подчине́ние ср.

1. (действие) пакарэ́нне, -ння ср.; падпара́дкаванне, -ння ср.; паднача́ленне, -ння ср.; неоконч. паднача́льванне, -ння ср.; см. подчини́ть, подчиня́ть;

2. (состояние зависимости) падпара́дкаванне, -ння ср.; паднача́ленне, -ння ср.; (подчинённость) падпара́дкаванасць, -ці ж.; паднача́ленасць, -ці ж.; (зависимость) падле́гласць, -ці ж.; (повиновение) паслушэ́нства, -ва ср., паслухмя́насць, -ці ж.; (покорность) пако́ра, -ры ж., пако́рнасць, -ці ж.;

быть в подчине́нии быць падпара́дкаваным (паднача́леным);

держа́ть в подчине́нии кого́-л. трыма́ць у пако́ры (у паслушэ́нстве) каго́е́будзь; см. подчини́ть, подчини́ться, подчиня́ть, подчиня́ться;

3. грам. зале́жнасць, -ці ж.; падпара́дкаванне, -ння ср.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сухо́й прям., перен. сухі́;

сухо́е бельё суха́я бялі́зна;

сухо́е ле́то сухо́е ле́та;

сухо́й во́здух сухо́е паве́тра;

суха́я еда́ суха́я е́жа;

весь он жи́листый и сухо́й уве́сь ён жы́лісты і сухі́;

суха́я встре́ча суха́я сустрэ́ча;

сухо́й расска́з сухо́е апавяда́нне;

сухо́й ка́шель сухі́ ка́шаль;

сухо́й треск сухі́ трэск;

сухо́е де́рево сухо́е дрэ́ва;

суха́я рука́ суха́я рука́;

сухо́й хлеб сухі́ хлеб;

сухо́й тума́н сухі́ тума́н;

вы́йти сухи́м из воды́ вы́йсці сухі́м з вады́;

держа́ть по́рох сухи́м трыма́ць по́рах сухі́м;

сухо́й ни́тки не оста́лось сухо́й ні́ткі не застало́ся.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ка́мень м., в разн. знач. ка́мень, -ня м.; мн. камяні́, -нёў; собир. каме́нне, -ння ср.;

большо́й ка́мень вялі́кі ка́мень;

драгоце́нный ка́мень кашто́ўны ка́мень;

моги́льный ка́мень магі́льны ка́мень;

дресвя́ный ка́мень жарсцвя́ны ка́мень;

ка́мни в пе́чени мед. камяні́ ў пе́чані;

ка́мень преткнове́ния ка́мень спатыкне́ння; (помеха) перашко́да;

броса́ть ка́мнем (в кого-л.) кі́даць ка́менем (у каго-небудзь);

держа́ть ка́мень за па́зухой трыма́ць ка́мень за па́зухай;

ка́мня на ка́мне не оста́вить ка́меня на ка́мені не пакі́нуць;

ка́мнем упа́сть ка́менем упа́сці;

под лежа́чий ка́мень вода́ не течёт пад ляжа́чы ка́мень вада́ не цячэ́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

нос, ‑а; мн. насы, ‑оў; м.

1. Выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з’яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху. Я пацягнуў глыбока носам і шапнуў тату: — Чуеце, як пахне хлеб... Пальчэўскі. Алесь прыхінуўся да Шуры, паклаў на плячо галаву. Ужо носам пасвіствае. Навуменка. Са злосці .. [воўчы важак] ляснуў зубамі, брыкнуў задам, панура чмыхнуў носам і, крадучыся, рушыў наперад. Чорны.

2. Дзюба ў птушкі. Буслы клякочуць, бусляняты Пішчаць жалобна, як шчаняты, Насы закідваюць угору. Колас. Хто б дзятла ведаў, каб не яго доўгі нос! Прыказка.

3. Пярэдняя частка судна, лодкі, самалёта і пад. Чатыры вялікія чорныя лодкі адна за адной чыркнулі насамі па пяску. Брыль. Паправіўшы курс на чатыры градусы, Сіняўскі паставіў нос самалёта на захад. Алешка. Танк спыніўся, нязграбна ўткнуўшыся носам у канаву. Шамякін.

4. Аб выступаючай пярэдняй частцы якога‑н. прадмета. Крышыла лёд, Крышыла скалы аб нос бетоннага быка... Кляшторны. На самым носе пясчанай касы прытулілася невялікая вёска. В. Вольскі.

5. Тое, што і насок (у 1 знач.). Боты з тупымі насамі. □ Ногі былі мокрыя вышэй каленяў, і я з жалем успомніў пра свае юхтовыя боты, сумна глянуўшы на камашы з вострымі насамі. Кірэенка.

•••

Арліны нос — нос з гарбінкай.

Рымскі нос — вялікі, правільнай формы нос з гарбінкай.

Аж нос гнецца у каго — прагна, з апетытам есць хто‑н.

Астацца з носам гл. астацца.

Без фігі не да носа — аб ганарыстым чалавеку, да якога ніяк нельга падступіцца.

Біць (даваць) у нос гл. біць.

Бубніць (сабе) пад нос гл. бубніць.

Вадзіць за нос гл. вадзіць.

Ветрыць носам гл. ветрыць.

Высунуць (выткнуць) нос гл. высунуць.

Вярнуць нос гл. вярнуць ​2.

Далей свайго носа не бачыць гл. бачыць.

Драць нос гл. драць.

Дулю табе (яму, ім і пад.) пад нос гл. дуля.

Заараць носам (зямлю) гл. заараць.

Задраць нос гл. задраць.

Зарубіць (сабе) на носе гл. зарубіць.

Зарыць носам (зямлю) гл. зарыць.

Застацца з носам гл. застацца.

З-пад (самага) носа — на вачах у каго‑н., у непасрэднай блізкасць ад каго‑н.

Камар носа не падточыць (не падаткне, не падсуне) гл. камар.

Кляваць (дзюбаць) носам гл. кляваць.

Крукам (шастом) носа не дастаць гл. дастаць.

Круціць носам гл. круціць.

На носе — вельмі скора, у самы блізкі час (адбудзецца што‑н.). [Сабураў:] — Ні адна са стратэгічных задач не дасягнута, а зіма на носе. Навуменка.

Не ў нос (не па носе) — не даспадобы.

Нос адвярнуць гл. адвярнуць.

Носам рыць гл. рыць.

Носам чуць гл. чуць.

Носа не ўбіць гл. убіць.

Нос у нос; носам к носу — вельмі блізка адзін да другога; твар у твар. Дні праз тры Міхась сустрэўся з камендантам нос у нос... Якімовіч.

Павесіць (апусціць, звесіць) нос гл. павесіць.

Пад (самым) носам; перад (самым) носам — блізка, побач, у непасрэднай блізкасці ад каго‑, чаго‑н.

Пакінуць з носам гл. пакінуць.

Паляцець носам гл. паляцець.

Соваць (сунуць, тыцкаць) нос гл. соваць.

Соваць (тыцкаць) пад нос гл. соваць.

Сунуцца з (сваім) носам гл. сунуцца.

Трымаць нос па ветры гл. трымаць.

Тыцнуць носам гл. тыцнуць.

Уткнуцца носам гл. уткнуцца.

Уцерці (падцерці) нос гл. уцерці.

(Хоць) кроў з носа гл. кроў.

Хоць (ты) нос затыкай гл. замыкаць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак., каго-што.

1. Перамагчы ў барацьбе; асіліць. — Добра! — прамовіў генерал-палкоўнік. — Гэта па-гвардзейску. Сябе выратаваў і ворага адолеў. Мележ. // Вынесці ўсе цяжкасці, пераадолець перашкоды. [Бобрык:] — Калі чалавек ведае, што ідзе да вялікай мэты, то якая б ні была цяжкая дарога, ён не спыніцца, адолее ўсё. Дуброўскі.

2. Перасіліць, перамагчы ў сабе якія‑н. жаданні, пачуцці і пад. [Алешын:] Не маю сіл адолець я сумненні. Бачыла. [Аксіння] адолела, як магла, хваляванне, пачала развязваць клунак. Мележ. Атрымалася суха, ніяк не магла адолець [Вера] стомленасць і адчуванне страшнай адзіноты. Мікуліч. // Авалодаць усёй істотай (пра жаданні, пачуцці і пад.). Цела адразу адолела салодкая знямога. Быкаў. Клопаты зноў адолелі Андрэя. Шахавец.

3. Справіцца з чым‑н., асіліць якую‑н. справу. — Давай, Міцечка, пілу, — сказаў тата, паставіўшы ў снег сякеру, — адолеем гэта дрэва, ды пойдзем і мы дахаты на гарачую бульбу. Пальчэўскі. // Перамогшы цяжкасці ў вывучэнні, авалодаць, засвоіць. Адолець латынь. □ Тое, што за адзін год Міця адолеў два класы, параўняўшыся з Сюзанай, адбылося зноў жа не без яе дапамогі, хоць яна аб гэтым не ведае. Навуменка. [Змітрок:] Я цяпер столькі кніг па электрычнасці прывёз з горада, што змагу трымаць [экзамен] за інстытут, калі ўсе іх адолею. Губарэвіч. // Рухаючыся, прайсці, пераадолець які‑н. цяжкі шлях. Прысталі коні — хоць ты плач, Як гэты шлях адолець! Смагаровіч. // Разм. З цяжкасцю з’есці, выпіць што‑н. (звычайна аб вялікай колькасці). Адолець кацялок кашы.

4. Разм. Дакучаючы, пазбавіць спакою; замучыць. [Мікола:] — Як жа гэта выйшла, што калгасніцу куры і козы адолелі? Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ве́сці ’накіроўваць рух каго- або чаго-небудзь’; ’будуючы, пракладваць у пэўным парадку’; ’мець пэўны напрамак’; ’хіліць на што-небудзь, адольваць’; ’хіліць убок ад хваробы, ап’янення’ (КТС, БРС, Касп.); ’цягнуць’ (БРС); ’валаводзіць’, весьці брэдню ’трызніць’ (Касп.), вясьці злосьць ’доўгі час злавацца, гневацца, помсціцца’ (КЭС, лаг.), навагр. весьці дзіця ’нарадзіць дзіцё’ (Кл., КТС). Ужываецца таксама з прэфіксамі: аб‑, вы‑, да‑, з‑, на-, пера-, пры‑, раз-, у‑ і інш. у розных значэннях. Сюды ж весціся ’адбывацца, ажыццяўляцца, праводзіцца’; ’жыць, пладзіцца’; ’быць звычаем, падтрымлівацца’; ’цягнуцца кім- або чым-небудзь’ (КТС, БРС); ’цягнуцца патроху’; ’шанцаваць у жыцці’ (КЭС). Прасл.: укр. вести ’весці; спяваць, цягнуць голасам; размаўляць; прасці, выводзіць нітку; камандаваць, распараджацца’, вестися ’весціся’, рус. вести ’весці, суправаджаць, памагаць ісці; рабіць, здзяйсняць; кіраваць, быць загадчыкам’, арханг. ’дзьмуць, пранікаць усюды (аб ветры)’, валаг. ’раставаць (аб снезе); уздымацца (аб цесце)’, арханг. вести свадьбу ’спраўляць вяселле’, польск. wieść ’весці, быць на чале; быць уваходам куды-небудзь’, wieść się ’шанцаваць, паходзіць’, каш. vjesc, в.-луж. wjesć ’весці’, wjésć so ’паводзіць сябе; мецца’, чэш. vésti ’суправаджаць, паказваць дарогу; кіраваць, быць загадчыкам, быць на чале; мець кірунак’, vésti se ’мецца, шанцаваць’, славац. viesť ’даваць кірунак, накіроўваць’; ’суправаджаць, прыводзіць’; ’весці эскортам’; ’весці каналам (ваду, нафту)’; ’кіраваць (машынай, караблём)’; ’пракладваць’ і ’кіраваць, весці дзейнасць’; ’выконваць пэўную работу’; ’праводзіць (цяпло, электрычнасць)’; ’весці размову, дэбаты’ і інш., viesť sa ’мецца, шанцаваць’, славен. vȇsti ’весці; дапамагаць; служыць чаму-небудзь’; ’выгадна прадаць’, vȇsti seтрымаць, паводзіць сябе’, серб.-харв. во̀дити ’весці’, макед. води, балг. водя, ст.-слав. ведѫ, вести ’тс’. Выступае ў асновах *ved‑/*vod‑ і *vad‑. Мае адпаведнікі ў балтыйскіх мовах: літ. vèsti, vedù ’весці; кіраваць, быць на чале чаго-небудзь; жаніцца з кім-небудзь; прыносіць, нараджаць’, лат. vest, vedu ’весці’; ’вадзіць (машыну)’, vesties ’шанцаваць, добра ісці (аб рабоце)’, ст.-прус. weddē ’вяду’, а таксама ў ірл. fedid ’вядзе’, ст.-перс. vādajeiti ’вядзе, цягне’. Такім чынам, прасл. vedti (dt > tt > st) утворана пры дапамозе суф. ‑ti ад асновы ved‑, якая ўзыходзіць да і.-е. кораня *u̯edh‑ (Фік, 1, 4, 129; Уленбек, 269). Гл. таксама Фасмер, 1, 284; ЭСРЯ, 1, В, 74–75; Голуб-Копечны, 413; Брукнер, 619; Махэк₂, 685; БЕР, 1, 170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́пусціць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак., каго-што.

1. Адпусціць на волю, вызваліць. Выпусціць птушку з клеткі. □ [Параска] не адважвалася сказаць страшную праўду: Панаса выпусцяць тады, калі да.. [палякаў] прыйдзе бацька. Колас.

2. Дазволіць, даць магчымасць выйсці адкуль‑н., пусціць куды‑н. Выпусціць карабель з гавані. Выпусціць танцораў на сцэну. Жывёлу выпусцілі на вадапой. // Даць магчымасць выцечы, выйсці, распаўсюдзіцца. Выпусціць ваду з бочкі. Выпусціць цяпло з хаты. □ Тым часам падышоў цягнік. Выпусціў белыя клубы пары і зноў зачыхкаў, набіраючы хуткасць. Гроднеў.

3. Расходаваць у працэсе стральбы; выстраліць. Выпусціць дзве міны. □ Немец трымаў парабелум апушчаныя, а таму стары не спяшаўся, упэўнены, што раней, чым той падыме і накіруе на іх парабелум, ён зможа выпусціць увесь барабан. Шамякін.

4. Перастаць трымаць; упусціць. Выпусціць талерку з рук. □ Сёмка выпусціў Зосіну руку і адступіў крок назад. Гартны.

5. Даць поўную, закончаную адукацыю, давесці да канца навучанне. Выпусціць з інстытута датэрмінова. □ [Вера:] — Мне толькі дваццаць тры гады, а колькі я ўжо дзяцей выпусціла са сваёй школы! Чорны.

6. Вырабіць, выпрацаваць. Выпусціць прадукцыю звыш плана. □ Спачатку вырваўся гудок, Завода слаўнага басок: — Я выпусціў аўтамабіль На многа тон, на многа міль. Лужанін. // Выдаць, надрукаваць. Выпусціць кнігу, лістоўку, насценгазету. // Пусціць у абарачэнне. Выпусціць марку. Выпусціць пазыку.

7. Высунуць вонкі, на паверхню. Выпусціць кіпцюры.

8. Павялічыць у даўжыню, шырыню. Выпусціць рукавы.

9. Абл. Здаць у наймы. Тады Бухча выпусціў вясковую бацькоўскую хату і зямельную дзялянку ў арэнду. Чорны.

•••

Выпусціць з-пад увагі — забыць пра што‑н.

Выпусціць з рук — упусціць, не выкарыстаць у сваіх мэтах.

Выпусціць кішкі (груб.) — зарэзаць.

Выпусціць лейцы з рук — аслабіць сілу ўлады над кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чо́рны, -ая, -ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю; проціл. белы.

Чорная фарба.

Чорная барада.

Ч. дым.

2. Цёмны, больш цёмны ў параўнанні з чым-н. больш светлым.

Ч. хлеб.

Ч. ад загару.

3. Брудны, запэцканы.

Чорныя рукі ад гразі.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе высокага майстэрства, часта фізічна цяжкі і брудны (пра работу).

Чорная работа.

5. Прызначаны для якіх-н. службовых ці бытавых мэт; не парадны, не галоўны.

Ч. ход.

Чорная лесвіца.

6. Не апрацаваны, чарнавы.

Ч. варыянт рукапісу.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы.

Чорная зайздрасць.

Чорныя справы.

8. перан. Дрэнны, адмоўны.

Чорныя старонкі біяграфіі.

Ч. бок жыцця.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны.

Чорныя думкі.

Чорная доля.

10. перан. Крайне рэакцыйны.

Чорныя сілы.

11. У Рускай дзяржаве 14—17 стст.: цяглавы, падатковы; дзяржаўны, не прыватнаўласніцкі (гіст.).

Чорныя землі.

12. Паводле міфалагічных уяўленняў: вядзьмарскі, чарадзейскі, звязаны з нячыстай сілай.

13. Як састаўная частка некаторых заалагічных і батанічных назваў.

Чорныя парэчкі.

Чорная рабіна.

Ч. дзяцел.

Чорнае золата

1) нафта;

2) каменны вугаль.

Чорная біржа (чорны рынак) — неафіцыйная біржа (рынак).

Чорная ікра — ікра асятровых рыб.

Чорная кава — моцная кава без малака і вяршкоў.

Чорны лес — лісцёвы лес, чарналессе.

Чорны шар — выбарчы шар, які азначае «супраць абрання» каго-н.

Чорныя металы — назва жалеза і яго сплаваў (сталі, чыгуну і г.д.).

На чорную гадзіну (разм.) — на цяжкі час (пакінуць што-н.).

Ні чорнага ні белага (разм.) — не абазвацца, не сказаць ні слова каму-н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім-н.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым на самай справе (бачыць, падаваць, паказваць і пад. што-н.).

Чорная косць (костка) (уст.) — пра людзей простага, недваранскага паходжання.

Чорны дзень (разм.) — перыяд нястачы, беднасці ў жыцці; цяжкая часіна.

Чорным па белым (разм.) — дакладна, выразна, ясна (напісана).

Як чорны вол (рабіць, працаваць; разм.) — рабіць не пакладаючы рук.

|| наз. чарната́, -ы́, ДМ -наце́, ж. і чарно́та, -ы, ДМо́це, ж. (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ‑ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)