азі́міна, ‑ы, ж.

Пасевы, усходы азімых збожжавых культур. Негарачае асенняе сонца лашчыць пажоўклыя бярозавыя гаі, шырокія вагоны зялёнай азіміны. Навуменка. Варанецкі схадзіў на поле азіміны, паглядзеў, ці добра яна ўрунела. Дуброўскі. Лёгкі подых ветру даносіць з поля ледзь чутны водар спелай азіміны і салодкі пах грэчкі. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сане́т, ‑а, М ‑неце, м.

Лірычны верш з 14 радкоў — двух чатырохрадкоўяў і двух трохрадкоўяў з асаблівым размяшчэннем рыфмаў. Санет на беларускай мове гэтак жа лёгка і зграбна выражае і даносіць думкі і пачуцці, як санеты славутых італьянскіх і французскіх майстроў, сцвярджаў [М. Багдановіч]. Лойка.

•••

Вянок санетаў гл. вянок.

[Іт. sonetto.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інструменто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

1. Выклад музычнага твора для выканання аркестрам або інструментальным ансамблем; аркестроўка. Інструментоўка фартэпіяннай п’есы.

2. Аддзел тэорыі музыкі, які вывучае ўласцівасці асобных музычных інструментаў і прынцыпы іх спалучэння ў аркестры. Чытаць курс інструментоўкі.

3. перан. Спецыяльны падбор гукаў у вершы, які стварае пэўнае мастацкае ўражанне; гукапіс. Своеасаблівая інструментоўка прыведзеных радкоў даносіць да слыху грознае гудзенне бору. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шо́лах, ‑у, м.

Лёгкае, ледзь чутнае шапаценне; шорах, шоргат. Праз расчыненае акно вецер даносіць шолах бяроз і свежасць ракі. Шыловіч. Лістапад! Не чуваць ужо шолаху траў На лугах, за шырокім Дняпром. Прыходзька. // Глухі, невыразны шум. Каротка і адрывіста раўнуў паравоз на раз’ездзе, ціхенька здрыгануліся рэйкі, і нейкі лёгкі, ледзь чутны шолах прабег па іх, як бы яны аб чымсі перамаўляліся між сабою. Колас. З мяккім шолахам накатваліся бясконцыя хвалі, імкліва прарэзвалі блакіт беласнежныя чайкі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагова́ривать несов.

1. нагаво́рваць;

нагова́ривать пласти́нку нагаво́рваць пласці́нку;

2. (на кого, что возводить напраслину) разг. нагаво́рваць; (оговаривать) абгаво́рваць; (наушничать) нагаво́рваць, дано́сіць; (клеветать) разг. паклёпнічаць, узво́дзіць паклёп;

3. этн. нагаво́рваць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Све́тка (свѣтка) ‘сведка’ (Нас., Шымк. Собр.), сьве́тка ‘тс’, мн. л. светкі ‘тс’ (Бяльк.; петрык., Яшк. Мясц.): немашака светак (Сержп. Казкі), све́тка ‘тс’ (Сл. ПЗБ), свя́тка ‘тс’ (Скарбы), ст.-бел. свѣтки ‘сведкі’ (1450 г.), светок ‘сведка’ (XVI ст.). Апошняе, згодна з Карскім (1, 275), пад уплывам формы мн. л. свѣтки, ад яго, відаць, і свѣтчити, свѣтчу (1487 г.), што адлюстроўваюць аглушэнне д (Карскі, 1, 274; 2–3, 261), гл. сведчыць. Адсюль запазычана і літ. sviẽtkas ‘сведка’ (Буга, Rinkt., 2, 495), форма з ‑я‑ пад уплывам польск. świadek ‘сведка’. Сюды ж дыял. све́тчыць (свѣтчиць) ‘пацвярджаць; дапамагаць; даносіць’ (Нас.). Станкевіч (Язык, 643) бачыць тут корань ‑вет‑ (*‑vět‑), гл. веціць, адно са значэнняў якога было ‘гаварыць, абвяшчаць’, што, магчыма, паўплывала на першасную форму. Гл. сведка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шпіён, ‑а, м.

Звычайна засакрэчаная асоба, якая тайна збірае або крадзе звесткі, дакументы, што складаюць дзяржаўную або ваенную тайну, з мэтай перадачы іх іншай дзяржаве. Пачалі пашырацца чуткі аб з’яўленні ў нашых тылах варожых шпіёнаў і дыверсантаў. Машара. Паміж лясоў прабіраліся да населеных пунктаў шпіёны і дыверсанты. Чорны. Сотні мільёнаў долараў асігноўваецца ўрадам ЗША на падрыўную работу супроць краін народнай дэмакратыі і СССР, на засылку ў гэтыя краіны шпіёнаў і дыверсантаў. «Звязда». // Разм. Той, хто сочыць за кім‑н., падпільноўвае каго‑н., даносіць на каго‑н. І бацька прыняў вясёлае рашэнне: павадзіць «грыбных шпіёнаў» за нос. Шамякін.

[Ням. Spion.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ска́рдзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Выказваць скаргу (у 1 знач.), незадавальненне. Ды яшчэ збіраліся пажылыя дзядзькі: скардзіліся адзін аднаму на свой лёс, расказвалі дзіўныя гісторыі, каб забыць хоць на час пра сваё шэрае жыццё. Шахавец. Не раз і старыя .. скардзіліся на нявестку. Васілевіч. Ля каменя ўпала Цярплівая маці ў знямозе, У роспачы скардзіцца стала Знаёмай дарозе. Куляшоў. Прыходзіць і прыязджае ў бальніцу многа людзей, што скардзяцца найбольш на боль галавы. Пестрак.

2. Падаваць, прыносіць скаргу (у 2 знач.). Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны. Але скардзіцца Ільюк не пайшоў: Шэметы ніколі не скардзіліся, самі разбіраліся са сваёю крыўдай. Лобан.

3. Разм. Даносіць, нагаворваць. «Сам вінаваты, а бяжыць скардзіцца». Шыловіч. — Ідзі, ідзі, скардзіся!.. Мала я дбаю, што ты пажалішся. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ка́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падаць каплямі. Зямля была мокрая, з дрэў капала вада. Маўр. / у безас. ужыв. Удзень капала са стрэх, у зацішку зусім па-веснавому прыгравала сонца. С. Александровіч.

2. Ліць, наліваць каплямі. Капаць лякарства. // Разліваць каплі чаго‑н. на што‑н. Капаць салам на настольнік.

3. перан.; на каго. Разм. Даносіць, нагаворваць. Капаць на суседзяў.

•••

За каўнер не капае — няма падстаў спяшацца; паспеецца.

Капаць на мазгі каму — настаўляць, навучаць.

капа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., што.

1. Пераварочваючы і разбіваючы верхні слой глебы (звычайна лапатай), размякчаць, рыхліць зямлю; ускопваць. Капаць агарод. □ Хлапчукі капалі зямлю і насілі перагной. Васілевіч. // Выбіраючы, выкідваючы зямлю, рабіць паглыбленне. Капаць яму. □ Дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы, пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. Паслядовіч.

2. Выконваць, даставаць што‑н. з зямлі. Капаць бульбу. □ Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне. Якімовіч. // Рыючы зямлю, здабываць каштоўныя пароды, карысныя выкапні, мінералы. Капаць гліну. □ [Эдвард Лявэр] з самых малых год сваіх капаў жалезную руду. Чорны.

•••

Капаць магілу (яму) каму — рыхтаваць пагібель, тварыць зло каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)