вычвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
Разм. Вырабляць штукі, рабіць што‑н. незвычайнае; вытвараць. // Свавольнічаць, дурэць. Не так ужо заўсёды і смешна бывала, што.. [Мішка] гаворыць ці вычварае, гэты няўрымслівы, блазнюкаваты дзяцюк. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замо́рак, ‑рка, м.
Разм. Кволая, фізічна недаразвітая істота, расліна. Светазар.. — дзяцюк, што рост, што плечы — усім хлопец узяў. А.. [Федзька] — і глядзець няма на што: бледны, худзенькі заморак. Ракітны. Каласы-заморкі не схіляліся долу, а стаялі тырчком. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заі́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑іцы, Т ‑ай, ж.
Той, хто заікаецца (у 1 знач.). Гэта быў бедны местачковы дзяцюк гадоў за дваццаць, бязвусы, безбароды, трохі заіка, трохі гультай і трохі прыдуркаваты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рука́сты, ‑ая, ‑ае.
1. З вялікімі, доўгімі рукамі. Лёнік Бокуць — здаровы рукасты дзяцюк з ленаватымі соннымі вачыма. Быкаў. Вось стаіць .. [Віталь Шчупак] на міжпуцці — высокі, рукасты, са славутым сваім чубам над ілбом і пільна глядзіць уперад. Васілёнак.
2. Які любіць красці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
блазнюкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які любіць блазнаваць; блазан (у 2 знач.). Не так ужо заўсёды і смешна бывала, што ён гаворыць ці вычварае, гэты няўрымслівы, блазнюкаваты дзяцюк. Брыль.
2. Уласцівы блазнюку (у 2 знач.); поўны блазенства. Потым, спаткаўшыся з яго [Карніцкага] нейкім блазнюкаватым позіркам вачэй, [дзяжурны] усхапіўся з-за стала, залямантаваў на ўвесь пакой. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыдуркава́ты, ‑ая, ‑ае.
Дурнаваты, бесталковы. Гэта быў бедны местачковы дзяцюк гадоў за дваццаць, бязвусы, безбароды, трохі заіка, трохі гультай і трохі прыдуркаваты. Колас. На тварах бандытаў з’явіліся ўхмылкі. Яны, відаць, паверылі, што перад імі сапраўды прыдуркаваты хлопец. Хомчанка. // Уласцівы прыдурку. Спакойны, ураўнаважаны, з застыглай прыдуркаватай усмешкай на няскладным твары, .. [Алёшка] ішоў да каменданта і думаў, па якой гэта патрэбе яго паклікалі да начальства. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызе́місты, ‑ая, ‑ае.
Нізкі на выгляд; прысадзісты. З двух бакоў разлягаліся лагодныя, светлыя прасторы палёў, пясчаныя ўзгоркі, на якіх асталяваліся .. разложыстыя прыземістыя хвойкі. Колас. [Мужчыны] падышлі да гаража — доўгага прыземістага будынка, разлічанага машын на дзесяць. Хадкевіч. Танкі, прыземістыя, злавесныя, упарта набліжаліся. Мележ. // Невысокі, але моцнага целаскладу; каржакаваты (пра чалавека). Наперадзе цвёрдай паходкай з аўтаматам напагатове крочыў прыземісты і плячысты дзяцюк. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлапчы́на, ‑ы, м.
Разм. Малады чалавек, дзяцюк. І вось у гэты час да нас падышоў высокага росту, добра адзеты хлапчына гадоў дваццаці. Пальчэўскі. — Памесцімся, — супакоіў нас шафёр, вясёлы гаваркі хлапчына, відно, вялікі ахвотнік да сваіх дарожных стрэч і знаёмстваў з самым розным людам. Васілевіч. // Рослы, плячысты малады чалавек. [Бацька:] — Мужчына ж, канешне! Эх, а хлапчына які вялікі вырас за гэтыя чатыры гады. Мележ. Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Сужэ́нства ’праўная сувязь мужа і жонкі, шлюб’, сужо́нства ’тс’, сужо́н, сужане́ц ’муж’, сужані́ца ’жонка’, сужане́цкія пяро́звы ’паслявясельныя візіты маладых’ (дрыс., Ласт.), сюды ж сужэ́нька (sužéńka) ’заручаны дзяцюк’ (Варл.), ’суджаная’ (Касп.). Параўн. серб.-харв. су̏жањство ’няволя, палон, увязненне’, су̏жањ ’вязень, палоннік, раб’, харв. sùžnjica ’раб, рабыня; палонны’, славен. súženjstvo ’рабства, няволя’, sùženj ’раб, нявольнік’, sužnja ’рабыня, нявольніца’, ц.-слав. сѫжьнь ’палоннік’, сѫжьница ’палонніца’. Зыходная форма прасл. *sǫžьnь, першапачаткова ’той, хто звязаны’, што ад *sǫ‑ (гл. су-) або *sъ‑ і *ǫz‑ьnь, гл. вязень, вуза, вузкі (Скок, 3, 367; Глухак, 596; Сной₂, 712). На семантыку слова паўплывала збліжэнне з судзіць (гл. суджаны) і жаніць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
хам, ‑а, м.
1. Уст. Пагардлівая назва чалавека ніжэйшага саслоўя, звычайна селяніна (у мове паноў). Уваходзіць перапалоханы галоўны аконам. У руках яго папера. — Ясны пане! Якую агідную паперу падалі пану гэтыя хамы з Выганаў і з Высокага! Колас. Эх, дзяцюк, хама ўнук, Сын бяды і працы, Чаго прэш, як сляпы, У панскія палацы? Купала.
2. Разм. лаянк. Грубы, нахабны чалавек. [Марылька:] Як жа я з табою жыць буду, з такім хамам? [Няміра:] — Ага, Цывін настройвае цябе супроць мяне?! Чорны.
[Ад імя Хама, сына Ноя, які, паводле біблейскага сказання, быў пракляты бацькам за непашану.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)