Абжа́аглобля ў сасе’ (Касп.). Рус. паўн. обжа, обга, рус. курск. вобжа ’тс’, польск. obdza ’тс’ (Ці не сюды ж польск. obdza, obza ’вяроўка, шнур для прывязі жывёлы напашы’?), ст.-рус. обьжа ’мера зямлі’. Лат. abžaаглобля’ з паўн.-бел. ці рускага. Па адной версіі < *o‑bъg‑ja ’гнутая’ да бгаць (гл.) — Патабня, РФВ, 5, 124; Ільінскі, РФВ, 62, 256, па іншай < *ob‑jъg‑ja да іга (гл.) — Мікала, IF, 26, 295; Далабко, ZfslPh, 3, 129–130; Турска, SFPS, 5, 115. Першая этымалогія выклікае пярэчанні фанетычнага характару. Супраць рэканструкцыі ‑bъg‑ сведчаць рускія формы обежь, обежка і ст.-рус. обьжа (Турска, там жа, 114). Другая этымалогія таксама мае свае цяжкасці фанетычнага характару: ‑bj‑ у ob‑jъg‑ja павінна было даць blʼ (Далабко, там жа, 129). Заўвага Далабка аб тым, што слова абжа як арэальна абмежаванае ўзнікла адносна позна, пасля таго як завяршыўся пераход bj > blʼ, непрымальная, бо ў тым жа слове рэалізаваўся пераход gj > ž (ці, можа, у апошнім выпадку адбылася субстытуцыя?). Варбот (Балто-слав. иссл., 42–48) суадносіць як генетычна тоесныя абжа і абза (гл.), зыходзячы з прасл. obьza/obьža (< *obьzja) ’луска’ (літ. ìžti лушчыцца’, išaiža ’шалупінне’) і верагоднасці семантычнага развіцця ад лыкавай вяроўкі (лыка) і скуранога рэменя (скуры) да часткі драўлянай сельскагаспадарчай прылады. Для прыняцця гэтай этымалогіі даводзіцца прызнаць існаванне шэрага семантычных пераходаў і дэрывацыйных пераўтварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сні́ца ‘скабка або пласцінка (драўляная ці металічная), якой змацоўваюць закругленыя дошчачкі; асабліва два колцы ў дышлі пад падушкай калёс, якія служаць для павароту калёс’ (Нас.), сні́ціна ‘дошчачка, якой закрываюць бакавы ўваход у калодачны вулей’ (зэльв., Сл. ПЗБ), сні́цы ‘крыжавіна, перакладзіна ў перадку воза, куды ўстаўляецца канец дышля’ (Маслен.), ‘пярэдняя і задняя часткі калёс’ (ПСл). Укр. сни́ця ‘падоўжная жэрдка ў возе, плузе; частка воза, дзе замацаваны дышаль’, рус. сни́ца, шни́ца ‘адзін з двух брускоў, між якімі ўмацоўваецца дышаль’, польск. śnica, sznica, чэш. дыял. snica, šnyce, snice, в.-луж. snica і šnica, н.-луж. snica ‘тс’. Міклашыч (312) лічыў слова няясным. Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Паводле Праабражэнскага (2, 344), рускае слова запазычаны з польскай, а там з ням. Schnitt ‘разрэз, прарэз’ або Schnitz ‘кавалак, скрылік’. Фасмер (3, 699), а следам за ім і Махэк₂ (564), Шустар-Шэўц (1329) выводзяць з *ojesьnica ад *oje, Р. скл. ojese ‘дышаль, аглобля’. Гл. вайе. Збліжэнне з сныч, снычок ‘засаўка ў замку’ (Ласт.), рус. дыял. сныч ‘стрыжань у дзвярным замку’, ‘шпонка, якая змацоўвае дошкі’, што звязваюць з снаваць (Гараеў, 334), сумніўнае (гл. Фасмер, 3, 702). Не выключана сувязь з ст.-бел. снитие ‘злучэнне, сыходжанне’, снити ‘дайсці, дасягнуць; легчы, упасці’, што да *iti з прыстаўкай *sъn‑ (гл. ісці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Абза́ (БРС, Бір. дыс., Касп., Мядзв.), абзой (Бір. дыс., Сцяшк., Бяльк.), абзол ’апошні знадворны слой дрэва’ (Бяльк., Пятк., КСТ). Абзоістая дошка — дошка, якая ідзе за аполкам (калі робяць дошкі з бервяна). Варыянты гэтага слова (абза, абзой, абзол), магчыма, гавораць аб запазычанні, але крыніца пакуль што не знойдзена. Наступныя разважанні можна разглядаць толькі як рабочыя гіпотэзы. Найбольш верагодна абзой (> абзол, як назой > назол) < абзой < эзяць (словаўтваральна як серб.-харв. осо́ј < сја̏ти). Гэта версія мае семантычныя цяжкасці. Параўн., аднак, обзол ’упадзіны, якія застаюцца пры апілоўванні або часанні няроўнага ствала’ (КСТ), «абза ў тым месцы, дзе бярвенні прылягаюць адно да аднаго, але не шчыльна» (Мядзв.), літ. žiógauti (< žióti) ’пазяхаць, зяваць’ і žiōgris ’плот з планак (няшчыльна прыгнаных)’, гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2. Параўнанне з польск. obza ’прывязь жывёлы, якая пасецца’ ў Свобады Зб. Унбегауну, 247, трэба прыняць пад увагу, калі ўлічыць значэнне obza ’ліпавая аборка’. Каб прыняць гэта супастаўленне, трэба аддзяліць польск. obza (obdza) у значэнні ’вяроўка, аборка’ ад obdza ў значэнні ’аглобля ў сасе’, якая да бел. абжа (параўн. Турска, SFPS, 5, 112–113). Наўрад ці сюды ж чэш. obza ’скура на клубах каля хваста’ (этымалогію гэтага слова гл. Махэк₂, 408). З іншых спроб этымалагізавання неабходна адзначыць: рус. обзельные доски, доски c обзелом, обзолом, обзолком, да ob‑zelъ, zelъ (Патабня, Из записок, III, 66) і obьzaліт. ìžiti ’лушчыцца’ (Варбот, Балто-слав. исслед., 47). Параўн. абжа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́маразень ’падоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *s^tęgay да тугі, цяга, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у ёту‑ жень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)