ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свінцо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свінцу (у 1 знач.); зроблены са свінцу. Свінцовы злітак. Свінцовая куля. // Звязаны з уздзеяннем свінцу. Свінцовая інтаксікацыя. // Які ўтрымлівае свінец або свінцовае злучэнне. Свінцовыя бялілы. Свінцовыя руды. Свінцовая вада. // Звязаны з перапрацоўкай і здабычай свінцу. Свінцовыя распрацоўкі. Свінцовы руднік.

2. Цёмна-шэры, колеру свінцу. Свінцовыя хмары. □ Хмурны дзень, свінцовае неба ўзмацнялі ўражанне кволасці раслін. Мяжэвіч.

3. перан. Цяжкі; пануры, гнятучы. Тышкевіч напружваў памяць. У свінцовай галаве ніводнага пробліску. Асіпенка. Я свінцовыя вейкі свае расчыніў, Свет хіснуўся — такі нетрывалы і дзіўны. Панчанка. [Маці] гнялі цяжкія свінцовыя думкі. Дзе сыны? Дзе яе мілыя, любыя хлопчыкі? Ставер. Маўчанне было свінцовае, і ў гэтым маўчанні прагучаў голас: — Рацыя! Караткевіч.

4. перан. Які мае адносіны да свінцу (у 2 знач.). А зверху, з узгоркаў, не пераставаў сыпацца свінцовы град. М. Ткачоў. Назар Пашкевіч і Барыс Падгорны трымаліся каля Нічыпара Дубініна, які з кулямёта паліваў фашыстаў свінцовым дажджом. Гурскі.

•••

Свінцовы блішчак гл. блішчак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мул1, стол. мыл, лід. мула́, саліг. муле́ц ’іл, глей на дне возера, ракі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, ЛАПП; слонім., гродз., пін., КЭС; стол., Бел. хр. дыял.; Сл. Брэс.), малар. ’незамярзаючае балота’ (Нар. лекс.), шчуч. ’балота’, жытк. ’ілістае месца’, стол. ’цякучы пясок пры капанні ямы’ (Яшк.), муль, муля́ка ’месца на балоце, дзе ўтвараецца цячэнне вады’ (палес., Талст.), му́ля ’твань, іл на дне ракі, сажалкі, возера’ (жабін., пруж., Сл. Брэс.; драг., Лучыц-Федарэц, З нар. сл.), ’гразь’ (бяроз., Шатал.; Выг. дыс.; пруж., Сл. ПЗБ). Укр. мул, на́мул, рус. мул, муль, польск. muł ’тс’, mulać ’валяць’, чэш. mula, славац. mul, славен. mȗlj, серб.-харв. му̑љму̑л). Прасл. mulъ. Роднаснымі да яго з’яўляюцца: літ. maulióti ’запэцкацца плачучы’, maumúlti ’запэцкацца брудам, засмаркацца’, з іншай ступенню чаргавання mùlti ’запэцкацца’, mùlinas ’чырвона-жоўты, гліністы, брудны’, лат. mulaцёмна-брудны’, mólis ’гліна’, лат. mãls ’тс’, а таксама лац. mulleolus ’чырванаваты’, mulleus ’чырвоны, пурпурны’ (Буга, Rinkt, 1, 465–466; Брукнер, 348; Фрэнкель, 418; Фасмер, 3, 7; Махэк₂, 382; Мартынаў, Лекс. взаим., 168). Скок (2, 429) выводзіць прасл. mulъ з і.-е. *meu‑/*mou‑ ’вільготны’, якому ў балт. мовах адпавядае ўтварэнне з ‑ro‑, параўн. máuras ’раска’, ’брудны, запэцканы’.

Мул2 ’помесь кабылы і асла, Equus mulus’ (ТСБМ), ст.-бел. мулъ (XV ст.) запазычана са ст.-польск. muł ’тс’, якое праз чэш. мову са ст.-в.-ням., с.-в.-ням. mûl < лац. mūlus ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 144; Брукнер, 348).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да рад (у 1 знач.). Роўнымі радкамі маладых груш і яблынь нельга было не залюбавацца. Шахавец. Унізе цягнецца балотца з радкамі скошанае атавы. Скрыган.

2. Частка тэксту або асобныя словы, літары ці іншыя знакі, напісаныя або надрукаваныя ў адну лінію. Радок верша. □ Чытаў .. [Лабановіч] зусім механічна, нічога не разумеючы з таго, што чытае. Ён проста пераводзіў вочы з радка на радок.., а думаў пра Ядвісю. Колас. Думы і вобразы, розум і радасць заключаны ў алавяныя радкі набора. Брыль. [Верыны] вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Асіпенка. // толькі мн. (радкі́, ‑оў). Напісаныя, надрукаваныя словы, фразы. [Саша] прачытала радкі, якія пераканалі, што горад, дзе служыць Пятро, не здадзены, стаіць, змагаецца. Шамякін.

3. Разм. Прабор у валасах, рад (у 6 знач.). Сівыя валасы расчэсаны на просты радок. Пестрак. Цёмна-русыя валасы акуратненька разабраны на радок і гладка прычасаны. Дуброўскі.

•••

Ламаны (ломаны) радок — вершаваны радок, у якім словы стаяць не на адной лініі.

Радок у оадок — літаральна, даслоўна (пераказаць, спісаць і пад.).

Чытаць паміж радкоў гл. чытаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліць, лью, льеш, лье; льём, льяце і лію, ліеш, ліе; ліём, ліяце; пр. ліў, ліла, ліло; заг. лі; незак.

1. што. Даваць магчымасць выцякаць якой‑н. вадкасці; выліваць. [Кабета] скінула хустку, падышла к вядру і стала ліць на рукі ваду. Чорны. Варожаць сёстры. Над лучынай льюць воск у поўнае вядро. Бялевіч.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Вельмі моцна ці безупынна цячы, ісці. З раны ліла кроў. □ Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Мікуліч.

3. перан.; што. Распаўсюджваць (святло, гук, пах і пад.). Узышоў месяц і ліў над зямлёй сваё сумнае серабрыстае святло. В. Вольскі. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін.

4. што. Рабіць што‑н. з расплаўленага рэчыва; выплаўляць. Ліць гарматы. Ліць свечкі.

•••

Ліць ваду на млын каго, чый — ускосным чынам дапамагаць сваімі выказваннямі, справамі процілегламу боку.

Ліць кракадзілавы слёзы — двудушна, няшчыра скардзіцца або спачуваць каму‑н.

Ліць пот — многа, цяжка працаваць. І не будуць болей людзі Пот і слёзы ліць ракой. Грахоўскі.

Ліць (праліваць) кроў — а) за каго-што; гінуць, абараняючы каго‑, што‑н., змагаючыся за каго‑, што‑н.; б) каго, чыю; забіваць каго‑н.

Ліць слёзы — плакаць; моцна плакаць.

Лье як з вядра — аб праліўным дажджы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.

2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.

3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.

4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.

5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».

6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зусі́м нареч.

1. совсе́м; соверше́нно;

з. до́бра — совсе́м хорошо́;

з. цёмна — совсе́м (соверше́нно) темно́;

з. глухі́ — соверше́нно (совсе́м) глухо́й;

з. апусці́ўся — совсе́м (соверше́нно) опусти́лся;

з. нічо́га не ве́дае — совсе́м (соверше́нно) ничего́ не зна́ет;

2. (в по́лной ме́ре) вполне́, совсе́м;

з. даро́слы чалаве́к — вполне́ (совсе́м) взро́слый челове́к;

не з. здаро́вы — не вполне́ здоро́в;

3. (окончательно, навсегда) совсе́м;

ён з. вы́ехаў з го́рада — он совсе́м уе́хал из го́рода;

4. во́все;

ён і быў не ве́льмі здаро́вы, а цяпе́р і з. злёг — он и был не о́чень здоро́в, а тепе́рь и во́все слёг

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

зямля́ 1, ‑і; мн. землі, зямель, Д землям; ж.

1. Трэцяя ад Сонца планета, якая верціцца вакол Сонца і вакол сваёй восі (з вялікай літары). Месяц — спадарожнік Зямлі. // Месца жыцця і дзейнасці чалавека (пры супастаўленні з небам як уяўным светам багоў, ідэй). Летняе неба, здавалася, ніжэй звесілася над зямлёю і ўзіралася ў яе тысячамі бліскучых вачэй. Колас.

2. Суша (у адрозненне ад воднай прасторы). На гарызонце маракі ўбачылі зямлю. □ Песня перамогі На зямлі, на моры — Спадарожнік твой. Колас.

3. Верхні слой кары нашай планеты; глеба, грунт. Зямля пачала прыкметна .. сохнуць. Мележ. // Рыхлае цёмна-бурае рэчыва, якое ўваходзіць у састаў нашай планеты. Перамяшаць торф з зямлёй. □ Твар.. [кабеты] быў запэцканы зямлёй. Кароценькі рваны кажушок на ёй быў таксама ў зямлі. Чорны.

4. Паверхня, плоскасць, на якой мы стаім, па якой рухаемся. [Салдат] ішоў як бы не датыкаючыся зямлі. Самуйлёнак.

5. Тэрыторыя, якая знаходзіцца ў чыім‑н. уладанні, карыстанні; глеба, якая апрацоўваецца і выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчых мэтах. Калгасныя землі. Нацыяналізацыя зямлі. Асваенне новых зямель. □ Зямля — талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш. Прыказка.

6. Краіна, дзяржава. За мора, за сіні круты небакрай Лятуць мае думкі цяпер: Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край — Святая зямля СССР. Глебка. Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі, Над хвалямі сінеючага Ніла, Ужо колькі тысяч год стаіць магіла: У гаршку насення жменю там знайшлі. Багдановіч.

•••

Інфузорная зямля — горная парода, якая складаецца з рэштак водарасцей.

Культурны слой зямлі гл. слой.

Сіенская зямляцёмна-жоўтая фарба, якая скарыстоўваецца ў жывапісе; сіена.

Ад зямлі не відаць гл. відаць.

Бачыць (на тры сажні) пад зямлёй гл. бачыць.

Гарыць зямля пад нагамі у каго — пра небяспечнае, пагрозлівае становішча для каго‑н.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатоў.

Глядзець у зямлю гл. глядзець.

Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі гл. дастаць.

Загнаць у зямлю гл. загнаць.

За трыдзевяць зямель гл. трыдзевяць.

З зямлёю (сырою) ажаніцца гл. ажаніцца.

Змяшаць з зямлёй гл. змяшаць.

Зраўняць з зямлёй гл. зраўняць.

Зямлёю пахнуць гл. пахнуць.

Калом яму зямля — ужываецца як праклён подламу, шкоднаму чалавеку.

Легчы ў зямлю гл. легчы.

На край зямлі гл. край.

Не чуць зямлі пад сабой (над нагамі) гл. чуць.

Паміж небам і зямлёй гл. неба.

Парыць зямлю гл. парыць.

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Пуп зямлі гл. пуп.

Соль зямлі гл. соль.

Сцерці (змесці) з твару зямлі гл. сцерці.

Сядзець на зямлі гл. сядзець.

Траціць зямлю пад нагамі гл. траціць.

Як з (з-пад) зямлі вырасці (з’явіцца) гл. вырасці.

Як (толькі) зямля носіць; каб зямля не насіла каго — пра подлага, шкоднага чалавека.

Як неба ад зямлі гл. неба.

Як неба і зямля гл. неба.

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

зямля́ 2, ‑і, ж.

Даўнейшая назва літары «з».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

празры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які прасвечваецца, прапускае святло. Празрыстая вадкасць. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. // Тонкі, праз які відаць іншыя прадметы; ажурны. Празрыстая тканіна. // Ясны, чысты, праз які добра відаць іншыя прадметы. Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеру на марскую. В. Вольскі. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай павуціны. Бядуля. Далягляд быў празрысты, і палоска лесу на небасхіле акрэслівалася выразна на чыстым небе. Хадкевіч. // у спалучэнні са словам «вочы». Ясны. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Гартны. // перан. З тонкай, бледнай скурай. Пасекліся косы за дротам. У ноч успамінаў і мукі Іх запляталі з пяшчотай Празрыстыя, цёплыя рукі. Маляўка. А калі яшчэ [Люся] надзявала белую сукенку — хоць ты яе насі на руках, гэткая яна станавілася лёгкая, празрыстая. Ермаловіч. // перан. Прыемны для слыху, меладычны. — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў. Чарот. // перан. Зразумелы, ясны, выразны. Метафары ў рамане таксама празрыстыя і выразныя, яны не засмечваюць мову, не абцяжарваюць стыль. Хромчанка. [Чорны] любіў празрыстую прозу Чэхава. «Полымя».

2. перан. Які можна лёгка разгадаць; ясны. Празрысты намёк. □ Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак., што.

1. Высылаць, рассеяць па паверхні (што‑н. сыпкае, дробнае). Рассыпаць пацеркі. □ Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. // Даць магчымасць (валасам) свабодна легчы, упасці. Стася якраз скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя валасы, склала далоні ў прыгаршчы, правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым — з другога. Карпюк. // Раскідаць па якой‑н. паверхні, насыпаць на што‑н. з пэўнай мэтай. Калі б раскапаць Гімалаі і рассыпаць па ўсёй зямлі, то атрымаўся б суцэльны пласт таўшчынёй каля 20 метраў. Матрунёнак. Усё пры сяўбе падначалена строгаму, дакладнаму рытму.. Нават адчуваеш вагу зерняў, якія трымаеш у жмені і павінен раўнамерна рассыпаць за ўзмах. Навуменка. // перан. Размясціць уроскідку на якой‑н. прасторы. Пасёлак Медзякова шырока рассыпаў па стэпе свае малюсенькія, як белыя гарошынкі, саманныя домікі. Хведаровіч.

2. Насыпаючы, раздзяліць, размеркаваць што‑н. сыпкае. Рассыпаць цукар па шклянках. Рассыпаць мяшок мукі на тры часткі.

3. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. На мяне пазіраюць Маўкліва цымбалы, якія Не паспелі рассыпаць Напевы свае трапяткія. Макаль. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка.

рассыпа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да рассы́паць.

•••

Рассыпаць перлы — вельмі расхвальваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)