пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паспе́ць 1, ‑спее; зак.

1. Зрабіцца, стаць спелым; выспець. І макі даўно адцвілі, і жыта паспела, І водар ранетаў даносяць да вокнаў вятры. Тарас. — От калі ў падарожжа ехаць, Міхась, калі арэхі паспеюць! Чарнышэвіч. На Беларусі яблыкі паспелі І глуха асыпаюцца на дол. Грахоўскі.

2. Разм. Стаць гатовым для яды. І чуць што толечкі разднела, У маткі снеданне паспела. Колас. // Стаць прыгодным, гатовым для чаго‑н. Глеба паспела.

паспе́ць 2, ‑спею, ‑спееш, ‑спее; зак., звычайна з інф.

Здолець, змагчы зрабіць што‑н. у тэрмін, своечасова. Да вечара .. [мужчыны] паспелі прынесці толькі па адной вязцы. Маўр. [Брыгадзір:] — Ці чуў — радыё казала — не сёння-заўтра снег сыпане. Трэба паспець дакапаць клін, што пад ярам. Хадановіч. Часу бракавала: трэба было яшчэ паспець дзе-небудзь паснедаць, ды і хацелася хоць з паўгадзіны паблукаць па горадзе. Хадкевіч. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. тэрмін, час. Ледзь паспее вясной Чарназём адагрэцца, — Вільгаць парай клубіцца Над цёплай зямлёй... Аўрамчык. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Арцём:] — А праз паўгадзіны прыбывае калінінградскі... Мне трэба паспець... Ракітны. Ну, проста... проста не паспелі Прыбыць на аганёк. Астрэйка. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. // Ідучы за кім‑н. услед, не адстаць у хадзьбе. [Шаевічу] і сапраўды ў такім адзенні цяжка было паспець за мной. Сабаленка.

•••

Не паспець (што‑н. зрабіць) як... — ужываецца пры абазначэнні хуткага дзеяння, нечаканага наступленне чаго‑н. Я не паспеў закрыць ілюмінатар, Як шторм запеніўся з усіх старон. Танк. Яшчэ не паспела .. [Алена] выехаць за вёсачку, як сюды прыпёр Жарстак. Колас. Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ні I

1. частица, в разн. знач. ни;

на ву́ліцы ні душы́ — на у́лице ни души́;

ні адзі́н — ни оди́н;

што ні кажы́, а е́хаць давядзе́цца — что ни говори́, а е́хать придётся;

хто б там ні быў — кто бы там ни́ был;

ні кро́ку дале́й! — ни ша́гу да́льше!;

2. союз ни;

ні ён, ні яна́ не пры́йдуць — ни он, ни она́ не приду́т;

ні-ні — ни-ни;

ні мур-му́р — ни гугу́;

ні з ме́сца — ни с ме́ста;

ні на ёту — ни на йо́ту

ні II (отделяемая часть отриц. мест.) ни;

ні пра што́ не было́ гаво́ркі — ни о чём не́ было разгово́ра;

ён ні на ко́га не ска́рдзіўся — он ни на кого́ не жа́ловался

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Рыда́ць ’голасна, сутаргава плакаць’ (ТСБМ), ст.-бел. рыдати, рыдание, рус. рыда́ть, укр. рида́ти, чэш. rydati, славац. rydať, серб.-харв. ри̏дати, ’стагнаць’, балг. рида́я, ст.-слав. рыдати. Чаргаваннем галосных звязана са ст.-чэш. ruditi ’засмучаць, азмрочваць’, в.-луж. wurudzić, zrudzič ’пакрыўдзіць’, zrudny ’сумны’, н.-луж. zruźiś ’засмучаць, азмрочваць’. Прасл. *rydati ’стагнаць’, ’крычаць’, ’плакаць’, ’лямантаваць’, корань *ryd (ад *ruditi, дзе u > ў). Корань *ru‑ знаходзім у *rukati (> бел. ры́каць). Далей звязана з прасл. *revati (> бел. раўсці). Ва ўсіх трох выпадках гаворка ідзе аб і.-е. гукапераймальным корані *reu: *ru, які пашыраны фармантам ‑d‑ у *rydati, у іншых выпадках ‑qo‑ (*rykati), або без фармантаў у *rjuti, *ruti (Покарны, 1, 867; Махэк₂, 526; Скок, 3, 138; БЕР, 6, 251; Чарных, 2, 130). Роднаснае да літ. raudà ’плач, аплакванне’, raudóti ’плакаць, наракаць’, лат. raûda ’стогы, плач’, raûdât ’плакаць’ (Фасмер, 3, 526–527 з літ-рай). Прасл. *rydati ’плакаць’ не трэба блытаць з аманімічным *rytati ’чырванець’, які ўзыходзіць да і.-е. *reudh‑ ’чырвоны’ (Горячева, Этимология 1971, 206–207).

Ры́даць ’пра пачатак дзеяння’: авёс тут і ня рыдаў расьці (Шат.). Ужываецца толькі з адмоўем. Можна супастаўляць са славац. дыял. rydať sa, серб.-харв. ridati ’рухаць’, ’цягнуць, падымаць’, балг. ри́да се ’разблытвацца, распаўзацца’ і лічыць працягам прасл. *ridati ’рухацца’, роднаснага да лат. raidit ’гнаць’, raiditiês ’варушыцца’, ням. reiten ’ездзіць верхам’, герм. *ridan (і.-е. *reidh: *ridh ’рухацца’) (Махэк₁, 430; БЕР, 6, 250–251). Сюды ж можна дадаць яшчэ і славац. ’рухацца, непакоіцца’. Сюды, ж, магчыма, адносіцца і серб.-харв. ridati ’рухаць, цягнуць, падсоўваць’, ridati se ’рухацца’. Скок лічыць слова няясным (Скок, 2, 138). Фіксуецца балгарскі прыметнік риды́й: рида вода, поройна вода ’бурная, ліўневая вада’. Падаецца магчымым мяркаваць сувязь гэтага прыметніка з прасл. *ridati ’рухацца’. Аднак балг. риды́й указвае на зыходнае і.-е. *erei‑, reiə, ri ’цячы’, параўн. прасл. *izroj; ст.-слав. выринѫти, ринѫтисѧ. Гэта супярэчнасць магла б быць ліквідавана, калі прыняць пад увагу пункт гледжання Вальдэ, які лічыў, што і.-е. *reidhехаць’, ’быць у руху’ з’яўляецца, магчыма, расшырэннем і.-е. *erei‑, *eroi, параўн. польск. rzewnić ’рабіць рухомым’, якое ўзыходзіць да гэтай і.-е. праформы (Покарны, 1, 330–331; Горячева, Этимология–19861987, 157).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Кідаць, шпурляць што‑н. Сёння Данька больш клапаціўся аб дзяўчатах. Ён паказваў, як лепш укалупіць гной на вілкі, як шыбаць праз акно на двор, не дужа торгаючы рукамі. Ермаловіч. // перан. Разм. Хутка, нядбайна гаварыць, вымаўляць (словы, рэплікі, заўвагі і пад.). Потым, мабыць, зразумеў [Максім] і чамусьці ўзлаваўся — пачаў злосна шыбаць словы. Шамякін.

2. Хутка, з вялікай сілай узлятаць угару; шугаць (пра полымя, дым і пад.). Шыбалі ўгару цёмныя стаўбуры дыму, вогненна бліскала полымя. Мележ. Полымя шыбае ўверх роўна, бо ў густым бярэзніку не праймае вецер. Пестрак. / у перан. ужыв. Гараць вераснёвыя ночы У неба шыбае агонь. Пушча. // Распаўсюджвацца, пранікаць куды‑н. Праз новыя крокаў трыста агонь ужо шыбаў па страсе. Чорны. Полымя шыбае праз дзверкі, гудуць паддувалы... Барашка. // безас. перан. Раптоўна ўрываючыся, дзейнічаць з вялікай сілай на каго‑н. У нос шыбала рэзкім пяньковым пахам, кастрыца абсыпала твар і калолася за каўняром. Быкаў. // перан. Налівацца чырванню, палымнець. [Каця] не спалохалася, пачуўшы, што ў скроні гулка забіла кроў, а твар шыбаў полымем. Алешка. // безас. перан. Выклікаць які‑н. стан. [Цобель:] Ну, уцягнуў ты мяне ў гісторыю!.. То ў холад, то ў пот шыбае! Мележ.

3. Разм. Хутка рухацца, ісці, ехаць і пад.; шыбаваць. — Ты вось што, — сказаў.. [гаспадарцы], — бяры сваіх памочніц і шыбай да машыны. Лупсякоў. А вечарком мы выпускалі У паветра белых галубоў. Зрабіўшы некалькі кругоў, У вышыню яны шыбалі. Багдановіч. Гутарка зацягнулася, і мы, выбраўшы зручны выпадак, пакінулі шумную кампанію паэтаў і ўжо шыбалі маскоўскім трамваем да Парку культуры і адпачынку імя М. Горкага. Хведаровіч. // Падаць, ісці (пра дождж, снег, град). Мяккі, пульхны, нібы з ваты, Мітуслівы і таўсматы З неба снег шыбае. Гілевіч.

4. Вельмі хутка расці. Вунь як трава шыбае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́

1. союз разд. и́ли; ли́бо;

а. перамагчы́, а. паме́рціи́ли (ли́бо) победи́ть, и́ли (ли́бо) умере́ть;

а. за́ўтра, а. пасляза́ўтраи́ли (ли́бо) за́втра, и́ли (ли́бо) послеза́втра;

даво́дзілася е́хаць а. ісці́ пе́шшу — приходи́лось е́хать и́ли (ли́бо) идти́ пешко́м;

2. союз присоед. и́ли, а та́кже; и;

на дне рэк, мо́раў а. азёр — на дне рек, море́й и́ли (а та́кже, и) озёр;

3. союз пояснит. и́ли;

самалёт, а. аэрапла́н — самолёт, и́ли аэропла́н;

лінка́р, а. плаву́чая крэ́пасць — линко́р, и́ли плаву́чая кре́пость;

4. союз вопр. разг. и́ли? ра́зве?;

а. ж гэ́та не пра́ўда? — ра́зве же э́то не пра́вда?;

а. ты рашы́ў аста́цца?и́ли (ра́зве) ты реши́л оста́ться?;

5. межд. (выражает удивление) разг. ба!

а.! і ён тут! — ба! и он здесь!;

або́ — або́и́ли — и́ли

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

прылі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. прыліп, ‑ла; зак.

1. Моцна прыстаць да чаго‑н. (пра што‑н. ліпкае, клейкае, мокрае або да чаго‑н. ліпкага, клейкага, мокрага і пад.). Кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Чорны. Крушынскі сарваў са стала свой правы локаць, які прыліп да цыраты. Бядуля. // перан. Шчыльна прытуліцца, прыціснуцца да чаго‑н. [Кулямётчык] .. здаваўся адным целам з кулямётам, да таго ён прыліп да яго, зблізіўся з ім. Лынькоў. Пад плотам, у прагным чаканні, прыліп да зямлі худы рабы кот. Савіцкі. Да шыбы прыліп спачатку жаночы твар, пасля ён знік, а з глыбіні пакоя да акна падышоў мужчына. Брыль. // перан. Замацавацца за кім‑н. (пра мянушку, прозвішча). Прыліпла мянушка да .. [Асмалоўскага] — Адвакат. Сіўцоў. Механік быў зусім малы; Мянушка некалі — Малеча — К яму прыліпла горш смалы. Калачынскі.

2. перан. Разм. Адчуць прывязанасць да каго‑, чаго‑н. На шчасце, прыліп да .. [Ігната] добраахвотны памочнік, Вольчын сын, дзевяцігадовы бялявы хлопчык Кастусь. Мележ. У гэтыя першыя трывожныя дні да .. [Домны і Раечкі] неяк прыліп Андрушка Шэмет. Лобан. // Перадацца каму‑н. (пра хваробу, пра што‑н. дрэннае). Ліхая хвароба падсачыла .. [бацьку], прыліпла к нядошламу целу, улезла ў яго нутро. Гартны. Андрэй усміхнуўся, што і да доктара прыліпла слоўца з лагернага жаргону. Грахоўскі. // Прыстаць з распытваннямі, папрокамі, парадамі і пад. — Ну, што ты да яе прыліп? — сказала маці і з дакорам паглядзела на Валодзю. — Вырасце такая, як ты, таксама не будзе баяцца. Васілеўская.

3. перан. Разм. Моцна захапіўшыся, старацца не разлучыцца з чым‑н. [Бацька] прыліп да дачы; калі не трэба на работу, яго немагчыма сілком выпіхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулі і грыбах, абы не ехаць лішні раз. Шамякін. Маці .. здзівілася: што з .. [Віцем] сталася? То, бывала, сілаю не прымусіш сесці за кніжкі, а то раптам гэтак прыліп да іх... Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадо́к, ‑дку, м.

1. Памянш.-ласк. да холад, невялікі холад. [Ануцюнаў:] — Маёру рупіла як мага хутчэй трапіць на аэрадром, далонню адчуць халадок рабрыстай ручкі ўпраўлення, вырвацца ў вышыню. Алешка. На Марыне быў квяцісты халат, пашыты нядаўна. У яго Марына захутала ногі, адчуваючы прыемны халадок шоўку. Шахавец.

2. Свежае, халаднаватае паветра, вецер. Павеяла ранішнім халадком. Колас. // Халаднаватае надвор’е, невысокая тэмпература паветра. Прыходзілі доўгія асеннія ночы.. з вострым халадком першых замаразкаў... Чорны.

3. Цяністае месца, цянёк. Паставілі [маці з Алесем] ад сонца снапы, зрабілі халадок. Брыль. Глухі сядзіць на загуменні ў халадку пад ліпаю і пляце лапці. Якімовіч.

4. Час сутак, калі ўжо спала або яшчэ не наступіла спёка. Халадок, заедзі няма, ехаць добра. Чарнышэвіч. Можна ж падначаваць ды заўтра халадком на ранішні цягнік пайсці. Пальчэўскі.

5. перан. Пра адчуванне лёгкага холаду (ад хвалявання, страху і пад.). І дагэтуль халадок прабягае ў .. [Данілы] [п]а спіне, калі ён уяўляе, якім болем разрывалася ў той дзень сэрца хлопчыка. Мехаў. [Мікалай Пятровіч] нават адчуў на сваёй спіне лёгкі халадок і прыкра хмурыўся, намагаючыся рассеяць нядобры настрой. Каршукоў.

6. перан. Стрыманасць, раўнадушнасць у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Маша] адчула і насцярожанасць, з якой ставілася да яе жонка Антона Кузьміча.., але здзівілася, што ў самой яе таксама з’явіўся пэўны халадок у адносінах да Галіны Адамаўны. Шамякін. Непрыемным халадком дыхнула на Пятруську ад гэтых бабчыных слоў: ніколі ён не думаў, што так неспадзявана можна зрабіцца гультаём. Кулакоўскі. — Дык вы амерыканцы? — перапытаў яшчэ раз начальнік, і ў голасе яго адчулася столькі афіцыйнага халадку, што яго хапіла б, каб замарозіць дзесяткі кліентаў. Лынькоў.

•••

Аціраць халадкі гл. аціраць.

З халадком — а) без цікавасці, старання (рабіць што‑н.). Я таго на ўвазе маю, Хто працуе з халадком: Дрэнна ніву засявае, Даглядае — языком. Кляўко; б) раўнадушна адносіцца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чорт, -а, М -рце, мн. чэ́рці іліч. 2, 3, 4) чарты́ і чо́рты, чарце́й, м.

1. Па рэлігійных уяўленнях: злы дух як увасабленне адмоўнага пачатку ў чалавеку; мае выгляд істоты, пакрытай чорнай шэрсцю, з рагамі, капытамі і хвастом; д’ябал.

2. Ужыв. як лаянкавае слова (разм.).

Куды лезеш, ч?

Адзін чорт (разм.) — усё адно, адно ліха.

Баяцца як чорт крыжа (ладану) (разм.) — вельмі моцна баяцца каго-, чаго-н.

Да чорта (разм.) — пра вялікую колькасць, вельмі многа.

Куды яго чорт панёс, куды яго чэрці ўхапілі (разм., неадабр.) — куды ён дзеўся.

К чорту на рогі (разм.) — вельмі далёка, у глухія мясціны (ехаць, адпраўляцца і пад.).

К чорту ў зубы (разм., неадабр.) — у небяспечнае месца, на рызыкоўную справу (ісці).

На чорта (разм., груб.) — навошта, дзеля чаго.

Ні к чорту (не варты) (разм., незадав.) — ні на што не прыгодны.

(Сам) чорт галаву (нагу) зломіць (разм.) — аб вялікім беспарадку дзе-н.

Сам чорт не брат каму (разм.) — пра таго, хто нічога не баіцца, ні ад каго не залежыць, каму ўсё лёгка, даступна.

Чорта лысага (разм.) — нічога падобнага; наўрад.

Чортам падшыты (разм.) — непаседлівы, вяртлявы.

Чорт ведае што! (разм.) — нешта неймавернае, што цяжка ўявіць; усё, што хочаш.

Чорт з ім (з табой, з ёй, з вамі, з імі) (разм.) — хай, няхай будзе так.

Чорт лазаты (разм., неадабр.) — пра таго, хто з’яўляецца ўвасабленнем зла, несправядлівасці.

Чорт не бярэ (не возьме) (разм.) — нічога не здараецца (не здарыцца), не шкодзіць (не пашкодзіць).

Чорт падаткнуў (разм.) — аб чым-н., чаго не трэба было рабіць.

Чорт пацягнуў каго за язык (разм.) — як шкадаванне з прычыны сказанага не дарэчы, не па сутнасці.

Чорт прынёс (паднёс, прыгнаў) каго (разм., неадабр.) — пра таго, хто прыйшоў, з’явіўся не ў пару, недарэчы.

Чорту лысаму (разм.) — невядома каму (аддаць, пакінуць і пад.).

Чорт яго бяры (разм.) — добра, няхай будзе так; згода.

Чэрці носяць дзе, каго (разм., неадабр.) — аб тым, хто ходзіць невядома дзе.

Што за чорт! (разм.) — як выражэнне здзіўлення, незадаволенасці.

Якога чорта! (разм., груб.) — выражэнне негатыўных адносін да каго-н., зласлівасці, незадавальнення.

Як чорт пад крыжам (разм.) — вельмі моцна (дрыжаць, калаціцца).

|| памянш. чо́рцік, -а, мн. -і, -аў, м.

|| прым. чарто́ўскі, -ая, -ае (да 1 знач.) і чо́ртаў, -тава (да 1 знач.).

Чартоўскае насланнё.

Чортава стварэнне (лаянка).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)