць, з кім бунтаўшчыкі больш у вёсцы звязаны, каб з каранямі знішчыць крамолу. Козел. У кожным беларускім пісьменніку жандары ад літаратуры бачылі патэнцыяльнага злачынца, у кожнай спробе беларускага народа загаварыць на сваёй роднай мове — крамолу. Мальдзіс.

2. перан. Разм. Погляды, выказванні, ўчынкі, якія супярэчаць агульнапрынятым нормам паводзін, устаноўленаму парадку. — Паколькі вы самі, ды і ўсе дэлегаты не ўбачылі ў маёй прамове ніякай крамолы, я буду гаварыць далей. Лынькоў. — Чаму гэта ў нас лічаць крамолай, калі чалавек зайшоў у рэстаран? А калі я проста хачу паабедаць культурна? Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бунт 1 ’мяцеж’. Рус. бунт (з пачатку XV ст.), укр. бунт. Запазычанне з польск. bunt < ням. Bund саюз’ (’саюз’ > ’змова’ > ’бунт’). Дзеясловы бунтава́ць, рус. бунтова́ть, укр. бунтува́ти таксама лічацца запазычаннем з польск. buntować ’тс’. Бернекер, 101; Фасмер, 1, 241, 242; Брукнер, 49; Фасмер, RS, 6, 169; Шалудзька, Нім., 23; Рыхардт, Poln., 38; Кюнэ, Poln., 47. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 51–52. Версія пра непасрэднае запазычанне з ням. не пераконвае (так Чарных, РЯШ, 1961, № 4, 97; Рудніцкі, 256). Да бунт < ням. Bund ’саюз’ семантычную паралель з іранскіх моў прыводзіць Абаеў, Зб. Баркоўскаму, 14.

Бунт 2 ’вязка, звязак’ (Арх. Бяльк., слонім., Інстр. III, Касп.), ’вязка, мяшок’ (Нас.), бу́нцік (Гарэц.). Укр. бунт ’тс’. Рус. бунт ’кладка; мяшкі з мукой’, бунт пеньки. Запазычанне з польск. bunt ’тс’ (а гэта з ням. Bund ’тс’, да binden звязваць’). Магчыма і непасрэднае запазычанне з ням. Параўн. Брукнер, 49; Фасмер, 1, 241; Шанскі, 1, Б, 227; Рудніцкі, 256; Шалудзька, Нім., 23.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Муці́ць, муці́ці, муці́цца, мутэ́тэ, муты́ты, муті́ті ’рабіцца мутным, каламуціцца’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян.), ’паласкаць адзенне’ (віл., Сл. ПЗБ), ’не даваць спакою, трывожыць’, ’разводзіць плёткі’, ’узбураць, каламуціць’, ’хлусіць, падманваць’, ’цягнуць на рвоту, быць у стане млосці’, ’хварэць на жывот (пра парасят, калі іх аднімуць ад маткі)’ (ТСБМ, Нас., Бес., Выг. дыс., Сл. бел. фраз.; пруж., Бел. хр. дыял.; палес., З нар. сл., Нар. лекс., Сл. Брэс., Шатал., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. мути́ти, рус. мути́ть, польск. mącić, н.-луж. muśis, в.-луж. mucić, чэш. moutiti, ст.-чэш. mútiti, славац. mútiť, славен. motíti, серб.-харв. му́тити, макед. мати, балг. мътя, ст.-слав. мѫтити. Прасл. mǫtiti — ітэратыў да męsti ’збіваць з панталыку’ > мяце́ж (гл.) — роднасны да ст.-інд. manthayati, mā̆thayati ’трасе, перашкаджае’, mathnā́ti, mánthati, máthati, авест. mant‑ ’мяшае, боўтае; сукае, круціць’, ст.-ісл. modull ’тачыла’, а таксама (з іншай ступенню вакалізму) літ. mentùris, mentùrė ’калатоўка’ (Міклашыч, 189; Бернекер, 2, 44; Траўтман, 181; Фасмер, 3, 18; Махэк₂, 355; Бязлай, 2, 197).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́нуцца 1 ‘звар’яцець’ у фразе: тро́нуцца з ума, з розуму тронувся (палес., гродз., маг., гом., віц., ЛА, 2, Жд. 1, Ян., Юрч. Сін.; пух., Сл. ПЗБ), тро́нутый ‘ненармальны’ (кобр., ЛА, 2). З рус. тронуться (з розуму). Аналагічна ва ўкраінскай мове — тро́нутіся ‘зрабіцца трохі ненармальным, псіхічна хворым’ (ЕСУМ, 5, 646).

Тро́нуцца 2 ‘пачацца (пра вайну)’ (Юрч. СНЛ), ‘сапсавацца, растаць (пра зімовую дарогу)’ (лун., Шатал.), тро́нутыса ‘тс’ (Сл. Брэс.), тро́нуць ‘крануць, зачапіць, рушыць’ (ТС), ‘злёгку зачапіць’ (Юрч. Сін.; віц., ЛА, 3), ‘параніць жарабя (пра воўка)’ (ТС). Параўн. укр. трону́ти ‘крануцца, зварушыць’, трога́ти ‘кранацца, варушыць, непакоіць, назаляць’, рус. тро́нуться ‘рушыцца, крануцца’, ‘расчуліцца’, тро́нуть ‘дакрануцца’, ‘зачапіць’, ‘рушыць (у дарогу, з месца)’, ‘папсаваць, крануць, прымарозіць’, сюды ж балг. тро́гвам ‘кранаю’. Надзейнай адзінай этымалогіі няма (Фасмер, 4, 104): супастаўляюць з лат. treksne ‘ўдар, поштурх’, ст.-ісл. þreka ‘сціскаць, давіць’, ст.-англ. đracu ‘націск, гвалт’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 230), ст.-лат. trieksne (XVII ст.) ‘бунт, мяцеж’ (Каруліс, 2, 426); з лац. tergeō, ‑ēre ‘мыць, чысціць’, гоц. þaíeko ‘дзірка’ (Петр, BB, 18, 285). Рускае слова выводзяць з тро́пнуть ‘топнуць’, тропа́ть ‘таптаць’ (Трубачоў, Дополн.). Гл. яшчэ Чарных, 2, 263–264; ЕСУМ, 5, 646.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турбава́ць (турбува́ць, турбова́ць) ‘праяўляць клопат, непакоіць, хваляваць, трывожыць, не даваць спакою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Бяльк., Шат., Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., ТС, Растарг., Сл. ПЗБ, Скарбы, ЛА, 3), турбава́цца, турбува́цца, турбова́цца, турбова́тыса, турбова́тысь ‘клапаціцца’ (ЛА, 3, Сержп. Прымхі, Некр. і Байк., Растарг., Варл.). Паводле Я. Станкевіча, “польскі барбарызм” (Зб. тв., 2, 170) замест беларускага рупіцца або клапаціцца. Ст.-бел. турбация, турбацыя ‘парушэнне спакою’ (1600 г.), турбовати (торбовати) ‘непакоіць’ (1507 г., ГСБМ) праз ст.-польск. turbacja, turbować ‘тс’ запазычаны з лац. turbātio ‘замяшанне’, ‘мяцеж’, turbāre ‘хваляваць, трывожыць, раз’ядноўваць’ < turba ‘бязладдзе’, ‘замяшанне’, ‘сварка’, turbō ‘вір’ (Брукнер, 585; Булыка, Лекс. запазыч., 41; ЕСУМ, 5, 679). Сюды ж турба́ца ‘турбота’ (Шат.), турба́цʼя (turbácja) ‘клопат’ (Федар. 4), турбацца ‘тс’ (Сержп. Прымхі), турба́цыя ‘турботы, клопат, ‘непакой’ (ТСБМ, Нас., Касп., Байк. і Некр., Сцяц., Нар. Гом., Сцяшк. Сл., Нік., Мядзв., Др.-Падб., Гарэц., Абабур.; дзярж., Нар. сл.; шальч., Сл. ПЗБ), ‘клопаты па справах’ (Нік., Оч.), турбава́нне, турбо́та ‘заклапочанасць чым-небудзь, неадольнае жаданне ажыццявіць што-небудзь’, ‘пастаянная руплівасць’ (ТСБМ, Шат., Байк. і Некр.; віл., Сл. ПЗБ), турбо́ты ‘цяжкасць’ (Ласт.), ‘клапатлівасць, захады’ (Варл.), турбо́тны ‘заклапочаны’ (Гарэц.), ‘клапатлівы’ (баран., гом., ЛА, 3), турбо́тлівы ‘тс’ (Байк. і Некр.; баран., гом., ЛА, 3, Нар. Гом.), турба́вы ‘клапотны’ (Жд. 3), турбані́на ‘клопат, турбота’ (шальч., Сл. ПЗБ), турбо́ваны і турбава́ны ‘заклапочаны’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)