птушы́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да птушкі. Птушыныя галасы. Птушыны пух. □ Там, у гушчары дрэў, Уночы чуцен рогат соў, Удзень — птушыны спеў. Панчанка. // Які складаецца з птушак. У чарацяным гушчары шчабеча ды шастае нейкая птушыная дробязь. Брыль. Маці дужа клапацілася аб тым, каб хто не спакусіўся на яе птушынае багацце. Лынькоў. // У якім водзіцца многа птушак; населены птушкамі. Птушыны гай. □ Таямнічы шолах плыў з птушынага бярэзніку. Бялевіч. // Прызначаны для птушак. Птушыны корм. Птушыная клетка.

2. Які нагадвае птушку; такі, як у птушкі. У прыемнай сакратара пісала на машынцы бялявая дзяўчына з маладзенькім, нейкім птушыным тварам. Гаўрылкін. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачамі, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Маўр.

•••

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушыны базар гл. базар.

(Толькі) птушынага малака не хапае гл. хапаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Торг ’здзелка, гандаль’, ’кірмаш’, ’базар, рынак, месца гандлю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Шат., ТС, АБ, 7, Скарбы; ашм., Стан.; воран., Сл. ПЗБ), таргі́ ’аўкцыён’ (ТСБМ), ’гандаль; пакупнікі’ (Ян.). Укр. торг ’здзелка’, ’дагавор аб куплі-продажы’, ’гандлёвая плошча’, рус. торг ’прывоз, рынак, месца куплі і продажу’, ’гандаль’, ’гартаванне’, стараж.-рус. търгъ, польск. targ ’продаж і купля тавараў’, ’гандлёвая плошча’, ’гандаль, абарот’, ’выручка’, старое н.-луж. terg ’месца гандлю’, в.-луж. torhošćo ’рынак’, чэш., славац. trh ’рынак’, ’базар, кірмаш’, славен. tȓg ’тс’, ’плошча’, ’сквер’; серб. тр̑г, харв. tȓg ’тавар, якім гандлююць’, ’гандлёвая плошча’, балг. търгови́я ’гандаль’, търг ’тс’, търгъ́т ’аўкцыён’, макед. тргови́ја ’гандаль’, ст.-слав. тръгъ ’гандлёвая плошча’. Прасл. *tъrgъ. Пэўным чынам знаходзіцца ў сувязі з алб. treg(ë) ’рынак’, ’базар’ (> Trst), ілір. tergitio ’гандляр, купец’, з венецкімі тапонімамі Tergeste > Trzst > Trst ’рынак’, Opitergium ’хлебны або таварны рынак’, лігур. terg‑ ’купец’, Tergolape, Tergilam і інш. Рыбеца (Archivio glottologico italiano, 35, 51) сцвярджае, што *terga, якое дало алб. tregë, з’яўляецца міжземнаморскім словам і яго можна звязаць генетычна з асір.-вавіл. tamgaru ’купец’ > арамей. taggara > араб. tadžir, з якога выйшлі tiġaret ’барыш, заробак’, tüccar ’купец’, прынесеныя туркамі на Балканы (Скок, 3, 499). Ён мяркуе, што балканска-лац. terg‑ у Дунайскай зоне ў V ст. н. э. увайшло ў праславянскую мову. Літ. tur̃gus, лат. tìrgus ’рынак’, а таксама ст.-сканд. torg, швед. torg, дац. torv, фін. turku запазычаны ва ўсходніх славян (Махэк₂, 651; Брукнер, 566; Мікала, Berühr., 170; Скарджус, Slav., 226; Петрыч–Гольмквіст, JS, 8, 1962–1963, 146). Спробы вывесці паходжанне слав. *tъrgъ з цюрк., манг. torga, torgu ’шоўк’ ці са ст.-цюрк. turɣu ’стаянка’ не пераконваюць (Фасмер, 4, 82). Ондруш (Этимология–1984, 179) сцвярджае, што прасл. *tr̥gъ генетычна звязана не толькі з харв. trážiti, *s‑terg‑: *s‑torg‑ ’сцерагчы’, але і з балг. тъ́рси ’шукае’. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 603. Сюды ж таргава́ць ’прыцэньвацца; гандляваць’ (ТСБМ), торгава́цца (ТС), то́ржышча ’рынак, гандлёвая плошча з народам’ (Нас.), тарго́віцабазар’ (АБ, 7 (3)), таргаўшчы́ца, тарго́ўка ’гандлярка’ (там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базары́нка, базары́нак ’падарунак, куплены на базары’ (Нас.), базары́нкі ’тс’ (Гарэц.). Укр. базари́нка, басаври́нок, басари́нок, басари́нка, басари́мок ’хабар, падарунак’, басару́нок ’сена або трава, якую даюць карове ў час даення’. Рус. дыял. баса́ри́нка ’праца для гаспадара за арэнду зямлі’. Запазычанне з польск. basarunek ’кампенсацыя’ (< с.-в.-ням. bezzerunge ’паляпшэнне, выпраўленне’; параўн. ням. Besserung). Карловіч, Wyr. obce, 37; Корбут, PF, 4, 402, 496; Брукнер, 17; Фасмер, 1, 130. Формы з ‑з‑ другасныя (па народнаэтымалагічнаму асэнсаванню ў сувязі з база́р).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́нак, ‑нку, м.

1. Месца рознічнага гандлю спажыўнымі прадуктамі і іншымі таварамі; базар. Усё лета вазілі гуркі, памідоры, капусту на калгасны рынак. Шамякін. Прыехаў пан у горад, пераначаваў, а назаўтра пайшоў на рынак шукаць аўса. Якімовіч. Пакуль [Маша] схадзіла на рынак, купіла свежай гародніны ды бялізну памыла, і дзень праляцеў. Гроднеў.

2. Спец. Сфера таварнага абарачэння, сістэма эканамічных сувязей паміж таваравытворцамі. Знешні рынак. Унутраны рынак. Сусветны рынак.

•••

Агульны рынак — міжнароднае дзяржаўна-манапалістычнае аб’яднанне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паскупі́цца, ‑скуплюся, ‑скупішся, ‑скупіцца; зак.

Праявіць скупасць, празмерную эканомію. Мікодым, хоць і быў жмінда, на гэты раз не паскупіўся. Сабаленка. У нядзелю пайшла Маўра на базар прадаваць шчаўе... Да базары паскупілася пусціць дзешавей, прасядзела ледзь не да вечара. Сяркоў. — Сёння Амархан не паскупіўся, плоў прыгатаваў, — адказаў Мікола. Даніленка. // на што. Даць, выказаць мала чаго‑н. Паскупіцца на пахвалу. □ Але ж яшчэ не было такога, каб паляўнічы паскупіўся на фарбы для апісання велічыні той дзічы, якую ён упаляваў. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ры́накбазар’ (ТСБМ; астрав., Сл. ПЗБ), руск. ры́нок, укр. ри́нок. Да ўсходніх славян трапіла праз пасрэдніцтва заходнеславянскіх моў, параўн. польск. rynek ’рынак’, ’рыначная плошча’, славац. rinok ’рынак’, ’рыначная плошча’, чэш. rynk ’кола’, ’гарадская плошча’, н.-луж. rynk ’рыначная плошча’ са с.-в.-ням. rinc ’кола’, ’плошча’, ням. Ring ’кола’ (> у паўдн.-усх. дыялектах ’плошча’ > ’рыначная плошча’). Параўн. таксама галанд. ring ’кола’, швед. ring ’кола’, ’пляцоўка’ (Фасмер, 5, 530; Брукнер, 472; Чарных, 2, 130; Булыка, Бел. лінгв., 64). Сюды ж і ры́нак у значэнні ’сярэдняя свабодная частка пакоя’ (капыл., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ры́нак, -нку м.

1. база́р, ры́нок; толку́чка ж.;

2. эк. (сфера обращения товаров) ры́нок;

зне́шні р. — вне́шний ры́нок;

р. збы́ту — ры́нок сбы́та;

сусве́тны р. — мирово́й ры́нок;

агу́льны р.о́бщий ры́нок;

чо́рны р. — чёрный ры́нок

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

беспарадак, непарадак, неразбярыха, блытаніна, сумбур, хаос, бедлам, бязладдзе, разладдзе, рэзрух, анархія; базар, пагром, каша (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

з’е́здзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. Паехаць куды‑н., пабыць там з якой‑н. мэтай і вярнуцца назад. З’ездзіць па дровы. З’ездзіць у горад. З’ездзіць у госці. З’ездзіць паглядзець новабудоўлю. □ У нядзелю Ганна Лявонаўна і Іван Трахімавіч з’ездзілі на базар, купілі тое-сёе. Корбан.

2. што. Пабыць у шмат якіх мясцінах, аб’ездзіць якую‑н. тэрыторыю. З’ездзіў усю краіну ўдоўж і ўпоперак. □ Не мала страціў зім, Не мала з’ездзіў свету. Не вытрымаў Максім, Рашыў: Дадому еду. Куляшоў.

3. каго-што. Разм. Сапсаваць, зрабіць непрыгодным ад частай язды. З’ездзіць колы. // Часта або многа ездзячы па чым‑н., стаптаць, папсаваць. З’ездзіць пасевы. З’ездзілі калёсамі ўсю пожню.

4. па чым, каму. Разм. Стукнуць, ударыць (у 6 знач.). — Трэба было, унучка, чапялою разы са тры па гарбу яму з’ездзіць. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

торг 1, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. таргаваць (у 1 знач.).

2. Дзеянне паводле знач. дзеясл. таргавацца. // Здзелка. Цяпер уся тая іхняя размова нагадвала Анатолю ганебны торг, у час якога Ліля дамагалася выставіць сябе і прынізіць яго. Асіпенка.

3. Уст. Базар, рынак; месца гандлю. Людзі не помняць такога торгу, такога кірмашу, які быў у той .. дзень. Пестрак. Паспееш з казамі на торг. Прыказка.

4. звычайна мн. (таргі́, ‑оў). Уст. Публічны продаж якой‑н. маёмасці, рэчаў, якія дастаюцца таму, хто прапаноўвае больш высокую цану; аўкцыён. Публічныя таргі. □ Сенажаці прадаваліся з таргоў. Нікановіч. // Спаборны парадак здачы падрадаў і паставак таму, хто прапаноўвае ўмовы, найбольш прыдатныя казне. Таргі на пастаўку лесу.

торг 2, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. торгаць і торгацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)