убеди́тельный

1. перакана́ўчы;

убеди́тельный до́вод перакана́ўчы до́вад;

2. (настоятельный) вялі́кі, мо́цны, ве́льмі вялі́кі, ве́льмі мо́цны;

убеди́тельная про́сьба вялі́кая (ве́льмі вялі́кая) про́сьба.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

доказ, довад, сведчанне, падстава, абгрунтаванне, аргумент, матывіроўка, рэзон; козыр (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

резо́н м., разг.

1. (разумное основание) ра́цыя, -цыі ж., слу́шнасць, -ці ж.;

нет никако́го резо́на так де́лать няма́ нія́кай ра́цыі гэ́так рабі́ць;

2. (довод) уст. до́вад, -ду м.;

не принима́ть резо́нов не прыма́ць до́вадаў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Аргуме́нтдовад’ (БРС). Рус., укр. аргумент, польск. (з XVI ст.) argument. Ст.-бел. аркгументъ (XVII ст. — Гіст. мовы, 1, 298; Гіст. лекс., 108), ст.-укр. аргументъ (канец XVI ст.) з лацінскай, магчыма, праз польскую, як і рускае, зафіксаванае ў мове Курбскага ў XVI ст. (Шанскі, 1, А, 137) з націскам на другім складзе. Націск на апошнім складзе ў беларускай мове ў выніку ўздзеяння рускай мовы ці формы множнага ліку польскай (argumenty) замацаваўся ўжо ў XIX ст. (Нас.); Насовіч прыводзіць і бытавое значэнне аргументы ’хабар’, што дае падставы меркаваць аб адсутнасці перапынку ва ўжыванні слова і робіць непатрэбным дапушчэнне аб паўторным запазычанні слова з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76; Гіст. лекс., 233), дзе сучасны націск замацаваўся ў канцы XVIII ст. (Шанскі; менш дакладна — Фасмер, 1, 84).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

до́каз, ‑у, м.

1. Довад або факт, які з’яўляецца падставай для сцверджання чаго‑н.; сведчанне чаго‑н. Людзі кінуцца ў лес, а гэта і будзе доказам іх партызанскай прыналежнасць. Шчарбатаў. Даўно ўжо так не абедаў Пракоп, і лепшым доказам гэтага багатага абеду служылі засеўшыя ў зубах кавалачкі гавядзіны. Колас. Шмат каго будуць судзіць за зносіны з паўстанцамі, хаця ніякага доказу на гэта.. не маецца. Чарот.

2. Сістэма вывадаў, якая служыць для устанаўлення новага палажэння на падставе іншых, раней вядомых. Складанасць.. [тэарэмы] была ў тым, што, каб даказаць яе, трэба было ведаць заадно доказ і яшчэ адной тэарэмы. Краўчанка.

•••

Рэчавы доказ — прадмет, які мае дачыненне да злачынства і спрыяе яго раскрыццю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ува́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які адносіцца да чаго‑н., робіць што‑н. з увагай (у 1 знач.). Уважлівы вучань. Уважлівы слухач. □ [Валік] быў уважлівы на ўроках, добра вучыўся, вызначаўся надзвычайнай акуратнасцю. Ваданосаў. [Мацей:] — Рыбак, браце, павінен быць кемлівы, уважлівы да ўсяго. Ляўданскі. // Які выказвае ўвагу (у 1 знач.); пільны. Уважлівыя вочы. □ Пакуль Ніна Пятроўна гаварыла,.. [Казімір] міжвольна акінуў яе ўсю ўважлівым позіркам. Краўчанка. // Які робіцца, выконваецца з увагай; старанны. Уважлівае вывучэнне матэрыялаў з’езда. Уважлівае назіранне за ростам раслін.

2. Які праяўляе ўвагу (у 2 знач.); чулы, клапатлівы. Трэба быць больш уважлівым да чалавека, хто б ён ні быў. Колас. Надзя была вельмі ўважлівая да брата, заўсёды адчувала і разумела яго перажыванні, супярэчнасці ў думках і імкненнях. Кулакоўскі. Цяпер Ніна ўжо не адыходзіла больш ад Алеся, была ўважлівай і ласкавай. Шыцік.

3. Які можа быць прыняты пад увагу; дастатковы для апраўдання. Уважлівыя прычыны. Уважлівы довад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

факт, ‑а, М ‑кце, м.

1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.

2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.

3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.

[Ад лац. factum — зробленае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце; пр. напаў, ‑пала; заг. нападзі; зак.

1. Зрабіць напад з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. На вёску напалі бандыты. Воўк напаў на чараду авечак. □ Бумажкоў чакаў, пакуль немцы збяруцца разам, каб папасці на іх нечакана. Чорны. Заставалася адно. Папоўніць дружыну суседнімі баявымі атрадамі і ў часе суда напасці на гліну, каб такім чынам выратаваць нявінных... Чарот. // З’явіцца ў вялікай колькасці (пра чарвей, вусеняў, насякомых). На капусту напаў вусень. На вазоны напала тля.

2. Разм. З прагнасцю пачаць што‑н. рабіць. Напасці на ежу.

3. Накінуцца на каго‑н. з абвінавачваннямі, папрокамі, з лаянкай і пад. На.. [Грышу] адразу напалі дзяўчынкі: — Не ведаеш, дык маўчы! — На сабе мераеш! Жычка.

4. Раптоўна ахапіць, з’явіцца (пра душэўны або фізічны стан). Напаў смех. Напаў кашаль. □ Жаль скаваў мне грудзі, І нуда папала... Колас. На старога зноў напаў страх. Новікаў.

5. Выпадкова знайсці што‑н., натрапіць, набрысці на што‑н. Напасці на паклады жалеза. □ Гэта той самы бярэзнік, дзе летась наш дзядзька, ходзячы па грыбах, напаў на неруш. Колас. // Сустрэць каго‑н.; сутыкнуцца на жыццёвым шляху. Напасці на добрага чалавека. // Раптам знайсці. Нарэшце .. [Сідорык] трапна напаў на довад, якім перамог ўпартасць Адама. Шынклер.

•••

Напасці (трапіць, натрапіць) на след — атрымаць звесткі, якія дапамагаюць выявіць, знайсці каго‑, што‑н.

Не на таго напаў (натрапіў, нарваўся) — маеш справу не з тым, на каго разлічваў; недаацэньваеш таго, з кім маеш справу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)