Лагу́н1 ’нейкая расліна’ (Гарэц.). Магчыма, гэта лагунец ’ястрабок парасоністы, Hieracium umbellatum L.’ (Кіс.). Утворана пры дапамозе суф. ‑ун ад лог ’луг, лагчына’ — расліна любіць вільготныя дугі. Суфікс прадуктыўны для ўтварэння назваў раслін: паўзун, плывун, блішчун, бялун (Сцяцко, Афікс. наз., 69, 123).

Лагу́н2 ’палеглы лён’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лажьіцца (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 168. Параўн. таксама лягу́н ’лежабок, той, хто ляжыць’ (Бірыла, Бел. антр., 2, 263).

Лагу́н3 ’падваліна пад падлогай’ (кобр., Нар. сл.; беласт., Сл. паўн.-зах.), малар. ’папярочная калода, якая кладзецца на сані пры перавозцы доўгага бярвення’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’ствол дрэва ў гаці на гразкім месцы’, польск. lagun ’кладка’, ’падваліна’, laguny ’ачасаныя падкладзіны з бярвення пад карабель’, магчыма, і серб.-харв. lagun ’кладка?’. Сюды ж рус. маск. лага ’папярочнае бервяно ў будынку’. Найбольш імаверна да прасл. lagali ’ставіць, класці’ (Слаўскі, 4, 430), якое з’яўляецца ітэратывам да ložiti (Бернекер, 683).

Лагу́н4 ’посуд на льняное семя’ (староб., Мат. дыял. канф.), палес. лагун, лагунныя ’роўная бочка невялікіх памераў, заднёная з двух бакоў, з адтулінай у дне, якая закрываецца драўлянай затычкай’ (З нар. сл., Шатал.), саліг. лагун ’бочка з двума днамі і квадратнай дзіркай у баку — для насыпання або налівання’ (Нар. словатв.). Укр. лагун ’посуд для дзёгцю’, рус. лагун, лагуна, лагушок, лагунай, лагушка, лагут, лагунок, лагунец, лагунь(я) ’бочка для квасу, піва, малака, дзёгцю’, ’бочка для збожжа’, паўсюдна рус. ’сасуд (вядро) для дзёгцю’, ’гаршчок, чыгун’, ’збан’, ’карыта, жолаб’, ’калода’, ’цэбар’. Усх.-слав. утварэнне ад прасл. lagati ’класці, ставіць’ (< ložiti) і суф. Nomina instrumenti-wnz» (аб дэрыватах з ім гл. Слаўскі, SP, 1, 134–135; Мартынаў, Дерив., 38–39).

Лагу́н5 ’чалавек, які любіць добра і шмат паесці вадкай ежы’ (полац., М. Р. Суднік, вусн. паведамі). Лексема складае адзіны арэал з рус. пск., цвяр. ’жывот, бруха’, кастр. ’гультай, пражора’. Узнікла ў выніку пераносу з лагуну (гл.).

Лагу́н6 ’месца, дзе засталася вада пасля патопу’ (Сержп. Прымхі), ’частка лугу каля рэчкі, затопленая паводкавай вадой, якая летам высыхае’ (КТС, Колас, 4). Да лог ’нізкае месца, лагчына’, ’гразкая частка дарогі праз луг’ (гл.). Аб суф. ‑ун гл. Сцяцко, Афікс. наз., 174.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігла́, іго́лка (ТСБМ), го́лка (стаўб., Нар. лексіка, 157). Рус. игла́, иго́лка, укр. ігла́, го́лка, польск. igła, в.-луж. jehła, н.-луж. gła, палаб. jågla, чэш. jehla, славац. ihla, славен. ígla, серб.-харв. ѝгла, балг. игла́, макед. игла, ц.-слав., ст.-рус. игла, ст.-бел. игла — усе са значэннем ’прылада для шыцця’. З іншай семантыкай рус. смал. иго́лка ’кінжал’, польск. igła ’шпілька’, славен. igla ’шворан, прут’, балг. игла́ ’пруток’. Найбольш верагодна сувязь прасл. *jьgъla з *jьgo ’ярмо’ (гл. іга1). Махэк₂ (220–221) рэканструюе *jugulā ад і.-е. *jugo‑m, абапіраючыся на значэнне славац. дыял. jehlice ’палка, якая прасоўваецца праз канцы ярма для замацавання яго на шыі жывёлы’, параўн. грэч. ζεύγλη ’рэмень вакол шыі жывёлы як частка ярма’, лац. iugulae ’пояс Арыёна’. Адсюль першапачатковае значэнне ’змацавальная жэрдка, планка, перакладзіна’, Трубачоў, Эт. сл., 8, 213–214. Старыя семантычныя сувязі захавала не толькі славац. лексема, арэал распаўсюджання старажытнага значэння больш шырокі, параўн. рус. дыял. игла́ ’рухомая на восі сярэдняя частка спражкі, якая прасоўваецца ў дзірку рэменя (у вупражы, поясе і г. д.)’, ’частка воза’, вельмі часта з рознымі варыяцыямі ’перакладзіна, якой змацоўваюцца дошкі, бярвенні плыта, драўляныя сцены і г. д.’, славен. ígla ’клін праз ярмо’, ígelj, ȋgelje ’частка ярма’ (Безлай, 1, 208), ст.-рус. иглабервяно, брус, жэрдка для змацавання драўляных сцен’ (XVII ст.). Гэты ж семантычны цэнтр асноўны для вытворнага *jьgъlca (гл. ігліца). І.‑е. сувязі менш ясныя ці зусім няпэўныя. Параўноўваюць са ст.-прус. ayculo ’ігла’ < *aigulā (Міклашыч, 95; Слаўскі, 1, 443–445; Тапароў, А–Д, 59, сюды ж літ. aĩgara, aĩgaras ’саломінка’, áigyti ’калоць’, ’басці’) і грэч. αἰχμή ’вастрыё’, ἀῖκλοι ’вастрыё кап’я’ (БЕР, 2, 56; Фасмер, 2, 115, з заўвагай аб немагчымасці аддзяліць гэтыя паралелі ад балт. слоў са значэннем ’ражон, пожаг’: літ. iẽšmas, ст.-прус. aysmis). Далей, кімр. gwnīo ’шыць’, ірл. conōigim ’шыю’ (Цупіца, KZ, 37, 392; Мікала, RS, 1, 5–6). Сувязь з лац. aeger ’хворы, які пакутуе’, польск. jędza ’ведзьма, фурыя’ (Бернекер, 1, 423; Брукнер, 189), відаць, памылковая. Няпэўнае супастаўленне са ст.-ісл. igull, ням. Igell ’вожык’, слав. *ežь (Младэнаў, 196). Іншыя версіі: сувязь з грэч. ὀβολός ’манета’ (Мейе, BSL, 24, 1924, 137), супастаўленне з грэч. βέλος ’страла, кап’ё’, βελόνη ’вастрыё, ігла’, літ. geluonìs ’джала’ (Педарсан, KZ, 39, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усадзі́ць, усаджу, усадзіш, усадзіць; зак.

1. што. З сілай уваткнуць вострым канцом, краем у што‑н. Усадзіць рыдлёўку ў зямлю. □ Дзядзька ўсадзіў сякеру ў бервяно, выпрастаўся і раптам глуха і хрыпла пачаў выгаворваць пляменніку. Мікуліч. У лесе было вядома, што Саўка ўсадзіў нож у бок войта, што Саўку аддалі ў рукі польскай улады. Колас. // Выстраліўшы, трапіць куды‑н. Дзік ходу, а паляўнічыя яшчэ па набою ў бакі ўсадзілі яму. Пальчэўскі. Народны мсцівец параўняўся з ім, зазірнуў у твар, каб не памыліцца, а потым павярнуўся і ўсадзіў кулю ў спіну здрадніку. Няхай.

2. што. Усунуць унутр чаго‑н., у што‑н. Люба ўжо не замыкала і шчыльна не зачыняла дзвярэй, каб.. [Стафанковіч], вярнуўшыся, не стукаў, а проста сам усадзіў галаву і сказаў бы сабе, што яму спатрэбіцца. Чорны. Потым усадзіў [Анупрэй] руку ў кішэню, пачаў шукаць люлькі. Пестрак. Усадзіла [Ніна] ногі ў шлёпанцы і вярнулася к тэлефону — пазваніць Васілю Кузьмічу. Лобан. // перан. Уставіць сваю заўвагу, сваё слова і пад. у чыю‑н. размову. Ірма хацела, відаць, паддобрыцца, а можа і тут убачыла штосьці смешнае, бо ўсадзіла сваё: — Фрау Грубэр, і я ўжо бачыла.. [палонных]. Брыль.

3. каго-што. Прапанаваць, прымусіць або памагчы сесці; пасадзіць. Сынклета Лукінічна правяла.. [Шашу] ў пярэдні пакой, усадзіла на канапе каля стала. Шамякін. Гаспадыня зноў усадзіла гасцей за стол. Гурскі. Кастусь усадзіў Ліпу ў кабіну, а сам палез у кузаў. Гаўрылкін. [Раненых] ўсадзілі і ўлажылі на пярэднія падводы, дапамаглі ямчэй умасціцца. Жычка.

4. каго. Прымусіць займацца чым‑н. (звычайна седзячы). [Вера Антонаўка] без дай прычыны, проста па звычцы, абышла пакоі, усадзіла за піяніна Леначку і села побач. Карпаў. Прывучаць мяне сталі да працы, За шавецкі ўсадзілі варштат. А. Александровіч.

5. што. Разм. Пасадзіць пячыся. Усадзіць хлеб у печ.

6. што. Заняць раслінамі які‑н. участак зямлі; засадзіць. Усадзіць градку кветкамі.

7. перан.; што і чаго. Разм. Расходаваць, патраціць вялікую колькасць чаго‑н. Зіна паехала .. у зімовым паліто без таліі, бо вясковы кравец, калі яго шыў, кіраваўся толькі адным прынцыпам: пастарацца як найбольш усадзіць у яго ваты. Карпюк. — Чакай, — кажа Усевалад. — От гэта правільна, якраз ты [Барыс] мне і думку падаў. Гэта ж таксама тыя лішнія запасы, у якія мы бог ведае колькі грошай усадзілі. Скрыган.

•••

Усадзіць свой нос (язык) — тое, што і уткнуць свой нос (язык) (гл. уткнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

1. за што. Браць, хапаць рукой (рукамі) каго‑, што‑н. Варанецкі хапаецца за вілы, ловіць лейцы, каб спыніць лёт апраметных коней. Дуброўскі. Дунаеў учэпіста хапаецца за бервяно, падцягваецца і спрабуе нагой намацаць апору. Шыловіч. // Паспешліва прыкладаць руку (рукі) да чаго‑н., да якога‑н. месца. Мужчыны прысядалі і хапаліся за балючае, рассечанае плёткай месца. Крапіва. Раз-пораз я хапаўся за левую кішэньку, дзе ляжаў партыйны білет — як бы правяраў, ці не згубіў. Сабаленка.

2. за што. Паспешліва брацца за які‑н. інструмент, зброю і пад., каб выконваць адпаведную работу, дзеянне. Аднак усё адно дзяўчаты адставалі, і Максім зноў хапаўся за лапату. Шамякін. Хлопцы разгубіліся. Адны кінуліся ўцякаць. Другія хапаліся за калы. Якімовіч. [Гаспадар:] — Вайна то вайна, але і да вайны такіх гарачых шмат было. А ты раскажы, сумненні развей. За наган хапацца прасцей простага. Асіпенка. // перан. Ахвотна прымаць што‑н., згаджацца з чым‑н., выкарыстоўваць што‑н. Хапацца за новыя ідэі.

3. перан.; за што і з інф. З жаданнем брацца за якую‑н. справу, старацца зрабіць што‑н. — І чаго вам так хапацца за гэту гаспадарку? — пачаў Юрка: — усё ж роўна нас адгэтуль выпруць. Колас. [Пяхота:] — Я хапаюся толькі за зямлю і хачу, каб яна мяне ўзнагародзіла. Пестрак. // з інф. Паспешліва пачынаць рабіць што‑н. Хапацца распрагаць коней. // Старацца рабіць усё без разбору. [Чычын:] — Ён [Чмаруцька] і вёдры ладзіць, і запальнічкі майструе, і за што толькі не хапаецца, але каму патрэбны яго запальнічкі? Лынькоў.

4. Разм. Кляваць насадку, лавіцца на вуду, спінінг (пра рыбу). [Казімір:] — Шчупакі тады на белую блешню добра хапаліся. Савіцкі.

5. Абл. Спяшацца рабіць што‑н. Кожны зручны момант хапаліся з лугу, з поля ў лес і жанкі і мужчыны, працаўнікі, — у лесе цяпер была важная праца. Мележ. Хомка і сам хапаецца, каб не спазніцца. Не рана ўжо... Гарэцкі.

•••

Хапацца за бокі (за жывот) — тое, што і брацца за бокі (за жывот) (гл. брацца).

Хапацца за галаву — праяўляць вялікую заклапочанасць, здзіўленне, глыбокае хваляванне. Некаторыя [выхаванцы] і падурэць любяць, і двойкі атрымліваюць, і часам такія штукі адпальваюць, што выхавацелі за галаву хапаюцца. Рунец.

Хапацца загрудкі (за чубы) — тое, што і брацца загрудкі (за чубы) (гл. брацца).

Хапацца за саломінку — спрабаваць выратаваць сябе ці якую‑н. справу, ускладаючы надзею на сродкі, што дапамагчы не могуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус. арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр. паўн.-усх. орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ. óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел. арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы е не дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ. rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ. ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням. Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а не е; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́та1, ла́тка ’лапік’ (Нас., Гарэц., Яруш., ДАБМ, к. 324, Касп., Сцяшк., Зн., Мал., ТСБМ, Мат. Гом., Сл. паўн.-зах., Ян., КЭС, лаг.), ла́ціна, латачка, латочка (ДАБМ, Нар. словатв., Сл. паўн.-зах.), ’старая адзежына’, ’недарэзкі, акраўкі’, ’бялізна’, ’пляма іншай афарбоўкі ў жывёліны’ (Сл. паўн.-зах.), ’пустое, голае месца, на якім нічога не расце’ (Жд. 1, Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’прагаліна’ (Мат. Гом.), ’невялікі зямельны надзел’ (Выг.), ’кішэня’ (Ян.). Укр. лата, латка, харк. лат, рус. бран., смал., кур., арл., тамб. лата, ст.-польск. łata, польск. łatka, чэш., славац. lata ’лапік’, серб.-харв. ла̀тица, ла̏тица, latȉca ’трохкутны кавалак тканіны, цвікля’, макед. алтица ’латка, клін з сукна’, алтица ’цвікля’, балг. латица, рум. altită ’падшыўка’, ’вышываная ўстаўка ў кашулі’. Прасл. ȍlta ’кавалак тканіны, скуры’ з суф. ‑ta (Слаўскі, 5, 34–37; Слаўскі, SP, 2, 41) генетычна звязана з і.-е *ēlē ’шыла’: *elh‑ ’шыць, прашываць, прышываць’, параўн. ст.-в.-ням. ála, ст.-інд. ā́ra ’шыла’ (Ваян, BSL, 44, 2, с. 143–144). Іншыя версіі малаімаверныя (гл. Фасмер, 2, 464; Скок, 2, 274 і інш.).

Ла́та2, ла́ты, ла́тэ ’паплеціна, жэрдкі, на якія насцілаецца страха’ (Нас., ТСБМ, Янк. I, Мядзв., Шн. 3, Мат. Гродз., Яруш., Шушк., Бес., Касп., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг.), паст. ’жэрдка, якою прымацоўваюць салому зверху на страсе’, пін. ла́тіна ’тс’, віл.бервяно, якім змацоўваюць плыт’ (Сл. паўн.-зах.), паўд.-усх. ’прыклад стрэльбы’ (КЭС), ст.-бел. лата, латва ’лата’ (XVI ст.), ла́ціна ’жэрдка’ (Нас., Касп., Шат.; беш., Нар. сл.). Запазычана са ст.-польск. łata, якое з с.-в.-ням. latte, late ’доўгая вуглаватая лацвіна’ (Кюнэ, Poln., 73; Слаўскі, 5, 38; Фасмер, 2, 464 і інш.). Сюды ж ла́ціць (гл.).

Ла́та3 ’сярэдняя перасоўная аднасценная сетка з заходам’ (Крыв.), ’невад без матні’ (Помн. этнагр., 66), ’сеткавае палатно невада, якое ў час руху прымае выгляд жолаба’ (брэсц., гродз., Браім), лельч. ’круглы сак з дубовых дубцоў’ (ЛАПП). Ст.-польск. łatnica ’сетка для лоўлі рыбы’, в.-луж. łata ’вялікая сетка, невад’. Да прасл. lat‑(iti) ’схапіць’ (Брукнер, 307). Параўн. серб.-харв. ла̏тити ’тс’. Гл. таксама ла́тацца.

Лата́ ’жулік’ (Бяльк.), польск., каш. łata ’абадранец, нягоднік, хуліган, гультай’, ляш. łata, чэш. lataпольск.). Слаўскі (5, 37) суадносіць польск. лексему з łata ’лапік’ (гл. ла́та1) > ’палапленае адзенне’, якое перайшло на асобу ў такім адзенні. Націск на канцы слова пад уплывам лексем ⁺латай (параўн. латайстваваць), ⁺латуй (лацу́й).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́ва1 ’прылада для сядзення (некалькіх асоб) і для спання’, ’самаробная мэбля ў сялянскай хаце’ (Гарэц., Сцяшк., Мат. Гродз.; гродз., КЭС. Янк. Мат., Мал., Некр., Маш., Выг., Нас., Бяльк., Касп., Яруш., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), лавы ’тс’ (Зялен. 2; Зн. дыс.). Укр. ла́ва, рус. ла́ва ’тс’, польск. ława, палаб. lovó, н.-луж., в.-луж. ława, чэш. lava, мар. łava ’тс’, славац. lávka, lavica ’лаўка’, славен. láva ’буфет (шафа)’, балг. лавица ’лаўка’. Прасл. lava ’(непераносная) лава ля сцяны’. Развіццё семантыкі: ’узнятае прыстасаванне для сядзення, ляжання’ > ’прызба’ > ’куча, слой зямлі, шчыльная маса, рад’. Дакладнымі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца: літ. lóva ’ложак, пасцель’, ’доўгая лаўка’, ’градка, загон’, ’рэчышча’, лат. lāva ’палок у лазні’, ’пол’, ’лаўка ля печы’, ’адонак’, а таксама, магчыма, ст.-інд. láva‑ ’адрэзак, адрэзаны кавалак’, lavaḥ ’той, хто рэжа’, літ. liáutis ’прыпыняць, быць абрэзаным, акалечаным’ (апошняе гл. Слаўскі, 5, 51). Больш падрабязна гл. Бернекер, 695; Фасмер, 2, 444.

Ла́ва2 ’звязаны лес, плыт, які сплаўляецца на рэках басейна Заходняй Дзвіны’ (Анік., Дэмб., Янк. Мат.), ’плыт або звяно плыта на даўжыню аднаго бервяна’, ’плыт з двухмятровых дроў’ (дзвін., Нар. сл.; чэрв., Сл. паўн.-зах.). Самым блізкім да яе па значэнню з’яўляецца рус. лава ’мост’, пск. ла́вы ’плывучы мост на плытах’, пск., цвяр. ла́вина ’плыт на вадзе для мыцця бялізны, коней’, укр. гуц. ла́ва ’вузенькі масток, бервяно праз ваду, якое ўжываецца для пераходу’, ’кладка’. Аднак семантыка бел. лава з’яўляецца рэгіянальнай канкрэтызацыяй больш агульнага значэння лексемы lava ’нешта доўгае, шарэнга, рад, шчыльна складзеныя з асобных, падобных адна да адной састаўных частак’, як у бел. лава ’бок вуліцы’ (петр., Шатал., Мат. Гом.), параўн. і ла́ва3лава6, рус. пск. ла́вица ’вуліца, гарадскі раён’ (Філін, Происх., 610). Адносна паходжання гл. ла́ва1.

Ла́ва3 ’кавалак поля ад баразны ў два-тры загоны, узараных уроскід’ (Сцяшк.; мін., Ант., Чуд., Сл. паўн.-зах., Прышч. дыс.), ’вялікі кавалак зямлі, участак поля’ (Жд. 2, Сл. паўн.-зах.), ’загон’ (Шатал.), ’участак поля, які належыць аднаму гаспадару’ (Сл. паўн.-зах., Выг.), ’ніва’ (Мат. Гом.), ’вялікі абшар, аднастайны масіў чаго-небудзь’ (ТСБМ), ’вузкая паласа поля’, ’загуменная дарога’, ’абочына дарогі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. літ. lóva ’загон, градка’. Да лава1 (гл.).

Ла́ва4 ’кар’ер (торфу)’ (Мат. Гом.), ’падземны горны вырабатак з доўгімі забоямі, дзе здабываюцца карысныя выкапні’ (ТСБМ) < польск. lawa < ст.-польск. ławy ’соль, высечаная гарызантальна’, ławy węglowe (XVI ст.). Крукоўскі (Уплыў, 73) мяркуе, што гэта запазычанне з рускай мовы. Да лава1 (гл.).

Ла́ва5 ’падоўжаная ўкладка дроў’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн., аднак, літ. lóva ’капна сена’. Магчыма, балтызм.

Ла́ва6 ’гарадскі суд’ (КТС, У. Караткевіч), ст.-бел. лава ’тс’ запазычана са ст.-польск. lawa ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 53).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лісі́ца1, лісі́цы ’калодачка з дзіркамі, праз якія прадзяваюцца шнуркі ад панажоў’ (Жд. 1), ’ліштва з дзіркай, у якую ўстаўляецца жэрдка для адзення’ (ТС), ’планка, у якую ўстаўляецца верхні канец млёна’ (лід., Сл. ПЗБ), ’шпунт, тонкая планка паміж дошкамі дзвярэй’ (петрык., ельск., Нар. сл. і Сцяшк.; рас., Шатал.), ’палены з высечкамі пасярэдзіне, у якія ўшчэмліваюцца дошкі ці дзверы, калі іх клеяць ці калі ў іх заганяюць шпонкі’ (КЭС, лаг.), ’слупы з вінтамі, якімі выпрамляюць скрыўленую сцяну’ (жытк., Нар. сл.), ’прыстасаванне для сціскання бярвенняў у сцяне’ (вілен., Шн. 2; лях., Сл. ПЗБ; слуц., Нар. словатв.; стаўб., Жд. 2; Нас., Маш., Касп.), лун.бервяно, якім падпіраюць пахілены будынак’ (Шатал.), ’ціскі’ (чач., добр., Мат. Гом.), ’зажым, у якім што-небудзь заціскаецца пры дапамозе кліноў’ (Інстр. 2), ’металічная планка з паглыбленнем у верхнім камені жорнаў’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’ціскаўка, напаўрасшчэпленая дзеравіна’ (Некр.); ’жэрдка, якая злучае пярэднюю і заднюю восі воза або вузгалоўе воза’, ’папярэчына, якая звязвае жэрдкі плоту’ (Бломкв.), ’кіёк, адзін канец якога ўваткнуты ў дзірку навоя і не дае яму круціцца’ (в.-дзв., Шатал.); ’тоўстае палена, якое ўпоперак кладзецца на сані (падсанкі) для перавозкі бярвення’ (Бяльк., ТСБМ, Касп.; бялын., Янк. Мат.; в.-дзв., Шатал.), падпоры, якія ўжываюцца для паднімання драўляных збудаванняў’ (гродз., Шн. 2), ’папярочныя бэлькі, якімі прымацоўваюць вулей-калоду да дрэва’ (Маш.), ’цяжар, які прывязваецца ці прышрубоўваецца да канца пругла, каб лягчэй было выцягваць вядро з вадой са студні’ (Янк. 2); лісі́ца (або су́чка) ’дошчачка, што круціць валок кола калаўрота’ (КЭС, лаг.). Некаторыя з гэтых значэнняў маюць адпаведнікі ў іншых славянскіх мовах: укр. лисиці ’ціскі, шчамлёткі — для сціскання склееных дошак, для ўмацавання сцяны’, рус. лисица ’перакладзіна, якая злучае восі драбін’, ’бярвенні, якія ўмацоўваюць плыты’, ’сані’, польск. lisica, ст.-чэш. lisicě ’прэс’, славац. lisica ’капкан’, серб.-харв. лѝсица, славен. lisíca ’кайданы’, макед. лисица ’дзірка, у якой замацавана ярмо’, балг. лисица ’два загнутыя дручкі, якія злучаюць заднюю частку калёс з пярэдняй’. З прасл. lisica — ’ліса-самка’, пазней ’ліса наогул’, асобна ў слав. мовах ’розныя прыстасаванні, прадметы для сціскання’ — старая метафара (Слаўскі, 4, 279; Бязлай, 2, 144).

Лісі́ца2 ’жоўтая пляма на адзенні ад спалення’ (Нас.). Да ліса́вы (гл.). Утварылася ў выніку пераносу значэння паводле падабенства колеру.

Лісіца3, лісі́цы, лісі́чкі, лісі́цкі ’грыб лісічка, Cantarellus cibarius Fr.’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сцяшк., Шат., Яруш., Янк. 2, Дэмб. I, ТС; уздз., Нар. словатв.; лельч., Мат. Гом.), шчуч. лісічык ’тс’ (З нар. сл.), лі́ска, лі́скі ’тс’ (пруж., уздз., Нар. словатв.; гарад. Сл. ПЗБ; светлаг., Мат. Гом.). Укр., рус. лисичка, чэш., славац. liška, славен. lisíčka ’тс’. Прасл. lisičьka метафара, перанос значэння ’ліс, ліса’ паводле колеру.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кла́сці, кладу́, кладзе́ш, кладзе́; кладзём, кладзяце́; пр. клаў, кла́ла; незак., каго-што.

1. Надаваць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змяшчаць куды‑н. у такім становішчы. Класці дзіця на ложак. Класці мяшкі на воз. // Валіць на зямлю саперніка пры дужанні. Ніхто з нас не браўся з Грышкам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч. // Укладваць, размяшчаць (для сну, адпачынку). — Давай, Мікалаеўна, кладзі хлопчыкаў спаць, — сказаў Ігнат жонцы. Кавалёў. // перан. Разм. Забіваць, нішчыць. Вінтовачныя кулі кладуць .. [немцаў] усіх на месцы. Чорны. Тыфус кладзе людзей. Крапіва.

2. Змяшчаць, засоўваць куды‑н. Класці грошы ў кашалёк. Класці рукі ў кішэнь. □ Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала ў чамадан. Шыцік. // Змяшчаць на захоўванне, рабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Класці грошы ў ашчадную касу. // Адпраўляць, змяшчаць (у клініку, шпіталь і пад.). Класці хворага ў бальніцу.

3. Наносіць зверху слой чаго‑н. У яго руках вельмі доўгі пэндзаль. Ён набірае на яго фарбу і смелымі мазкамі кладзе на палатно. Асіпенка. // Накладваць зверху, прыкладваць да якой‑н. часткі цела з лячэбнымі мэтамі. Класці павязку. Класці кампрэс.

4. Рабіць знак, метку, пакідаць адбітак чаго‑н. Класці штэмпель. □ На акно пляціце магу, Каб не клаў мароз сляды. Колас. // перан. Уздзейнічаць, рабіць вялікі ўплыў; пакідаць след. Старэем мы. Свой след кладзе няшчадны час То попелам валос, то ценем пад вачамі. Звонак.

5. Раскладваць, распальваць (пра агонь). Вартавыя клалі цэлую ноч агонь і гаварылі. Чорны.

6. Накладваць (страву, корм). Класці кашу на талерку. Класці трусам траву. // Прыбаўляць, падмешваць. Класці масла ў кашу.

7. Узводзіць, будаваць. Класці печ. □ Каб шчаслівай і багатай стала наша старана, Клалі сцены новай хаты — Бервяно да бервяна! А. Александровіч. // Рабіць, пракладваць, укладваць. Класці грэблю. Класці падлогу. Класці масты. // Складваць што‑н. пэўным чынам у адно месца. Класці сена ў копы. // Складваць, укладаць (стог, воз і пад.). Гучалі галасы жанок і дзяўчат, якія сушылі сена і клалі стагі. С. Александровіч. // перан. Ствараць умовы для дасягнення якой‑н. мэты, чаго‑н. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.

8. Адкладваць (яйцы) для захавання патомства (пра насякомых).

9. перан. Аддаваць, траціць. Дарма класці сілы. □ Каб ведаць, колькі працы павінен быў тут класці чалавек, трэба самому ўбачыць гэтую дзялянку. Чорны.

10. Разм. Назначаць цану. — За вашу працу я кладу вам сем долараў у тыдзень. Васілевіч.

11. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні, якія абазначаюць: утвараць дзеянне, адпаведнае значэнню назоўніка. Класці лату (латаць). Класці пачатак (пачынаць). Класці гной (угнойваць). Класці канец (канчаць).

•••

Класці галаву — гінуць, паміраць; ахвяроўваць сабой.

Класці галаву на калодку — ручацца жыццём за каго‑, што‑н.

Класці зубы на паліцу — галадаць, жыць у нястачы.

Класці на абедзве лапаткі — а) пры дужанні валіць саперніка на спіну; б) перамагаць у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.

Класці на музыку (на ноты) — пісаць музыку на словы.

Класці пад сукно — адкладваць рашэнне якой‑н. справы, пакідаць без увагі, не даваць ходу чаму‑н.

Класці (сабе) у кішэню — прысвойваць чужыя грошы.

Пальца ў рот не кладзі каму — пра таго, хто можа пастаяць за сябе, з якім трэба весці сябе асцярожна.

Хоць ты да раны (у вуха) кладзі — пра пакорнага, мяккахарактарнага чалавека.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі — пра худога, хваравітага на выгляд чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кало́дка1 ’капыл, кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, магчыма, тут у больш шырокім значэнні). Дакладныя адпаведнікі ў гаворках ёсць, аднак ТСБМ ілюстрацый з мовы пісьменнікаў не падае, можа гэта «слоўнікавы» русізм. Але сувязь з калода1 відавочная і спосаб дэрывацыі рэгулярны. У гаворках з паметамі талач. і гарад. адзначае Сл. паўн.-зах.; ёсць і ў Каспяровіча; геаграфія не выключае іншамоўнага ўплыву. Адзначаецца і ўкр. колодка ’тс’.

Кало́дка2 ’сярэдняя частка кола’ (БРС, ТСБМ, Маш., Шат.), калёсная калодка (КЭС, лаг., бар., астрав., лід., віл. Сл. паўн.-зах.). Укр. колодка ’тс’, адносна рус. матэрыялу пэўных звестак няма, Даль (з паметай «зах.?») падае калода ў тым жа значэнні, польск. kłódka ’тс’. Статус апошняга не вельмі ясны; паводле геаграфіі можна меркаваць аб сумеснай бел.-укр. інавацыі з наступнай экспансіяй слова. Сувязь з калода1 відавочная, матывацыя не вельмі ясная (гл. падрабязней пад калодзіца).

Кало́дка3 ’драўляная або металічная аправа, у якую устаўляецца або на якую насаджваюць асноўную частку інструмента’ (ТСБМ), кулітка ’тронкі нажа’ (малар., Нар. лекс.), сюды ж, відаць, і колодка ’частка рубанка’ (Ян.), апошняе не вельмі зразумела. Такое вытворнае як тураў. колодан ’гаспадарчы нож з драўлянай ручкай’ сведчыць аб больш шырокім распаўсюджанні слова ў параўнанні з інфармацыяй крыніц. Засведчана ў іншых мовах: укр. колодка ’ручка, дзяржанне’, рус. колодка, польск. kłódka ’тронкі нажа, відэльца’, н.-луж. kłodka ’дзяржанне касы, лапаты’, в.-луж. kłotka, kłodka, ’ручка’, чэш. мар. kladka ’ручка, дзяржанне сярпа’. Усе лексемы да прасл. koldъka (паўн.-слав., паводле Слаўскага, 2, 273), дымінутыва ад kolda ’калода, бервяно’, аднак не вельмі ясна, ці можна на аснове прыведзеных фактаў узнавіць як архаічнае значэнне ’тронкі’. Шэраг лексем, якія пры адпаведным этымалагічным рашэнні можна суаднесці з разглядаемым словам (параўн., напрыклад, калодка ’ступіца ў коле’) дазваляюць меркаваць аб значэнні ’аснова’, ’галоўная частка’ (параўн. яшчэ колодка пера), аднак не выключана, што такое значэнне было характэрным ужо для калода, г. зн. для зыходнага слова такое значэнне нельга разглядаць як паказчык архаікі (калі дапускаць, што разгалінаванне семантыкі патрабуе часу). Таксама паўн.-слав. характар утварэння koldъka ’тронкі’ цяжка давесці па прычыне натуральнага развіцця «тэхнічнай» семантыкі, так што, магчыма, прыведзеныя вышэй лексемы могуць быць і незалежнымі.

Кало́дка4 звычайна калодкі ’род скуранога абутку на драўлянай падэшве, дзеравяшкі’ (ТСБМ; гродз., З нар. сл.). Укр. колодочка ’абцас’, рус. дыял. колодка ’драўляная дошчачка, падэшва, прымацаваная да лапцей для дажджлівага надвор’я’, колодки ’абцасы’, у Даля колодка ’драўляны абцас пад абутак’. Відаць, спачатку калодка ’абцас’, што дазваляе зразумець матывацыю сувязі з калода1. Рэгулярны характар утварэння, магчымасць экспансіі рэаліі не дазваляюць з упэўненасцю бачыць тут усх.-слав. інавацыю.

Кало́дка5 ’абрубак дрэва як функцыянальны элемент народнага абраду’ (Касп., Кос., Нас.), ’назва гэтага абраду’ (Касп.). Відавочна, што ў большасці прыкладаў захоўваюцца толькі рэшткі абраду, пры гэтым сапраўдная першапачатковая калодка змяняецца да трэскі або велікоднага яйка. Абмежаваная геаграфія слова як быццам дазваляе бачыць тут інавацыю; аднак наяўнасць слова ў двух розных арэалах не выключае магчымасці больш даўняга паходжання. Пра звычай «валачыць калодку» ў літоўцаў, латышоў і ўкраінцаў пісаў Снегіроў (Русские простонародные праздники и суеверные обряды, I. М., 1837, 114–115), параўн. яшчэ Фрэнкель, 1047; Мюленбах-Эндзелін, 1, 318 (bluku vakars). У літоўцаў tabala ’цурбанны вечар, куцця’, фактычна звычай у гэты святочны вечар гуртам валачыць цурбан з аднаго двара ў другі. У плане рэалій інтэрпрэтацыя прыведзенага матэрыялу можа быць рознай: гэта можна разглядаць і як стары абрад, які быў захаваны ва ўсходніх славян (а магчыма, і ў іншых), не выключана, што была невыпадковая кансервацыя — захаванню абраду спрыяла суседняя балтыйская традыцыя, можна разумець і як экспансію абраду з больш-менш кампактнай зоны; пры гэтым фактычная безупыннасць у распаўсюджанні (ад балт. плямён да ўкр. тэрыторыі) можа сведчыць пра напрамак экспансіі. Цяжкасць стратыфікацыі з’явы абумоўлена, магчыма, агульнаеўрапейскім яе характарам (першапачаткова), што наогул тыпова для свят розных каляндарных цыклаў народаў Еўропы. Апошняе з’яўляецца вынікам як генетычна суаднесеных з’яў, так і другасна пашыраных. Адносна канкрэтнага выпадку аб першапачатковай функцыі калодкі-цурбана можна толькі здагадвацца (яе прымацоўвалі хлопцам або незамужнім дзяўчатам), аднак аднолькавая назва рэаліі ў балтаў і ўсх. славян дазваляе меркаваць, што замена першапачатковага святочнага атрыбута нейтральнай калодкай з адпаведнай субстытуцыяй назвы была даўняй.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)