шчаню́к, ‑а, м.

1. Тое, што і шчаня. Шчанюк спачатку хацеў панюхаць вожыка: дакрануўся носам да шэрых іголак. Брыль. Шчанюк круціўся каля плота. Малы, таўсматы, на кароткіх і шырокапастаўленых лапах. Паўлаў.

2. перан. Разм. Пра маладога, неспрактыкаванага чалавека. Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі, Праязджаў... Убачыў... Адняў... Як я мог не адчуць: ты скутая? Не пачуць здалёк: ты ў бядзе? Караткевіч. Побач з гэтым мацёрым бандытам Палітаў выглядаў шчанюком. «Маладосць». / Ужываецца як лаянка. Чыкілевіч правёў Мікіту злосным вокам... «У, шчанюк!» — працадзіў ён скрозь зубы. Колас. — Ах ты, шчанюк! — злосна прабурчаў паліцай. — Чаго крычыш на ўсю вуліцу? Самі бачым... Няхай. — Шчанюк! — зашыпеў Сімон, яшчэ раз пляснуўшы Іліко па шчацэ. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плева́ть несов., прям., перен. плява́ць;

плева́ть! (пустяки́) фам. плява́ць!;

не плюй в коло́дец — пригоди́тся воды́ напи́ться посл. не плюй у крыні́цу — пры́йдзеш па вадзі́цу; не плюй у вадзі́цу, давядзе́цца ж напі́цца;

плева́ть в потоло́к ле́нца ва́жыць; слу́хаць, як свіння́ ву́хае; зу́бы на со́нцы грэць; лы́нды (бі́бікі) біць;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Раня́ць ’даваць магчымасць упасці, упускаць; скідаць (пра лісце)’ (ТСБМ), слёзкі раняе (Сержп. Прык.), сьлёзкі роніць (Касп.), рані́ць ’выкідваць, аддаваць’ раніла дзіця, рані́ць душу (ашм., мядз., Сл. ПЗБ), ’губляць, траціць, не шкадаваць’: здоровье своё роню на васъ (Нас.), сюды ж роны́тыса ’аблівацца слязамі’ (Доўн.-Зап., Пін.). Параўн. рус. дыял. рони́ть ’кінуць, даць магчымасць упасці’, укр. рони́ти ’даваць упасці; скідаць’, польск. ronić ’траціць, выкідваць; звяргаць’, ’ліць слёзы’, ’губляць пер’е, рогі, зубы’, ’лускаць зерне’, чэш. roniti (пра слёзы) ’праліваць’, славац. roniť ’цячы, ліцца’, в.-луж. ronić ’губляць, праліваць (слёзы)’, н.-луж. roniś ’тс’, серб. ро̀нити ’даваць нырца’, балг. ро́ня ’аддзяляць, абрываць; праліваць (слёзы)’, макед. рони ’тс’. Імаверна, першасным значэннем прасл. *roniti з’яўлялася ’даць, дазволіць, даць магчымасць упасці’; параўноўваюць з гоц. urrannjan ’паказвацца; узыходзіць (пра сонца)’, ст.-в.-ням. rennan ’прымушаць цячы, хутка бегчы’, грэч. ραίνω ’акрапляю, абсыпаю’ (Фасмер, 3, 501; Шустар-Шэўц, 2, 1235; БЕР, 6, 322).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́віца, мн. л. скі́віцы ‘кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы; пашчэнкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; віл., Стан., ТС, КЭС, Дразд., ЛА, 3), ‘выпукліна пад вокам ягадка’ (Ласт.), ‘зубны пратэз’ (ТСБМ), скі́выца ‘сківічная косць’ (Дразд.; узд., КЭС), скі́біца ‘скронь’ (Сцяшк.; гродз., Мат. АС), скі́віцы ‘пашчэнкі’ (ЛА, 3), ські́ва ‘пашчэнка’ (Дразд.), skíwicy ‘ніжняя сківіца каня’ (Тарн.), сківіца ‘шула’ (В. Адамчык, Маладосць, 1993, 10, 156). Беларуска-ўкраінская лексіка-семантычная ізалекса, параўн. укр. дыял. скі́віца, ски́віца, скʼі́вʼца ‘сківіца’, гл. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63–64. Слова няяснага паходжання. Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) прапануе дастаткова позняе запазычанне з усходнебалтыйскіх гаворак; дакладная крыніца не выяўлена, параўноўваецца з лат. šķieva ‘трэшчына ў дрэве’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182) лічыць слова старажытным (мяркуемае прасл. *skyvica), аднак падкрэслівае яго ізаляванасць. Аўтары ЕСУМ (5, 271) адносяць укр. ски́виця да запазычанняў з беларускай мовы, звязваючы яго з скіба (гл.). Хутчэй да ківа́ць (гл.), параўн. качкі́ ‘пашчэнкі’ (Растарг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

скрозь, прысл. і прыназ.

1. прысл. Усюды, кругом. Тут скрозь зелянелі садкі і агародчыкі з ярка-чырвонымі ружамі і пахучымі гваздзікамі. Якімовіч. Увосень скрозь пахлі смалой новыя сцены. Чорны.

2. прысл. Разм. Заўсёды, праз увесь час. [Віктар] скрозь прыглядаўся да .. [Зеленюка], сачыў за кожным ягоным рухам. Зарэцкі. [Касцюкевіч:] — Я сябе скрозь сам правяраю — у мяне ўсё запісана. Скрыган.

3. прыназ. з В. Праз, цераз што‑н. Скрозь галіны дрэў скупа прабіваўся тужлівы бляск месяца. Колас. Скрозь сівую сетку дажджу я ўгледзеў у полі, ля куста вербалозу, жанчыну... Сачанка. // Ужываецца пры абазначэнні якой‑н. з’явы, стану і пад., за якімі можна заўважыць што‑н. [Андрыян] даганяе .. [Юльку] і крычыць скрозь гул матора і ляскат жалеза: — Сядай, падвязу! Марціновіч. Скрозь гэты хор [конікаў] Андрэй пачуў угары лёгкі посвіст. Дуброўскі. Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка. Лынькоў.

4. прыназ. з В. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння, стану і пад., якое змяняецца, чаргуецца, суправаджаецца іншым дзеяннем, станам і пад. — Я хачу, каб калгас... — скрозь кашаль гаварыў [Лаўрэн], — каб жыў калгас. Баранавых. — Рабі што хочаш, а я не астануся адна, — скрозь слёзы гаварыла Таня. Новікаў. — Гэта ж Сямён! — чуе Маша скрозь дрымоту свой голас і прачынаецца. Мележ.

•••

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.

Глядзець скрозь пальцы на каго-што — тое, што і глядзець праз пальцы на каго-што (гл. глядзець).

Праваліцца мне скрозь зямлю гл. праваліцца.

Скрозь зубы — тое, што і праз зубы (гл. зуб).

Як скрозь зямлю праваліўся гл. праваліцца.

Скрозь зямлю бачыць — тое, што і бачыць пад зямлёю (гл. бачыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Рэзкім штуршком прымусіць выпасці ўсё, многае. Павыбіваць вокны. □ І вясковыя хлопцы не праміналі, каб здзекліва запытаць, хто і за што.. [Ігару] зубы павыбіваў, што медныя ставіць давялося. Сіняўскі. // Б’ючы, топчучы, знішчыць усё, многае. Град павыбіваў пасевы. Каровы павыбівалі траву.

2. Трасучы, калоцячы, вычысціць усё, многае. Павыбіваць дываны.

3. Зрабіць вялікую колькасць паглыбленняў. Там вада, падаючы з лопасцяў, павыбівала такія ямы, што і цяпер не маглі знайсці жэрдку, якою б можна было дастаць дно. Сачанка.

4. Пракласці яздою, хадзьбой, пратаптаць многа чаго‑н. Павыбіваць сцежкі. □ Усціння ўзяла ў абедзве рукі па вядру .. і пайшла ўгору, асцярожна ступаючы ў канаўкі, якія павыбівалі капытамі коні, ходзячы на вадапой. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвяро́зы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ўжываў спіртнога; не п’яны. Непрыемна цвярозаму чалавеку глядзець на п’яных, і я паспешліва пачаў шукаць вачыма таго, хто мяне цікавіў. Карпюк. / у знач. наз. цвяро́зы, ‑ага, м.; цвяро́зая, ‑ай, ж. Лабановіч ужо зусім ап’янеў. Праўда, цвярозых тут і не было, апрача паненак, — яны былі толькі вясёлыя, — і Саханюка, які гарэлкі не піў. Колас. // Уласцівы такому чалавеку. — У п’яным выглядзе чалавек робіць тое, чаго ў цвярозым стане ніколі б сабе не дазволіў. Прокша.

2. перан. Разважлівы, сур’ёзны, якому не характэрны летуценнасць, фантазёрства. [Пятро Сцяпанавіч:] — Вы думаеце, хто яны, самыя цвярозыя рэалісты? Рамантыкі, у якіх выраслі зубы жыццёвай мудрасці. Палтаран. Цвярозыя думкі перамешваліся з абрыўкамі ўспамінаў, сапраўднае, перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Насычаны, напоўнены чадам. Аднойчы, седзячы ў бруднай і чаднай карчомцы, якую наведвалі толькі «свае», цэдзячы праз зубы густое і горкае пітво, Юткевіч угледзеў новага наведвальніка. Мікуліч. І хоць заходзіў Дзіма да маткі на якую часіну, але заўсёды выходзіў адтуль [з тытунёвай фабрыкі] з перасохлым горлам і цяжкімі грудзьмі, нібы з чаднай лазні. Якімовіч.

2. Які чадзіць, куродыміць. Хутка чадныя языкі полымя ўзвіліся па вуглах хаты, перакінуліся на страху. Лынькоў. // Уласцівы чаду. І далятае пах смаляны І чадны гар да нас сюды. Звонак. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.

3. перан. Які дурманіць, затуманьвае свядомасць. Праз густы чадны палын з гаркатою ў сэрцы.. [Павел] выйшаў за вёску. Грахоўскі.

•••

Чадны газ гл. газ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трайні́к ’прадмет, які складаецца з трох частак’ (ТСБМ), ’вілы з трыма зубамі’ (Абабур.), ’рыбалоўны кручок з трох кручкоў’ (Мат. Гом.), ’вялікі кручок на тры зубы ў выглядзе якара’ (мёрск., Жыв. НС), ’трохпудовая гіра’ (Касп., Мат. Гом.), ’рыбалоўная крыга з двумя гегнямі (у выглядзе палазоў)’ (паст., шарк., ЛА, 1; брасл., ігн., лудз., паст., Сл. ПЗБ; ЖНС), ’камізэлька’ (Мат. Гом.), ’бёрда на 13 пасмаў’ (ТС). Утворана з трайны́ (< прасл. *trojьnъ‑jь < *troje) ’які складаецца з трох аднародных ці падобных частак’, ’які паўтараецца тры разы, у трох відах або павялічаны ў тры разы’ (ТСБМ), параўн. тройны́е вілкі́ ’трохзубыя вілы’ (ТС). Сюды ж: трайча́к ’рыбалоўная крыга’ (круп., шчуч., ЛА, 1), трайня́к ’моцны пітны мёд’ (Нас., Байк. і Некр.), якое, аднак, можа быць паланізмам, параўн. польск. trójniak ’сорт напітку з мёду’. Меркаванні Лаўмане (Лекс. балтызмы, 18) пра калькаванне лексемай трайні́к ’рыбалоўная прылада, крыга’ літ. tribradis, лат. trīnis, trijbridis ’тс’ не пераконвае, хутчэй гэта міжмоўнае арэальнае ўтварэнне з нявызначаным цэнтрам інавацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Іко́л, ікла́, мн. і́клы ’клык’ (ТСБМ, Шатэр., Сцяшк. МГ, Мат. Гом., Інстр. II), і́кла (Янк. II), ікло, і́кол ’звярыны клык’ (Дразд.), ікол, мн. іклэ́ ’кутні зуб’ (Сцяшк. МГ). Рус. клык, дыял. кур. и́клы ’іклы’, ’шпоры ў пеўня’, укр. і́кло, польск. kieł, н.-луж. keł, палаб. мн. klåi̯, чэш., славац. kel, славен. kel, серб.-харв. ка̀љак, ка̀љац. Ст.-рус. клык, клы ’іклы, зубы ў каня, па якіх вызначаюць яго ўзрост’ (XVII ст.). Ст.-бел. келъ (1516 г.) са ст.-польск. kieł (Булыка, Лекс. запазыч., 142). Бліжэйшыя адпаведнасці: літ. kùlti, лат. kul̄t ’біць, малаціць’. Прасл. *kъlъ ад *kolti (гл. калоць), зыходнае значэнне ’колючы, раздзіраючы’. Бернекер, 1, 660–661; Праабражэнскі, 1, 318; Брукнер, 227; Фасмер, 2, 255–256; Слаўскі, 2, 142–143. Семантычная трансфармацыя, як у слав. *zǫbъ*zęti ’разрываць’, ням. Hauer, Hauzahn ’клык’ — hauen ’рубіць, біць, сячы’ (Слаўскі, там жа). Іначай Махэк₂ (248–249): kel1 ’ікол’ і kel2 ’расток’ звязвае з *kъlěti(sę) ’прабіцца (на свет)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)