чапуры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Разм.
1. Прыхарошвацца, адмыслова прыбірацца, прыводзіць сябе ў парадак. Пакуль чапурыліся калгасныя артысты, пакуль падыходзілі да стагоў людзі, Уладзімір Іванавіч паспеў што-нішто расказаць. Кірэйчык. Варка такі сябе глядзела: як толькі прыходзіла з поля, чысценька вымывалася, круцілася перад люстрам, запляталася, чапурылася і станавілася такою, хоць ты яе ў тэлевізар паказвай. Сабаленка. Дзедка пагаліўся, Стаў ён чапурыцца — Маладзей зрабіўся Так гадкоў на трыццаць! Валасевіч.
2. Надзімацца, натапырвацца (пра птушак). На прасторным двары Сімона чапурыўся дурны ганарлівы індык. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
талко́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Разумны, кемлівы; дзелавіты. [Апейка:] — Актывістаў арганізуй, каб памаглі. Падбяры групу талковых, сумленных, пагавары шчыра. Мележ. І калгасныя справы .. [Васіль] павёў так, што хутка стаў вядомы як здольны, талковы рахункавод. Васілевіч. — Канечне, — гаварыў дзед Нічыпар, — старшынёй трэба выбраць чалавека пісьменнага, талковага. П. Ткачоў. // Змястоўны, разумны, дзелавы. Талковы даклад. □ [Тарасевіч:] — А як трэба нашай прамысловасці разумная, удумлівая парада вучонага-эканаміста, талковая рэкамендацыя. Арабей.
2. Ясны, зразумелы, пераканаўчы (пра думкі, словы і пад.). Звычайна паліцэйскія былі альбо п’янчугі, альбо людзі тупыя, не здольныя вымавіць ніводнага талковага слова. Новікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
но́раў, ‑раву, м.
1. Характар, сукупнасць псіхічных якасцей. Круты нораў. Вясёлы нораў. □ Нораву.. [Кірыла] быў неспакойнага. Лупсякоў. [Маўра] не стала пярэчыць [мужу]. Не магла. Гэта было не ў яе нораве. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. На што вада, але і тая Не ўсюды роўны нораў мае. Спакойна ў ямах і заторах, Але капае дол у горах. Колас. Калгасныя коні .. былі розныя — і па выгляду, і па звычках, і па нораву. Ракітны.
2. звычайна мн. (но́равы, ‑аў). Звычай, уклад жыцця, звычка. Учора ў клубе Барыс праслухаў лекцыю аб норавах капіталістычнага грамадства. Жычка.
•••
З норавам — упарты, наравісты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праду́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Тое, што атрымліваецца ў выніку працы чалавека. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. // Вынік якой‑н. дзейнасці, вынік чаго‑н. Матэрыялам літаратурнага вобраза з’яўляецца слова, г. зн. прадукт чалавечай гісторыі. У. Калеснік.
2. Рэч, атрыманая з чаго‑н. або патрэбная для атрымання чаго‑н. Прадукты хімічнай перапрацоўкі дрэва.
3. звычайна мн. (праду́кты, ‑аў). Харчовыя прыпасы. На партах у мяшках былі прадукты: мяса, кансервы, сухары. Шамякін.
•••
Сукупны грамадскі прадукт — усе матэрыяльныя даброты, створаныя грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год).
[Ад лац. productus.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.
1. Разбіць, паламаць, разваліць, ператварыць у руіны. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Шамякін. Цяпер жа Грысева хатка выглядае зусім адзінокай, бо вёску Паддубаўку немцы спалілі, пасеку разбурылі, а калгасныя агароды запуставалі. Кулакоўскі. // перан. Давесці да поўнага развалу. Разбурыць гаспадарку. // перан. Парушыць, прымусіць распасціся. Разбурыць сям’ю.
2. перан. Загубіць, знішчыць, расстроіць. Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара. Колас. Вайна бязлітасна разбурыла светлыя мары. Данілевіч. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
столь, ‑і, ж.
1. Верхняе ўнутранае пакрыццё памяшкання, процілеглае падлозе. Сцены гладка склютаваны, Стрэхі з бляхі белай, Столь, падлога габляваны, Вокны ў сажань цэлы. Купала. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
2. Паверхня гэтага пакрыцця з боку гары. Родзька праворна ўзбіраецца на столь, дзе пад чарапічным дахам ззяе электрычная лямпачка: здагадлівы старшыня паклапаціўся, каб працаваць .. было светла. Даніленка. Раніца ў нашым пакоі пачыналася грукам і стукам на столі. Новікаў.
•••
Пад столь — вельмі высокі. [Дзядзька Павел:] — Расці, нябожа, вялікі, каб, пакуль я прыйду з вайны, ты быў пад столь ужо. Сабаленка.
Пляваць у столь гл. пляваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зе́рне, ‑я; мн. зерні, ‑яў і зярняты, ‑нят; н.
1. Дробны плод, семя злакаў; семя некаторых іншых раслін. Андрэй Сцяпанавіч запускаў руку то ў ячмень, то ў пшаніцу, перасыпаў з далоні на далонь зярняты, нюхаў іх. Бялевіч. // зб. Насенне хлебных злакаў. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі.
2. Асобная частка, крупінка якога‑н. рэчыва. Хларафілавае зерне. Зерне пораху.
3. перан.; чаго. Зародак, ядро чаго‑н., зыходны пачатак. Водгулле ўсяго таго, што дзеялася на свеце, далятала сюды [у Палессе] .. з такімі напластаваннямі людской фантазіі, што ўжо трудна было вылушчыць з іх зерне праўды. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паглы́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца больш глыбокім. Каляіны паглыбіліся. □ На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй. Пестрак.
2. Пранікнуць у глыб чаго‑н., урэзацца ў што‑н. І вось вастрыё разца паглыбілася ў метал. «Звязда».
3. Прасунуцца, прайсці, праехаць і пад. куды‑н. углыб. Паглыбіцца ў цясніну. □ Непрыкметна для сябе Тамара збілася з дарогі і паглыбілася ў лес. Васілевіч. // перан. Пачаць глыбока займацца чым‑н. Паглыбіцца ў калгасныя справы. □ Турсевіч яшчэ болей паглыбіўся ў падрыхтоўку да паступлення ў настаўніцкі інстытут. Колас. // перан. Засяродзіцца на чым‑н. Ракуцька паглыбіўся ў свае думкі і сцішыўся. Чорны.
4. Стаць, зрабіцца больш значным, сур’ёзным. Супярэчнасці паглыбіліся. □ У «Юнацкім свеце» паглыбіўся і заззяў новым святлом вобраз лірычнага героя паэзіі Куляшова. Бярозкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якому дадзен розум, надзелены розумам. Разумная істота.
2. Разважлівы, кемлівы, надзелены жыццёвай мудрасцю. Старшынёй калгаса выбралі чалавека разумнага, памяркоўнага. Даніленка. Жылі тры браты: два разумныя, а трэці — дурань. Якімовіч. // Які разумее чалавека (пра жывёл). Разумны сабака. // Які выяўляе розум, праніклівасць. Разумны твар. □ Разумныя карыя вочы хлопца кагосьці шукалі. Ваданосаў.
3. Які сведчыць аб розуме, разважлівасці. Разумнае слова. □ [Сцёпка:] — Каб выказаць разумную думку, не трэба многа прыгожых і выкрутасістых слоў. Колас. // Багаты думкамі, змястоўны. У партфелі .. [старшыня сельсавета] насіў разумныя кнігі і наведвальнікам-сялянам зачытваў цытаты з класікаў марксізма-ленінізма. Шамякін.
4. Які адпавядае абставінам, лагічны ў даных умовах, мэтазгодны. Разумны ўчынак. □ [Крушынскі:] — Адзін плач тут не паможа, бацюшка, трэба нешта больш разумнае рабіць. Бядуля. У выніку такой разумнай арганізацыі працы і высокай працоўнай актыўнасці калгаснікаў абмалот быў праведзен у самыя кароткія тэрміны, збожжа паступіла ў калгасныя засекі. Залескі.
•••
Разумная галава гл. галава.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раз’е́зд, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раз’язджаць; паездка. Калгасныя коні былі дзень пры дні ў раз’ездзе і на пільнай рабоце. Чорны. На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. Броўка.
2. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. раз’язджацца — раз’ехацца (у 1 знач.).
3. ‑у. Невялікая конная часць (не болей эскадрона), якая высылаецца для разведкі, аховы або сувязі з другімі часцямі. Міхалка ўзіраўся ўдаль, ці не едзе з маёнтка Глухі Бор раз’езд польскіх жаўнераў. Бядуля. [Рыгор:] — У канцы лістапада нямецкі раз’езд схапіў мяне каля горада Рамадан. Краўчанка.
4. ‑а. Раздваенне аднакалейнага пуці, якое дае магчымасць разысціся двум сустрэчным паяздам, вагонам і пад. // Прыпыначны пункт на месцы такога раздваення. Раз’езд Белы Кут поезд мінуў, не прыпыняючыся і не зніжаючы хуткасці. Васілёнак. Штовечар на раз’ездзе Ціхі Лес спыняецца прыгарадны цягнік, і кожны раз з прыступкаў вагонаў саскокваюць правадніцы. Карамазаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)