Скі́віца, мн. л. скі́віцы ‘кожная з дзвюх костак твару, у якіх умацаваны зубы; пашчэнкі’ (ТСБМ, Байк. і Некр.; віл., Стан., ТС, КЭС, Дразд., ЛА, 3), ‘выпукліна пад вокам ягадка’ (Ласт.), ‘зубны пратэз’ (ТСБМ), скі́выца ‘сківічная косць’ (Дразд.; узд., КЭС), скі́біца ‘скронь’ (Сцяшк.; гродз., Мат. АС), скі́віцы ‘пашчэнкі’ (ЛА, 3), ські́ва ‘пашчэнка’ (Дразд.), skíwicy ‘ніжняя сківіца каня’ (Тарн.), сківіца ‘шула’ (В. Адамчык, Маладосць, 1993, 10, 156). Беларуска-ўкраінская лексіка-семантычная ізалекса, параўн. укр. дыял. скі́віца, ски́віца, скʼі́вʼца ‘сківіца’, гл. Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63–64. Слова няяснага паходжання. Мартынаў (Лекс. Палесся, 11) прапануе дастаткова позняе запазычанне з усходнебалтыйскіх гаворак; дакладная крыніца не выяўлена, параўноўваецца з лат. šķieva ‘трэшчына ў дрэве’. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 182) лічыць слова старажытным (мяркуемае прасл. *skyvica), аднак падкрэслівае яго ізаляванасць. Аўтары ЕСУМ (5, 271) адносяць укр. ски́виця да запазычанняў з беларускай мовы, звязваючы яго з скіба (гл.). Хутчэй да ківа́ць (гл.), параўн. качкі́ ‘пашчэнкі’ (Растарг.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)