Сква́рыць ‘пячы, смаліць (пра летнюю спёку)’ (Нас.), ‘тс (пра моцны мароз)’ (Шат.), ‘пячы на агні (пра сала і пад.)’, ‘запраўляць сквараным салам’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, Сцяшк., ЛА, 4). Укр. шква́рити, польск. skwarzyć ‘тс’, чэш. skvařiti ‘вытапліваць тлушч, скварыць’, славац. škvariť ‘тушыць; пражыць’. Сюды ж рус.-ц.-слав. раскврѣти ‘спражыць’, ст.-чэш. skvřieti sě ‘пражыцца, растоплівацца’, в.-луж. škrěć ‘плавіцца з шыпеннем’, н.-луж. škŕěś ‘тс’, славен. cvrẹ́ti ‘пражыць’. Прасл. *skvariti, *skverti ‘растапліваць (на агні) (тлушч)’, ‘прыпякаць, смажыць’. Ізаляванае славянскае слова. Найбольш верагодным лічыцца гукапераймальнае паходжанне і супастаўленне з коранем *skvьr‑ (гл. скварэц, сквярціся); гл. Праабражэнскі, 2, 296; Голуб-Копечны, 371. Мяркулава (Этим. иссл. 2, 114–116) збліжае з гукапераймальным *ščeverъ ‘дрэнны пах ад гарэлага’, якое выводзіцца на падставе паўн.-рус. ще́вер ‘дрэнны пах і трэск ад гарэлага’, а першасным значэннем лічыць ‘спальваць ахвярную жывёліну’. Роднасць з рус. скве́рный Праабражэнскі (там жа) і Фасмер (3, 636) лічаць сумніўнай. Махэк₂ (615) дапускае магчымасць паходжання слова ад кораня *ver‑ ‘варыць’, а sk‑ лічыць мадыфікатарам кораня накшталт прыстаўкі ко‑. Сной₁ (65) мяркуе аб роднасці са с.-н.-ням. smoren ‘тушыць (ежу)’ (адкуль ням. schmoren ‘тс’) і паходжанні ад і.-е. кораня *skē̌u‑ ‘рэзаць’ з уплывам значэння ‘растапліваць (тлушч)’. Борысь (556) удакладняе, што *skvariti з’яўляецца каузатывам ад прасл. *skverti ‘тапіць, распускаць праз падагрэў, смажанне’ з заменай каранёвага галоснага e → o і наступным падаўжэннем o → a.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycićзапраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́каць1 ‘торкаць, тыцкаць’, ‘паказваць’, ‘даваць, падсоўваць што-небудзь каму-небудзь’, ‘рабіць папрок, упікаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Мат. Гом.): не тыкай на сонцэ, бо рука отсохне (Сержп. Прык.), ‘уторкваць, утыкаць’ (ТСБМ, Нас., Федар. 6, ТС), ‘закладаць снапы ў азярод, запраўляць, запіхваць’ (калінк., люб., Сл. ПЗБ), ‘соваць’: языча, языча, куды цябе тыча (пух., З нар. сл.), тыкаць, утыкаць (нос) ‘умешвацца не ў сваю справу’ (Юрч. Фраз.), тыкаць у нос ‘рэзка ўказваць’, тыкаць пальцамі ‘адкрыта асуджаць’ (там жа), ты́кнуць ‘ткнуць, сунуць’ (Нас., ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), тыко́ць ‘тыц’ (ТС), ст.-бел. тыкати ‘ўтыкаць; закранаць, датычыць’ (ГСБМ), ‘натыкаць’: дѣти на колье тыкахоу (XV ст., Карскі 2-3, 456). Параўн. укр. ти́кати, рус. ты́кать, стараж.-рус. тыкати ‘штурхаць’, ц.-слав. тыкати ‘калоць’; польск. tykać ‘дакранацца’, ‘кранаць’, ‘адносіцца, належаць’, ‘убіваць у зямлю’, славін. takac ‘датыкацца’, палаб. tåicě ‘тыкае’; н.-луж. tykaś ‘кранаць, датыкацца, штурхаць, тыкаць’, ‘падаваць’, в.-луж. tykać ‘соваць, тыкаць, утыкаць, набіваць (люльку)’, славен. tikati ‘належаць, адносіцца’, харв. tȉcati, серб. ти́цати ‘датыкацца’, ‘закранаць’, ‘датычыць’, балг. ти́кам ‘тыкаць, штурхаць’. Прасл. *tykati ‘датыкацца’ < ‘калоць, басці’, ‘злёгку таўчы, закрануць’ суадносіцца з прасл. *tъknǫti ‘дакрануцца’ (Сной₂, 764), гл. ткаць, ткнуць; роднаснае лат. tūkaȃt, tūcît ‘мясіць, ціснуць, мяць, запіхваць, біць, грукаць’, літ. tuksė́ti ‘стукаць, грукаць, біцца (аб сэрцы)’, ст.-в.-ням. dûchen ‘ціснуць’, ст.-грэч. τύκος ‘малаток’, ‘сякера’, асец. tuǧd ‘біцца, змагацца’, ťyst, ťunst ‘запіхваць, саваць’, ‘калоць’ < і.-е. *(s)teu̯‑ ‘таўчы, біць’ і *tēu̯‑ (Каруліс, 2, 435; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 566; Арол, 4, 124).

Ты́каць2 разм. ‘гаварыць камусьці «ты», называць імем’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС), ты́кацца ‘звяртацца на «ты»’ (ТС): ni tykajsie za mnojy, ja z taboju świniej ni paświŭ (Федар. 4). Параўн. укр. ти́кати ‘звяртацца на «ты»’, рус. ты́кать ‘тс’, польск. tykać ‘тс’, н.-луж. tykáš se ‘тс’, в.-луж. tykać ‘тс’, чэш. tykat ‘тс’, славац. tykať si ‘тс’, серб. ти́кати ‘тс’, харв. tíkati ‘тс’, славен. tikati ‘тс’. Утвораны ад займенніка 2 ас. адз. л. ты (< прасл. *ty) накшталт ням. duzen (< du ‘ты’), франц. tutuer (< tu ‘ты’) (Сной₂, 764; Фасмер, 4, 130; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)