кадзі́ла, ‑а, н.
1. Металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы. [Поп], махаючы кадзілам, напусціў вельмі многа пахучага ладану. Каваль. Праз сіняваты пахучы дым кадзіла блішчыць пазалота іканастаса. Брыль.
2. Шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі.
•••
Раздзьмуць кадзіла гл. раздзьмуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кадзі́ла 1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.
Кадзі́ла 2 ’шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тымя́нка ‘расліна Convallaria majalis’ (Ласт.), тымянкі мн. л. ‘вырачка звычайная, Clinopodium vulgare L.’ (віц., Кіс.). Паводле Ластоўскага, іншая назва расліны, з якой ён пад пытальнікам ідэнтыфікуе ландыш, цімʼян (цімьян), што адпавядае ст.-бел. темъянъ, темианъ, фемианъ, фемиянъ, фимиянъ ‘расліна чабор, Thymus L.’, ‘пахучае рэчыва з гэтай расліны’ (ГСБМ). Найбольш верагодна, што лексема выводзіцца з польск. tymian, tymianek, якія абазначаюць ‘чабор, Thymus L.’, а таксама ‘чысцік, Calamintha L.’, а ў форме temian з’яўляецца сінонімам да чэш. blín ‘блёкат, Hyosciamus L.’ (Махэк, Jména, 205). З другога боку, Clinopodium па-польску называецца storzyszek ‘вырачка’, а першапачаткова ‘казялец ці кураслеп, Anemone L.’ (Махэк, Jména, 201), што сведчыць аб шматлікіх пераносах назваў з адной расліны на другую паводле іх моцнага паху. Польск. tymian, tymianek ‘чабор’, на думку Брукнера (589), было запазычана з ням. Thymian праз лацінскую мову са ст.-грэч. θῡμίᾱμα ‘тое, што курыцца (пра фіміям)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)