Сунду́к ’куфар’ (мін., Сл. ПЗБ; Бяльк., Сцяц. Сл., ТС, Мат. Гом.), ’дарожная сумка’ (Сцяшк. Сл.), ’рамачны вулей’ (Анох.); перан. сунду́к, сунды́к ’пра тупога, абмежаванага чалавека’ (Мат. Гом.), на Смаленшчыне таксама санду́к ’тс’ (Дабр.). Дапускаюцца розныя шляхі запазычання мяркуемага цюркізма, у тым ліку праз рус. сунду́к ’куфар, скрыня’, дзе, магчыма, чувашскае пасрэдніцтва (Дабрадомаў, Бел.-рус. ізал., 40), або ўкр. сунду́к ’тс’, відаць, з палавецкага сундух (Тагіеў, Цюркізмы, 151). Але параўн. ст.-бел. сундукъ ’куфар’ (1598 г.) са стараж.-рус. сундукъ ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 104). Крыніцай можа быць кыпч. sunduq, тур. sandik крым.-тат. сандык ’тс’ < араб. ṣandûḳ, ṣundûḳ якія ўзводзяцца да грэч. συνδοχετον або συνδυκετον ’тс’; гл. Фасмер, 3, 803 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 475 і наст. Малаверагодны ўплыў польск. sądek ’кадушка, кубел’, як мяркуе Цвяткоў, Запіскі, 2, 67.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́йстра ’клунак, хатуль, мяшочак’ (Нас., Гарэц.), ’кайстра, торбачка’ (Бяльк.), ’кайстра, торба, сакваяж, дарожны мяшок’, ’кашэль’, ’паднос’, ’сподак’ (Ласт.), та́йстрачка ’торбачка’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. тайстра, стайстра ’кайстра; торба’ (1556 г., Булыка, Запазыч., 316; Ст.-бел. лексікон). Укр. та́йстра, дыял. стра́йста ’торба, з якой кормяць коней’, рус. смал. та́йстра ’вялікі мяшок’, тра́йста ’кашэль’, старое польск. tajstra ’мяшок для прадуктаў (паляўнічы, салдацкі)’. Запазычанне з польск. (ст.-польск.) tajstra (Булыка, там жа), якое Брукнер (564) адносіў да чэш. tanistra ’(вайскавы) ранец’ з далейшымі нямецкімі і лацінскімі роднаснымі паралелямі; падрабязней гл. Фасмер, 4, 12; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388, а таксама ка́йстра. Больш верагодны шлях, паводле Враб’е (Зб. Расэці, 994–995), праз украінскую з рум. tráistă ’торба, мяшок, сумка’. Карпацкі балканізм, параўн. алб. tráistë ’тс’, якое, у сваю чаргу, з візант.-грэч. τάγιστρον ’мяшок для фуражу’ (ЕСУМ, 5, 504).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пу́дра 1 (ТСБМ). Паводле Махэка (497), “еўрапейскае слова”, параўн. укр., рус. пу́дра, польск. puder, ням. Puder і г. д.; на Беларусь трапіла, хутчэй за ўсё, праз рускую мову з франц. poudre ’парашок, пудра’, што з лац. pulvis ’парашок’ (Р. скл. pulveris).
Пу́дра 2 ’вятроўнік вязалісты (ці лабазнік вязалісты)’ (ТС), ’вазон (кветка)’: пу́дры такія высокія, цвітуць такім розавым, белым цветам (хойн., Мат. Гом.), пу́драчкі ’каляровыя рамонкі’ (уздз., Жд. 3). Відаць, да пудра 1 з-за каляровага ці белага пылку, што пакрывае кветкі.
Пу́дра 3 ’строгая вымова’, пудро́вка ’моцная прачуханка, чос’, пудрова́ць ’моцна лаяць, рабіць вымову’, пудрова́ць голову ’рабіць строгія вымовы і нават цягаць за валасы’ (Нас.). Сюды ж, відаць, пудры́цца ’узбіцца (пра падушку)’: падушка пудрыцца (віл., Сл. ПЗБ), што звязваюць з лат. pudra, pudrs ’куча, купа’, літ. pudénti ’тузаць, скубаць, рабіць пухкім’ (LKK 16, 143).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мат 1 ’брыдкая лаянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), ма́та ’тс’ (ТС), ’голас’ (Нас., Бяльк.), ма́тавы голас ’роспачны, адчайны’ (Нас.), сесці ма́том ’не крануцца ў рост, не расці’ (напр., цыбуля) (ТС). Рус. пск., цвяр., смал., ярасл., арханг. мат ’крык, моцны голас’, наўг., валаг. ма́том ’вельмі моцна, вельмі многа’, наўг., ’мат’, ’прывід, страшыдла’, вяц. ’дурны’, матом ’адчайна, смела’. Бел.-рус. ізалекса. Паводле Мартынава (Бел.-рус. ізал., 70), лексема мат — запазычанне з гоц. moþs ’лютасць, шаленства, унутраная духоўная сіла’. Параўн. таксама ст.-англ. mōd ’смеласць’ і ст.-ісл. mōðr ’роспач’, ням. mit wildem Mut = рус. лихим матом.
Мат 2 ’становішча ў шахматнай гульні’, ’безнадзейнае становішча’ (ТСБМ). З польск. ці рус., у якія праз ням. matt, schachmatt ці франц. échec et mat ’шах і мат’ < араб. eš šâh mât ’кароль памёр’ (Бернекер, 2, 25; Фасмер, 2, 579).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пасты́р, па́стырь, па́стар, па́стэр, па́сцір ’пастух’, ’старшы пастух’ (ТСБМ, Яруш., Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Гарэц., Бяльк.; докш., маладз., Янк. Мат.). З ц.-слав. < ст.-слав. пастырь ’пастух’ (рус. кніжн. пастырь ’тс’), якое з’яўляецца адзіным прыкладам з суфіксам ‑tyrʼь ад pasǫ ’пасу’ (Фасмер, 3, 215), дзе ‑t‑, як і ў суфіксах ‑telʼь, ‑tъlъ, ‑tuxъ, ‑tajь (Слаўскі, SP, 2, 29). Фасмер (там жа) лічыць няпэўным выводзіць гэту лексему з лац. pāstōrem праз пасрэдніцтва герм. формы на *‑turi̯o (як ст.-в.-ням. pfistūr з лац. pistōrem, гл. (Мее, Études, 186; Вондрак, Vergl. Gr., 1, 159). Больш імаверным можна лічыць меркаванне Мартынава (Язык, 64–65), які прасл. pastyrь лічыць інфільтрацыяй італійскага pāstōr‑io‑s, у якім ō дало протаслав. ū, якое ў праслав. мове перайшло ў у, (г. зн. у ы). Сюды ж пастыранка ’пастухова пуга’ (паст., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пералі́ўкі ’дробная страта; пусты занятак: пераліванне з пустога ў парожняе’, ’невялікі навар, даход’ (Нас., Шат.), ’драбніца, жарт’ (Шат.), звычайна ў спалучэнні з не (не-): не перэлі́ўкі ’не паласа, нічога добрага не чакай’ (ТС), гл. непераліўкі: да пера- і ліць (гл.). Укр. пере́ливки ’не жарты, не дробязі’, рус. пере́ли́вки, пск. ’памыі’, ’жарты, смех, кпіны’, смал. ’пустыя размовы’, на переливки ’на спрэчку’, польск. przelewki ’п’яныя жарты’, звычайна ў фразеалагізме to nie przelewki ’гэта не жартачкі!’, przelewka ’зліў, спуск шлаку’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, з першапачатковага ’пералітае праз край’, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе спаборніцтва ў перапіванні, параўн. польск. przelewać ’ужываць без меры’, якое Банькоўскі (2, 858) трактуе як пераклад франц. transfuser ’тс’. У іншых слав. мовах — без суф. ‑к‑: в.-луж. přeliw, н.-луж. pśelew, серб.-харв. пре́лив, славен. prelívanje, preliv, балг. прел́иване. Параўн. непераліўкі (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Галда́ ’галас’ (Сцяшк. МГ, Шат.), галда́ць ’невыразна гаварыць’ (Шат.). Дакладныя адпаведнікі ў рус. мове. Параўн. рус. га́лда́ ’крык, голасныя размовы, лаянка; крыклівы чалавек’, галде́ть ’крычаць, лаяцца, лаяць каго н.; гаварыць, размаўляць; зваць каго-н.; лодарнічаць’, га́лдить (аналагічныя значэнні) і да т. п. Этымалогія не вельмі ясная. Паводле Фасмера, звязана з польск. gałda ’шум, гвалт’ і далей праз *galъda з германскімі формамі (гоц. goljan ’вітаць’, ням. gellen ’голасна гучаць, крычаць’). Падрабязна Брукнер, 48, 209 (гл. яшчэ Брукнер, 140: пад giełda). Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 14 (які лічыць першапачатковай формай у рус. мове окаючыя го́лда́ і да т. п.). Усё ж такі канчатковай этымалогіі яшчэ няма (мяркуемая суфіксацыя ‑d‑ не можа быць бясспрэчнай). Бел. дзеяслоў галда́ць не мае адпаведнасці ў рус. мове, дзе прадстаўлены толькі марфалагічныя тыпы галде́ть, галди́ть.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бас 1 ’бас; чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (БРС, Маш., Бяльк.). Рус. бас, укр. бас і г. д. Запазычанне з франц. basse або італ. basso (літаральна ’нізкі’). Праабражэнскі, 1, 19; Фасмер, 1, 129. Іначай Шанскі, 1, Б, 51, які на аснове гістарычных крыніц (рус. мовы) лічыць, што бас, прынамсі ў рус. мове, запазычана праз польск. bas (< італ.). Гл. яшчэ Клюге, 54 (тут і тлумачэнне слова як назвы інструмента); MESz, 1, 257. Сюды і бас (Браім, Весці АН БССР, 1973 (І), 128) ’кавалак дроту’. Параўн. бас 2.
Бас 2 ’пас, шнур у самапрадцы’ (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Можна меркаваць, што яно ўзнікла азванчэннем з пас (гл.). Але не выключаецца, што яно таго ж паходжання, што і бас ’чацвёртая струна ў скрыпцы, самая тоўстая’ (гл. бас 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аспа́ласць ’санлівасць, вяласць, неахайнасць’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), аспала, аспалы (Нас.). Укр. оспалий, оспалість, польск. ospały, ospałość, чэш. ospalý, ospalost, славац. ospalý, ospalosť, паморск. u̯ospałi ’санлівы, вялы’, ’санлівасць, вяласць’. Ст.-бел. оспалый ’санлівы, вялы’ (з 1593 — Булыка, Запазыч., 231, дзе таксама: оспалость, оспальство, оспальца, оспале; параўн. Гіст. лекс., 96). Унутраная форма слова ясная: аспаласць і інш. утворана ад аспалы, якое ў сваю чаргу — дзеепрыметнік ад дзеяслова *аспаць. Паколькі, аднак, такі дзеяслоў у беларускай мове не фіксуецца, не без падстаў оспалый разглядаецца як паланізм. Але і ў польскай мове не зафіксаваны такі дзеяслоў. Між тым у старачэшскай ён быў вядомы (пач. XV ст.). Таму, магчыма, што крыніцай дзеепрыметніка для польскай была чэшская мова, адкуль слова магло трапіць у беларускую непасрэдна або праз польскае ці ўкраінскае пасрэдніцтва. Назоўнік утварыўся на беларускай глебе ці быў таксама запазычаны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)