дакла́дны, -ая, -ае.

1. Які адпавядае ісціне, правільны.

Дакладная вага.

Д. гадзіннік.

2. Поўнасцю адпаведны ўзору, правілам, патрабаванням.

Дакладная копія.

Д. пераклад.

3. Канкрэтны, вычарпальны, не прыблізны.

Д. ўлік.

Д. адрас.

4. Акуратны, пунктуальны.

Д. выканаўца.

5. У якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад аднаго.

Дакладныя рухі.

Дакладныя прыёмы.

Дакладныя навукі — навукі, заснаваныя на матэматычных метадах.

|| наз. дакла́днасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

перале́сак, ‑ску, м.

Невялікі лес, аддзелены полем ад іншых лясных участкаў, або рэдкі ці малады лес паміж ляснымі масівамі. Лесу не відаць, толькі сям-там пералескі, маленькія, вельмі ўтульныя цяністыя гаёчкі. Сачанка. Дарога была прасёлкавая, глухая — яна вілася між палямі і пералескамі воддаль ад паселішчаў. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасе́сці, ‑сядзе; ‑сядзем, ‑сядзеце, ‑сядуць; зак.

Сесці — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пасля прыйшло сюды яшчэ некалькі чалавек, усё незнаёмыя Леапольду.. Яны паселі ў сенцах. Чорны. Ігнат тады не быў аддзелены, жыў у бацькоў, і вось аднойчы, якраз у абед, калі толькі што паселі ўсёй вялікай сям’ёй за стол, хтосьці пастукаўся ў хату. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Канча́р, канчу́раддзелены канец чаго-небудзь’ (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц.; стаўбц. Прышч.; слонім., Нар. лекс., Сл. паўн.-зах.; навагр., Нар. словатв., стаўбц. З нар. сл.); ’сук, галіне дрэва, канцы галін’ (Сцяшк.), канчарэ́ ’кароткія бярвенні паміж вокнамі і на вуглах’ (гродз., Мат. АС); канча́рык ’капец градкі’ (гродз., З нар. сл.; Сл. паўн.-зах.); канчуры ’наспісваныя алоўкі’ («Маладосць» 1969, I, 156); канча́р ’корч, куст’ (Сцяшк.), канчы́р ’няроўнасць на дарозе ад каранёў дрэў’. Бел. прасл. рэгіяналізм, утвораны ад прасл. konьcь ’капец’ пры дапамозе суф. ‑arʼь. Ад konьcь утвораны і дзятл. канча́к, шальч. канчу́к ’канец баразны’, паст., докш., віл. канчык, канчычок ’кончык’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далёкі, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці або які мае вялікую працягласць.

Далёкая планета.

Д. стрэл.

Далёкая дарога.

На далёкіх подступах (таксама перан.). Далёкая старонка без ветру сушыць (прыказка).

2. Аддзелены ад сучаснага вялікім прамежкам часу.

Далёкае мінулае.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей.

Д. родзіч.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім-, чым-н.

Мы з ім далёкія людзі.

Д. ад навукі чалавек.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што-н., думаць пра што-н.

Я д. ад думкі абражаць вас.

6. (толькі з адмоўем). Разумны, кемлівы (разм.).

Дзяўчына не надта далёкая.

|| наз. далёкасць, -і, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

плаку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія, звешаныя ўніз галіны (пра некаторыя дрэвы і кусты). Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад. Купала. Чучаны былі аддзелены ад Сёмкава Гарадка поплавам, праз які перакінута грэбля, абсаджаная плакучымі вербамі. Новікаў. // Які звісае ўніз, апушчаны ўніз (пра галіны такіх дрэў). Мне раптам уяўляецца, што ўсе гэтыя бярозы сталі ў паўабхвата таўшчынёю, голле на іх густое, плакучае... Кулакоўскі.

2. Уст. Тое, што і плаксівы. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адда́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад аддаліць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца або адбываецца на вялікай адлегласці ад чаго‑н.; далёкі. Тайная паліцыя пачала снаваць сваё густое павуцінне нават у самых аддаленых і глухіх беларускіх паселішчах. Паслядовіч. Аддаленая страляніна пасля ўсяго перажытага.. [жанчынам] была не такой ужо страшнай. Гурскі. // Які даносіцца здалёк. Галасы людзей зліваліся ў суцэльны гул, падобна на аддалены шум марскога прыбою. Шамякін.

3. у знач. прым. Аддзелены вялікім прамежкам часу. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе [«Слова аб палку Ігаравым»] наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць, што назіраецца часта ў гістарычных нашых аповесцях і раманах, якія адлюстроўваюць аддаленыя эпохі. Палітыка.

4. у знач. прым. Які не мае непасрэднай сувязі з чым‑н.; мала падобны. Аддалены гібрыд. Аддаленае падабенства.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дакла́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае ісціне; сапраўдны. Дакладная вага. Дакладная колькасць. // Здольны паказваць, вызначаць што‑н. у поўнай адпаведнасці з сапраўднасцю; правільны. Дакладны гадзіннік. Дакладныя прыборы.

2. Поўнасцю адпаведны якому‑н. узору, якім‑н. патрабаванням, устаноўленым законам, правілам. Дакладная копія. Дакладнае выкананне загаду. □ Ярохін не ведаў дакладнага перакладу апошняга слова, але зразумеў іменна так. Шамякін.

3. Канкрэтны, вычарпальны, правільны; не прыблізны, не агульны. Дакладныя інструкцыі. Дакладны адрас. Дакладны адказ. Дакладны ўлік. Дакладныя веды. // Выразны, ясны, зразумелы. Дакладная дэфініцыя. □ Мікалай Патапавіч гаварыў гучна, адрывіста, не надта падбіраючы адпаведныя словы, а ў Глінскага голас быў ціхі, сказы дакладныя, выразы трапныя. Кулакоўскі. // Такі, што не выклікае сумненняў; верагодны, пэўны. Дакладныя крыніцы. □ Гогаберыдзе гаварыў з такой упэўненасцю, быццам пра ўсё гэта ў яго меліся дакладныя весткі. Мележ.

4. Акуратны, пунктуальны. Ірына, як і заўсёды, дакладная: вячэру і абед яна прыносіць у адзін і той жа час. Даніленка.

5. Такі, у якім асобныя элементы выразна аддзелены адзін ад другога. Дакладныя рухі. Дакладныя прыёмы. Дакладны крок.

6. Добра арганізаваны; акуратны; зладжаны. Дакладны рэжым заняткаў. Дакладная работа машыны.

•••

Дакладныя навукі гл. навука.

дакладны́, а́я, ‑о́е.

1. Які змяшчае ў сабе даклад, прызначаны для даклада (у 2 знач.). — Вы, таварыш Шыянок, напішыце падрабязна ўсё гэта ў дакладней запісцы на маё імя, а я пастаўлю пытанне на бюро гаркома. Сабаленка.

2. у знач. наз. дакладна́я, ‑ой, ж. Дзелавая папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая павінна разглядацца. Жэрдзін за подпісам камбата паслаў дакладную ў штаб палка. Няхай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)