эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

На́вадзень (на́ва дзень) ’бохан хлеба’ (Грыг.), навадзянь ’тс’ (Пал.). Укр. чарніг. на́водзень ’бохан, вялікі жытні хлеб’. Карскі (2–3, 99) лічыць чарніг. новодзень ’усякі цэлы (непачаты) хлеб’ складаным словам тыпу вялікдзень і пад., аднак семантыка яго застаецца нявытлумачанай. Можна бачыць у ім табуізаваную назву або эўфемізм, параўн. naujinis, naujas ’новы’ як назва баравіка ў літоўскіх дыялектах, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, II, 193, што пацвярджаецца таксама забаронай рэзаць хлеб да заходу сонца, параўн.: Нельга было почынаць ббхона увечэры наноч (ТС). Страхаў сведчыць пра рытуальнае дзяленне хлеба на Палессі: «…бралі буханку і ішлі на двор, станавіліся там, дзе зайшло сонца, і пачыналі рэзаць. Лусту адрэжа гаспадар і вяртаецца ў хату» (Полесье и этногенез славян. M., 1983, 99). Магія цэлага, непачатага адлюстравалася і ў паняцці новы, параўн. ст.-рус. новый ’іншы; яшчэ адзін’, што павінна было забяспечыць працяг дастатку і ў будучым; параўн. таксама выкарыстанне таго ж паняцця ў гадавым сялянскім цыкле: чэш. мар. prednov(ok), славац. donovok, dönovie ’час перад жнівом, як правіла, непасрэдна перад жаданым «новым» хлебам, калі трэба вытрымаць «да новага» хлеба’. З фармальнага боку другая частка слова можа быць узведзена да *dšti ’рабіць’, параўн. польск. дыял. dziono, dzienie, dzień ’выраб’ і рус. пск. борть новодетъ, борть стародетъ ’дрэвы з новымі і старымі борцямі’, новодѣль ’новая борць’ і пад.; у такім выпадку першапачатковае значэнне слова можна ўзнавіць як ’новапачаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

раздзялі́ць, ‑дзялю, ‑дзеліш, ‑дзеліць; зак., каго-што.

1. Падзяліць на часткі. Раздзяліць буханку на тры часткі. □ На бюро абкома вырашылі раздзяліць вобласць на зоны. Дзенісевіч. Бондар раздзяліў атрад і адбіты абоз на тры групы, з разлікам, каб яны памаглі пагарэльцам кожнай з трох вёсак. Навуменка. // Падзяліць на якія‑н. катэгорыі, разрады. [Князь:] — Народ раздзялілі гэтай верай. Сварацца, як быццам не адной маці дзеці. Караткевіч.

2. Размеркаваць паміж кім‑, чым‑н., выдзеліўшы кожнаму адпаведную частку. Раздзяліць прадукцыю на некалькі дзён. □ [Кулік] раздзяліў усім нявольнікам па бульбіне, якая здавалася смачней за яечню. Гурскі. // Даць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; падзяліцца чым‑н. Раздзяліць абед з таварышам.

3. Падзяліць паміж кім‑н. агульную гаспадарку, маёмасць, даўшы магчымасць жыць і весці гаспадарку самастойна. — У цябе адзін [сын], а ў мяне двое.. Калі раздзялю хутар, дык абодва жабракамі будуць, — сказаў Макар. Асіпенка.

4. Знаходзячыся паміж кім‑, чым‑н., раз’яднаць. Рака раздзяліла гэтыя вобласці. // перан. Пазбавіць сувязі, зносін з кім‑н., зрабіць далёкімі, чужымі адзін другому, разлучыць. Хоць адкрытых канфліктаў між .. [Евай і Аўгіняй] і не бывала, але іх раздзяліла мяжа адчужэння. Колас. — Бач, жыве наш Карп, ажыццяўляюцца яго думкі, яго імкненні. Значыць, смерць не раздзяліла нас... — Баранавіч глыбока і, як здалося Сітніку, гаротна ўздыхнуў. Дуброўскі.

5. Перажыць, зведаць што‑н. разам з кім‑н. Раздзяліць гора. Раздзяліць радасць з сябрамі. □ [Сакольнаму] раптам захацелася глянуць на Аню, на тую адзіную студэнтку, якая сёння раздзяліла з ім славу двоечніка. Кулакоўскі. // Прыняць удзел у чым‑н. разам з іншымі. Раздзяліць кампанію. □ Давядзецца раздзяліць з .. [жонкай] небяспечную долю. Новікаў. // Далучыцца да чаго‑н., выказаць сваё адзінадушша з кім‑н. Раздзяліць погляды сваіх таварышаў.

6. Зрабіць дзяленне (у 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)