аслупяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які стаў нерухомы ад моцнага ўзрушэння; анямелы ад здзіўлення. Скончыўшы чытаць,.. [дзяўчына] нейкі час стаяла ў аслупянелай задуме і раптам прытулілася ілбом да дрэва і заплакала. Чорны. Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замле́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Анямелы, адзеравянелы. Жанчына паспрабавала ўзняцца, але замлелыя ногі не слухаліся, і яна зноў апусцілася на траву. Стаховіч.

2. Млявы, вялы, расслаблены (пра стан чалавека). Пазірквае з ваўчка пагляд здзіўлены Замлелага малойчыка — вартаўніка. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацёкшы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад зацячы.

2. у знач. прым. Анямелы, набухлы; ацёкшы. Звычайна пасля працы, адчуваючы стомленасць, боль у зацёкшай параненай назе,.. Сяргей складваў усё напісанае ў стосік і ўспамінаў, што трэба зрабіць перавязку. Сіўцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.

Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Пазбаўлены здольнасці гаварыць (ад здзіўлення, страху, нечаканай радасці і пад.); анямелы. [Тамара] стаяла сярод пакоя белая, як сцяна, знямелая. Арабей.

2. Які страціў адчувальнасць, гібкасць; здранцвелы. [Вісарыён] не мог павярнуць галавы, так балела знямелая шыя. Самуйлёнак.

3. перан. Застылы, пануры, маўклівы. Сярод цішы начной знямелай Калыска скрыпнула — раз, два. Колас. Трынаццаты дзень у дарозе. Трынаццаты дзень сярод знямелых гор. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засты́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў густым, цвёрдым пры ахалоджванні. Застылы тлушч. □ Нажом з драўлянымі тронкамі цётка адрэзала танюсенькую скібачку хлеба, паклала на яе кавалачак застылага мёду. Нядзведскі.

2. Разм. Пакрыты лёдам, прымерзлы. Тонкі лёд на застылай лужыне праламаўся, разляцеўся мокрымі ільдзінкамі. Шыцік.

3. Разм. Змёрзлы, закарчанелы ад холаду. Раечка адчула прыемную цеплыню, нават застылыя ногі ўгрэліся. Лобан. Папіскваюць застылыя на марозе канаплянкі. Лупсякоў.

4. Халодны, адубелы, спруцянелы (пра труп). Цень кратаў кладзецца, нібы пляцёнка з лучын, на застылы .. труп старога селяніна. Бядуля.

5. Нерухомы, анямелы. Застылая ўсмешка. Застылы твар. □ Саша заплюшчыла вочы, сядзела ціхая, застылая. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Страх ‘адчуванне небяспекі; боязь’, выкл. ‘страшна, жах’, прысл. ‘вельмі, надзвычайна’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Стан., Сл. ПЗБ, ТС), ‘вельмі, моцна’ (Нас.), ‘пудзіла’ (гродз., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; воран., Шатал.; Сл. Брэс., Клім.), страх, страшо́к ‘страшыдла, злы дух, д’ябал’ (Скарбы). Сюды ж страхата́ (Нас., Касп., Сл. ПЗБ), страхо́цце, страхаццё (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Ласт.) ‘нешта страшнае’, страха́цца ‘пужацца’ (Ласт.). Параўн. укр., рус. страх, стараж.-рус. страхъ, польск. strach, в.-луж. strach, н.-луж. tšach, чэш., славац. strach, серб.-харв. стра̑х, славен. strȃh, балг. страх, макед. страв, ст.-слав. страхъ. Прасл. *straxъ ‘страх, боязь, трывога’ не мае надзейнай этымалогіі. Па адной з версій, праславянскае слова мела першаснае значэнне ‘здранцвелы, анямелы’ і параўноўвалася з літ. stregti, stregiu ‘здранцвець; пераўтварыцца ў лёд’, лат. strēǵele ‘лядзяш’, с.-в.-ням. strac ‘тугі’, нова-в.-ням. strecken ‘расцягваць’; гл. Фасмер, 3, 772, з літ-рай; Глухак, 586. На іншую думку, *straxъ з ранейшага *strog‑so з рэгулярным змяненнем gs > ks > ch і звязаны з прасл. *strogъ (гл. строгі) ад і.-е. кораня *(s)terg‑/*(s)treg‑ (Борысь, 579). У выпадку развіцця *straksъ < *straskъ дапускаецца той жа корань, што і ў рус. стращать ‘палохаць’, острастка ‘пагроза, грозьба’ з чаргаваннем st/sk аналагічна пусціць/пушчаць/пускаць (Младэнава, Новое в рус. этим., 221–222). Дапушчэнне рухомага s дазваляе звязваць з трасці, параўн. страхану́цца ‘страсянуцца’ (Сл. ПЗБ). Прасл. *straxъ разглядаецца таксама як славянскае новаўтварэнне ад *strastь (гл. страсць) (Брукнер, KZ, 43, 309). Славянскае слова — дэвербатыў ад *straxati, параўн. н.-луж. tšachaś, польск. дыял. strachać, славац. prestrachaný, якія з *strōksati, роднаснага ням. schrecken ‘страшыць’, што з *srek‑ з “інтэнсіўным” суф. ‑sa (Махэк₂, 581); сувязь з лат. struõstêt, struõstit ‘пагражаць, сурова папярэджваць’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1699). Гл. яшчэ агляд версій у ЕСУМ, 5, 435.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)